Лікі 23 разьдзел

Лікі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Тады сказаў Балаам Балаку: «Пастаў мне тут сем ахвярнікаў і прыгатуй мне столькі ж быкоў і такую ж колькасць бараноў».
 
І сказаў Білеам Балаку: «Пастаў мне тут сем ахвярнікаў і падрыхтуй мне сем бычкоў і сем бараноў».

І калі Балак зрабіў так, як яму сказаў Балаам, паклалі яны па быку і баране на кожны ахвярнік.
 
І Балак зрабіў так, як прамовіў Білеам, і склалі ў ахвяру Балак і Білеам бычка і барана на [кожным] ахвярніку.

І сказаў Балаам Балаку: «Пастой каля цэласпалення свайго, а я пайду, можа, мяне спаткае Госпад; і што мне загадае, скажу табе». І, калі ён узышоў на лысы ўзгорак,
 
І сказаў Білеам Балаку: «Застанься каля цэласпаленьня твайго, а я пайду, можа, мяне спаткае ГОСПАД, і слова, якое Ён мне зьявіць, я паведамлю табе». І ён узыйшоў на лысы ўзгорак.

спаткаў яго Бог. І сказаў Яму Балаам: «Паставіў я сем ахвярнікаў і на кожны ахвярнік узнёс быка і барана».
 
І сустрэў Бог Білеама, і той сказаў Яму: «Паставіў я сем ахвярнікаў, і на кожным ахвярніку склалі ў ахвяру бычка і барана».

Тады Госпад уклаў словы ў вусны яго і сказаў: «Вярніся да Балака і гэта скажы».
 
І ўлажыў ГОСПАД слова ў вусны Білеама, і сказаў: «Вярніся да Балака і гэта скажы».

Вярнуўшыся, Балаам знайшоў Балака, што стаяў каля цэласпалення свайго, і ўсіх князёў маабскіх;
 
І вярнуўся [Білеам], і вось, [Балак] стаіць каля цэласпаленьня свайго, ён і ўсе князі Мааву.

і сказаў ён сваё прароцтва, кажучы: «З Арама прывёў мяне Балак, з гор усходніх, цар Мааба. “Прыйдзі, — кажа, — і пракляні мне Якуба! Паспяшай і навядзі няшчасце на Ізраэль!”
 
І абвясьціў ён прароцтва сваё, і сказаў: «З Араму прывёў мяне Балак, валадар Мааву, з гор усходніх, [кажучы]: “Прыйдзі і пракляні мне Якуба! Прыйдзі і навядзі няшчасьце на Ізраіля!”

Як магу я праклінаць таго, каго не праклінае Бог? Як жа магу хацець каму зла, калі Бог не хоча?
 
Як магу я праклінаць таго, каго не праклінае Бог? Як магу навесьці на каго няшчасьце, калі ГОСПАД не наводзіць яго?

Я бачу яго з вяршыняў скал, і з узгоркаў гляджу на яго: вось народ, што жыве асобна і сярод народаў не лічыцца.
 
Бо я бачу яго з вяршыні скалаў і з узгорышчаў гляджу на яго. Вось, народ, які жыве асобна і сярод народаў ня лічыцца.

І хто можа злічыць пыл Якуба, і хто палічыць пясок Ізраэля? Хай памрэ душа мая смерцю справядлівых і хай будзе мой канец падобны да іх».
 
Хто можа палічыць пыл Якуба, і лік чацьвёртай часткі Ізраіля? Няхай памрэ душа мая сьмерцю справядлівых, і няхай будзе канец мой падобны іхняму».

Сказаў тады Балак Балааму: «Што гэта, што ты робіш? Я цябе паклікаў, каб праклясці ворагаў маіх, а ты, наадварот, дабраслаўляеш іх!»
 
І сказаў Балак Білеаму: «Што ты робіш? Я цябе паклікаў праклінаць ворагаў маіх, а ты, вось, дабраслаўляючы, дабраслаўляеш іх!»

І адказаў яму Балаам: «Ці магу я што іншае казаць, акрамя таго, што загадаў мне Госпад?»
 
І адказаў [Білеам], і сказаў: «Хіба ня тое, што ўложыць ГОСПАД у вусны мае, я павінен прамаўляць?»

Тады сказаў Балак: «Пойдзем са мной на другое месца, адтуль толькі частку Ізраэля ўбачыш, а ўсяго не зможаш убачыць; адтуль будзеш яго праклінаць».
 
І сказаў яму Балак: «Хадзі са мной на іншае месца, з якога толькі частку [Ізраіля] ўбачыш, а ўсяго ня будзеш бачыць, і адтуль яго пракляні».

І калі завёў ён яго на Поле Вартаўнікоў, на вяршыню гары Пісгі, паставіў ён там сем ахвярнікаў і паклаў на кожны па быку і баране.
 
І завёў ён яго на Поле Вартаўнікоў, на вяршыню Пісгі, і пабудаваў сем ахвярнікаў, і ахвяраваў на [кожным] ахвярніку бычка і барана.

Тады сказаў Балаам Балаку: «Пастой тут каля свайго цэласпалення, а я пайду насустрач Госпаду».
 
І сказаў [Білеам] Балаку: «Застанься тут каля цэласпаленьня твайго, а я спаткаюся [з Госпадам]».

Калі яго спаткаў Госпад і ўклаў словы ў вусны яго, Ён сказаў: «Вяртайся да Балака і гэта скажаш яму».
 
І сустрэў ГОСПАД Білеама, і ўлажыў словы ў вусны ягоныя, і сказаў: «Вяртайся да Балака і гэта прамовіш».

Вярнуўшыся, знайшоў Балака, што стаяў ля цэласпалення свайго, і князёў Мааба з ім. І звярнуўся да яго Балак: «Што гаварыў табе Госпад?»
 
І вярнуўся [Білеам], і вось, [Балак] стаіць каля цэласпаленьня свайго, і князі Мааву з ім, і сказаў яму Балак: «Што прамовіў ГОСПАД?»

А ён аб’явіў сваё прароцтва, кажучы: «Устань, Балак, і настаў вуха, слухай, сыне Сэфора!
 
І ён абвясьціў прароцтва сваё, і сказаў: «Устань, Балак, і слухай, і прыхілі вуха, сыне Цыпора!

Бог — гэта не чалавек, каб падманваць, і не як сын чалавечы, каб памыляцца. Ці ж Ён скажа і не здзейсніць?
 
Бог — гэта не чалавек, каб Ён падманваў, і ня сын чалавечы, каб памыляўся. Ці ж Ён кажа і ня робіць? Ці ж Ён прамовіў і ня споўніў?

Дабраславіць прывёў Ён мяне, і я не магу забараніць дабраславенне.
 
Вось, дабраслаўляць прывёў Ён мяне, і Ён дабраславіў, і я не стрымаю гэтага.

Не відаць няшчасця ў Якуба і не відаць гора ў Ізраэля. Госпад, Бог яго, з ім, і трубны царскі гук у ім.
 
Не заўважна беззаконьня ў Якуба і ня бачна гора ў Ізраіля. ГОСПАД, Бог ягоны, з ім, і гоман у яго [на славу] валадара ягонага.

Бог вывеў яго з Егіпта. Ён для іх — як рогі буйвала.
 
Бог вывеў яго з Эгіпту. Ён для іх — як рог аднарога.

Няма варажбы ў Якуба, ані прадказанняў у Ізраэля. У свой час будзе сказана Якубу і Ізраэлю, што зрабіў Бог.
 
Няма варажбы ў Якуба, ані прадказаньняў у Ізраіля. У свой час будзе сказана Якубу і Ізраілю, што ўчыніць Бог.

Вось, народ, як ільвіца, падымаецца, і, як леў, устае; ён не ляжа, пакуль не з’есць здабычу і пакуль не нап’ецца крыві забітых».
 
Вось, народ, як ільвіца, падымаецца і, як леў, становіцца; ён ня ляжа, пакуль ня зьесьць здабычы і пакуль не нап’ецца крыві забітых».

І сказаў Балак Балааму: «Ані праклінай яго, ані дабраслаўляй!»
 
І сказаў Балак Білеаму: «Калі ты праклёнам не праклянеш яго, дык не дабраслаўляй яго, дабраслаўляючы!»

А Балаам кажа: «Ці ж я табе не казаў: што мне Госпад загадае, тое мушу рабіць».
 
І адказаў Білеам, і сказаў Балаку: «Ці ж я табе не прамаўляў, кажучы: "Усё тое, што мне ГОСПАД прамовіць, я зраблю"?»

І кажа Балак яму: «Пойдзем, я завяду цябе на іншае месца, можа, спадабаецца Богу, што адтуль праклянеш яго?»
 
І сказаў Балак Білеаму: «Хадзі, я завяду цябе на іншае месца. Можа, спадабаецца ў вачах Бога, і ты адтуль праклянеш яго?»

І, калі ён завёў яго на вяршыню гары Пэгор, што звернута ў бок пустыні,
 
І завёў Балак Білеама на вяршыню [гары] Пэор, што ўзвышаецца перад абліччам [зямлі] бязьлюднай.

сказаў яму Балаам: «Пастаў мне тут сем ахвярнікаў і прыгатуй столькі ж быкоў і такую ж колькасць бараноў».
 
І сказаў Білеам Балаку: «Пабудуй мне тут сем ахвярнікаў і падрыхтуй мне тут сем бычкоў і сем бараноў».

І зрабіў Балак, як яму сказаў Балаам, паклаў быкоў і бараноў на кожны асобны ахвярнік.
 
І зрабіў Балак, як яму сказаў Білеам, і ахвяраваў бычка і барана на [кожным] ахвярніку.