Лікі 8 разьдзел

Лікі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

І казаў Госпад Майсею, гаворачы:
 
І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:

«Аб’яві Аарону і скажы яму: “Калі будзеш запальваць лямпы, то супраць той часткі, што звернута да падсвечніка, павінны гарэць сем лямпаў”».
 
«Прамоў да Аарона і скажы яму: “Калі будзеш запальваць лямпы, на пярэднім баку сьвечніка павінны гарэць сем лямпаў”».

І Аарон зрабіў так, і на падсвечніку запаліў лямпы, як загадаў Госпад Майсею.
 
Аарон зрабіў гэтак і на пярэднім баку сьвечніка запаліў лямпы, як загадаў ГОСПАД Майсею.

А такім быў выраблены падсвечнік: з золата чаканенага як цэнтральны стрыжань, так і кветкі яго скаваны. Быў падсвечнік зроблены паводле ўзору, які паказаў Госпад Майсею.
 
Такі вось быў выраб сьвечніка: куты ён быў з золата, ад падставы аж да кветак быў куты паводле ўзору, які паказаў ГОСПАД Майсею, і так ён зрабіў сьвечнік.

І сказаў Госпад Майсею, гаворачы:
 
І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:

«Вазьмі левітаў з грамады сыноў Ізраэля і ачысці іх
 
«Вазьмі лявітаў спаміж сыноў Ізраіля і ачысьці іх.

адпаведна гэтаму абраду: хай будуць акроплены яны вадой збавення, і хай паголяць яны ўсе валасы на целе сваім, і хай вымыюць адзенне сваё, і ачысцяць сябе.
 
Ачысьці іх так: пакрапі іх вадой ахвяры за грэх, і няхай паголяць яны ўсё цела сваё, і няхай вымыюць адзеньне сваё, і будуць чыстымі.

Хай возьмуць бычка са статка і ахвяру да яго з мукі, запраўленай алеем; а другога бычка са статка ты возьмеш у ахвяру за грэх
 
І возьмуць цяля са статку і ахвяру хлебную з мукі, запраўленай алеем, а другое цяля са статку ты возьмеш у ахвяру за грэх.

і прывядзеш левітаў да палаткі сустрэчы, паклікаўшы мноства сыноў Ізраэля.
 
І прывядзеш лявітаў перад Намёт Спатканьня, і зьбярэш ўсю грамаду сыноў Ізраіля.

І калі левіты збяруцца перад Госпадам, хай сыны Ізраэля пакладуць на іх рукі свае,
 
І прывядзеш лявітаў перад аблічча ГОСПАДА, і сыны Ізраіля пакладуць на лявітаў рукі свае.

і хай Аарон уздыме перад Госпадам дар ад сыноў Ізраэля, каб яны служылі Яму.
 
І Аарон як патрэсванае перад абліччам ГОСПАДА ахвяруе лявітаў ад сыноў Ізраіля, і будуць яны служыць ГОСПАДУ.

Таксама левіты хай ускладуць рукі свае на галовы бычкоў, і ты аднаго з іх вазьмі за грэх, а другога — у ахвяру Госпаду на цэласпаленне, каб ачысціць іх.
 
А лявіты ўскладуць рукі свае на галовы цялят, і ты аднаго з іх складзеш у ахвяру за грэх, а другога — у ахвяру цэласпаленьня для ГОСПАДА, каб перапрасіць за лявітаў.

І пастаў левітаў перад Ааронам і яго сынамі, і ўздымі іх перад Госпадам,
 
І паставіш лявітаў перад абліччам Аарона і сыноў ягоных, і ахвяруеш іх як патрасанае ГОСПАДУ.

і аддзялі ад грамады сыноў Ізраэля, каб былі яны Маімі;
 
І аддзеліш лявітаў спаміж сыноў Ізраіля, і лявіты будуць Маімі.

а потым хай прыходзяць, каб служыць у палатцы сустрэчы. І так ты іх ачысціш, і ўздымеш іх,
 
А потым няхай прыходзяць лявіты, каб служыць у Намёце Спатканьня, і ты ачысьціш іх, і ахвяруеш іх як ахвяру патрэсваньня.

бо яны Мне аддадзены з грамады сыноў Ізраэля; узяў Я іх замест першародных, якія адкрываюць усе ўлонні ў Ізраэля.
 
Бо яны Мне аддадзены спасярод сыноў Ізраіля. Узяў Я іх у сыноў Ізраіля замест усіх першародных, якія адкрываюць улоньне.

Бо мае ўсе першародныя з сыноў Ізраэля, як з людзей, так і з жывёлы. Ад дня, у які ўдарыў Я па ўсім першародным у зямлі Егіпецкай, Я іх пасвяціў Сабе.
 
Бо Мае ўсе першародныя з сыноў Ізраіля, як з людзей, так і з жывёлы. Ад таго дня, у які Я выгубіў усё першароднае ў зямлі Эгіпецкай, Я іх пасьвяціў для Сябе.

І ўзяў Я левітаў замест усіх першародных з сыноў Ізраэля,
 
І ўзяў Я лявітаў замест усіх першародных спаміж сыноў Ізраіля.

і перадаў Я іх у дар Аарону і сынам яго ад грамады сыноў Ізраэля, каб служылі Мне за ўвесь Ізраэль у палатцы сустрэчы і каб перамольваць Госпада за іх, каб усцерагчы ад кары народ, калі б хто адважыўся наблізіцца да свяцілішча».
 
І Я даю лявітаў Аарону і сынам ягоным спаміж сыноў Ізраіля, каб яны служылі Мне за сыноў Ізраіля ў Намёце Спатканьня, каб перамольваць ГОСПАДА за сыноў Ізраіля, і ня будзе кары на сыноў Ізраіля, калі наблізяцца сыны Ізраіля да Сялібы».

І Майсей і Аарон і ўся грамада сыноў Ізраэля зрабілі з левітамі так, як Майсею загадаў Госпад, так і зрабілі з імі сыны Ізраэля.
 
Дык Майсей і Аарон і ўся грамада сыноў Ізраіля зрабілі з лявітамі гэтак; усё, што загадаў ГОСПАД Майсею адносна лявітаў, так і зрабілі з імі сыны Ізраіля.

І ачысціліся левіты, і памылі адзенне сваё, Аарон жа ўзняў іх перад Госпадам і ачысціў іх, каб, ачышчаныя,
 
І ачысьціліся лявіты, і памылі адзеньне сваё, а Аарон, патрэсваючы, ахвяраваў іх ГОСПАДУ і перамольваў за іх Аарон, каб былі ачышчаныя.

спаўнялі яны свае абавязкі ў палатцы сустрэчы ў прысутнасці Аарона і сыноў яго; так загадаў Госпад Майсею, так было зроблена адносна левітаў.
 
Пасьля ўвайшлі лявіты, каб спаўняць службу сваю ў Намёце Спатканьня перад абліччам Аарона і сыноў ягоных. Як загадаў ГОСПАД Майсею адносна лявітаў, так і зрабілі з імі.

І казаў Госпад Майсею, гаворачы:
 
І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:

«Гэта — закон адносна левітаў: ад дваццаці пяці гадоў і вышэй хай прыходзяць яны, каб служыць у палатцы сустрэчы;
 
«Гэта [закон] адносна лявітаў: ад дваццаці пяці гадоў і вышэй няхай прыходзяць яны і служаць у Намёце Спатканьня;

а калі пройдзе пяцідзясяты год жыцця, хай пакінуць служыць, каб захоўваць тое, што ім было даручана;
 
а калі будуць мець пяцьдзясят гадоў, няхай не спаўняюць службы і больш не працуюць,

і будуць толькі памочнікамі братоў сваіх у палатцы сустрэчы, але саму працу хай не выконваюць. Так зрабі з левітамі адносна іх службы».
 
а будуць дапамагаць братам сваім у Намёце Спатканьня ў спаўненьні службы, і служэньня ня будуць выконваць. Так зробіш з лявітамі адносна службы іхняй».