Лікі 18 разьдзел
Лікі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна
І сказаў Госпад Аарону: «Ты, і сыны твае, і дом бацькі твайго з табой, будзеце адказныя за правіннасць адносна скініі; ты і сыны твае будзеце адказныя таксама за грахі вашага святарства.
І сказаў ГОСПАД Аарону: «Ты і сыны твае, і дом бацькі твайго з табой будзеце насіць [віну за] беззаконьні адносна Сялібы. Ты і сыны твае будзеце насіць [віну за] беззаконьні адносна сьвятарства вашага.
Але вазьмі сабе таксама братоў сваіх з пакалення Леві, племя бацькі твайго, хай будуць яны пры табе і хай служаць табе; а ты і сыны твае служыце пры палатцы сустрэчы.
Таксама браты твае, пакаленьне Левія, племя бацькі твайго, няхай наблізяцца да цябе і дапамагаюць табе; а ты і сыны твае з табою будзеце пры Намёце Спатканьня.
І хай левіты рупяцца аб загадах тваіх і аб усіх справах скініі, так, каб не набліжацца да прыналежнасцей свяцілішча і да ахвярніка, каб яны не памерлі, і яны, і вы разам з імі таксама.
І будуць яны захоўваць тое, што патрэбнае для цябе і для Сялібы, але да сьвятых рэчаў і да ахвярніка ня будуць яны набліжацца, каб не памерлі ані яны, ані вы.
Яны ж хай будуць з табою і хай рупяцца аб ахове палаткі сустрэчы і аб усёй службе ў ёй; ніводзін чужынец не можа набліжацца да вас.
І будуць яны пры табе і будуць захоўваць усё адносна Намёту Спатканьня, усю службу пры Сялібе, але ніводзін чужынец ня будзе набліжацца да вас.
Вы рупцеся аб абслугоўванні скініі і аб абслугоўванні ахвярніка, каб не ўзгарэўся зноў гнеў на сыноў Ізраэля.
І вы будзеце захоўваць службу пры сьвятыні і пры ахвярніку, каб не было больш гневу на сыноў Ізраіля.
Узяў Я братоў вашых, левітаў, з грамады сыноў Ізраэля і аддаў іх як дар Госпаду, каб спаўнялі службу ў палатцы сустрэчы.
Вось, Я ўзяў братоў вашых, лявітаў, спасярод сыноў Ізраіля і даў іх як дар ГОСПАДУ, каб яны выконвалі служэньне ў Намёце Спатканьня.
А ты і сыны твае захоўвайце святарства ваша і ва ўсім, што тычыцца ўбрання ахвярніка і месца за заслонаю, служыце. Даю Я вам дар службы святарства, а калі хто чужы наблізіцца, пакараны будзе смерцю».
А ты і сыны твае з табою будзеце захоўваць сьвятарства вашае і ўсё, што належыць да ахвярніка і месца за заслонай. Я даю вам як дар сьвятарства вашае, а калі чужынец наблізіцца [да яго], памрэ».
І казаў Госпад Аарону: «Вось, Я даручаю табе нагляд за дарамі Маімі. Усё, што пасвячаецца сынамі Ізраэля, Я перадаю табе і сынам тваім за служэнне святарскае як закон вечны.
І прамовіў ГОСПАД да Аарона: «Вось, Я даю табе нагляд за дарамі Маімі. Усе дары, якія пасьвячаюць [Мне] сыны Ізраіля, Я даю табе і сынам тваім за служэньне [сьвятарскае] як пастанову вечную.
Такім чынам, з дароў найсвяцейшых, за выключэннем таго, што будзе спалена, вазьмі наступнае: кожны дар і ахвяру за грэх і злачынства, што аддаецца Мне, як рэчы найсвяцейшыя, хай будуць яны належаць табе і сынам тваім.
Гэта будзе табе са сьвятога сьвятых, з ахвяраў агнявых: [возьмеш] кожны дар ахвярны, ахвяру хлебную, ахвяру за грэх і ахвяру аднагараджэньня, якія Мне прыносяць; як сьвятое сьвятых [будуць] яны для цябе і для сыноў тваіх.
У свяцілішчы павінен ты іх есці; толькі мужчыны могуць есці гэта, бо гэта святыня для цябе.
У Сьвятым Сьвятых будзеш іх есьці; кожны мужчына можа есьці гэта, бо гэта сьвятыня для цябе.
Каштаванне дароў, якія сыны Ізраэля склалі дзеля паднашэння, Я даю табе, і сынам тваім, і дочкам тваім як закон вечны; кожны чысты ў доме тваім хай спажывае іх.
А ўсе дары ахвярныя, якія патрэсваюць, [складаючы], сыны Ізраіля, Я даю табе, і сынам тваім, і дочкам тваім як пастанову вечную; кожны чысты ў доме тваім будзе есьці іх.
Табе Я даю ўсё, што лепшае з алею, з віна і са збожжа, усё, што сыны Ізраэля прыносяць Госпаду як першыя плады.
Табе Я даю ўсю тлустасьць алею, і ўсю тлустасьць віна і збожжа, якое сыны Ізраіля прыносяць ГОСПАДУ як першыя плады.
Усе пяршыні пладоў, якія родзіць зямля і якія прыносяцца Госпаду, хай пойдуць табе на ўжыванне: кожны, хто чысты ў доме тваім, хай іх спажывае.
І пяршыны, якія яны прыносяць ГОСПАДУ з усёй зямлі іхняй, будуць твае. Кожны чысты ў доме тваім, будзе есьці іх.
Усё, што заклятае ў Ізраэлі, хай тваім будзе.
Усё, што пад закляцьцем у Ізраілі, будзе тваім.
Усё жывое, што першым раскрывае ўлонне маці, што прыносіцца ў ахвяру Госпаду, ці з людзей, ці з жывёлы, хай тваім будзе па праве; зрабі так, каб было выкуплена першароднае ад чалавека і ўсякая жывёла, што з’яўляецца нячыстай.
Усе першародныя ўлоньня кожнага цела, якія прыносяцца ГОСПАДУ, ці з людзей, ці з жывёлы, будуць тваімі. Але людзей першародных і кожнай жывёлы, якая нячыстая, выкупіш, выкупляючы.
Выкуп гэтага хай бярэцца праз адзін месяц па нараджэнні ў пяць сікляў срэбра па вазе святыні; сікль мае дваццаць гераў.
Выкупіш іх праз месяц пасьля нараджэньня за пяць сыкляў срэбра паводле сыклю сьвятыні; сыкль мае дваццаць гераў.
А першароднае каровы, або авечкі, або казы не выкупляй, бо яны прысвечаны Госпаду; толькі кроў іх вылі на ахвярнік, а тлушч іх спалі дзеля паху, найпрыемнейшага Госпаду.
Першародных каровы, першародных авечкі і першародных казы ня будзеш выкупляць, бо яны сьвятыя. Кроў іхнюю выльеш на ахвярнік, а тлушч іхні спаліш у агні на мілы пах ГОСПАДУ.
Мяса ж хай пойдзе табе на ўжыванне, так, хай тваімі будуць грудзінка ўзнятая і правая лапатка.
Мяса іхняе будзе тваім, таксама грудзіна патрасаная і правая лапатка будуць тваімі.
Усе каштаванні святыя, якія ахвяруюць сыны Ізраэля Госпаду, Я даю табе, і сынам, і дочкам тваім як закон вечны: гэта вечны закон солі перад Госпадам для цябе і дзяцей тваіх».
Усе дары сьвятыя, якія прыносяць сыны Ізраіля ГОСПАДУ, Я даю табе, і сынам тваім, і дочкам тваім з табою як пастанову вечную. Гэта вечны запавет солі перад абліччам ГОСПАДА для цябе і насеньня твайго з табою».
І казаў Госпад Аарону: «У зямлі іх не будзеце мець ніякай уласнасці, і не будзеце мець між імі часткі зямлі: Я — частка твая і спадчына твая ў грамадзе сыноў Ізраэля.
І сказаў ГОСПАД Аарону: «У зямлі іхняй ня будзеш мець спадчыны і ня будзеш мець між імі часткі [зямлі]. Я — частка твая і спадчына твая між сынамі Ізраіля.
А сынам Леві даю Я як спадчыну ўсе дзесяціны Ізраэля за служэнне, якое яны выконваюць для Мяне ў палатцы сустрэчы,
Вось, сынам Левія Я даю як спадчыну ўсе дзесяціны ў Ізраілі за служэньне, якое яны выконваюць у Намёце Спатканьня.
каб не набліжаліся больш да палаткі сустрэчы і каб не дапусціліся граху аж да смерці.
А сыны Ізраіля ня будуць больш набліжацца да Намёту Спатканьня, каб не ўчыніць грэху, [які вядзе] да сьмерці.
Адны толькі левіты могуць выконваць служэнне ў палатцы сустрэчы і адказваць за грахі народа; гэта хай будзе закон вечны для пакаленняў вашых; хай не будуць яны мець спадчыны ў грамадзе сыноў Ізраэля.
[Толькі] лявіты будуць выконваць служэньне ў Намёце Спатканьня, і яны самі будуць несьці правіну сваю. Гэта пастанова вечная для пакаленьняў вашых. І ня будуць [лявіты] мець спадчыны між сынамі Ізраіля,
Бо Я даў левітам у спадчыну дзесяціны, якія сыны Ізраэля ахвяроўваюць Госпаду». Акрамя таго, сказаў Я ім: «У грамадзе сыноў Ізраэля не будзеце вы мець уласнасці».
бо Я даў лявітам у спадчыну дзесяціны, якія сыны Ізраіля ахвяроўваюць ГОСПАДУ. Дзеля таго Я сказаў ім: “Між сыноў Ізраіля ня будзеце вы мець спадчыны”».
І гаварыў Госпад Майсею, кажучы:
І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:
«Аб’яві левітам і скажы ім: “Калі вы атрымаеце дзесяціны ад сыноў Ізраэля, якія Я даў вам у спадчыну, то вы павінны ўзняць каштаванне іх для Госпада, гэта значыць дзесятую частку ад дзесяці,
«Прамоў да лявітаў і скажы ім: “Калі вы атрымаеце дзесяціны ад сыноў Ізраіля, якія Я даў вам у спадчыну, дзесяціну з дзесяціны маеце прынесьці ў дар ГОСПАДУ.
каб было вам залічана за каштаванне як тое, што з палёў, так і тое, што з давільняў.
І будзе гэта вам залічана як дар ад збожжа з току або ад таго, што напаўняе тоўчню.
Так з усяго, з чаго вы атрымліваеце пяршыні ад сыноў Ізраэля, вы павінны ўзносіць Госпаду: павінны даць Аарону святару.
І вы таксама павінны складаць ахвяры ГОСПАДУ з усіх дзесяцінаў вашых, якія вы атрымліваеце ад сыноў Ізраіля; прынясіце іх ГОСПАДУ і [дайце] Аарону сьвятару як дар.
Усё, што атрымліваеце з дзесяцін, выдзеліце ў дар Госпаду; хай будзе ён найлепшы і адборны”.
З усяго, што атрымліваеце, прыносьце ўсялякія дары ГОСПАДУ, і з усяго найлепшага як сьвятой часткі гэтага”.
І скажы ім: “Калі вы зложыце ў ахвяру з дзесяцінаў усё адборнае і найлепшае, то будзе вам залічана, як быццам вы аддалі плады з тока і давільні;
І скажы ім: “Калі вы зложыце [з дзесяцінаў] ў ахвяру тлустасьць [дароў], гэта будзе вам залічана як ахвяра з току і ахвяра з тоўчні.
і можаце гэта есці на кожным вашым месцы, як вы, так і сем’і вашы, бо гэта плата за вашу службу ў палатцы сустрэчы.
І будзеце гэта есьці на кожным месцы вы і дом ваш, бо гэта плата за службу вашую ў Намёце Спатканьня.
І не грашыце ў гэтым, зберагаючы для сябе адборнае і тлустае, каб не апаганіць ахвяры сыноў Ізраэля і не памерці”».
І вы не панясеце на сабе грэху, калі ахвяруеце тлустасьць іхнюю, і не зьняважыце сьвятых дароў Ізраіля, і не памрацё”».