Лікі 21 разьдзел

Лікі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Калі цар Арада, хананей, які пражываў у Нагэбе, даведаўся, што ізраэльцы падыходзяць дарогай ад Атарыма, напаў ён на Ізраэль, і ўзяў палонных з яго.
 
І пачуў валадар Араду, Хананеец, які жыў у Нэгеве, што Ізраільцяне ідуць шляхам ад Атарыму, і напаў ён на Ізраіля, і ўзяў палонных.

Тады Ізраэль, звязваючы сябе абяцаннем Госпаду, сказаў: «Калі Ты выдасі народ гэты ў нашы рукі, то мы разбурым гарады яго».
 
І шлюбаваў Ізраіль ГОСПАДУ, і сказаў: «Калі Ты, выдаючы, выдасі народ гэты ў рукі нашыя, мы паложым закляцьце на гарады ягоныя».

І выслухаў Госпад малітву Ізраэля, і даў ім хананеяў, якіх яны забілі, разбурыўшы гарады іх, і назвалі месца тое Хорма.
 
І выслухаў ГОСПАД голас Ізраіля, і выдаў яму Хананейцаў, і яны палажылі закляцьце на іх і на гарады іхнія, і назвалі імя месцу гэтаму Харма.

І з гары Гор ішлі яны ў напрамку Чырвонага мора, каб абысці зямлю Эдом. І ў дарозе народ страціў цярплівасць.
 
І выйшлі яны ад гары Гор шляхам да Мора Чырвонага, каб абыйсьці зямлю Эдом. І ў часе дарогі душа народу страціла цярплівасьць.

І пачалі яны наракаць на Бога і Майсея, і казалі: «Навошта вы вывелі нас з Егіпта, каб мы памерлі ў пустыні? Няма хлеба, няма вады; душа наша ўжо гадзіцца гэтай нягоднаю ежаю».
 
І гаварыў народ супраць Бога і супраць Майсея: «Навошта вы вывелі нас з Эгіпту, каб мы памерлі ў пустыні? Няма хлеба, няма вады. І душы нашай абрыд гэты марны хлеб».

Таму паслаў Госпад на народ пякучых змеяў, якія кусалі народ, і памерла шмат народа з Ізраэля.
 
І паслаў ГОСПАД на народ палючых зьмеяў, і яны кусалі народ, і памерла шмат народу ў Ізраілі.

І прыйшоў народ да Майсея, і скардзіўся: «Зграшылі мы, бо плявузгалі супраць Госпада і супраць цябе; маліся Госпаду, каб забраў Ён ад нас гэтых змеяў». І маліўся Майсей за народ.
 
І прыйшоў народ да Майсея, і сказаў: «Саграшылі мы, бо гаварылі супраць ГОСПАДА і супраць цябе. Маліся да ГОСПАДА, каб забраў Ён ад нас гэтых зьмеяў». І маліўся Майсей за народ.

І сказаў Госпад яму: «Зрабі сабе змея і падымі яго замест знака; хто, укушаны, гляне на яго, будзе жыць».
 
І сказаў ГОСПАД Майсею: «Зрабі [зьмея] палючага і падымі яго як сьцяг. Кожны ўкушаны, калі гляне на яго, будзе жыць».

Дык зрабіў Майсей меднага змея і змясціў яго замест знака; і калі хто, укушаны змеямі, глядзеў на меднага змея, ён аздараўляўся.
 
І зрабіў Майсей зьмея мядзянага, і ўзьняў яго як сьцяг, і сталася, што калі зьмей укусіў чалавека, а ён глянуў на зьмея мядзянага, дык заставаўся жыць.

І выйшлі сыны Ізраэля, і расклаліся лагерам у Абоце,
 
І выйшлі [ў дарогу] сыны Ізраіля, і сталі табарам у Абоце.

выйшаўшы адтуль, яны паставілі палаткі ў Еабарыме, у пустыні, што глядзіць на Мааб, на ўсходні бок.
 
І выйшлі з Аботу, і сталі табарам пад Іе-Абарымам у пустыні, якая на ўсход ад Мааву.

І адтуль пайшлі далей да ручая Зарэд;
 
Адтуль выйшлі і сталі табарам каля ручая Зарэд.

пакінуўшы яго, расклаліся лагерам за ручаём Арнон, што цячэ ў пустыні, пачынаючыся з зямлі амарэяў. Бо Арнон утварае мяжу між маабцамі і амарэямі.
 
Адтуль выйшлі і сталі табарам за [ракою] Арнон, якая цячэ праз пустыню з межаў Амарэйцаў, бо Арнон — мяжа між Мааўлянамі і Амарэйцамі.

Таму сказана ў Кнізе войнаў Госпада: «Вагэб каля Суфа і ручаёў Арнона.
 
Таму сказана ў Кнізе войнаў ГОСПАДА: «Вагэў каля Суфа і ручаёў Арнону.

Уцёсы ручаёў ідуць да мясцовасці Ар і прылягаюць да межаў Мааба».
 
Схіл ручаёў сягае аж да мясцовасьці Ар і прылягае аж да межаў Мааву».

Адгэтуль рушылі ў Бээр. Гэта тая студня, аб якой сказаў Госпад Майсею: «Збяры народ, і Я дам ім вады».
 
Адтуль [рушылі] ў Бээр. Гэта тая студня, пра якую сказаў ГОСПАД Майсею: «Зьбяры народ, і Я дам яму вады».

Тады заспявалі ізраэльцы гэтую песню: «Напаўняйся, студня, спявайце аб ёй!
 
Тады засьпяваў Ізраіль гэты сьпеў: «Напаўняйся, студня, сьпявайце пра яе!

Студня, якую выкапалі князі і падрыхтавалі кіраўнікі народа скіпетрамі і жэзламі сваімі». З пустыні яны вырушылі ў Матану;
 
Студня, якую выкапалі князі, начальнікі народу капалі скіпетрамі і кіямі сваімі». З пустыні яны [вырушылі] ў Матану,

з Матаны ў Нагаліэль, з Нагаліэля ў Бамот;
 
з Матаны — у Нахаліэль, з Нахаліэлю — у Бамот,

з Бамота ў даліну, што ў зямлі Мааб, каля вяршыні гары Пісга, што ўзвышаецца над пустыняй.
 
з Бамоту — у лагчыну, якая на полі Мааву, каля вяршыні гары Пісга, што ўзвышаецца перад абліччам [зямлі] бязьлюднай.

І паслаў Ізраэль паслоў да Сэгона, цара амарэяў, каб яму сказаць:
 
І паслаў Ізраіль пасланцоў да Сыгона, валадара Амарэйцаў, кажучы:

«Прашу, дазволь мне прайсці праз зямлю тваю, і не збочым мы на палі і на вінаграднікі, не будзем піць вады са студняў. Пойдзем простаю дарогай, пакуль не пройдзем твае межы».
 
«Дазволь мне прайсьці праз зямлю тваю; ня збочым мы на палі і на вінаграднікі, ня будзем піць са студняў, пойдзем шляхам валадарскім, пакуль ня пройдзем межы твае».

Але Сэгон не дазволіў Ізраэлю прайсці праз свае межы; і нават, сабраўшы народ, пераняў іх у пустыні, і прыйшоў у Ясу, і напаў на Ізраэль.
 
Але Сыгон не дазволіў Ізраілю прайсьці праз межы свае, і сабраў Сыгон увесь народ свой, і пераняў Ізраіля ў пустыні, і прыйшоў у Ягцу, і напаў на Ізраіля.

Аднак ён быў удараны ім з дапамогаю меча, і заняў Ізраэль зямлю яго ад Арнона да Ябока сыноў Амона; бо вартаю ахоўваліся межы аманіцян.
 
І перамог яго Ізраіль вострывам мяча, і заняў зямлю ягоную ад Арнону аж да Ябоку, аж да [зямлі] сыноў Амона, бо моцнымі былі межы сыноў Амона.

І авалодаў Ізраэль усімі тымі гарадамі, і абжыўся ў гарадах амарэяў, гэта значыць у Хесебоне і ваколіцах яго.
 
І авалодаў Ізраіль усімі гарадамі тымі, і абжыўся Ізраіль у гарадах Амарэйцаў, у Хешбоне і ў-ва ўсіх ваколіцах ягоных.

Бо Хесебон быў горадам Сэгона, цара амарэяў, які ваяваў з папярэднім царом Мааба і заваяваў у яго ўсю зямлю аж да Арнона.
 
Хешбон [быў] горадам Сыгона, валадара Амарэйцаў, які ваяваў з папярэднім валадаром Мааву і забраў з рукі ягонай ўсю зямлю аж да Арнону.

Таму гаворыцца ў прымаўцы: «Ідзіце ў Хесебон! Няхай будзе адбудаваны і ўмацаваны горад Сэгона!
 
Таму гаворыцца ў прыказцы: «Ідзіце ў Хешбон! Няхай будзе адбудаваны і ўмацаваны горад Сыгона!

Агонь выйшаў з Хесебона, полымя з горада Сэгона, і спаліў Ар-Мааб і праглынуў узгоркі Арнона.
 
Бо агонь выйшаў з Хешбону, полымя з гораду Сыгона, спаліў Ар-Мааў і ўладароў узгорышчаў Арнону.

Гора табе, Мааб; прапаў ты, народ Хамоса! Прымусіў ён сыноў тваіх да ўцёкаў, а дачок тваіх — у палон Сэгону, цару амарэяў.
 
Гора табе, Мааў; прапаў ты, народ Хамоша! Змусіў ён сыноў тваіх да ўцёкаў, а дочак тваіх [аддаў] у палон Сыгону, валадару Амарэйцаў.

Пусцілі мы стрэлы ў іх, загінуў Хесебон да Дыбона. Знішчылі мы ўсё да Нофы і да Мэдабы».
 
Пусьцілі мы [стрэлы] ў іх, загінуў Хешбон аж да Дыбону. Зьнішчылі мы [ўсё] аж да Нофы і аж да Мэдэвы».

Так абжыўся Ізраэль у зямлі амарэя.
 
І абжыўся Ізраіль у зямлі Амарэйцаў.

Пасля паслаў Майсей лазутчыкаў, каб агледзелі Язэр, і яны захапілі яго ваколіцы, а амарэяў, што былі там, выгналі.
 
І паслаў Майсей выведчыкаў у Язэр. І яны здабылі яго і ваколіцы ягоныя, і выгналі Амарэйцаў, якія [былі] там.

Далей павярнуліся і пайшлі ў бок Басана, і сустрэўся з імі Ог, цар Басана, з усім сваім народам, каб ваяваць з імі ў Эдраі.
 
І яны павярнулі, і пайшлі па шляху ў Башан. І выйшаў Ог, валадар Башану, насустрач ім на бітву з усім народам сваім у Эдрэі.

І Госпад сказаў Майсею: «Не бойся яго, бо аддаў Я яго ў рукі твае з усім народам яго, і зямлю яго, і зробіш ты яму тое, што зрабіў Сэгону, цару амарэяў, жыхароў Хесебона».
 
І ГОСПАД сказаў Майсею: «Ня бойся яго, бо Я аддаў ў рукі твае яго і ўвесь народ ягоны, і зямлю ягоную, і ты зробіш з ім так, як зрабіў з Сыгонам, валадаром Амарэйцаў, які жыў у Хешбоне».

Такім чынам, ударылі яны яго, і сыноў яго, і ўвесь народ яго аж да поўнага знішчэння, і завалодалі зямлёй яго.
 
І яны пабілі яго і сыноў ягоных, і ўвесь народ ягоны, аж нікога не засталося з іх, і авалодалі зямлёй ягонай.