Лікі 5 разьдзел

Лікі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

І прамовіў зноў Госпад да Майсея:
 
І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:

«Загадай сынам Ізраэля выдаліць з лагера ўсіх пракажаных, хворых на выцёкі і апаганеных ад нябожчыка.
 
«Загадай сынам Ізраіля выдаліць з табару ўсіх пракажоных, хворых на выцёкі і апаганеных ад нябожчыка.

Як мужчыну, так і жанчыну выдаліце з лагера, каб не паганілі лагера, дзе Я жыву паміж вамі».
 
Як мужчыну, так і жанчыну выдаліце па-за табар, каб не паганілі табару, дзе Я жыву сярод вас».

Так і зрабілі сыны Ізраэля і выдалілі іх па-за лагер, як загадаў Госпад Майсею.
 
І зрабілі так сыны Ізраіля, і выдалілі іх па-за табар; як прамовіў ГОСПАД да Майсея, так і зрабілі сыны Ізраіля.

Далей загадаў Госпад Майсею, кажучы:
 
І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:

«Скажы сынам Ізраэля: “Калі мужчына або жанчына зграшыць як-небудзь, як здараецца сярод людзей, і парушыць загад Госпадаў, то будзе той чалавек вінаваты;
 
«Прамоў да сыноў Ізраіля: “Калі мужчына або жанчына дапусьціцца нейкага грэху адносна людзей, і парушыць загад ГОСПАДА, будзе вінаватая душа гэтая.

і няхай прызнаюць грэх свой і аддадуць сам капітал і пятую частку таму, перад кім зграшылі.
 
Няхай яны вызнаюць грэх свой, які ўчынілі, і аддадуць аднагароджаньне таму, перад кім саграшылі, з дадаткам пятай часткі.

А калі ў яго няма нашчадка, хай аддасць Госпаду асвяціць гэта, хай будзе гэта святару, апрача барана, што ахвяруецца на ўміласціўленне, каб быць ачышчальнай ахвярай.
 
Калі ў яго няма чалавека, якому мог бы зьвярнуць, аднагарадзжэньне будзе для ГОСПАДА, аднагараджэньне гэта будзе для сьвятара, апрача барана перамольваньня, якім будзе перамольваць за [грэх].

Таксама ўсякае каштаванне святых рэчаў, якія прыносяць сыны Ізраэля, належыць святару;
 
Усе сьвятыя дары, якія прыносяць сьвятару сыны Ізраіля, яму належаць.

і ўсё, што ахвяруецца ў свяцілішча ад кожнага чалавека і перадаецца ў рукі святара, будзе яго”».
 
Сьвятыя [дары] кожнагачалавека, якія нехта прынясе сьвятару, будуць належаць [сьвятару]”».

І сказаў Госпад Майсею, кажучы:
 
І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:

«Пагавары з сынамі Ізраэля і скажы ім: “Муж, жонка якога распуснічала і, ашукваючы мужа,
 
«Прамоў да сыноў Ізраіля і скажы ім: “Муж, жонка якога здрадзіць яму, і будзе няверная яму нявернасьцю,

спала з чужым мужчынам, і муж яе пра гэта не ведае, а яна дапусцілася нячыстасці, і сведкаў на гэта няма, бо не заспелі яе ў час распусты,
 
і ляжа з ёй [чужы] мужчына, і вылье насеньне, і гэта будзе схавана ад мужа ейнага, і яна будзе нячыстай, але няма сьведкаў і яе не злавілі [на распусьце],

калі дух падазрэння ахапіў мужа супраць яго жонкі, якая або сапраўды спракудзілася, або пераследуецца памылковым падазрэннем,
 
і дух рэўнасьці зыйдзе на мужа, і ён будзе рэўнаваць жонку сваю, што яна занячысьцілася, або зыйдзе на яго дух рэўнасьці, і ён будзе рэўнаваць жонку сваю, а яна не занячысьцілася,

хай прывядзе ён яе да святара і складзе ў ахвяру за яе дзесятую частку эфы мукі ячменнай. Хай не вылье на яе алею, ані пакладзе кадзіла, бо гэта ахвяра падазрэння, ахвяра, што мае выявіць віну.
 
няхай прывядзе муж жонку сваю да сьвятара і складзе ў ахвяру за яе дзясятую частку эфы мукі ячменнай, але ня вылье на яе алею і не пакладзе кадзіла, бо гэта ахвяра рэўнасьці, ахвяра выяўленьня, якая мае выявіць віну.

Такім чынам хай прывядзе яе святар і паставіць перад Госпадам;
 
І няхай прывядзе сьвятар [жанчыну], і паставіць яе перад абліччам ГОСПАДА.

і хай возьме ён святой вады ў гліняным посудзе і трошкі зямлі з падлогі скініі і ўкладзе ў ваду.
 
І возьме сьвятар асьвячонай вады ў посуд гліняны, і возьме сьвятар пыл з падлогі Сялібы, і ўсыпле ў ваду.

І калі паставіць святар жанчыну перад Госпадам, ён мае агаліць галаву яе і пакласці на яе рукі ахвяру выяўлення, або падазрэння; ваду ж найгарчэйшую, у якой ён злучыў праклён з закляццем, святар будзе трымаць у руцэ.
 
І паставіць сьвятар жанчыну перад абліччам ГОСПАДА, і адкрые [валасы] на галаве жанчыны, і паложыць на яе далоні ахвяру выяўленьня, ахвяру рэўнасьці; і ў руцэ сьвятара будзе вада горкая, [якая нясе] праклён.

Тады закляне жанчыну і скажа ёй: “Калі чужы мужчына не ляжаў з табой, і калі не адхілілася ты ад свайго мужа і не апаганілася на пустым ложку мужа, тады вада найгарчэйшая, у якой я злучыў праклёны, не прынясе табе шкоды,
 
І запрысягне сьвятар жанчыну, і скажа ёй: “Калі ніводзін мужчына не ляжаў з табой, і калі з іншым ты не занячысьцілася адносна мужа твайго, тады вада горкая, [якая нясе] праклён, ачысьціць цябе.

калі, аднак, адхілілася ты ад свайго мужа, і апаганілася, і лягла з іншым мужчынам, а не твой муж ляжаў з табой, —
 
А калі ты здрадзіла мужу свайму і сталася нячыстая, і іншы мужчына, а ня муж твой ляжаў з табой, выліваючы [насеньне],” —

тады святар пракляне жанчыну прысягай праклёну: “Хай аддасць цябе Госпад праклёну і клятве ў народзе тваім; ды хай чэзне ўлонне тваё і апухне жывот твой.
 
і сьвятар запрысягне жанчыну прысягай праклёну, і скажа сьвятар жанчыне: “Няхай аддасьць цябе ГОСПАД на праклён і закляцьце ў народзе тваім, і няхай зробіць ГОСПАД, што ўпадзе сьцягно тваё і апухне жывот твой.

Хай вада праклёну пранікне ў нутро тваё, каб апух жывот твой ды апала ўлонне тваё”. І жанчына адкажа: “Амін, амін”.
 
І ўвойдзе вада праклёну ў нутро тваё, каб апух жывот твой і ўпала сьцягно тваё”. І скажа жанчына: “Амэн, амэн”.

І хай напіша святар на скрутку гэтыя праклёны, а пасля змые іх вадою найгарчэйшаю,
 
І напіша сьвятар на скрутку [словы] праклёну, і змые іх вадою горкаю,

і дасць выпіць жанчыне горкую ваду, у якую ён сабраў праклёны, і хай пранікне ў яе вада праклёну, што спрычыніць горкі боль;
 
і напоіць жанчыну вадою горкаю, [якая нясе] праклён, і вада праклёну ўвойдзе ў яе і [спрычыніць] горкі боль.

хай возьме святар з рук жанчыны ахвяру падазрэння, і ўзніме яе перад Госпадам, і складзе яе на ахвярнік;
 
І возьме сьвятар з рук жанчыны ахвяру рэўнасьці, і патрасе перад абліччам ГОСПАДА як ахвяру хлебную, і складзе яе на ахвярніку.

хай возьме з яе поўную жменю ахвяры, што прыносіцца на памяць, і хай спаліць яе на ахвярніку; а затым хай дасць жанчыне выпіць вады найгарчэйшай.
 
І возьме жменяй частку ахвяры хлебнай як памятную частку, і спаліць яе на ахвярніку, а пасьля дасьць жанчыне выпіць вады.

Калі вып’е жанчына яе, то калі абвінавачваная ў чужаложстве, яна сапраўды сябе абняславіла, занядбаўшы мужа свайго, хай вада праклёну пранікне ў яе, выклікаючы горкі боль. Улонне яе ападзе, і жывот апухне, і хай будзе тая жанчына праклятаю ва ўсім народзе сваім.
 
І вып’е жанчына ваду і калі была яна нячыстай і нявернай мужу свайму, вада праклёну ўвойдзе ў яе, і [справіць] горкі боль, ўпадзе сьцягно ейнае і жывот ейны апухне, і станецца тая жанчына праклятаю ў народзе сваім.

Калі тая жанчына не абняславіла сябе, але была чыстай, то хай застанецца непашкоджанай і хай нараджае дзяцей”».
 
А калі тая жанчына не была нячыстай, але яна чыстая, будзе ачышчаная і народзіць нашчадкаў”.

Гэта закон адносна падазрэння, калі жонка адхіліцца ад свайго мужа і абняславіць сябе
 
Гэта закон адносна рэўнасьці, калі жонка здрадзіць мужу свайму і станецца нячыстай.

і калі муж яе, пабуджаны духам рэўнасці, прывядзе яе да аблічча Госпада, а святар споўніць для яе ўсё, што прадпісана;
 
Або калі на мужа зыйдзе дух рэўнасьці і ён будзе рэўнаваць жонку сваю, і ён паставіць яе перад абліччам ГОСПАДА, і сьвятар зробіць усё паводле закону гэтага.

хай муж яе будзе без віны, а тая жонка хай адкажа за грэх свой.
 
І будзе муж чысты ад віны, а тая жонка панясе віну сваю».