Лікі 2 разьдзел
Лікі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна
І казаў Госпад Майсею і Аарону, гаворачы:
І прамовіў ГОСПАД да Майсея і Аарона, кажучы:
«Хай сыны Ізраэля стануць лагерам: кожны пад сваім сцягам, пад знакамі бацькоў сваіх, навокал палаткі сустрэчы на адлегласці.
«Няхай сыны Ізраіля разложаць табар, кожны пад сьцягам сваім, пад знакамі паводле дамоў бацькоў сваіх. Вакол Намёту Спатканьня на адлегласьці разложаць яны табар.
З усходу хай стаіць лагер Юды па дружынах войска яго, а кіраўніком сыноў яго хай будзе Наасон, сын Амінадаба;
Разложыць табар з усходу, дзе ўзыходзіць сонца, сьцяг табару Юды з дружынамі сваімі, а князем сыноў Юды [будзе] Нахшон, сын Амінадава.
і лік яго ваяроў — семдзесят чатыры тысячы шэсцьсот.
Лік войска ягонага, паводле падліку, — семдзясят чатыры тысячы шэсьцьсот.
Побач з ім хай стануць лагерам людзі калена Ісахарава, кіраўніком якіх мае быць Натанаэль, сын Суара;
Побач іх разложыцца табар пакаленьня Ісахара, а князем сыноў Ісахара [будзе] Натанаэль, сын Цуара.
і ўвесь лік ваяроў яго — пяцьдзесят чатыры тысячы чатырыста.
Лік войска ягонага, паводле падліку, — пяцьдзясят чатыры тысячы чатырыста.
У пакаленні Забулона кіраўніком хай будзе Эліяб, сын Гэлона; і лік ваяроў —
[Потым] пакаленьне Завулёна, а князем сыноў Завулёна [будзе] Эліяў, сын Хэлёна.
пяцьдзесят сем тысяч чатырыста.
Лік войска ягонага, паводле падліку, — пяцьдзясят сем тысячаў чатырыста.
Усіх палічаных у лагеры Юды хай будзе сто восемдзесят шэсць тысяч чатырыста, і хай па дружынах сваіх яны першыя будуць выходзіць.
Усіх, палічаных у табары Юды паводле дружынаў іхніх, — сто восемдзясят шэсьць тысячаў чатырыста. Яны першыя будуць выходзіць.
З паўднёвага боку хай будзе сцяг лагера Рубэна па яго войсках, а кіраўнік — Элісур, сын Сэдэура;
З поўдня будзе сьцяг табару Рубэна з дружынамі сваімі, а князем сыноў Рубэна [будзе] Эліцур, сын Шэдэура.
і ўсё войска ваяроў яго паводле падліку хай мае сорак шэсць тысяч пяцьсот.
Лік войска ягонага, паводле падліку, — сорак шэсьць тысячаў пяцьсот.
Побач з імі хай стануць лагерам людзі з пакалення Сімяона, а кіраўніком іх — хай Саламіэль, сын Сурысадая;
Побач іх разложыцца табар пакаленьня Сымона, а князем сыноў Сымона [будзе] Шэлюміэль, сын Цурышадая.
і ўсё войска ваяроў яго паводле падліку хай мае пяцьдзесят дзевяць тысяч трыста.
Лік войска ягонага, паводле падліку, — пяцьдзясят дзевяць тысячаў трыста.
У пакаленні Гада кіраўніком хай будзе Эліясаф, сын Дэуэля;
[Пасьля] пакаленьне Гада, а князем сыноў Гада [будзе] Эліясаф, сын Дэўэля.
і ўсё войска ваяроў яго паводле падліку хай мае сорак пяць тысяч шэсцьсот пяцьдзесят.
Лік войска ягонага, паводле падліку, — сорак пяць тысячаў шэсьцьсот пяцьдзясят.
Усіх палічаных у лагеры Рубэна — сто пяцьдзесят адна тысяча чатырыста пяцьдзесят; хай яны выходзяць другімі па сваіх дружынах.
Усіх, палічаных у табары Рубэна паводле дружынаў сваіх, — сто пяцьдзясят адна тысяча чатырыста пяцьдзясят. Яны другімі будуць выходзіць.
Пасля хай здымецца з месца палатка сустрэчы і лагер левітаў у сярэдзіне іншых лагераў, хай яна здымаецца так, як ставіцца; хай усе пускаюцца ў дарогу на сваіх месцах і пад сваім сцягам.
Пасля вырушыць Намёт Спатканьня і табар лявітаў у сярэдзіне другіх табараў. Паводле таго, як раскладаліся табарам, так і выходзіць будуць, кожны на месцы сваім, пад сьцягам сваім.
З заходняга боку хай будзе сцяг лагера Эфраіма па дружынах яго, кіраўніком іх хай будзе Элісама, сын Аміюда;
З захаду будзе сьцяг табару Эфраіма з дружынамі сваімі, а князем сыноў Эфраіма [будзе]Элішама, сын Амігуда.
усё войска ваяроў яго паводле падліку хай мае сорак тысяч пяцьсот.
Лік войска ягонага, паводле падліку, — сорак тысячаў пяцьсот.
І з імі пакаленне сыноў Манасы, кіраўніком якіх хай будзе Гамаліэль, сын Падасура;
Побач іх пакаленьне Манасы; а князем сыноў Манасы [будзе] Гамаліэль, сын Пэдагсура.
і ўсё войска ваяроў яго паводле падліку хай мае трыццаць дзве тысячы дзвесце.
Лік войска ягонага, паводле падліку, — трыццаць дзьве тысячы дзьвесьце.
І пакаленні сыноў Бэньяміна; кіраўніком хай будзе Абідан, сын Гедэона;
[Потым] пакаленьне Бэн’яміна; а князем сыноў Бэн’яміна [будзе] Абідан, сын Гідэоні.
і ўсё войска ваяроў яго паводле падліку хай мае трыццаць пяць тысяч чатырыста.
Лік войска ягонага, паводле падліку, — трыццаць пяць тысячаў чатырыста.
Усіх палічаных у лагеры Эфраіма — сто восем тысяч сто; і хай па дружынах сваіх яны выходзяць трэція.
Усіх, палічаных у табары Эфраіма паводле дружынаў іхніх, — сто восем тысячаў сто. Яны трэція будуць выходзіць.
З паўночнага боку адпаведна сваім дружынам хай стаіць сцяг лагера сыноў Дана, а кіраўніком іх хай будзе Ахіязэр, сын Амісадая;
З поўначы будзе сьцяг табару Дана з дружынамі сваімі, а князем сыноў Дана [будзе]Ахіезэр, сын Амішадая.
усё войска ваяроў яго паводле падліку хай мае шэсцьдзесят дзве тысячы семсот.
Лік войска ягонага, паводле падліку, — шэсьцьдзясят дзьве тысячы семсот.
Побач з ім хай стане лагерам пакаленне Асэра, кіраўніком іх хай будзе Пэгіэль, сын Акрана;
Побач іх разложыцца табарам пакаленьне Асэра, а князем сыноў Асэра [будзе] Пагіэль, сын Акрана.
усё войска ваяроў яго паводле падліку хай мае сорак адну тысячу пяцьсот.
Лік войска ягонага, паводле падліку, — сорак адна тысяча пяцьсот.
З пакалення сыноў Нэфталі кіраўніком хай будзе Ахіра, сын Энана;
[Потым] пакаленьне Нэфталі, а князем сыноў Нэфталі [будзе] Ахіра, сын Энана.
усё войска ваяроў яго — пяцьдзесят тры тысячы чатырыста.
Лік войска ягонага, паводле падліку, — пяцьдзясят тры тысячы чатырыста.
Усіх палічаных у лагеры Дана хай будзе сто пяцьдзесят сем тысяч шэсцьсот, і хай яны самымі апошнімі выходзяць пад сваімі сцягамі».
Усіх, палічаных у табары Дана, — сто пяцьдзясят сем тысячаў шэсьцьсот. Яны як апошнія будуць выходзіць пад сьцягамі сваімі.
Гэта лік сыноў Ізраэля, усе яны палічаны па сем’ях бацькоў сваіх адпаведна войскам сваім — шэсцьсот тры тысячы пяцьсот пяцьдзесят.
Гэта палічаныя сыны Ізраіля паводле дамоў бацькоў сваіх. Усіх, палічаных у табары паводле дружынаў сваіх, — шэсьцьсот тры тысячы пяцьсот пяцьдзясят.
А левіты не былі палічаны разам з сынамі Ізраэля; бо так загадаў Госпад Майсею.
Лявіты не былі палічаныя сярод сыноў Ізраіля, як загадаў ГОСПАД Майсею.
І сыны Ізраэля споўнілі ўсё, што загадаў Госпад: сталі лагерам пад сваімі сцягамі і выйшлі паводле пакаленняў і сем’яў бацькоў сваіх.
Сыны Ізраіля зрабілі ўсё, што загадаў ГОСПАД Майсею: раскладаліся табарам пад сьцягамі сваімі і выходзілі паводле сем’яў сваіх і дамоў бацькоў сваіх.