Лікі 33 разьдзел
Лікі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна
Гэта месцы прыпынку сыноў Ізраэля, якія выйшлі з Егіпта дружынамі на чале з Майсеем і Ааронам
Гэта месцы прыпынку сыноў Ізраіля, якія выйшлі з Эгіпту дружынамі сваімі пад рукою Майсея і Аарона.
і якіх Майсей запісаў па месцы лагераў, з якіх яны па загадзе Госпада выходзілі. Вось гэтыя месцы.
І запісаў Майсей месцы табараў, з якіх яны паводле [слова] з вуснаў ГОСПАДА выходзілі. Вось месцы прыпынку іхняга.
Вось, у першы месяц, пятнаццатага дня першага месяца вырушылі сыны Ізраэля з Рамэсаса, у другі дзень Пасхі, ведзеныя рукой Узвышняга на вачах усіх егіпцян,
У першы месяц, у пятнаццаты дзень першага месяца, у другі дзень Пасхі вырушылі сыны Ізраіля з Рамсэсу, [ведзеныя] рукой узьнятай на вачах усіх Эгіпцянаў.
калі яны хавалі ўсіх сваіх першародных, забітых Госпадам, калі Ён учыніў суд над іх багамі,
А Эгіпцяне хавалі ўсіх першародных сваіх, якіх забіў ГОСПАД, і ГОСПАД учыніў суд над багамі іхнімі.
і расклаліся лагерам у Сукоце.
І вырушылі сыны Ізраіля з Рамсэсу, і сталі табарам у Сукоце.
А з Сукота прыбылі яны ў Этам, што на самай мяжы пустыні.
І вырушылі з Сукоту, і сталі табарам у Этаме, які на мяжы пустыні.
Адтуль вырушыўшы, прыбылі ў Пігахірот, што каля Баал-Сэфона, ды расклаліся лагерам перад Магдолам.
І вырушылі з Этаму, і завярнулі ў Пі-Гахірот, што каля Баал-Цэфону, і сталі табарам перад Мігдолам.
Выйшаўшы з Пігахірота, перайшлі яны сярэдзінай мора ў пустыню і тры дні ішлі пустыняй, і расклаліся лагерам у Мары.
І выйшлі з Пі-Гахіроту, і перайшлі сярэдзінай мора ў пустыню, і тры дні ішлі праз пустыню, і сталі табарам у Мары.
А выйшаўшы з Мары, прыбылі ў Элім, дзе было дванаццаць крыніц водных і семдзесят пальмаў; і там расклаліся лагерам.
І вырушылі з Мары, і прыйшлі ў Элім, а ў Эліме [было] дванаццаць крыніцаў водных і семдзясят пальмаў, і там сталі табарам.
Выйшаўшы з Эліма, расклаліся лагерам каля Чырвонага мора.
І вырушылі з Эліму, і сталі табарам каля Мора Чырвонага.
А выйшаўшы ад Чырвонага мора, яны расклаліся лагерам у пустыні Сін;
І вырушылі ад Мора Чырвонага, і сталі табарам у пустыні Сін.
а адтуль выйшаўшы, яны прыбылі ў Дафку.
І вырушылі з пустыні Сін, і сталі табарам у Дафцы.
А выйшаўшы з Дафкі, яны разлажыліся лагерам у Алусе.
І вырушылі з Дафкі, і сталі табарам у Алушы.
А выйшаўшы з Алуса, паставілі палаткі ў Рэфідыме, дзе не было вады для піцця;
І вырушылі з Алушы, і сталі табарам у Рэфідыме, і не было там вады для піцьця народу.
а выйшаўшы з Рэфідыма, яны расклаліся лагерам у пустыні Сінай.
І вырушылі з Рэфідыму, і сталі табарам у пустыні Сынай.
Але яны вырушылі і з пустыні Сінай і прыбылі ў Кіброт-Гатаву;
І вырушылі з пустыні Сынай, і сталі табарам у Кіброт-Гатаве.
а вырушыўшы з Кіброт-Гатавы, яны расклаліся лагерам у Асэроце.
І вырушылі з Кіброт-Гатавы, і сталі табарам у Хацэроце.
А з Асэрота прыбылі ў Рэтму;
І врушылі з Хацэроту, і сталі табарам ў Рытме.
а выйшаўшы з Рэтмы, яны сталі лагерам у Рэмон-Парэсе.
І вырушылі з Рытмы, і сталі табарам у Рымон-Пэрэсе.
Выйшаўшы адтуль, яны прыбылі ў Лебну;
І вырушылі з Рымон-Пэрэсу, і сталі табарам у Лібне.
пасля Лебны сталі лагерам у Рэсе;
І вырушылі з Лібны, і сталі табарам у Рысе.
А выйшаўшы з Рэсы, прыбылі ў Каалату,
І вырушылі з Рысы, і сталі табарам у Кэгеляце.
адкуль выйшаўшы, паставілі палаткі на гары Сэфар.
І вырушылі з Кэгеляты, і сталі табарам на гары Шафэр.
Затым, выйшаўшы ад гары Сэфар, яны прыйшлі ў Араду;
І вырушылі з гары Шафэр, і сталі табарам у Харадзе.
адтуль выйшаўшы, сталі лагерам у Мацэлоце.
І вырушылі з Хараду, і сталі табарам у Макэлёце.
Выйшаўшы з Мацэлота, прыйшлі ў Тагат;
І вырушылі з Макэлёту, і сталі табарам у Тахаце.
пасля Тагата сталі лагерам у Тарэ.
І вырушылі з Тахату, і сталі табарам у Тэраху.
Адтуль выйшаўшы, яны паставілі палаткі ў Мэтцы,
І вырушылі з Тэраху, і сталі табарам у Мітцы.
а пасля Мэткі яны сталі лагерам у Хэсмоне;
І вырушылі з Міткі, і сталі табарам у Хашмоне.
выйшаўшы з Хэсмоны, прыбылі ў Мацэрот.
І вырушылі з Хашмоны, і сталі табарам у Масэроце.
А пасля Мацэрота яны сталі лагерам у Бэнэ-Якане;
І вырушылі з Масэроту, і сталі табарам у Бэнэй-Яакане.
і, выйшаўшы з Бэнэ-Якана, прыбылі да гары Гадгад;
І вырушылі з Бэнэй-Яакану, і сталі табарам у Хар-Гагідгадзе.
выйшаўшы адтуль, паставілі палаткі ў Етэбаце.
І вырушылі з Хар-Гагідгаду, і сталі табарам у Ётбаце.
І з Етэбаты прыбылі ў Эброну; а
І вырушылі з Ётбаты, і сталі табарам у Аброне.
выйшаўшы з Эброны, расклаліся лагерам у Эцыён-Гебэры.
І вырушылі з Аброны, і сталі табарам у Эцыён-Гебэры.
Адтуль выбраўшыся, прыбылі ў пустыню Сін, або Кадэс.
І вырушылі з Эцыён-Гебэру, і сталі табарам у пустыні Сін, у Кадэшы.
Выйшаўшы з Кадэса, паставілі палаткі на гары Гор, на самай мяжы зямлі Эдома.
І вырушылі з Кадэшу, і сталі табарам на гары Гор, на мяжы зямлі Эдому.
Па загадзе Госпада Аарон, святар, узышоў на гару Гор і там памёр у саракавым годзе па выхадзе сыноў Ізраэля з Егіпта, у першы дзень пятага месяца,
І ўзыйшоў Аарон сьвятар на гару Гор перад аблічча ГОСПАДА, і там памёр у саракавым годзе пасьля выхаду сыноў Ізраіля з зямлі Эгіпецкай, у пятым месяцы, у першы дзень месяца.
маючы сто дваццаць тры гады, калі памёр на гары Гор.
Аарон меў сто дваццаць тры гады, калі памёр на гары Гор.
Цар Арада, хананеец, які жыў у Нагэбе, у зямлі Ханаан, пачуў у той час, што прыбылі сыны Ізраэля.
І пачуў валадар Араду, Хананеец, які жыў у Нэгеве ў зямлі Ханаан, што ідуць сыны Ізраіля.
І выйшаўшы з гары Гор, яны сталі лагерам у Салмоне;
А яны вырушылі ад гары Гор і сталі табарам у Цальмоне.
выйшаўшы адтуль, яны прыбылі ў Пунон.
І вырушылі з Цальмону, і сталі табарам у Пуноне.
З Пунона выйшлі і прыбылі ў Абот.
І вырушылі з Пунону, і сталі табарам у Абоце.
З Абота прыбылі ў Еабарым, што на мяжы Мааба.
І вырушылі з Аботу, і сталі табарам у Іе-Абарыме на мяжы Мааву.
А выйшаўшы з Еабарыма, яны паставілі палаткі ў Дыбонгадзе;
І вырушылі з Іе-Абарыму, і сталі табарам у Дыбон-Гадзе.
выйшаўшы адтуль, сталі лагерам у Элман-Дэблатаіме.
І вырушылі з Дыбон-Гаду, і сталі табарам у Альмон-Дыблатаіме.
А выйшаўшы з Элман-Дэблатаіма, прыбылі пад гару Абарым, насупраць Нэба.
І вырушылі з Альмон-Дыблатаіму, і сталі табарам пад гарой Абарым, насупраць Нэво.
А выйшаўшы з гор Абарым, прыйшлі на раўніны Мааба, над Ярданам, насупраць Ерыхона;
І вырушылі ад гары Абарым, і сталі табарам на раўнінах Мааву над Ярданам насупраць Ерыхону.
там расклаліся лагерам на мясцовасці ад Бэт-Есімота аж да Абэл-Сітыма на раўнінах Мааба.
І яны сталі табарам паміж Бэт-Гаешымотам і Абэль-Шытымам на раўнінах Мааву.
Там сказаў Госпад Майсею:
І прамовіў ГОСПАД да Майсея на раўнінах Мааву над Ярданам насупраць Ерыхону, кажучы:
«Загадай сынам Ізраэля і скажы ім: “Калі пяройдзеце раку Ярдан і ўвойдзеце ў зямлю Ханаан, —
«Прамоў да сыноў Ізраіля і скажы ім: “Вы пяройдзеце праз Ярдан у зямлю Ханаан,
выганіце перад сабою ўсіх жыхароў той зямлі, паламайце ўсіх іх ідалаў ды разбіце ўсе статуі, і ўсе ўзгоркі спусташыце.
дык выганіце перад сабою ўсіх жыхароў той зямлі, і паламіце ўсе выявы іхнія, і разьбіце ўсіх ідалаў іхніх, і ўсе ўзгоркі спусташыце.
Завалодайце зямлёй і абжывайцеся на ёй, бо Я даў яе вам ва ўласнасць;
І вы авалодаеце зямлёй, і будзеце жыць на ёй, бо Я даў вам яе на ўласнасьць.
яе падзяліце паміж вашымі пакаленнямі: большаму пакаленню дайце большую частку, меншаму — меншую; як жэрабя выпадзе, так паміж усімі хай будзе падзелена ўласнасць; па пакаленнях і родах хай будзе яна падзелена.
Падзяліце зямлю жэрабям паміж сем’ямі вашымі, шматлікай павялічце спадчыну яе, малалікай зьменшыце спадчыну яе. Як жэрабя выпадзе, так будзе падзелена спадчына. Паводле пакаленьняў бацькоў вашых атрымаеце спадчыну.
Калі ж не захочаце выгнаць жыхароў зямлі гэтай, і калі яны застануцца, будуць яны вам як церні ў вачах вашых і як калючкі ў баках вашых, будуць яны ўціскаць вас у зямлі пражывання вашага;
А калі ня выганіце перад сабою жыхароў зямлі гэтай, будуць тыя, якія з іх застануцца, цернямі ў вачах вашых і калючкамі ў баках вашых, і будуць яны ўціскаць вас у зямлі, у якой вы будзеце жыць.
і тады, што Я меркаваў ім зрабіць, вам зраблю”».
І станецца тое, што Я задумаў ім зрабіць, Я вам зраблю”».