Лікі 19 разьдзел
Лікі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна
Казаў Госпад Майсею і Аарону, гаворачы:
І прамовіў ГОСПАД да Майсея і Аарона, кажучы:
«Гэта святыня закону, які ўстанавіў Госпад. Скажы сынам Ізраэля, каб прывялі табе рыжую карову без заганы, на якой няма ніякай плямы і на якую яшчэ не ўскладана ярмо.
«Вось пастанова Закону, якую загадаў ГОСПАД. Прамоў да сыноў Ізраіля, і няхай яны прывядуць да цябе рудую карову без заганы, на якую яшчэ не было ўскладанае ярмо.
І аддайце яе святару Элеязэру, каб ён вывеў яе па-за лагер, каб яна была забіта ў яго прысутнасці.
І аддасьцё яе Элеазару сьвятару, і ён выведзе яе па-за табар, і заб’іцё яе перад абліччам ягоным.
І, памачыўшы палец у яе крыві, хай ён пакропіць сем разоў дзверы палаткі сустрэчы,
І Элеазар сьвятар памочыць палец свой у крыві ейнай, і пакропіць сем разоў крывёю ейнай пярэдні бок Намёту Спатканьня.
і хай спаляць цела яе ў яго прысутнасці, аддаўшы агню як шкуру і мяса яе, так і кроў з нечыстотамі.
І спаляць карову гэтую перад вачыма ягонымі, і скуру ейную, і кроў ейную, і нячыстасьць ейную спаляць.
Хай таксама святар дровы кедравыя і гізоп з пурпурам кіне ў агонь, у якім гарыць карова.
І возьме сьвятар дрэва кедровае, гізоп і ніткі кармазыновыя, і кіне ў нутро каровы, якая гарыць у агні.
І тады нарэшце, памыўшы шаты свае і цела сваё, хай увойдзе ён у лагер, і хай нячысты будзе ён аж да вечара.
І памые сьвятар шаты свае, і абмые цела сваё ў вадзе, і ўвойдзе ён у табар, і будзе нячысты сьвятар аж да вечара.
Потым чалавек чысты хай збярэ попел каровы і высыпле за лагерам у месцы чыстым, каб для супольнасці Ізраэля быў захаваны для прыгатавання вады ачышчэння. Гэта ахвяра за грэх.
І той, хто спальваў карову, памые шаты свае ў вадзе, і абмые цела сваё ў вадзе, і нячысты будзе ён аж да вечара.
Той, хто збіраў попел каровы, павінен вымыць сваё адзенне і будзе нячысты аж да вечара.
І зьбярэ чалавек чысты попел каровы, і высыпе па-за табарам у месцы чыстым, і ён будзе для грамады сыноў Ізраіля захаваны для [прыгатаваньня] вады ачышчэньня. Гэта [ахвяра] за грэх.
Гэта пастанова вечная як для ізраэльцаў, так і для чужаземцаў, якія ў іх прабываюць.
Той, хто зьбіраў попел каровы, вымые адзеньне сваё і будзе нячысты аж да вечара. Гэта пастанова вечная як для сыноў Ізраіля, так і для прыхадняў, якія ў іх жывуць.
Хто дакранецца да нябожчыка, будзе з-за таго сем дзён нячысты,
Хто дакранецца нябожчыка, будзе нячысты сем дзён.
павінен ён [вадой з попелам каровы] ачысціцца ў трэці і сёмы дзень і тады будзе чысты. Калі ў трэці дзень ён не ачысціцца, то ў сёмы дзень ён не будзе чысты.
Павінен ён [вадой з попелу каровы] ачысьціцца ў трэці і сёмы дзень, і будзе чысты. Калі ў трэці дзень і ў сёмы дзень ня будзе ачышчаны, ня будзе чысты.
Кожны, хто дакрануўся да мёртвага цела чалавека і гэтай сумессю не ачысціўся, зневажае скінію Госпада і будзе вынішчаны з Ізраэля, бо ён не акрапіў сябе вадою ачышчэння, і нячысты ён будзе, і яго нячыстасць застанецца на ім.
Кожны, хто дакрануўся нябожчыка і не ачысьціўся, робіць нячыстай Сялібу ГОСПАДА; будзе вынішчана душа тая з Ізраіля, бо вада ачышчэньня не пакрапіла яго, і ён будзе нячысты, і нячыстасьць ягоная застанецца на ім.
Гэта закон адносна чалавека, які памірае ў палатцы: кожны, хто ўвойдзе ў гэту палатку, і ўсе пасудзіны, што ў ёй прабываюць, будуць нячыстыя сем дзён.
Гэта закон адносна чалавека, які памёр у намёце. Кожны, хто ўвойдзе ў гэты намёт, і кожны, хто ў ім знаходзіцца, будзе нячысты сем дзён.
Пасудзіна, што не мае накрыўкі і перавязкі, прымацаванай на шнурку, будзе нячыстай.
І кожная пасудзіна адкрытая, якая ня мае накрыўкі, прымацаванай на шнурку, будзе нячыстай.
Будзе нячыстым сем дзён той, хто ў полі дакранецца або да чалавека, забітага мечам, або да таго, хто памёр, або да касцей яго, або да магілы.
І кожны, хто на абліччы поля дакранецца або забітага мячом, або памёршага, або костак людзкіх, або магілы, будзе нячысты сем дзён.
І хай яны возьмуць попелу той спаленай ахвяры за грэх і хай нальюць на яго жывой вады ў пасудзіну;
І возьмуць для нячыстага попел той спаленай [ахвяры] за грэх і нальюць на яго жывой вады ў посуд.
калі чалавек чысты памочыць у гэтым гізоп, хай пакропіць ім усю палатку, і ўвесь посуд, і людзей, якія будуць там, і таксама таго, хто дакрануўся да касцей, або забітага, або да таго, хто памёр, або да магілы.
І чалавек чысты возьме гізоп, і памочыць яго ў вадзе, і пакропіць намёт, і ўвесь посуд, і людзей, якія былі ў ім, і таго, хто дакрануўся костак, або забітага, або памёршага, або магілы.
І такім чынам хай ачысціць чалавек чысты нячыстага ў трэці і сёмы дзень; і хай ён, ачышчаны, у сёмы дзень вымые сябе і сваё адзенне і ўвечары будзе чыстым.
І пакропіць чалавек чысты таго, хто нячысты, у трэці і сёмы дзень, і ачысьціць яго ў сёмы дзень. Чалавек [нячысты] памые адзеньне сваё і абмые сябе ў вадзе, і вечарам будзе чысты.
Калі хто гэтым спосабам не ачысціцца, то будзе вынішчана душа яго з грамады, бо ён апаганіў скінію Госпадаву; вадою ачышчэння ён не быў пакроплены, ён нячысты.
Але калі той, хто нячысты, ня будзе ачышчаны, будзе зьнішчана душа яго спаміж царквы, бо ён зрабіў нячыстай Сялібу ГОСПАДА; вадою ачышчэньня ён не абмыты, ён нячысты.
Гэта будзе вам законам ва ўсе векі; таксама той, хто кропіць вадой ачышчэння, хай вымые адзенне сваё; кожны, хто дакранецца да вады ачышчэння, нячысты будзе аж да вечара.
Гэта будзе для вас пастанова вечная. І той, хто кропіць вадой ачышчэньня, вымые адзеньне сваё; і той, хто дакранецца вады ачышчэньня, нячысты будзе аж да вечара.
Усё, да чаго дакранецца нячысты, а таксама асоба, якая дакранецца да чаго-небудзь з гэтага, будуць нячыстымі аж да вечара».
І ўсё, да чаго дакранецца нячысты, і душа, якая яго дакранецца, будзе нячыстай аж да вечара».