Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Лічбаў 2 Лічбаў 2 разьдзел

1 І казаў Госпад Майсею і Аарону, гаворачы:
2 «Хай сыны Ізраэля стануць лагерам: кожны пад сваім сцягам, пад знакамі бацькоў сваіх, навокал палаткі сустрэчы на адлегласці.
3 З усходу хай стаіць лагер Юды па дружынах войска яго, а кіраўніком сыноў яго хай будзе Наасон, сын Амінадаба;
4 і лік яго ваяроў — семдзесят чатыры тысячы шэсцьсот.
5 Побач з ім хай стануць лагерам людзі калена Ісахарава, кіраўніком якіх мае быць Натанаэль, сын Суара;
6 і ўвесь лік ваяроў яго — пяцьдзесят чатыры тысячы чатырыста.
7 У пакаленні Забулона кіраўніком хай будзе Эліяб, сын Гэлона; і лік ваяроў —
8 пяцьдзесят сем тысяч чатырыста.
9 Усіх палічаных у лагеры Юды хай будзе сто восемдзесят шэсць тысяч чатырыста, і хай па дружынах сваіх яны першыя будуць выходзіць.
10 З паўднёвага боку хай будзе сцяг лагера Рубэна па яго войсках, а кіраўнік — Элісур, сын Сэдэура;
11 і ўсё войска ваяроў яго паводле падліку хай мае сорак шэсць тысяч пяцьсот.
12 Побач з імі хай стануць лагерам людзі з пакалення Сімяона, а кіраўніком іх — хай Саламіэль, сын Сурысадая;
13 і ўсё войска ваяроў яго паводле падліку хай мае пяцьдзесят дзевяць тысяч трыста.
14 У пакаленні Гада кіраўніком хай будзе Эліясаф, сын Дэуэля;
15 і ўсё войска ваяроў яго паводле падліку хай мае сорак пяць тысяч шэсцьсот пяцьдзесят.
16 Усіх палічаных у лагеры Рубэна — сто пяцьдзесят адна тысяча чатырыста пяцьдзесят; хай яны выходзяць другімі па сваіх дружынах.
17 Пасля хай здымецца з месца палатка сустрэчы і лагер левітаў у сярэдзіне іншых лагераў, хай яна здымаецца так, як ставіцца; хай усе пускаюцца ў дарогу на сваіх месцах і пад сваім сцягам.
18 З заходняга боку хай будзе сцяг лагера Эфраіма па дружынах яго, кіраўніком іх хай будзе Элісама, сын Аміюда;
19 усё войска ваяроў яго паводле падліку хай мае сорак тысяч пяцьсот.
20 І з імі пакаленне сыноў Манасы, кіраўніком якіх хай будзе Гамаліэль, сын Падасура;
21 і ўсё войска ваяроў яго паводле падліку хай мае трыццаць дзве тысячы дзвесце.
22 І пакаленні сыноў Бэньяміна; кіраўніком хай будзе Абідан, сын Гедэона;
23 і ўсё войска ваяроў яго паводле падліку хай мае трыццаць пяць тысяч чатырыста.
24 Усіх палічаных у лагеры Эфраіма — сто восем тысяч сто; і хай па дружынах сваіх яны выходзяць трэція.
25 З паўночнага боку адпаведна сваім дружынам хай стаіць сцяг лагера сыноў Дана, а кіраўніком іх хай будзе Ахіязэр, сын Амісадая;
26 усё войска ваяроў яго паводле падліку хай мае шэсцьдзесят дзве тысячы семсот.
27 Побач з ім хай стане лагерам пакаленне Асэра, кіраўніком іх хай будзе Пэгіэль, сын Акрана;
28 усё войска ваяроў яго паводле падліку хай мае сорак адну тысячу пяцьсот.
29 З пакалення сыноў Нэфталі кіраўніком хай будзе Ахіра, сын Энана;
30 усё войска ваяроў яго — пяцьдзесят тры тысячы чатырыста.
31 Усіх палічаных у лагеры Дана хай будзе сто пяцьдзесят сем тысяч шэсцьсот, і хай яны самымі апошнімі выходзяць пад сваімі сцягамі».
32 Гэта лік сыноў Ізраэля, усе яны палічаны па сем’ях бацькоў сваіх адпаведна войскам сваім — шэсцьсот тры тысячы пяцьсот пяцьдзесят.
33 А левіты не былі палічаны разам з сынамі Ізраэля; бо так загадаў Госпад Майсею.
34 І сыны Ізраэля споўнілі ўсё, што загадаў Госпад: сталі лагерам пад сваімі сцягамі і выйшлі паводле пакаленняў і сем’яў бацькоў сваіх.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Лічбаў, 2 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017