Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Лічбаў 11 Лічбаў 11 разьдзел

1 І пачаўся супраць Госпада шум народа, што быццам пакутаваў ад вялікага гора. Калі пачуў гэта Госпад, разгневаўся, і ўзгарэўся на іх, як агонь, гнеў Госпада, і знішчыў крайнюю частку лагера.
2 І, калі народ стаў усклікаць да Майсея, Майсей пачаў маліць Госпада, і агонь спыніўся.
3 Назвалі тое месца Табэра, таму што ўзгарэўся там супраць іх агонь Госпадаў.
4 А іншапляменныя людзі, якія былі паміж імі, засмуткавалі, і, усеўшыся разам, сыны Ізраэля таксама плакалі і наракалі: «Хто дасць нам наесціся мяса?
5 Мы памятаем, як у Егіпце мы елі дарма рыбу; памятаем агуркі, гарбузы, цыбулю і часнок.
6 Горла наша — сухое, нічога іншага не бачаць вочы нашы, апрача манны».
7 Манна ж была падобная да насення каляндры і мела выгляд, як бдалах.
8 А народ хадзіў вакол, і збіраў яе, і малоў у жорнах або тоўк у ступе ды варыў у гаршку, і рабіў з яе аладкі; са смакам хлеба, прыгатаванага на аліўкавым алеі.
9 І калі ўначы раса ападала на лагер, ападала адначасова і манна.
10 Такім чынам, Майсей чуў, як народ плача па сем’ях, кожны ля ўваходу ў палатку сваю. І вельмі ўзгарэлася абурэнне Госпада; бо невыноснай для Майсея была ўбачаная ім рэч,
11 і казаў ён Госпаду: «Чаму Ты мучыш паслугача Свайго? Чаму не магу я знайсці ласкі ў Цябе? І чаму Ты ўсклаў на мяне ўвесь цяжар народа гэтага?
12 Ці ж з мяне пачаўся ўвесь гэты народ або з мяне нарадзіўся, што кажаш мне: “Насі яго ў сэрцы сваім, як носіць звычайна карміцелька немаўля, ды адвядзі яго ў зямлю, якою прысягнуў Я бацькам яго”?
13 Адкуль узяць мне мяса, каб есці нам? З плачам наракаюць на мяне, кажучы: “Дай нам мяса, каб наесціся!”
14 Не магу адзін вытрымліваць увесь гэты народ, бо занадта цяжкі ён для мяне.
15 Калі такім чынам абыходзішся са мною, прашу, забі мяне, калі маю ласку ў вачах Тваіх, каб не бачыў я болей няшчасця свайго!»
16 І сказаў Госпад Майсею: «Збяры Мне семдзесят чалавек са старэйшын Ізраэля, аб якіх ты ведаеш, што яны людзі сталыя і кіраўнікі, і прывядзі іх у палатку сустрэчы, і хай там стаяць разам з табой.
17 А Я сыду і буду гаварыць з табою, і вазьму ад духа твайго, і перадам ім, каб разам з табою пераносілі яны цяжар народа, а не толькі ты быў ім абцяжараны.
18 Таксама народу скажы: “Асвяціцеся, заўтра будзеце есці мяса; бо я чуў плач ваш: “Хто дасць нам есці мяса? Добра было нам у Егіпце”. І дасць вам Госпад мяса, і будзеце есці
19 не адзін дзень, ані два або пяць, або дзесяць, ані дваццаць нават,
20 але ўвесь месяц, аж пакуль яно не выйдзе праз ноздры вашы і не вернецца ванітамі, бо адвярнуліся вы ад Госпада, Які паміж вас, і наракалі на Яго, кажучы: “Чаму выходзілі мы з Егіпта?”»
21 І сказаў Майсей: «Шэсцьсот тысяч пешых у гэтым народзе, а Ты кажаш: “Я дам ім есці мяса цэлы месяц!”
22 Ці мноства авечак і валоў будзе забіта, каб маглі яны наесціся? Або ўсе рыбы мора збяруцца ў адно, каб іх насыціць?»
23 Адказаў яму Госпад: «Ці ж рука Госпада скарацілася? Ужо цяпер убачыш, ці слова Маё спаўняецца на справе, ці не».
24 Дык выйшаў Майсей і абвясціў народу словы Госпада, і склікаў семдзесят чалавек са старэйшын Ізраэля, якіх паставіў вакол скініі.
25 А Госпад сышоў у воблаку і гаварыў з імі, узяўшы ад духа, які быў у Майсеі, і перадаўшы сямідзесяці мужчынам старэйшынам. І калі дух супачыў на іх, прарочылі яны, а потым пакінулі.
26 А два чалавекі засталіся ў лагеры, адзін з іх зваўся Эльдад, а другі — Мэдад; на іх таксама сышоў дух, бо і яны былі прызначаны, толькі не пайшлі ў палатку. І, калі яны прарочылі ў лагеры,
27 прыбег юнак да Майсея і паведаміў яму, кажучы: «Эльдад і Мэдад прарочаць у лагеры».
28 Адразу ж Ешуа, сын Нуна, які ад юнацтва свайго быў на паслузе ў Майсея, сказаў: «Гаспадару мой, Майсей, забарані ім!»
29 Але Майсей адказаў: «Ці не раўнуеш ты за мне? О, калі б усе ў народзе былі прарокі, калі б даў ім Госпад Духа Свайго?»
30 І Майсей і старэйшыны Ізраэля вярнуліся ў лагер.
31 Але падняўся вецер ад Госпада, і прынёс з-за мора перапёлак, і кінуў іх каля лагера на дарозе, на дзень дарогі з аднаго боку і дзень дарогі з другога боку лагера, амаль на два локці ад зямлі.
32 Дык паўстаў народ, і ўвесь той дзень і ўсю ноч, і ўвесь наступны дзень збіралі перапёлак; хто мала сабраў, прынёс дзесяць звязак; і параскладалі іх вакол лагера.
33 Яшчэ мяса было на іх зубах і хапала гэтай ежы, і вось, узгарэлася абурэнне Госпада супраць народа і ўдарыў яго Госпад вельмі вялікай плягаю.
34 І тое месца названа Кіброт-Гатава; бо там пахавалі прагавіты народ.
35 А выйшаўшы з Кіброт-Гатавы, прыбылі ў Асэрот і там затрымаліся.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Лічбаў, 11 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017