1 І народ выйшаў з Асэрота, паставіўшы палаткі ў пустыні Паран.
2 Там сказаў Госпад Майсею, гаворачы:
3 «Пашлі людзей, каб яны агледзелі зямлю Ханаан, якую Я маю даць сынам Ізраэля, па адным ад кожнага пакалення кіраўнікоў».
4 Што Госпад загадаў, тое і зрабіў Майсей, і паслаў мужчын князей з пустыні Паран,
5 вось імёны іх: з пакалення Рубэна — Самуа, сына Закхура;
6 з пакалення Сімяона — Сафата, сына Горы;
7 з пакалення Юды — Калеба, сына Ефоны;
8 з пакалення Ісахара — Ігал, сына Язэпа;
9 з пакалення Эфраіма — Осію, сына Нуна;
10 з пакалення Бэньяміна — Палці, сына Рэфу;
11 з пакалення Забулона — Гэдзіэля, сына Содзі;
12 з пакалення Язэпа, пакалення Манасы — Гадзі, сына Сусі;
13 з пакалення Дана — Аміэля, сына Гэмалі;
14 з пакалення Асэра — Стура, сына Міхаэля;
15 з пакалення Нэфталі — Нагабі, сына Вафсі;
16 з пакалення Гада — Гуэля, сына Махі.
17 Гэта вось імёны мужчын, якіх паслаў Майсей для выведвання зямлі. І Осію, сына Нуна, назваў Майсей потым Ешуа.
18 Дык паслаў іх для выведвання зямлі Ханаан Майсей і сказаў ім: «Ідзіце праз Нагэб. І калі прыйдзеце ў горы,
19 агледзьце зямлю, якая яна, і народ, жыхароў той зямлі, ці моцны ён, ці кволы, ці нямногія лікам, ці шматлікія;
20 а сама зямля, — ці добрая, ці ліхая; якія гарады, ці абмураваныя, ці без муроў;
21 ці глеба ўрадлівая, ці пустая, лясістая, ці без дрэў. Будзьце адважнымі і прынясіце нам пладоў той зямлі». А быў час, калі ўжо можна было есці ранні вінаград.
22 І калі яны пайшлі, то разведалі зямлю ад пустыні Сін па Рагоб паблізу Эмата.
23 І дайшлі да Нагэба, і прыйшлі ў Геброн, дзе жылі Ахіман, і Сэсай, і Талмай, сыны Анака. Бо Геброн быў заснаваны на сем гадоў раней, чым Танея, горад егіпецкі.
24 І дайшлі яны аж да даліны Нэгэлескал, зрэзалі вінаградную галінку з яе вінаградам, які неслі на жэрдцы два мужчыны. Неслі таксама яблыкі гранатавыя і фігі той мясцовасці,
25 што была названа далінай Нэгэлескал, таму што адтуль сыны Ізраэля неслі вінаград.
26 І вярнуліся выведчыкі зямлі па сарака днях, абышоўшы кожную вобласць,
27 прыйшлі да Майсея і Аарона і ўсёй супольнасці сыноў Ізраэля ў пустыню Паран, што ў Кадэсе. І расказвалі ім, і паказалі плады той зямлі ўсёй грамадзе, і распавядалі, гаворачы:
28 «Прыбылі мы ў зямлю, у якую паслаў ты нас, якая сапраўды ацякае малаком і мёдам, як можна пераканацца з гэтых пладоў.
29 Але жыхароў мае яна найдужэйшых і гарады вялікія і абмураваныя. Бачылі мы там род Анака;
30 амалекцы жывуць у Нагэбе; хетэі, і евусеі, і амарэі — у гарах, а хананеі жывуць каля мора і на берагах Ярдана».
31 Між тым Калеб, супакойваючы абурэнне народа супраць Майсея, казаў: «Пойдзем і здабудзем зямлю, бо мы зможам авалодаць ёю».
32 Іншыя ж, хто быў з ім, казалі: «Ніякім чынам не зможам ваяваць з тым народам, бо ён дужэйшы за нас».
33 І гаварылі ліхія весткі пра зямлю, якую агледзелі, паміж сыноў Ізраэля, кажучы: «Зямля, якую мы агледзелі, пажырае жыхароў сваіх; народ, які мы бачылі, — высокага росту;
34 бачылі мы там волатаў, сыноў Анака з роду волатаўскага, і ў параўнанні з імі мы выглядалі саранчою».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Кніга Лічбаў, 13 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017