Лікі 11 разьдзел
Лікі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 2002
І пачаўся супраць Госпада шум народа, што быццам пакутаваў ад вялікага гора. Калі пачуў гэта Госпад, разгневаўся, і ўзгарэўся на іх, як агонь, гнеў Госпада, і знішчыў крайнюю частку лагера.
І пачаў народ наракаць на Госпада, як бы стогнучы ад вялікага гора. Калі пачуў гэта Госпад, разгневаўся, і ўзгарэўся на іх, як агонь, гнеў Госпада і зьнішчыў крайнюю частку табара.
І, калі народ стаў усклікаць да Майсея, Майсей пачаў маліць Госпада, і агонь спыніўся.
Тады народ стаў прызываць Майсея, і Майсей маліў Госпада, і агонь спыніўся.
Назвалі тое месца Табэра, таму што ўзгарэўся там супраць іх агонь Госпадаў.
І назвалі тое месца Табэра, таму што ўзгарэўся супраць іх агонь Госпадаў.
А іншапляменныя людзі, якія былі паміж імі, засмуткавалі, і, усеўшыся разам, сыны Ізраэля таксама плакалі і наракалі: «Хто дасць нам наесціся мяса?
Іншапляменныя людзі, якія былі паміж імі, сталі адчуваць нястачу, і разам зь імі сыны Ізраэля, плакалі і наракалі: «Хто дасьць нам наесьціся мяса?
Мы памятаем, як у Егіпце мы елі дарма рыбу; памятаем агуркі, гарбузы, цыбулю і часнок.
Мы памятаем, як у Эгіпце мы елі дарма рыбу. Памятаем агуркі, дыні, цыбулю і часнык.
Горла наша — сухое, нічога іншага не бачаць вочы нашы, апрача манны».
Горла нашае ссохла, нічога іншага ня бачаць вочы нашыя, апрача манны».
Манна ж была падобная да насення каляндры і мела выгляд, як бдалах.
Манна ж была падобная да насеньня каляндры і мела выгляд як бдалах.
А народ хадзіў вакол, і збіраў яе, і малоў у жорнах або тоўк у ступе ды варыў у гаршку, і рабіў з яе аладкі; са смакам хлеба, прыгатаванага на аліўкавым алеі.
Людзі выходзілі і зьбіралі яе, і малолі ў жорнах або таўклі ў ступе і варылі ў гаршчках, і рабілі зь яе аладкі; і смак іх быў падобны да аладак з алеем.
І калі ўначы раса ападала на лагер, ападала адначасова і манна.
Калі ноччу раса ападала на табар, адначасова ападала і манна.
Такім чынам, Майсей чуў, як народ плача па сем’ях, кожны ля ўваходу ў палатку сваю. І вельмі ўзгарэлася абурэнне Госпада; бо невыноснай для Майсея была ўбачаная ім рэч,
Вось жа Майсей чуў, як народ плача і наракае сем'ямі, кожны ля ўваходу ў палатку сваю. І вельмі ўзгарэўся гнеў Госпадаў, і гэта невыносным было Майсею.
і казаў ён Госпаду: «Чаму Ты мучыш паслугача Свайго? Чаму не магу я знайсці ласкі ў Цябе? І чаму Ты ўсклаў на мяне ўвесь цяжар народа гэтага?
Дык кажа Майсей Госпаду: «Чаму Ты мучыш слугу Свайго? Чаму не магу я знайсьці ласкі ў Цябе? Ды чаму Ты ўсклаў на мяне ўвесь цяжар народу гэтага?
Ці ж з мяне пачаўся ўвесь гэты народ або з мяне нарадзіўся, што кажаш мне: “Насі яго ў сэрцы сваім, як носіць звычайна карміцелька немаўля, ды адвядзі яго ў зямлю, якою прысягнуў Я бацькам яго”?
Ці ж зь мяне пачаўся ўвесь гэты народ або зь мяне нарадзіўся, што Ты кажаш мне: «Насі яго ў сэрцы тваім, як носіць пястунка дзіцятка, ды занясі яго ў зямлю, якую запрысяг Ты бацькам нашым?»
Адкуль узяць мне мяса, каб есці нам? З плачам наракаюць на мяне, кажучы: “Дай нам мяса, каб наесціся!”
Адкуль узяць мне мяса, каб даць усяму гэтаму народу? З плачам наракаюць на мяне, кажучы: «Дай нам мяса, каб маглі наесьціся!»
Не магу адзін вытрымліваць увесь гэты народ, бо занадта цяжкі ён для мяне.
Не магу адзін насіць увесь гэты народ, бо ён зацяжкі для мяне.
Калі такім чынам абыходзішся са мною, прашу, забі мяне, калі маю ласку ў вачах Тваіх, каб не бачыў я болей няшчасця свайго!»
Калі Ты такім чынам абыходзішся са мною, дык прашу, забі мяне, калі маю ласку ў вачах Тваіх, каб ня бачыў я болей няшчасьця майго!»
І сказаў Госпад Майсею: «Збяры Мне семдзесят чалавек са старэйшын Ізраэля, аб якіх ты ведаеш, што яны людзі сталыя і кіраўнікі, і прывядзі іх у палатку сустрэчы, і хай там стаяць разам з табой.
Тады сказаў Госпад Майсею: «Скліч Мне семдзесят чалавек спасярод старшыняў Ізраэля, аб якіх ты ведаеш, што яны людзі разважныя і ўмеюць кіраваць, і прывядзі іх у Палатку Сустрэчы; хай там стаяць разам з табой,
А Я сыду і буду гаварыць з табою, і вазьму ад духа твайго, і перадам ім, каб разам з табою пераносілі яны цяжар народа, а не толькі ты быў ім абцяжараны.
а Я зыйду і буду гаварыць з табою. Вазьму тады з духа твайго і перадам ім, каб яны разам з табою насілі цяжар народу, а ня толькі ты быў ім абцяжараны.
Таксама народу скажы: “Асвяціцеся, заўтра будзеце есці мяса; бо я чуў плач ваш: “Хто дасць нам есці мяса? Добра было нам у Егіпце”. І дасць вам Госпад мяса, і будзеце есці
А народу скажы: «Ачысьцьцеся, заўтра будзеце есьці мяса, бо Я пачуў плач ваш: «Хто дасьць нам есьці мяса? Добра было нам у Эгіпце». Вось жа дасьць вам Госпад мяса, і будзеце есьці,
не адзін дзень, ані два або пяць, або дзесяць, ані дваццаць нават,
і не адзін дзень, ані два або пяць, або дзесяць, ані дваццаць нават,
але ўвесь месяц, аж пакуль яно не выйдзе праз ноздры вашы і не вернецца ванітамі, бо адвярнуліся вы ад Госпада, Які паміж вас, і наракалі на Яго, кажучы: “Чаму выходзілі мы з Егіпта?”»
але ўвесь месяц, аж пакуль вам ня выйдзе праз ноздры вашыя і не абрыдзіць вам, бо адвярнуліся вы ад Госпада, Каторы паміж вас, ды наракалі на Яго, кажучы: Чаму выходзілі мы з Эгіпту?»
І сказаў Майсей: «Шэсцьсот тысяч пешых у гэтым народзе, а Ты кажаш: “Я дам ім есці мяса цэлы месяц!”
І сказаў Майсей: «Шэсьцьсот тысячаў пешых у гэтым народзе, а Ты кажаш: «Я дам ім есьці мяса цэлы месяц?»
Ці мноства авечак і валоў будзе забіта, каб маглі яны наесціся? Або ўсе рыбы мора збяруцца ў адно, каб іх насыціць?»
Ці ж усе авечкі і валы будуць забітыя, каб хапіла ім наесьціся? Або ці ўсе рыбы ў моры зьбяруцца ў адно, каб ім хапіла?»
Адказаў яму Госпад: «Ці ж рука Госпада скарацілася? Ужо цяпер убачыш, ці слова Маё спаўняецца на справе, ці не».
Адказаў яму Госпад: «Ці ж рука Госпада скарацілася? Цяпер убачыш, ці слова Маё спаўняецца на дзеле, ці не».
Дык выйшаў Майсей і абвясціў народу словы Госпада, і склікаў семдзесят чалавек са старэйшын Ізраэля, якіх паставіў вакол скініі.
Дык выйшаў Майсей і абвясьціў народу словы Госпада, і склікаў семдзесят старшыняў народу, і паставіў іх вакол Скініі.
А Госпад сышоў у воблаку і гаварыў з імі, узяўшы ад духа, які быў у Майсеі, і перадаўшы сямідзесяці мужчынам старэйшынам. І калі дух супачыў на іх, прарочылі яны, а потым пакінулі.
А Госпад зыйшоў у воблаку і гаварыў зь ім, і ўзяў з духа, які быў на Майсею, і перадаў сямідзясяці мужам старэйшым. І калі дух супачыў на іх, праракавалі яны, а потым перасталі.
А два чалавекі засталіся ў лагеры, адзін з іх зваўся Эльдад, а другі — Мэдад; на іх таксама сышоў дух, бо і яны былі прызначаны, толькі не пайшлі ў палатку. І, калі яны прарочылі ў лагеры,
Двое чалавек засталіся ў табары, адзін зваўся Эльдад, а другі — Мэдад. На іх таксама зыйшоў дух, бо былі яны пакліканыя, толькі не пайшлі ў Палатку. Калі яны праракавалі ў табары,
прыбег юнак да Майсея і паведаміў яму, кажучы: «Эльдад і Мэдад прарочаць у лагеры».
прыбег юнак да Майсея і паведаміў яму: «Эльдад і Мэдад праракуюць у табары».
Адразу ж Ешуа, сын Нуна, які ад юнацтва свайго быў на паслузе ў Майсея, сказаў: «Гаспадару мой, Майсей, забарані ім!»
Ешуа, сын Нуна, каторы ад юнацтва свайго быў на паслузе ў Майсея, сказаў: «Гаспадару мой, Майсей, забарані ім!»
Але Майсей адказаў: «Ці не раўнуеш ты за мне? О, калі б усе ў народзе былі прарокі, калі б даў ім Госпад Духа Свайго?»
Але Майсей адказаў: «Ці не зайздросны ты замест мяне? О, каб увесь народ так праракаваў і каб даў ім Госпад Духа Свайго!»
І Майсей і старэйшыны Ізраэля вярнуліся ў лагер.
Затым Майсей і старшыні Ізраэля вярнуліся ў табар.
Але падняўся вецер ад Госпада, і прынёс з-за мора перапёлак, і кінуў іх каля лагера на дарозе, на дзень дарогі з аднаго боку і дзень дарогі з другога боку лагера, амаль на два локці ад зямлі.
Раптам падняўся вецер ад Госпада і прынёс ад мора перапёлак, і кінуў іх на табар з абодвух бакоў на дзень дарогі, і пакрылі яны зямлю на два локці вышыні.
Дык паўстаў народ, і ўвесь той дзень і ўсю ноч, і ўвесь наступны дзень збіралі перапёлак; хто мала сабраў, прынёс дзесяць звязак; і параскладалі іх вакол лагера.
Дык паўстаў народ і ўвесь той дзень ды ўсю ноч, і ўвесь наступны дзень зьбіралі перапёлак; хто мала сабраў, прынёс ня менш дзесяці гамэраў; і разлажылі іх навакол табару.
Яшчэ мяса было на іх зубах і хапала гэтай ежы, і вось, узгарэлася абурэнне Госпада супраць народа і ўдарыў яго Госпад вельмі вялікай плягаю.
Яшчэ мяса было ў іхніх зубах і не было яшчэ зьедзена, калі зноў узгарэўся гнеў Госпадаў супраць народу і ўдарыў яго Госпад дужа вялікай плягаю.
І тое месца названа Кіброт-Гатава; бо там пахавалі прагавіты народ.
Дзеля таго тое месца названа Кіброт-Гатава, бо там пахавалі прагавіты народ.
А выйшаўшы з Кіброт-Гатавы, прыбылі ў Асэрот і там затрымаліся.
Выйшаўшы з Кіброт-Гатавы, прыбылі ў Гацэрот і там затрымаліся.