Лікі 31 разьдзел
Лікі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 2002
І сказаў Госпад Майсею, гаворачы:
І сказаў Госпад Майсею:
«Адпомсці за сыноў Ізраэля мадыянцам, а потым далучыся да народа свайго».
«Адпомсьці за сыноў Ізраэля Мадыянцам, а потым далучыся да народу свайго».
І зараз жа загадаў Майсей: «Узбройце з асяроддзя свайго мужчын да бою, каб яны маглі выканаць помсту Госпада над мадыянцамі.
Дык зараз жа загадаў Майсей: «Узбройце спаміж сябе мужчынаў на вайну, каб яны маглі даканаць помсту Госпада над Мадыянцамі.
Выберыце па тысячы мужчын з кожнага пакалення Ізраэля і пашліце іх на вайну».
Выбярыце па тысячы мужчынаў з кожнага пакаленьня Ізраэля і пашліце іх на вайну».
І выдзелена было па тысячы з кожнага пакалення, гэта значыць дванаццаць тысяч здатных да бою,
І выдзелена было па тысячы з кожнага пакаленьня, значыць, дванаццаць тысячаў здольных да бою.
якіх адправіў Майсей з Пінхасам, сынам Элеязэра святара. Даў яму таксама пасудзіны святыя і трубы, каб у трывозе трубіць.
Іх выправіў Майсей зь Пінхасам, сынам Элеазара сьвятара. Даў ім такжа посуд сьвяты і трубы, каб у трывозе трубіць.
І калі па загадзе Госпада ваявалі яны з мадыянцамі, забілі яны ўсіх мужчын
Калі па загаду Госпада ваявалі яны супраць Мадыянцаў, выбілі яны ўсіх мужчынаў
і цароў іх: Эвія, Рэкема, Сура, Гура, Рэбу, пяць цароў гэтага народа, а таксама Балаама, сына Бэора, забілі мечам;
і каралёў іхніх: Эвія, Рэкема, Цура, Хура, Рэбу, пяць каралёў гэтага народу, а таксама Білеама, сына Бэора, забілі мячом.
і ўзялі яны ў палон жанчын іх і дзяцей. І, як здабычу, узялі ўсю жывёлу іх і ўсю маёмасць;
І ўзялі яны ў палон жанчынаў іхніх і дзяцей, і як здабычу ўзялі ўсю жывёлу іхнюю і ўсю маёмасьць,
а гарады, пасяленні і лагеры іх спалілі агнём;
а гарады, пасяленьні і табары іхнія спалілі агнём.
і забралі яны здабычу сваю, як людзей, так і жывёлу,
І забралі яны здабычу сваю, як людзей, так і жывёлу.
і прывялі яны палонных, здабычу і нарабаванае да Майсея і Элеязэра святара і да ўсёй супольнасці сыноў Ізраэля ў лагер на раўнінах Мааба, над Ярданам, супраць Ерыхона.
І прывялі яны палонных, і здабычу, і нарабаванае да Майсея і Элеазара сьвятара, і да ўсяе супольнасьці сыноў Ізраэля ў табар на раўнінах Маабу над Ярданам насупраць Ерыхону.
Майсей, святар Элеязэр і ўсе князі супольнасці выйшлі з лагера насустрач ім.
Майсей, сьвятар Элеазар і ўсе князі супольнасьці выйшлі з табару на сустрэчу ім.
І, загневаўшыся на кіраўнікоў войска, на тысячнікаў і сотнікаў, якія вярталіся з вайны, Майсей
І загневаўся Майсей на начальнікаў войска, на тысячнікаў і сотнікаў, каторыя вярталіся з вайны.
казаў ім: «Чаму вы захавалі ўсіх жанчын?
І ён сказаў ім: «Чаму вы захавалі ўсіх жанчынаў?
Ці ж не яны за намовай Балаама псавалі сыноў Ізраэля і нявернымі зрабілі вас перад Госпадам праз Пэгора? Таму і знішчаны быў народ Госпадаў.
Ці ж не яны за намовай Білеама паганілі сыноў Ізраэля і нявернымі зрабілі вас перад Госпадам праз Пэора,таму і нішчаны быў народ Госпадаў?
Дык забіце ўсіх дзяцей мужчынскага полу ды ўсіх жанчын, якія жылі з мужчынамі, знішчыце,
Дык забіце ўсіх дзяцей мужчынскага роду і ўсіх жанчынаў, каторыя жылі з мужчынамі.
дзяўчат жа і ўсіх жанчын, што не жылі з мужчынамі, пакіньце сабе.
Дзяўчат жа і ўсіх жанчынаў, ня жыўшых з мужчынамі, пакіньце сабе.
І вы будзьце па-за лагерам сем дзён; хто забіў чалавека або дакрануўся да забітага, мусіць ачысціцца трэцяга і сёмага дня, як вы, так і вашы палонныя.
І вы будзьце па-за табарам сем дзён. Хто забіў чалавека або дакрануўся да забітага, мусіць ачысьціцца трэцяга і сёмага дня, як вы, так і вашыя палонныя.
І ачысціце ўсю здабычу вашу: або адзенне, або штосьці, падрыхтаванае да ўжывання, з казіных шкур і з поўсці, і з драўляных рэчаў».
Таксама адзеньне і ўсе вырабы са скуры, і што зроблена з воўны казінай, і ўсе драўляныя рэчы павінны быць ачышчаны».
Таксама сказаў наступнае Элеязэр святар ваярам, якія былі на вайне: «Такое прыказанне закону, што загадаў Госпад Майсею:
Так вось сказаў Элеазар сьвятар ваярам, каторыя былі на вайне: «Такое прыказаньне закону, якое загадаў Госпад Майсею:
золата, срэбра, медзь, жалеза, волава і свінец —
Золата, серабро, медзь, жалеза, цына, волава
усё, што можа прайсці праз агонь, — хай агнём будзе ачышчана; а што не пераносіць агню, хай будзе асвечана вадой ачышчэння.
і агулам усё, што можа прайсьці праз агонь, хай агнём будзе ачышчана. Што не пераносіць агня, хай будзе асьвечана вадой ачышчэньня.
Сёмага дня памыеце адзенне ваша, і, ужо ачышчаныя, увойдзеце ў лагер».
Сёмага дня памыеце адзеньне вашае і, ужо ачышчаныя, увойдзеце ў табар».
Таксама сказаў Госпад Майсею:
Потым гэтак сказаў Госпад Майсею:
«Палічыце ўсё, што здабыта, ад чалавека аж да жывёлы, ты і Элеязэр святар, і кіраўнікі родаў;
«Палічыце ўсё, што здабыта, ад чалавека да жывёлы, ты і Элеазар сьвятар, і начальнікі родаў.
і падзеліш здабычу папалам паміж тымі, што ваявалі і выйшлі на вайну, і паміж усёй супольнасцю.
І падзеліш здабычу папалам паміж тымі, што ваявалі і выйшлі на вайну, і паміж ўсёй грамадой.
І вылучы частку Госпаду ад тых, што ваявалі і былі на вайне, — адно жывое на пяцьсот, як з людзей, так і з валоў, аслоў і авечак,
І выдзеліш частку Госпаду ад тых, што ваявалі, і каторыя былі на вайне — адно жывое на пяцьсот, як зь людзей, так і з валоў, аслоў і авец.
і дасі гэта Элеязэру святару як ахвяру Госпаду.
І дасі гэта Элеазару сьвятару як ахвяру Госпаду.
А з паловы сыноў Ізраэля вазьмі адну частку з пяцідзесяці: з людзей, валоў, аслоў і авечак, з усяго жывога, і дасі гэта левітам, якія служаць пры скініі Госпада».
А з паловы сыноў Ізраэля вазьмі адну частку зь пяцідзесяці: зь людзей, валоў, аслоў і авец, з усяго жывога, і дасі гэта левітам, каторыя служаць пры Скініі Госпада».
Майсей і святар Элеязэр усё выканалі, як ім загадаў Госпад.
Майсей і сьвятар Элеазар усё выканалі, як ім загадаў Госпад.
А здабыча, якую ваяры здабылі, налічвала шэсцьсот семдзесят пяць тысяч авечак,
А здабыча, якую ваяры здабылі, лічыла шэсьцьсот семдзесят пяць тысячаў авец,
семдзесят дзве тысячы валоў,
семдзесят дзьве тысячы валоў,
шэсцьдзесят адну тысячу аслоў,
шэсьцьдзесят адну тысячу аслоў,
а людзей жаночага полу, якія яшчэ не жылі з мужчынамі, было разам трыццаць дзве тысячы.
а людзей, значыць дзяўчат, каторыя яшчэ не жылі з мужчынамі, было разам трыццаць дзьве тысячы.
Палова дадзена была тым, што былі на вайне: трыста трыццаць сем тысяч пяцьсот авечак,
Палова дадзена была тым, што былі на вайне: трыста трыццаць сем тысячаў пяцьсот авец,
з якіх Госпаду далі шэсцьсот семдзесят пяць авечак,
і з гэтага Госпаду далі шэсьцьсот семдзесят пяць авец,
трыццаць шэсць тысяч валоў, з чаго Госпаду далі семдзесят два,
трыццаць шэсьць тысячаў валоў, з чаго Госпаду далі семдзесят два,
аслоў трыццаць тысяч пяцьсот, з іх Госпаду далі семдзесят два.
аслоў трыццаць тысяч пяцьсот, зь іх Госпаду далі семдзесят два.
І шаснаццаць тысяч дзяўчат, з якіх Госпаду далі трыццаць дзве асобы.
Наастатак шаснаццаць тысячаў дзяўчат, зь якіх Госпаду далі трыццаць дьзве асобы.
Вось жа аддаў Майсей святару Элеязэру дары, прызначаныя ў ахвяру Госпаду, па загадзе, дадзеным Госпадам Майсею.
Вось жа аддаў Майсей сьвятару Элеазару дары, прызначаныя ў ахвяру Госпаду, па загаду, дадзеным Госпадам Майсею.
А з паловы для сыноў Ізраэля, якую Майсей аддзяліў ад часткі тых, хто быў на вайне, ад той паловы, што выпадала на долю супольнасці, гэта значыць:
А палова для сыноў Ізраэля, каторую ўзяў Майсей у быўшых на вайне, складала:
трыста трыццаць сем тысяч пяцьсот авечак,
трыста трыццаць сем тысячаў пяцьсот авец,
трыццаць шэсць тысяч валоў,
трыццаць шэсьць тысячаў валоў,
трыццаць тысяч пяцьсот аслоў, і з людзей
трыццаць тысячаў пяцьсот аслоў
шаснаццаць тысяч дзяўчат — узяў Майсей —
і шаснаццаць тысячаў дзяўчат.
адну пяцідзесятую частку з людзей і жывёлы — і аддаў яе левітам, што служаць пры скініі Госпада, як загадаў Госпад.
З гэтае часткі, належнай сынам Ізраэля, узяў Майсей адну пяцідзесятую частку зь людзей і жывёлы і аддаў яе левітам, якія служылі пры Скініі Госпада, як загадаў Госпад Майсею.
І, калі прыйшлі да Майсея кіраўнікі войска, тысячнікі і сотнікі,
І вось прыйшлі да Майсея ваяры, начальнікі дружынаў войска, тысячнікі і сотнікі,
яны сказалі Майсею: «Мы, паслугачы твае, праверылі лік ваяроў, якіх мы мелі пад сваёй рукой, і высветлілася, што ні адзін не загінуў.
і сказалі Майсею: «Мы, слугі твае, праверылі лічбу ваяроў, каторых мы мелі пад сваёй рукой, і высьвятлілася, што ні адзін не загінуў.
Дзеля гэтае прычыны прыносім мы ў ахвяру Госпаду ўсе знойдзеныя вырабы з золата: нажныя ўпрыгожванні і бранзалеты, пярсцёнкі і завушніцы, і каралі для ачышчэння душ нашых перад Госпадам».
Дзеля гэтае прычыны прынесьлі мы ў ахвяру Госпаду ўсе знойдзеныя вырабы з золата: бранзалеты, наплечнікі, пярсьцёнкі, кольцы і нашыйнікі — для ачышчэньня душаў нашых перад Госпадам».
І ўзялі тады Майсей і святар Элеязэр золата і ўсе каштоўнасці;
Дык узялі тады Майсей і сьвятар Элеазар золата і ўсе каштоўнасьці.
усяго золата, аддадзенага тысячнікамі і сотнікамі ў ахвяру Госпаду, было шаснаццаць тысяч семсот пяцьдзесят сікляў.
Золата ж, аддадзенага тысячнікамі і сотнікамі ў ахвяру Госпаду, было шаснаццаць тысячаў семсот пяцьдзесят сыкляў.
А кожны з ваяроў меў яшчэ свой здабытак.
А кожны з ваяроў меў яшчэ свой здабытак.
І Майсей і святар Элеязэр узятае золата занеслі ў палатку сустрэчы як памятны дар сыноў Ізраэля для Госпада.
Дык Майсей і сьвятар Элеазар узялі золата ад тысячнікаў і занесьлі ў Палатку Сустрэчы як памятны дар сыноў Ізраэля для Госпада.