Лікі 10 разьдзел

Лікі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

І казаў Госпад Майсею, гаворачы:
 
Вось што далей казаў Госпад Майсею:

«Зрабі сабе дзве трубы срэбраныя, чаканеныя, якімі зможаш склікаць сход, калі трэба будзе зняцца з лагера.
 
«Зрабі сабе дзьве трубы серабраныя, кутыя, каторымі будзеш магчы склікаць усю супольнасьць, калі трэба будзе рыхтаваць табар у дарогу.

І калі ты зайграеш на трубах, збярэцца да цябе ўся супольнасць ля дзвярэй палаткі сустрэчы.
 
Калі затрубяць у трубы, зьбярэцца да цябе ўся супольнасьць да дзьвярэй Палаткі Сустрэчы.

А калі зайграеш толькі ў адну, збяруцца да цябе князі і галовы грамады Ізраэля.
 
А калі толькі ў адну затрубяць, зьбяруцца да цябе толькі князі і начальнікі дружынаў Ізраэля.

А калі прагучыць больш працяглы гук, хай здымуцца з лагера першымі тыя, хто знаходзіцца на ўсходнім баку;
 
Калі затрубіш працягла, падымуцца дружыны тыя, каторыя з усходняга боку.

а ў другую чаргу ў час гучання трубы, падобнага да выцця, хай звярнуць палаткі тыя, хто знаходзіцца на поўдні; і хай астатнія робяць такім жа чынам, калі трубы выццём клікаюць у дарогу.
 
Калі другі раз працягла затрубіш, падымуцца тыя дружыны, каторыя з паўднёвага боку. Знакам на вырушаньне табару будзе працяглае трубеньне.

А на збіранне супольнасці хай будзе просты, а не працяглы трубны гук.
 
На сабраньне супольнасьці будзе просты гук, а не працяглы.

Хай трубяць у трубы сыны Аарона, святары. І хай будзе гэта вам у пакаленнях вашых законам вечным.
 
Трубіць жа ў трубы будуць сыны Аарона, сьвятары. Будзе гэта вам і патомкам вашым закон вечны.

Калі будзеце ісці на вайну ў зямлі вашай супраць ворага, які змагаецца супраць вас, працягла трубіце ў трубы; і гэта будзе ўспамін аб вас перад Госпадам, Богам вашым, каб пазбеглі вы рук ворагаў вашых.
 
Калі будзеш ісьці на вайну ў зямлі вашай супраць ворага, каторы наступае на вас, будзеце працягла трубіць у трубы. Гэта будзе кліч ваш перад Госпадам, Богам вашым, і будзеце збаўлены з рук ворагаў вашых.

Калі будзеце мець баляванне, і святочныя дні, і маладзікі, пры вашых ахвярах цэласпалення і ахвярах прымірэння трубіце ў трубы, каб яны былі ўспамінам аб Госпадзе для вас. Я — Госпад, Бог ваш!»
 
Калі будзеце мець балі ў сьвяты і ў маладзікі, пры вашых ахвярах цэлапаленьня і ахвярах прымірэньня, будзеце трубіць у трубы; яны будуць прыпамінаньнем перад Госпадам аб вас. Я — Госпад, Бог ваш!»

У другі год, у другі месяц, у дваццаты дзень месяца ўзнялося воблака па-над палаткай сведчання;
 
У другі год, у другі месяц, у дваццаты дзень месяца, паднялося воблака з-над Палаткі Сьведчаньня.

і адправіліся сыны Ізраэля ў дарогу сваю з пустыні Сінай, і спынілася воблака ў пустыні Паран.
 
Дык выбраліся сыны Ізраэля ў дарогу сваю з пустыні Сынай і спынілася воблака ў пустыні Паран.

І зняліся яны з лагера ў першы раз па загадзе Госпада, дадзеным праз Майсея.
 
Першы раз па загаду Госпада, дадзенага праз Майсея, рушыў табар у паход.

Першым узняўся сцяг лагера сыноў Юды па іх дружынах, князем якіх быў Наасон, сын Амінадаба;
 
Першым вырушыў сьцяг табару сыноў Юды са сваімі дружынамі, каторых князем быў Нахшон, сын Амінадаба.

а князем дружыны пакалення Ісахара быў Натанаэль, сын Суара;
 
Дружыны пакаленьня Ісахара ўзначальваў Натанаэль, сын Цуара.

а князем дружыны пакалення Забулона быў Эліяб, сын Гэлона.
 
А над дружынамі пакаленьня Забулёна быў князем Эліяб, сын Гэлёна.

І была разабрана скінія, якую неслі па выхадзе сыны Гэрсона і Мэрары.
 
Разабраную Скінію ў паходзе несьлі сыны Гершона і Мэрары.

Адправіўся ў дарогу сцяг лагера сыноў Рубэна па сваіх дружынах, а над сваёй дружынай князем быў Элісур, сын Сэдэура.
 
Вырушыў у дарогу і сьцяг табару сыноў Рубэна зь яго дружынамі, а над грамадай гэтай князем быў Эліцур, сын Шэдэура.

А над дружынай пакалення сыноў Сімяона князем быў Саламіэль, сын Сурысадая.
 
А над дружынай пакаленьня Сымона князем быў Шэлюміэль, сын Цурышадая.

А над дружынай пакалення сыноў Гада князем быў Эліясаф, сын Дэуэля.
 
Над дружынай пакаленьня сыноў Гада князем быў Эліясаф, сын Дэўэля.

Рушылі ў дарогу і сыны Кагата, што неслі свяцілішча. Перад тым, як яны прыбылі, скінія была ўжо пастаўлена.
 
Рушылі ў дарогу і сыны Кегата, несучы найсьвяцейшыя рэчы. Пакуль яны прыбылі, Скінія была ўжо пастаўлена.

Быў узняты сцяг лагера сыноў Эфраіма па сваіх дружынах, якіх князем быў Элісама, сын Аміюда.
 
Падняўся сьцяг табару сыноў Эфраіма са сваімі дружынамі, якіх князем быў Элішама, сын Амігуда.

А над дружынай пакалення сыноў Манасы князем быў Гамаліэль, сын Падасура;
 
А над дружынай пакаленьня Манасы князем быў Гамаліэль, сын Пэдагсура.

а над дружынай пакалення сыноў Бэньяміна князем быў Абідан, сын Гедэона.
 
А над дружынай сыноў Бэн'яміна начальнікам быў Абідан, сын Гідэоні.

Нарэшце быў узняты сцяг лагера сыноў Дана па сваіх дружынах у войску, князем якіх быў Ахіязэр, сын Амісадая.
 
Потым падняўся сьцяг табару сыноў Дана са сваімі дружынамі, каторых князем быў Ахіезэр, сын Амішадая.

А над дружынай пакалення сыноў Асэра князем быў Пэгіэль, сын Акрана;
 
А над дружынай пакаленьня сыноў Асэра князем быў Пагіэль, сын Акрана.

а над дружынай пакалення сыноў Нэфталі князем быў Ахіра, сын Энана.
 
А над дружынай сыноў Нэфталі князем быў Ахіра, сын Энана.

Гэта — парадак выхаду сыноў Ізраэля па дружынах сваіх, калі яны выходзілі.
 
Вось такі быў парадак паходу сыноў Ізраэля з дружынамі сваімі, калі выходзілі ў дарогу.

І сказаў Майсей Хабабу, сыну Рагуэля, мадыянца, свайму сваяку: «Адпраўляемся мы ў дарогу да месца, якое мае намер нам даць Госпад; ідзі з намі, і будзе табе добра з намі, бо Госпад абяцаў дабро Ізраэлю».
 
І сказаў Майсей Хабабу, сыну Рэгуэля, Мадыянца, свайго цесьця: «Выпраўляемся мы ў зямлю, якую абяцаў нам даць Госпад. Хадзі з намі, і будзе табе добра з намі, бо Госпад абяцаў дабро Ізраэлю».

Той адказаў яму: «Не пайду я з табой, але вярнуся ў зямлю сваю, у якой я нарадзіўся».
 
Той адказаў яму: «Не пайду я з табой, але вярнуся ў зямлю маю, у якой я нарадзіўся».

І сказаў [Майсей]: «Не пакідай нас, бо ты ведаеш, у якіх месцах пустыні павінны мы ставіць лагер, і будзь нашымі вачамі.
 
І сказаў (Майсей): «Не пакідай нас, бо ты ведаеш, у якіх мясцовасьцях пустыні маем мы раскладацца табарам, дык будзеш нашымі вачыма.

А калі пойдзеш з намі, тое, што будзе найлепшае з багаццяў, якія дасць нам Госпад, аддадзім табе».
 
Калі пойдзеш з намі, то што будзе найлепшае з багацьцяў, якія дасьць нам Госпад, дамо табе».

Дык адправіліся яны ў дарогу на тры дні з гары Госпада; і каўчэг запавету Госпадавага ішоў наперадзе іх на працягу трох дзён, выбіраючы месца для лагера.
 
І выправіліся яны з гары Госпада, і ішлі на працягу трох дзён. Каўчэг запавету Госпадавага ішоў наперадзе іх на працягу трох дзён, выбіраючы месца на табар.

Таксама воблака Госпадава было над імі ўдзень, калі яны выходзілі.
 
Воблака Госпадава ацяняла іх днём, калі яны выходзілі з табару.

Калі ўздымаўся каўчэг, Майсей казаў: «Паўстань, Госпадзе, і хай рассеюцца непрыяцелі Твае, і хай уцякаюць ад аблічча Твайго тыя, што ненавідзяць Цябе».
 
Калі вырушаў Каўчэг у дарогу, Майсей казаў: «Паўстань, Госпадзе, і хай разьбягуцца ворагі Твае, і хай паўцякаюць тыя, што зьненавідзелі Цябе, перад абліччам Тваім».

А калі ставіўся каўчэг, казаў: «Вярніся, Госпадзе, да шматлікага войска ізраэльскага!»
 
А калі стаўлялі Каўчэг, казаў: «Вярніся, Госпадзе, да шматлікага войска Ізраэльскага!»