Лікі 20 разьдзел

Лікі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

У першы месяц сыны Ізраэля і ўся супольнасць прыбылі ў пустыню Сін, і затрымаўся народ у Кадэсе. І там памерла Мірыям, і была яна пахавана ў тым самым месцы.
 
У першы месяц сыны Ізраэля, уся супольнасьць, прыбылі ў пустыню Сін, і затрымаўся народ у Кадэшы. Там памерла Мірыям, і была пахавана ў тым самым месцы.

І, калі ў народа не было вады для піцця, выступілі яны супраць Майсея і Аарона,
 
Калі не хапіла народу вады, выступілі яны супраць Майсея і Аарона.

і, усхваляваўшыся, яны казалі: «Лепш бы мы загінулі разам з братамі нашымі перад Госпадам!
 
І ўсхваляваліся яны, і казалі: «Лепш, каб мы пагінулі разам з братамі нашымі на віду Госпада!

Навошта вывелі вы супольнасць Госпадаву ў пустыню, каб мы разам з нашай жывёлай загінулі?
 
Навошта вывелі вы супольнасьць Госпадаву ў пустыню, каб мы разам з нашай жывёлай пагінулі?

Навошта вы прымусілі нас выйсці з Егіпта і завялі нас у гэтае месца найгоршае, дзе сеяць нельга, дзе фігавае дрэва не расце, ані вінаград, ані дрэвы гранатавыя, і нават вады няма для піцця?»
 
Навошта вы нас вывелі з Эгіпту і завялі нас у гэтае месца ліхое, дзе сеяць нельга, дзе фіговае дрэва не расьце, ані вінаград, ані дрэвы гранатавыя, і нават вады няма для піцьця?»

Майсей і Аарон, адышоўшы ад натоўпу, прыйшлі да ўваходу ў палатку сустрэчы і ўпалі ніц на зямлю, і з’явілася слава Госпадава над імі.
 
Майсей і Аарон адыйшлі ад натоўпу, і прыйшлі да ўваходу ў Палатку Сустрэчы, і ўпалі вобліч на зямлю. І вось паказалася хвала Госпада над імі.

І сказаў Госпад Майсею, кажучы:
 
І сказаў Госпад Майсею:

«Вазьмі кій, і ты, і Аарон, брат твой, збярыце народ і скажыце скале, што перад вамі, а яна дасць вады. І калі пацячэ з яе вада, прывядзі грамаду і яе жывёлу».
 
«Вазьмі кій, і ты і Аарон, брат твой, зьбярыце народ і скажыце скале, што перад вамі, а яна дасьць ваду. І як вывядзеш ваду са скалы, напоіш народ і яго жывёлу».

Дык Майсей па загадзе Госпада ўзяў кій, што быў перад абліччам Госпада, як Ён загадаў яму.
 
Дык Майсей па загаду Госпада ўзяў кій спрад аблічча Госпадавага.

Майсей і Аарон сабралі народ перад скалою і сказалі яму: «Слухайце, бунтаўнікі! Ці зможам мы з гэтай скалы вывесці ваду для вас?»
 
І Майсей і Аарон, сабраўшы народ перад скалою, сказалі яму: «Слухайце, бунтаўнікі! Ці зможам мы з гэтай скалы вывесьці ваду для вас?»

І калі ўзняў Майсей руку, ударыўшы кіем два разы ў скалу, выйшлі воды найбагацейшыя, так што напіўся і народ, і жывёла.
 
Пасьля падняў Майсей руку і ўдарыў кіем два разы ў скалу. І выцякла многа вады, так што напіўся і народ, і жывёла.

І сказаў Госпад Майсею і Аарону: «За тое, што не паверылі вы Мне, каб выявіць Маю святасць перад сынамі Ізраэля, не ўвядзеце гэтых людзей у зямлю, якую Я даў ім».
 
Сказаў зноў Госпад Майсею і Аарону: «За тое, што не паверылі вы Мне, каб выявіць Маю сьвятасьць перад сынамі Ізраэля, не ўвядзіцё гэтых людзей у зямлю, якую Я даў ім».

Гэта вада Мэрыбы, дзе ўзбунтаваліся сыны Ізраэля супраць Госпада і дзе Ён выявіў Сваю святасць перад імі.
 
Гэта вось вада Мэрыбы, дзе збунтаваліся сыны Ізраэля супраць Госпада і дзе Ён выявіў Сваю сьвятасьць перад імі.

З Кадэса паслаў Майсей паслоў да цара Эдома, каб яны сказалі: «Так кажа брат твой, Ізраэль: “Ты ведаеш усе беды, якія ахапілі нас,
 
З Кадэшу паслаў Майсей паслоў да караля Эдому, каб яны сказалі: «Так кажа брат твой, Ізраэль: Ты ведаеш усе беды, якія ахапілі нас,

калі перабраліся бацькі нашы ў Егіпет і мы пражылі там шмат часу, і як егіпцяне вынішчалі нас і бацькоў нашых,
 
як перабраліся бацькі нашыя ў Эгіпет і пражылі там многа часу і як Эгіпцяне крыўдзілі нас і бацькоў нашых,

і як мы клікалі Госпада, і як выслухаў Ён нас, і паслаў Анёла, Які вывеў нас з Егіпта. І вось мы ў горадзе Кадэсе, што знаходзіцца пры межах тваіх, размясціліся
 
ды як мы прызывалі Госпада, і выслухаў Ён нас, і паслаў Анёла Сьвятога Свайго, Каторы вывеў нас з Эгіпту. Вось жа мы ў горадзе Кадэшы, на мяжы тваёй.

і просім, каб нам дазволена было прайсці праз зямлю тваю: не пойдзем мы праз палі і вінаграднікі, і не будзем піць ваду са студняў тваіх; але пойдзем дарогай царскай, не адхіляючыся ані ў правы, ані ў левы бок, пакуль не мінём межаў тваіх”».
 
Дык просім, дазволь прайсьці празь зямлю тваю. Ня пойдзем мы праз палі і вінаграднікі і ня будзем піць вады са студняў тваіх. Але пойдзем дарогай каралеўскай, не адхіляючыся ані направа, ані налева, пакуль не мінем межаў тваіх».

Адказаў ім Эдом: «Не ідзі праз мяне, бо перайму цябе са зброяй».
 
Адказаў ім Эдом: «Не ідзі празь мяне, бо перайму цябе са зброяй».

І сказалі сыны Ізраэля: «Мы пойдзем бітаю дарогай, а калі будзем піць ваду, мы і жывёла наша, заплацім, што належыць: не будзе ніякай цяжкасці з платай; мы толькі хутка пройдзем».
 
Сказалі тады сыны Ізраэля: «Мы пойдзем бітаю дарогай, а калі будзем піць ваду, мы і жывёла наша, заплацім, што належыцца. Ня будзе цяжкасьці з платай. Мы хутка пройдзем».

Але Эдом адказаў: «Не пройдзеце!» І адразу выйшаў Эдом супраць іх з безліччу войска і добра ўзброены,
 
Але Эдом адказаў: «Ня пройдзеце!» І выйшаў Эдом супраць іх з многім войскам і добра ўзброены.

і забараніў Эдом Ізраэлю, каб ён пераходзіў межы яго; дык Ізраэль накіраваўся ў іншы бок ад яго.
 
І забараніў Эдом Ізраэлю пераходзіць межы свае, дык Ізраэль адыйшоў у бок ад яго.

І калі яны зняліся з лагера з Кадэса, яны прыбылі пад гару Гор, дзе
 
І вырушылі сыны Ізраэля з Кадэшу, і прыбылі пад гару Гор.

сказаў Госпад Майсею і Аарону, — там, на гары Гор, што знаходзіцца на мяжы зямлі Эдома:
 
Сказаў Госпад Майсею і Аарону там, на гары Гор, каторая знаходзіцца на мяжы Эдому:

«Хай Аарон, — сказаў Ён, — будзе далучаны да народа свайго, бо ён не ўвойдзе ў зямлю, якую Я даў сынам Ізраэля, таму што вы бунтавалі супраць волі Маёй ля водаў Мэрыбы.
 
«Аарон будзе далучаны да народу свайго, бо ён ня ўвойдзе ў зямлю, каторую Я дам сынам Ізраэля, таму што супрацівіліся вы волі Маёй ля водаў Мэрыбы.

Вазьмі Аарона і сына яго Элеязэра і завядзі іх на гару Гор.
 
Вазьмі Аарона і сына яго Элеазара і завядзі іх на гару Гор.

І калі здымеш з бацькі адзенне яго, апрані ў яго Элеязэра, сына яго: Аарон хай адыдзе і там памрэ».
 
Там здымеш з бацькі адзеньне ягонае, і апранеш у яго Элеазара, сына ягонага. Аарон хай адыйдзе і там памрэ».

Майсей зрабіў, як Госпад загадаў; узышлі яны на гару Гор у прысутнасці ўсёй супольнасці.
 
Майсей зрабіў, як яму Госпад загадаў. І ўзыйшлі яны на гару Гор у прысутнасьці ўсёй супольнасьці.

І калі Аарон скінуў шаты свае, ён апрануў у іх Элеязэра, сына яго. Калі памёр Аарон на вяршыні гары, Майсей з Элеязэрам сышлі ўніз.
 
Аарон скінуў шаты свае, і адзеў у іх Элеазара, сына свайго. І памёр Аарон на вяршыні гары, а Майсей з Элеазарам зыйшлі на ніз.

А калі ўся супольнасць Ізраэля ўбачыла, што памёр Аарон, плакаў аб ім увесь дом Ізраэля трыццаць дзён.
 
А калі ўся супольнасьць Ізраэля ўбачыла, што памёр Аарон, плакаў увесь дом Ізраэля трыццаць дзён.