Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2002

Лічбаў 20 Лічбаў 20 разьдзел

1 У першы месяц сыны Ізраэля, уся супольнасьць, прыбылі ў пустыню Сін, і затрымаўся народ у Кадэшы. Там памерла Мірыям, і была пахавана ў тым самым месцы.
2 Калі не хапіла народу вады, выступілі яны супраць Майсея і Аарона.
3 І ўсхваляваліся яны, і казалі: «Лепш, каб мы пагінулі разам з братамі нашымі на віду Госпада!
4 Навошта вывелі вы супольнасьць Госпадаву ў пустыню, каб мы разам з нашай жывёлай пагінулі?
5 Навошта вы нас вывелі з Эгіпту і завялі нас у гэтае месца ліхое, дзе сеяць нельга, дзе фіговае дрэва не расьце, ані вінаград, ані дрэвы гранатавыя, і нават вады няма для піцьця?»
6 Майсей і Аарон адыйшлі ад натоўпу, і прыйшлі да ўваходу ў Палатку Сустрэчы, і ўпалі вобліч на зямлю. І вось паказалася хвала Госпада над імі.
7 І сказаў Госпад Майсею:
8 «Вазьмі кій, і ты і Аарон, брат твой, зьбярыце народ і скажыце скале, што перад вамі, а яна дасьць ваду. І як вывядзеш ваду са скалы, напоіш народ і яго жывёлу».
9 Дык Майсей па загаду Госпада ўзяў кій спрад аблічча Госпадавага.
10 І Майсей і Аарон, сабраўшы народ перад скалою, сказалі яму: «Слухайце, бунтаўнікі! Ці зможам мы з гэтай скалы вывесьці ваду для вас?»
11 Пасьля падняў Майсей руку і ўдарыў кіем два разы ў скалу. І выцякла многа вады, так што напіўся і народ, і жывёла.
12 Сказаў зноў Госпад Майсею і Аарону: «За тое, што не паверылі вы Мне, каб выявіць Маю сьвятасьць перад сынамі Ізраэля, не ўвядзіцё гэтых людзей у зямлю, якую Я даў ім».
13 Гэта вось вада Мэрыбы, дзе збунтаваліся сыны Ізраэля супраць Госпада і дзе Ён выявіў Сваю сьвятасьць перад імі.
14 З Кадэшу паслаў Майсей паслоў да караля Эдому, каб яны сказалі: «Так кажа брат твой, Ізраэль: Ты ведаеш усе беды, якія ахапілі нас,
15 як перабраліся бацькі нашыя ў Эгіпет і пражылі там многа часу і як Эгіпцяне крыўдзілі нас і бацькоў нашых,
16 ды як мы прызывалі Госпада, і выслухаў Ён нас, і паслаў Анёла Сьвятога Свайго, Каторы вывеў нас з Эгіпту. Вось жа мы ў горадзе Кадэшы, на мяжы тваёй.
17 Дык просім, дазволь прайсьці празь зямлю тваю. Ня пойдзем мы праз палі і вінаграднікі і ня будзем піць вады са студняў тваіх. Але пойдзем дарогай каралеўскай, не адхіляючыся ані направа, ані налева, пакуль не мінем межаў тваіх».
18 Адказаў ім Эдом: «Не ідзі празь мяне, бо перайму цябе са зброяй».
19 Сказалі тады сыны Ізраэля: «Мы пойдзем бітаю дарогай, а калі будзем піць ваду, мы і жывёла наша, заплацім, што належыцца. Ня будзе цяжкасьці з платай. Мы хутка пройдзем».
20 Але Эдом адказаў: «Ня пройдзеце!» І выйшаў Эдом супраць іх з многім войскам і добра ўзброены.
21 І забараніў Эдом Ізраэлю пераходзіць межы свае, дык Ізраэль адыйшоў у бок ад яго.
22 І вырушылі сыны Ізраэля з Кадэшу, і прыбылі пад гару Гор.
23 Сказаў Госпад Майсею і Аарону там, на гары Гор, каторая знаходзіцца на мяжы Эдому:
24 «Аарон будзе далучаны да народу свайго, бо ён ня ўвойдзе ў зямлю, каторую Я дам сынам Ізраэля, таму што супрацівіліся вы волі Маёй ля водаў Мэрыбы.
25 Вазьмі Аарона і сына яго Элеазара і завядзі іх на гару Гор.
26 Там здымеш з бацькі адзеньне ягонае, і апранеш у яго Элеазара, сына ягонага. Аарон хай адыйдзе і там памрэ».
27 Майсей зрабіў, як яму Госпад загадаў. І ўзыйшлі яны на гару Гор у прысутнасьці ўсёй супольнасьці.
28 Аарон скінуў шаты свае, і адзеў у іх Элеазара, сына свайго. І памёр Аарон на вяршыні гары, а Майсей з Элеазарам зыйшлі на ніз.
29 А калі ўся супольнасьць Ізраэля ўбачыла, што памёр Аарон, плакаў увесь дом Ізраэля трыццаць дзён.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Лічбаў, 20 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.