Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2002

Лічбаў 16 Лічбаў 16 разьдзел

1 Вось жа Карах, сын Іцгара, сына Кегата, сына Левія, а таксама Датан і Абірам, сыны Эліяба, і Он, сын Пэлета, з сыноў Рубэна,
2 паўсталі супраць Майсея разам зь іншымі сынамі Ізраэля, у лічбе двухсот пяцідзесяці чалавек, начальнікі супольнасьці, прадстаўнікі народу, людзі слаўныя.
3 Выступілі яны супраць Майсея і Аарона і сказалі: «Хопіць вам, бо ўся супольнасьць, усе — сьвятыя, і пасярод іх ёсьць Госпад; дык чаму вы ставіце сябе вышэй зграмаджэньня Госпадавага?»
4 Калі пачуў гэта Майсей, упаў вобліч.
5 І сказаў Караху ды ўсяму сабраньню: «Заўтра пакажа Госпад, хто да Яго належыць, і хто сьвяты, і сьвятых прытуліць да сябе; і каго Ён выбярэ, таго Ён наблізіць да Сябе.
6 Дык вось што зрабіце: Хай Карах і ўсе яго супольнікі возьмуць кадзільніцы свае,
7 і хай у іх укладуць агонь, і заўтра пакладуць у іх кадзіла перад Госпадам, і каго выбярэ Госпад, той сьвяты. Досыць вам, сыны Левія».
8 І сказаў Майсей Караху: «Слухайце, сыны Левія:
9 ці мала вам, што Бог Ізраэля аддзяліў вас спаміж усёй супольнасьці Ізраэля, і выбраў вас Сабе, каб вы служылі Яму ў Скініі Госпада, і каб стаялі перад народам, і паслугавалі за іх?
10 І Ён дапусьціў цябе да Сябе і ўсіх братоў тваіх, сыноў Левія, а вы дамагаецеся яшчэ сьвятарства,
11 і ўсё тваё зборышча выступае супраць Госпада? Хто ж такі Аарон, што вы наракаеце супраць яго?»
12 І паслаў Майсей паклікаць Датана і Абірама, сыноў Эліяба, але яны сказалі: «Ня пойдзем!
13 Ці мала табе, што ты вывеў нас зь зямлі, ацякаючай малаком і мёдам, каб выгубіць нас у пустыні, і яшчэ хочаш панаваць над намі?
14 На самой справе ня ўвёў ты нас у зямлю, ацякаючую малаком і мёдам, і ня даў нам на ўласнасьць палёў і вінаграднікаў! Хочаш вочы людзей засьляпіць? Ня пойдзем!»
15 Дык Майсей разгневаўся надта і сказаў Госпаду: «Не прымай іхняе ахвяры! Ніводнаму зь іх ня ўзяў я нават асла і нікога зь іх я ня скрыўдзіў».
16 Потым сказаў Майсей Караху: «Заўтра ты і ўсе супольнікі твае станьце перад Госпадам, ты і Аарон — асобна.
17 І возьмеце кожны сваю кадзільніцу і пакладзіцё ў іх кадзіла, і прынясіцё перад Госпада кожны сваю кадзільніцу, дзьвесьце пяцьдзесят кадзільніц; ты і Аарон будзеце трымаць кожны сваю кадзільніцу».
18 Дык кожны ўзяў сваю кадзільніцу, уклаў у яе агонь, насыпаў кадзіла, і станулі яны ля ўваходу Палаткі Сустрэчы, сталі таксама Майсей і Аарон.
19 І сабраў Карах супраць іх усё сабраньне ля ўваходу ў Палатку Сустрэчы. І паказалася ўсім хвала Госпадава.
20 І Госпад сказаў Майсею і Аарону:
21 «Адлучыцеся ад гэтай грамады, Я іх зьнішчу ў момант».
22 Яны тады ўпалі вобліч і малілі: «Божа, Божа, ад Каторага залежыць жыцьцё ўсяго жывога, ці Сваім гневам хочаш усіх ахапіць, калі толькі адзін хто саграшыў?»
23 Дык сказаў Госпад Майсею:
24 «Загадай усяму народу адыйсьці ад жытлаў Караха, Датана і Абірама».
25 Тады ўстаў Майсей і пайшоў да Датана і Абірама, а старшыні Ізраэля пайшлі за ім.
26 І сказаў ён сабраўшымся: «Адыйдзіце ад палаткаў гэтых бязбожных людзей! І не дакранайцеся нічога, што да іх належыць, каб вы не пагінулі празь іх грахі!»
27 Дык адыйшліся ўсе ад месца пражываньня Караха, Датана і Абірама. Датан жа і Абірам выйшлі і станулі перад уваходам у свае палаткі разам са сваімі жонкамі, сынамі і малымі дзецьмі.
28 Тады сказаў Майсей: «З гэтага даведаецеся, што Госпад паслаў мяне, каб чыніў усё, што бачыце, і што гэта не ад мяне выйшла.
29 Калі гэтыя людзі памруць, як усе людзі паміраюць, ды калі іх лёс будзе такі, які і ў кожнага чалавека, то Госпад не паслаў мяне.
30 А калі Госпад даканае штосьці незвычайнае, што зямля разявіць пашчу сваю і праглыне іх і ўсё, што да іх належыць, і жывыя пападуць яны ў адхлань, то ведайце, што яны блявузгалі на Госпада».
31 І зараз жа, як перастаў гаварыць, расступілася зямля пад іхнімі нагамі;
32 і, раскрыўшы пашчу сваю, праглынула іх разам зь іх сем'ямі, ўсіх людзей Караха з усёй іх маёмасьцю.
33 І так жывыя папалі яны ў адхлань, і зямля накрыла іх, і былі вынішчаны спаміж супольнасьці.
34 Усе ж Ізраэльцы, каторыя стаялі навокал, на крык гінучых паўцякалі, кажучы: «Каб часам і нас зямля не праглынула».
35 Затым агонь выйшаў ад Госпада і спаліў дзьвесьце пяцьдзесят чалавек, каторыя ахвяроўвалі кадзіла.
36 І гаварыў зноў Госпад Майсею:
37 «Загадай Элеазару, сыну Аарона сьвятара, каб сабраў з пажарышча кадзільніцы, а агонь хай выкіне зь іх куды далей, бо яны пасьвячаны,
38 тыя кадзільніцы, сьмерцю грэшнікаў. Хай зь іх зробяць тонкія бляхі на пакрыцьцё ахвярніка, таму што іх прынесьлі Госпаду, і яны пасьвячаны, ды каб былі яны сынам Ізраэля перасьцярогай».
39 Дык прынёс Элеазар мядзяныя кадзільніцы, каторыя прынесьлі тыя, што былі спалены, і перарабілі іх на бляху на пакрыцьцё ахвярніка,
40 на памяць сынам Ізраэля, каб ніхто чужы, які не належыць да патомства Аарона, не прыносіў кадзіла перад Госпада ды не сталася зь ім тое, што з Карахам і супольнікамі ягонымі, як казаў яму Госпад праз Майсея.
41 Назаўтра ўся супольнасьць сыноў Ізраэля наракала на Майсея і Аарона, кажучы: «Вы выгубілі народ Госпадаў».
42 І калі сабралася ўся супольнасьць супраць Майсея і Аарона, яны накіраваліся да Палаткі Сустрэчы. У той час воблака ахутала Палатку і зьявілася хвала Госпада.
43 Майсей і Аарон прыйшлі перад Палатку Сустрэчы.
44 І сказаў Госпад Майсею:
45 «Адыйдзіцеся ад гэтай грамады, бо хачу іх выгубіць у момант». Яны тады ўпалі вобліч.
46 І сказаў Майсей Аарону: «Вазьмі кадзільніцу і, узяўшы агня з ахвярніка, улажы кадзіла на верх, і пасьпяшай жвава да народу, каб заступіцца за яго, бо ўзгарэўся гнеў Госпада, і пачалася кара».
47 Калі гэта зрабіў Аарон і прыбег да грамады, ужо пачалася зараза, і ён палажыў кадзіла і заступіўся за народ.
48 Ён стаў паміж памёршымі і жывымі, і пляга спынілася.
49 А тых, што згінула, было чатырнаццаць тысячаў семсот, апрача памёршых з прычыны Караха.
50 Потым вярнуўся Аарон да Майсея да ўваходу ў Палатку Сустрэчы, і спынілася пляга.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Лічбаў, 16 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.