Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2002

Лічбаў 19 Лічбаў 19 разьдзел

1 Казаў Госпад далей Майсею і Аарону:
2 «Вось пастанова Закону, устаноўленая Госпадам. Скажы сынам Ізраэля, хай прывядуць табе рыжую карову без заганы, на каторую яшчэ не ўскладана ярмо.
3 Аддасьцё яе сьвятару Элеазару, каторы загадае вывесьці яе за табар, і заб'іцё яе ў яго прысутнасьці.
4 Потым Элеазар памочыць палец у ейнай крыві і пакропіць сем разоў дзьверы Палаткі Сустрэчы.
5 І хай спаляць цела яе ў яго прысутнасьці, а таксама скуру, кроў і нячыстасьць яе спаляць агнём.
6 І хай возьме сьвятар дровы кедровыя, гізоп разам зь ніткамі кармазыновымі і кіне ў агонь, у каторым гарыць карова.
7 Тады вось, памыўшы шаты свае і цела сваё, увойдзе ён у табар, але нячысты будзе ён аж да вечара.
8 .....
9 Потым чалавек чысты зьбярэ попел каровы і высыпе за табарам у месцы чыстым, каб для супольнасьці Ізраэля быў захаваны для прыгатаваньня вады ачышчэньня. Гэта ахвяра за грэх.
10 Той, хто зьбіраў попел каровы, павінен вымыць сваё адзеньне і будзе нячысты аж да вечара. Гэта пастанова вечная як для Ізраэльцаў, так і для чужынцаў, каторыя ў іх прабываюць.
11 Хто дакранецца нябожчыка, будзе дзеля таго сем дзён нячысты.
12 Павінен ён (вадой з попелу каровы) ачысьціцца ў трэці і сёмы дзень, і тады будзе чысты. Калі ў трэці дзень і ў сёмы дзень ня будзе ачышчаны, ня будзе чысты.
13 Кожны, хто дакрануўся мёртвага цела нейкага чалавека памёршага і не ачысьціўся, зьневажае Скінію Госпада; будзе вынішчана душа тая зь Ізраэля. Ён не акрапіў сябе вадою ачышчэньня, дык нячысты ён будзе і яго нячыстасьць застанецца на ім.
14 Гэткі вось закон адносна чалавека, каторы памёр у палатцы: кожны, хто ўвойдзе ў гэтую палатку, і хто ў ёй прабывае, будзе нячысты сем дзён.
15 Таксама кожная пасудзіна адкрытая, якая ня мае накрыўкі, прымацаванай на шнурку, будзе нячыстай.
16 Падобна будзе нячыстым сем дзён той, хто на адкрытым полі дакранецца або забітага мячом, або памёршага, або касьцей людзкіх або магілы.
17 Для нячыстага хай возьмуць попелу той спаленай ахвяры за грэх і хай нальюць на яго жывой вады ў посуд.
18 Хай чалавек чысты возьме гізоп, памочыць яго ў вадзе і пакропіць палатку, і ўвесь посуд, і людзей, каторыя знаходзяцца ў ёй, наастатак таго, хто дакрануўся касьцей, або забітага, або памёршага, або магілы.
19 І пакропіць чалавек чысты таго, хто нячысты, у трэці і сёмы дзень, і так ачысьціць яго ў сёмы дзень. Ён (нячысты) памые сябе і сваё адзеньне вадой і вечарам будзе чысты.
20 Але калі хто ў гэты спосаб ня быў ачышчаны, то будзе зьнішчана душа яго спаміж супольнасьці, бо ён апаганіў Скінію Госпадаву; вадою ачышчэньня ён не абмыты, ён нячысты.
21 Гэта будзе вам законам у-ва ўсе вякі. Той, хто кропіць вадой ачышчэньня, таксама павінен вымыць адзеньне сваё; кожны, хто дакранецца вады ачышчэньня, нячысты будзе да вечара.
22 Чаго толькі дакранецца нячысты, а таксама асоба, якая яго дакранецца, будуць нячыстымі да вечара».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Лічбаў, 19 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.