Лікі 32 разьдзел
Лікі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 2002
Сыны ж Рубэна і Гада мелі многа жывёлы. Калі яны ўбачылі зямлю Язэр і Галаад, прыдатныя на гадоўлю быдла,
Сыны Рубэна і Гада мелі дужа многа жывёлы. Калі яны ўбачылі зямлю Язэр і Гілеад, прыдатныя на гадоўлю быдла,
прыйшлі яны да Майсея, і Элеязэра, і кіраўнікоў супольнасці і сказалі ім:
прыйшлі яны да Майсея, і Элеазара, і начальнікаў супольнасьці і сказалі ім:
«Атарот, Дыбон, Язэр, Нэмра, Хесебон, Элеале, Сабам, Наба і Бэон, —
«Вось жа Атарот, Дыбон, Язэр, Німра, Хешбон, Элеале, Сэбам, Нэбо і Бэон,
зямля, якую Госпад ударыў у прысутнасці супольнасці Ізраэля, край найураджайнейшы, прыдатны для гадоўлі жывёлы, і мы, паслугачы твае, маем вельмі многа жывёлы».
зямля, якую Госпад даў супольнасьці Ізраэля, край ураджайны, прыдатны для гадоўлі быдла, і вось мы, слугі твае, маем многа жывёлы».
І далей казалі: «Калі мы знайшлі ласку ў цябе, дай гэтую зямлю паслугачам сваім ва ўласнасць, не пераводзь нас за Ярдан».
І далей казалі: «Калі мы знайшлі ласку ў цябе, дай гэтую зямлю слугам тваім на ўласнасьць, не пераводзь нас за Ярдан».
Адказаў ім Майсей: «Няўжо, калі браты вашы пойдуць ваяваць, вы тут будзеце сядзець?
Адказаў ім Майсей: «Няўжо калі браты вашыя пойдуць ваяваць, вы тут будзеце сядзець?
Чаму вы стрымліваеце сэрцы сыноў Ізраэля, каб не мелі яны адвагі перайсці ў зямлю, якую ім мае даць Госпад?
Чаму вы стрымліваеце сэрца сыноў Ізраэля, каб ня мелі яны адвагі перайсьці ў зямлю, якую ім мае даць Госпад?
Ці не так зрабілі бацькі вашы, калі паслаў я іх з Кадэс-Барнэ выведаць зямлю?
Ці ня так зрабілі бацькі вашыя, калі паслаў я іх з Кадэш-Барнэа выведаць зямлю?
Калі дайшлі яны аж да даліны Нэгэлескал, выведаўшы ўвесь той край, стрымалі яны сэрцы сыноў Ізраэля, каб не ішлі ў зямлю, якую прызначыў ім Госпад.
Калі дайшлі яны аж да даліны Эшколь, выведаўшы ўвесь той край, збунтавалі яны сэрцы сыноў Ізраэля, каб не ішлі ў зямлю, якую прызначыў ім Госпад.
І Госпад, узгарэўшыся гневам, прысягнуў, кажучы:
І Госпад узгарэўся гневам і сказаў:
“Не ўбачаць гэтыя людзі, што выйшлі з Егіпта, дваццаці гадоў і вышэй, зямлі, якую Госпад пад прысягай абяцаў Абрагаму, Ізааку і Якубу; бо не пажадалі Мяне слухаць,
«Ня ўбачаць гэтыя людзі, выйшаўшыя з Эгіпту ў дваццаць гадоў і вышэй, тае зямлі, якую Госпад пад прысягай абяцаў Абрагаму, Ізааку і Якубу, бо не захацелі Мяне слухаць,
апрача Калеба, сына Ефоны, кенэзея, і Ешуа, сына Нуна, бо яны слухалі Госпада!”
за выняткам Калеба, сына Ефунны, Кенезеяніна, і Ешуа, сына Нуна, бо яны слухалі Госпада!»
І, узгневаўшыся на Ізраэля, Госпад вадзіў яго па пустыні сорак гадоў, пакуль не вымерла ўсё пакаленне, якое рабіла зло перад абліччам Госпада.
І гневаўся Госпад на Ізраэля, і вадзіў яго па пустыні сорак гадоў, пакуль ня вымерла ўсё пакаленьне, якое рабіла зло на віду Госпада.
Вось, і вы, род ліхіх людзей, як і бацькі вашы, узбунтаваліся, каб павялічыць гнеўнае абурэнне Госпадава на Ізраэль.
Так і вы, род ліхіх людзей, як і бацькі вашыя, збунтаваліся, каб павялічыць лютасьць гневу Госпадавага на Ізраэля.
Калі зноў не пажадаеце слухаць Яго, зноў будзе Ён вадзіць вас па пустыні вакол і вы будзеце прычынай гібелі ўсіх».
Калі зноў не захочаце слухаць Яго, зноў будзе Ён вадзіць вас па пустыні вакол, і вы будзеце прычынай гібелі ўсіх».
А яны падышлі бліжэй да яго і сказалі: «Мы пабудуем загарадзі для статкаў нашых і гарады для дзяцей нашых;
Яны падыйшлі бліжэй да яго і сказалі: «Мы пабудуем загоны для статкаў нашых і гарады для дзяцей нашых,
а самі, узброеныя і падпяраэзаныя, пойдзем ваяваць перад сынамі Ізраэля, пакуль не ўвядзём іх у іх мясціны. Дзеці нашы будуць жыць у гарадах, абмураваных дзеля падкопаў ад жыхароў зямлі гэтай.
а самі, узброеныя і прыгатаваныя, пойдзем ваяваць перад сынамі Ізраэля, пакуль не ўвядзём іх у іхнія месцы. Дзеці нашыя будуць жыць у гарадах абмураваных дзеля небясьпекі ад жыхароў зямлі гэтай.
Не вернемся мы ў дамы нашы, пакуль не завалодаюць сыны Ізраэля сваёй ўласнасцю;
Ня вернемся мы ў дамы нашыя, пакуль не авалодаюць сыны Ізраэля сваёй ўласнасьцю.
і мы не будзем шукаць нічога за Ярданам або далей, бо ўжо маем сваю ўласнасць на ўсходнім беразе Ярдана».
Мы ня будзем шукаць уласнасьці за Ярданам або далей, бо ўжо маем сваю спадчыну на ўсходнім беразе Ярдана».
Майсей адказаў ім: «Калі ўчыніце так, як вы сказалі, калі будзеце дзеля Госпада гатовыя да бою
Майсей адказаў ім: «Калі ўчыніце так, як вы сказалі, калі будзеце дзеля Госпада гатовыя да бою,
і калі кожны мужчына-змагар, узброены, пяройдзе Ярдан, аж пакуль Госпад не выганіць ворагаў Сваіх перад Сабою,
і калі кожны з вас, узброены, пяройдзе Ярдан, аж пакуль Госпад ня выганіць ворагаў Сваіх перад Сабою,
і па авалоданні ўсёй гэтаю зямлёй вернецеся вы ў гэтую зямлю, тады не будзеце вінаватыя перад Госпадам і перад Ізраэлем і возьмеце гэтую зямлю ва ўласнасць перад Госпадам.
і, па авалоданьні ўсёй зямлёй, вернецеся ў гэтую зямлю, тады ня будзеце вінаватыя перад Госпадам і перад Ізраэлем і возьмеце гэтую зямлю на ўласнасьць перад Госпадам.
А калі тое, што кажаце, не споўніце, вы, несумненна, зграшыце перад Госпадам; і ведайце, што грэх ваш знойдзе вас.
А калі тое, што кажаце, ня споўніце, вы дапусьціцеся грэху перад Госпадам, і ведайце, што грэх ваш знойдзе вас.
Дык будуйце гарады дзецям вашым і загарадзі для авечак, і тое, што абяцалі, споўніце».
Дык будуйце гарады дзецям вашым і загоны авечкам вашым, але тое, што прыраклі, споўніце».
І сыны Гада і Рубэна сказалі Майсею: «Мы, паслугачы твае, зробім усё, што загадвае гаспадар наш:
Сыны Гада і Рубэна сказалі Майсею: «Мы, слугі твае, зробім усё, што загадвае гаспадар наш.
нашы дзеці, жанчыны, статкі і ўючная жывёла застануцца ў гарадах Галаадскіх;
Нашыя дзеці, жанчыны, жывёлы і стады застануцца ў гарадах Гілеадзкіх,
а паслугачы твае, усе ўзброеныя, пойдуць перад абліччам Госпада на вайну, як загадваеш ты, гаспадар наш».
а слугі твае, усе ўзброеныя, пойдуць перад абліччам Госпада на вайну, як загадаў гаспадар наш».
Дык Майсей загадаў святару Элеязэру, і Ешуа, сыну Нуна, і кіраўнікам родаў усіх пакаленняў Ізраэля
Дык Майсей загадаў сьвятару Элеазару, і Ешуа, сыну Нуна, і начальнікам родаў усіх пакаленьняў Ізраэля,
і сказаў ім: «Калі сыны Гада і сыны Рубэна разам з вамі пяройдуць раку Ярдан, усе ўзброеныя, каб перад абліччам Госпада ваяваць, і вы завалодаеце зямлёю, дайце ім Галаад ва ўласнасць.
і сказаў ён ім: «Калі сыны Гада і сыны Рубэна разам з вамі пяройдуць раку Ярдан, усе ўзброеныя, каб па волі Госпада ваяваць, і вы завалодаеце зямлёю, дайце ім Гілеад на ўласнасьць.
А калі не пажадаюць разам з вамі, узброеныя, ісці ў зямлю Ханаан, хай атрымаюць месцы для пасялення паміж вас».
А калі не захочуць разам з вамі, узброеныя, ісьці ў зямлю Ханаан, атрымаюць пасяленьні паміж вас».
І сыны Гада і сыны Рубэна адказалі: «Як загадаў Госпад паслугачам Сваім, так зробім.
Дык сыны Гада і сыны Рубэна адказалі: «Як загадаў Госпад слугам Сваім, так і зробім.
Узброеныя, самі пойдзем перад абліччам Госпада ў зямлю Ханаан; і возьмем уласнасць нашую за Ярданам».
Узброеныя, самі пойдзем перад абліччам Госпада ў зямлю Ханаан, і возьмем спадчыну нашую за Ярданам».
Такім чынам, даў Майсей сынам Гада і Рубэна і палове пакалення Манасы, сына Язэпа, царства Сэгона, цара амарэяў, і царства Ога, цара Басана, зямлю з гарадамі яе і межамі, гарады яе, што навокал.
І даў Майсей сынам Гада і Рубэна і палове пакаленьня Манасы, сына Язэпа, каралеўства Сыгона, караля Амарэйцаў, і каралеўства Ога, караля Башану, зямлю з гарадамі і гарады ваколічныя.
І пабудавалі сыны Гада Дыбон, Атарот, Араэр,
І збудавалі сыны Гада Дыбон, Атарот, Араэр,
Атрот-Сафан, Язэр і Егбаа,
Атрот-Шафан, Язэр і Ёгбэгу,
і Бэтнэмру і Бэтаран, абмураваныя гарады, і загарадзі для сваіх статкаў.
і Бэт-Німру і Бэт-Гаран, абмураваныя гарады і загоны для сваіх стадаў.
Сыны ж Рубэна будавалі Хесебон, Элеале і Карыятаім,
Сыны ж Рубэна збудавалі Хешбон, Элеале і Кірыятаім,
Нэба, Баал-Мэон, змяніўшы іх назвы, а таксама Сабаму, даючы назвы гарадам, якія адбудавалі.
Нэбо, Бааль-Мэон, зьмяніўшы іх назвы, Сібму, і далі назвы гарадам, каторыя адбудавалі.
А сыны Махіра, сына Манасы, пайшлі ў Галаад і занялі яго, выгнаўшы амарэяў, што жылі ў ім.
Сыны Махіра, сына Манасы, пайшлі ў Гілеад і занялі яго, выгнаўшы Амарэйцаў, што жылі ў ім.
Дык даў Майсей Галаад Махіру, сыну Манасы, які і абжыўся ў ім.
Дык даў Майсей Гілеад Махіру, сыну Манасы, каторы і абжыўся ў ім.
Яір жа, сын Манасы, пайшоў і заняў мястэчкі амарэяў, якія назваў Гавот Яір.
Яір жа, сын Манасы, пайшоў і заняў мястэчкі Амарэйцаў, каторыя назваў Хават-Яір.
Нобэ таксама выйшаў, і захапіў Канат з яго ваколіцамі, і назваў яго сваім імем — Нобэ.
Нобах таксама вырушыў, і захапіў Кенат зь яго ваколіцамі, і назваў яго сваім імем, Нобах.