Лікі 17 разьдзел
Лікі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 2002
І сказаў Госпад Майсею, гаворачы:
Сказаў зноў Госпад Майсею:
«Скажы сынам Ізраэля і вазьмі ад іх па кіі ад кожнага іх пакалення, ад усіх князёў пакаленняў, дванаццаць кіёў, і напішы імя кожнага на яго кіі.
«Скажы сынам Ізраэля і вазьмі ад іх па кію ад кожнага пакаленьня, ад усіх князёў пакаленьняў, дванаццаць кіёў. Напішы імя кожнага на кіі.
А на кіі левітаў напішы імя Аарона, і хай будзе па адным кіі асобна на кожнае пакаленне.
А на кіі левітаў напішы імя Аарона. Будзе па адным кіі на князя кожнага пакаленьня.
І пакладзі іх у палатцы сустрэчы перад каўчэгам сведчання, дзе Я з вамі сустракаюся.
І палажы іх у Палатцы Сустрэчы перад Каўчэгам Сьведчаньня, дзе Я з табою сустракаюся.
Каго з іх Я выберу, хай кій таго закрасуе, і спыню нараканні сыноў Ізраэля, якімі яны наракаюць на вас».
Каго зь іх Я выбяру, таго кій закрасуе, і гэтак спыню Я нараканьні сыноў Ізраэля, каторымі яны наракаюць на вас».
І сказаў Майсей сынам Ізраэля, і далі яму ўсе князі кіі ад кожнага пакалення; і было дванаццаць кіёў, і кій Аарона паміж іх.
Загадаў вось Майсей сынам Ізраэля, і далі яму ўсе князі кіі ад кожнага пакаленьня. Было дванаццаць кіёў, і кій Аарона паміж іх.
Калі іх паклаў Майсей перад Госпадам у палатцы сустрэчы,
Гэтыя кіі палажыў Майсей перад Госпадам у Палатцы Сустрэчы.
на другі дзень, вярнуўшыся, Майсей убачыў, што закрасаваў кій Аарона з пакалення Леві і што выраслі кветкі з набухлых пупышак, якія, закрасаваўшы, ператварыліся ў міндаль.
Калі на другі дзень увайшоў Майсей у Палатку Сустрэчы, убачыў, што закрасаваў кій Аарона з пакаленьня Левія, выпусьціў пупышкі, закрасаваў і зрадзіў сьпелыя мігдалы.
Такім чынам, вынес Майсей ад аблічча Госпада ўсе кіі да ўсіх сыноў Ізраэля; і яны ўбачылі, і кожны ўзяў свой кій.
Дык вынес Майсей ад аблічча Госпада ўсе кіі да ўсіх сыноў Ізраэля. Яны ўбачылі, і кожны ўзяў свой кій.
І Госпад сказаў Майсею: «Кій Аарона аднясі назад перад каўчэгам сведчання, каб захаваўся там як знак супраць бунту сыноў Ізраэлевых, і хай спыняць яны нараканні свае на Мяне, каб не загінуць».
І Госпад сказаў Майсею: «Кій Аарона палажы назад перад Каўчэгам Сьведчаньня, каб захаваўся як знак супраць збунтаваных. Спыні такім чынам нараканьні іх перада Мною, каб не загінулі».
І Майсей зрабіў, як загадаў Госпад.
І Майсей зрабіў, як загадаў яму Госпад.
І сказалі сыны Ізраэля Майсею: «Вось, мы прапалі, мы паміраем, усе паміраем!
Дык сказалі сыны Ізраэля Майсею: «Мы прападаем, гінем, усе паміраем!
Хто толькі прыступіцца да скініі Госпада, памірае. Ці ўсе мы да апошняга будзем вынішчаны?»
Хто толькі прыступіцца да Скініі Госпада, памірае. Ці ўсе мы да апошняга будзем вынішчаны?»