Лікі 17 разьдзел

Лікі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

І сказаў Госпад Майсею, гаворачы:
 
І сказаў Гасподзь Майсею, кажучы:

«Скажы сынам Ізраэля і вазьмі ад іх па кіі ад кожнага іх пакалення, ад усіх князёў пакаленняў, дванаццаць кіёў, і напішы імя кожнага на яго кіі.
 
скажы сынам Ізраілевым і вазьмі ў іх посах ад кожнага роду, ад усіх правадыроў іхніх па плямёнах, дванаццаць посахаў, і імя кожнага напішы на посаху ягоным;

А на кіі левітаў напішы імя Аарона, і хай будзе па адным кіі асобна на кожнае пакаленне.
 
імя Аарона напішы на посаху Лявііным, бо адзін посах ад правадыра племені іхняга;

І пакладзі іх у палатцы сустрэчы перад каўчэгам сведчання, дзе Я з вамі сустракаюся.
 
і пакладзі іх у скініі сходу, перад каўчэгам адкрыцьця, дзе зьяўляюся Я вам;

Каго з іх Я выберу, хай кій таго закрасуе, і спыню нараканні сыноў Ізраэля, якімі яны наракаюць на вас».
 
і каго Я выберу, посах таго зацьвіце; і так Я суйму нараканьне сыноў Ізраілевых, якім яны наракаюць на вас.

І сказаў Майсей сынам Ізраэля, і далі яму ўсе князі кіі ад кожнага пакалення; і было дванаццаць кіёў, і кій Аарона паміж іх.
 
І сказаў Майсей сынам Ізраілевым, і далі яму ўсе правадыры іхнія, ад кожнага правадыра посах паводле плямёнаў іхніх дванаццаць посахаў, і посах Ааронаў быў сярод посахаў іхніх.

Калі іх паклаў Майсей перад Госпадам у палатцы сустрэчы,
 
І паклаў Майсей посахі прад абліччам Госпада ў скініі сходу.

на другі дзень, вярнуўшыся, Майсей убачыў, што закрасаваў кій Аарона з пакалення Леві і што выраслі кветкі з набухлых пупышак, якія, закрасаваўшы, ператварыліся ў міндаль.
 
На другі дзень увайшоў Майсей у скінію сходу, і вось, посах Ааронаў, ад дома Лявіінага, зацьвіў, пусьціў парасткі, даў цьвет і ўрадзіў міндаліны.

Такім чынам, вынес Майсей ад аблічча Госпада ўсе кіі да ўсіх сыноў Ізраэля; і яны ўбачылі, і кожны ўзяў свой кій.
 
І вынес Майсей усе посахі ад аблічча Гасподняга да ўсіх сыноў Ізраілевых; і ўгледзелі яны гэта і ўзялі кожны свой посах.

І Госпад сказаў Майсею: «Кій Аарона аднясі назад перад каўчэгам сведчання, каб захаваўся там як знак супраць бунту сыноў Ізраэлевых, і хай спыняць яны нараканні свае на Мяне, каб не загінуць».
 
І сказаў Гасподзь Майсею: пакладзі зноў посах Ааронаў перад каўчэгам адкрыцьця на захаваньне, як азнаку непакорлівым, каб перасталі наракаць на Мяне, і каб яны не памерлі.

І Майсей зрабіў, як загадаў Госпад.
 
Майсей зрабіў гэта: як загадаў яму Гасподзь, так ён і зрабіў.

І сказалі сыны Ізраэля Майсею: «Вось, мы прапалі, мы паміраем, усе паміраем!
 
І сказалі сыны Ізраілевыя Майсею: вось, мы паміраем, гінем, усе гінем!

Хто толькі прыступіцца да скініі Госпада, памірае. Ці ўсе мы да апошняга будзем вынішчаны?»
 
кожны, хто набліжаецца да скініі Гасподняй, памірае: ці не давядзецца ўсім нам памерці?