Лікі 4 разьдзел

Лікі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

І сказаў Госпад Майсею і Аарону, кажучы:
 
І наказаў Гасподзь Майсею і Аарону, кажучы:

«Аддзялі паміж сыноў Леві сыноў Кагата, усю іх лічбу па родах і сем’ях іх
 
палічы сыноў Каатавых з сыноў Лявіі паводле родаў іхніх, паводле сямействаў іхніх,

ад трыццаці гадоў і вышэй да пяцідзесяці гадоў, усіх здольных да таго, каб стаяць і служыць у палатцы сустрэчы.
 
ад трыццаці гадоў і вышэй да пяцідзесяці гадоў, усіх здольных да службы, каб несьці працу ў скініі сходу.

Гэта служба сыноў Кагатавых у палатцы сустрэчы: рэчы найсвяцейшыя.
 
Вось служба сыноў Каатавых у скініі сходу: насіць Сьвятое Сьвятых.

Калі патрэбна будзе зняцца з лагера, хай Аарон і сыны яго ўвойдуць і здымуць пакрывала, што вісіць перад дзвярыма, і хай накрыюць ім каўчэг сведчання;
 
Калі табару трэба выправіцца ў дарогу, Аарон і сыны ягоныя ўвойдуць, і здымуць заслону, якою закрываюць, і накрыюць ёю каўчэг адкрыцьця;

зноў пакладуць пакрывала са шкур сініх і над ім хай нацягнуць тканіну, усю з гіяцынту, і хай прасунуць яны жэрдкі.
 
і пакладуць на яе покрыва са скураў сіняга колеру, а паўзьверх яго накінуць покрыва ўсё з блакітнай воўны, і ўставяць жэрдкі яго;

Хай таксама стол хлябоў пакладных накрыюць тканінаю фіялетаваю і хай паставяць на ім чары і фіялы, кіяфы і кратэры для здзяйснення ўзліванняў; і хлябы хай будуць на ім заўсёды.
 
і стол хлябоў ахвяраваньня накрыюць тканінай з блакітнай воўны, і паставяць на ім місы, талеркі, чары і кубкі для паліваньня, і хлеб яго заўсёдны павінен быць на ім;

І хай пакладуць зверху тканіну пунсовую, а потым хай накрыюць яе пакрывалам са шкур сініх і хай прасунуць жэрдкі.
 
і пакладуць на іх тканіну барвовую, і накрыюць яе покрывам са скуры сіняга колеру, і ўставяць жэрдкі яго;

Хай яны возьмуць і тканіну фіялетавую і хай накрыюць ёю падсвечнік разам з лямпамі і шчыпцамі яго, і са шчыпцамі для зняцця нагару, і з усімі пасудзінамі для алею, якія неабходны для стварэння лямпаў,
 
і возьмуць тканіну з блакітнай воўны, і накрыюць сьвяцільню і лампады яго, і абцугі яго і латкі яго, і ўвесь посуд пад алей, які ўжываецца пры ім,

і хай гэта накрыюць пакрывалам са шкур сініх, і хай пакладуць на насілы.
 
і накрыюць яго і ўсе прылады яго покрывам са скураў сініх, і пакладуць на насілкі;

І хай на залаты ахвярнік пакладуць тканіну фіялетавую і накрыюць яго пакрывалам са шкур сініх і хай пакладуць на насілы.
 
і на залаты ахвярнік пакладуць тканіну з блакітнай воўны, і накрыюць яго покрывам са скураў сініх, і ўставяць жэрдкі яго.

Усе прыналежнасці, патрэбныя да службы ў святыні, хай накрыюць тканінай фіялетаваю; і хай пакладуць зверху пакрыццё са шкур сініх, і хай прасунуць жэрдкі.
 
І возьмуць усе рэчы службовыя, якія ўжываюцца на служэньні ў сьвятыні, і пакладуць у тканіну з блакітнай воўны, і накрыюць іх покрывам са скураў сініх, і пакладуць на насілкі.

Але хай ачысцяць ахвярнік ад попелу і накрыюць яго пурпуровым пакрывалам.
 
І ачысьцяць ахвярнік ад попелу і накрыюць яго тканінаю пурпуроваю;

І пакладуць на яго ўсе пасудзіны, якімі карыстаюцца яны ў час іх службы, гэта значыць: попельніцы, вілкі, і вугальныя лапаткі, і чары. Усе прыналежнасці ахвярніка хай таксама накрыюць пакрывалам са шкур сініх і хай прасунуць жэрдкі.
 
і пакладуць на яго ўвесь посуд яго, які ўжываецца ў служэньні каля яго — вугольніцы, відэльцы, лапаткі і чары, увесь посуд ахвярніка — і накрыюць яго покрывам са скураў сініх, і ўставяць жэрдкі яго.

І калі ў час зняцця з лагера Аарон і сыны яго пакрыюць святыню і ўсе прыналежнасці яе, тады падыдуць сыны Кагата, каб пакрытае несці, і хай не дакранаюцца да каўчэга сведчання, каб не памерлі. Такія вось абавязкі сыноў Кагата ў палатцы сустрэчы.
 
Калі, пры выпраўленьні ў дарогу табара, Аарон і сыны ягоныя накрыюць усю сьвятыню і ўсе рэчы сьвятыні, тады сыны Кааты падыдуць, каб несьці; але не павінны яны дакранацца да сьвятыні, каб не памерці. Гэтыя часткі скініі сходу павінны насіць сыны Каатавыя.

Элеязэр, сын Аарона святара, хай рупіцца аб алеі на асвятленне, і аб найпрыемнейшым пахучым курэнні, і аб ахвяры, якая заўсёды ўчыняецца, і аб алеі намашчэння, і аб усім, што толькі патрэбна для служэння ў скініі, і аб усіх прыналежнасцях, што ў святыні».
 
Элеазару, сыну Аарона сьвятара, даручаецца алей для сьвяцільні і пахучае дымленьне, і заўсёднае хлебнае прынашэньне і алей памазаньня, — даручаецца ўся скінія і ўсё, што ў ёй, сьвятыня і прылады яе.

І казаў Госпад Майсею і Аарону, гаворачы:
 
І наказаў Гасподзь Майсею і Аарону, кажучы:

«Не згубіце сям’ю Кагата сярод грамады левітаў,
 
не загубеце племя родаў Каатавых спасярод лявітаў,

але зрабіце для іх гэта, каб жылі і не паміралі, калі будуць набліжацца да найсвяцейшых рэчаў: Аарон і сыны яго хай прыйдуць і самі вызначаць кожнаму яго занятак; і хай падзеляць, што кожны павінен несці.
 
але вось, што зрабеце ім, каб яны былі жывыя і не памерлі, калі падыходзяць да Сьвятога Сьвятых: Аарон і сыны Ягоныя няхай прыйдуць і паставяць іх кожнага ў служэньні ягоным і каля ношы ягонае;

Няхай самі не ўваходзяць у святыню ані на хвіліну, каб паглядзець; бо будуць пакараны смерцю».
 
але самыя яны не павінны падыходзіць, глядзець сьвятыню; калі накрываюць яе, каб не памерці.

І казаў Госпад Майсею, гаворачы:
 
І наказаў Гасподзь Майсею, кажучы:

«Палічы таксама сыноў Гэрсона па сем’ях, пакаленнях і родах іх;
 
палічы і сыноў Гірсонавых паводле сямействаў іхніх, паводле родаў іхніх,

палічы ўсіх ад трыццаці гадоў і вышэй аж да пяцідзесяці гадоў, усіх здатных да службы, каб выконвалі работу ў палатцы сустрэчы.
 
ад трыццаці гадоў і вышэй да пяцідзесяці гадоў, палічы іх усіх здольных да службы, каб рабіць працу пры скініі сходу.

Вось такі абавязак пакаленняў Гэрсона; што яны будуць рабіць:
 
Вось працы сямействаў Гірсонавых, пры іхнім служэньні і нашэньні цяжараў:

каб яны насілі пакрывалы скініі, палатку сустрэчы, яе пакрыццё, а таксама пакрыццё са шкур сініх, і пакрыццё, што вісіць ля ўваходу ў палатку сустрэчы,
 
яны павінны насіць покрывы скініі, і скінію сходу, і покрыва яе, і покрыва скураное сіняе, якое паверсе яго, і заслону на ўваход у скінію сходу,

пакрывалы панадворка і пакрывала ля ўваходу ў панадворак, што знаходзіцца вакол скініі і ахвярніка, вяроўкі і ўсе прыналежнасці для службы, што былі зроблены, каб працаваць з імі.
 
і заслоны двара, і заслону на ўваход у двор, які вакол скініі і ахвярніка, і вяроўкі іх і ўсе рэчы, якія належаць да іх; і ўсё, што робіцца пры іх, яны павінны рабіць;

На загад Аарона і сыноў яго павінны праходзіць ўсе службы сыны Гэрсона і павінны ведаць усе, што кожнаму даручана.
 
па загадзе Аарона і сыноў ягоных павінны чыніцца ўсе службы сыноў Гірсонавых пры ўсякім нашэньні цяжараў і ўсякай працы іхняй, і даручэце іх захаваньню ўсё, што яны носяць;

Такі абавязак сыноў Гэрсона ў палатцы сустрэчы; і хай будуць яны пад наглядам Ітамара, сына Аарона святара.
 
вось службы родаў сыноў Гірсонавых у скініі сходу, і вось, што даручаецца іх захаваньню пад наглядам Ітамара, сына Аарона, сьвятара.

Палічы таксама сыноў Мэрары па пакаленнях і сем’ях бацькоў іх,
 
Сыноў Мэрарыных паводле родаў іхніх, паводле сямействаў іхніх палічы,

ад трыццаці і вышэй — аж да пяцідзесяці гадоў, усіх здатных да выканання службы сваёй і для службы ў палатцы сустрэчы.
 
ад трыццаці гадоў і вышэй да пяцідзесяці гадоў, палічы ўсіх здольных да службы, каб рабіць працу пры скініі сходу.

Гэта іх абавязкі: насіць дошкі скініі і яе жэрдкі, слупы і іх падножжы,
 
Вось, што яны павінны насіць, пасьля службы іхняй пры скініі сходу: брусы скініі і жэрдкі яе, і слупы яе і падножжы яе,

таксама слупы панадворка з усіх бакоў з падножжамі, і калкамі, і вяроўкамі іх; усе пасудзіны і рэчы хай палічаць і носяць такім чынам.
 
і слупы двара з усіх бакоў і падножжы іх, і калы іх і вяроўкі іх, і ўсе рэчы пры іх і ўсе прылады іх; і паімённа палічэце рэчы, якія яны абавязаны насіць;

Такі абавязак пакаленняў Мэрары і служба ў палатцы сустрэчы; і хай будуць яны пад наглядам Ітамара, сына Аарона святара».
 
вось працы родаў сыноў Мэрарыных, пасьля службы іх пры скініі сходу, пад наглядам Ітамара, сына Аарона, сьвятара.

Такім чынам Майсей, і Аарон, і князі супольнасці палічылі сыноў Кагата па пакаленнях і сем’ях бацькоў іх,
 
І палічылі Майсей і Аарон і правадыры супольства сыноў Каатавых паводле родаў іхніх і паводле сямействаў іхніх,

ад трыццаці гадоў і вышэй — аж да пяцідзесяці гадоў, усіх здатных да спаўнення службы ў палатцы сустрэчы;
 
ад трыццаці гадоў і вышэй да пяцідзесяці гадоў, усіх здольных да службы, для працы ў скініі сходу;

і было налічана іх дзве тысячы семсот пяцьдзесят.
 
і было палічана, паводле родаў іхніх, дзьве тысячы сямсот пяцьдзясят:

Гэта лік пакаленняў сыноў Кагата, што служаць у палатцы сустрэчы. Іх палічылі Майсей і Аарон па загадзе Госпада, дадзеным праз Майсея.
 
гэта — палічаныя з родаў Каатавых, усе службы пры скініі сходу, якіх палічыў Майсей і Аарон па загадзе Гасподнім, наказаным праз Майсея.

Палічаны былі таксама сыны Гэрсона па пакаленнях і сем’ях бацькоў іх,
 
І палічаны сыны Гірсонавыя паводле родаў іхніх і паводле сямействаў іхніх,

ад трыццаці гадоў і вышэй — аж да пяцідзесяці гадоў, усе здатныя да спаўнення службы ў палатцы сустрэчы;
 
ад трыццаці гадоў і вышэй да пяцідзесяці гадоў, усе здольныя да службы, для працы ў скініі сходу;

і было налічана іх па пакаленнях і сем’ях бацькоў іх дзве тысячы шэсцьсот трыццаць.
 
і было палічана паводле родаў іхніх, паводле сямействаў іхніх, дзьве тысячы шэсьцьсот трыццаць:

Гэта лік пакаленняў сыноў Гэрсона, усіх, хто служыць у палатцы сустрэчы, якіх палічылі Майсей і Аарон па загадзе Госпада.
 
гэта — палічаныя з родаў сыноў Гірсона, усе службіты пры скініі сходу, якіх палічыў Майсей і Аарон, па загадзе Гасподнім.

Былі палічаны таксама пакаленні сыноў Мэрары па родах і сем’ях бацькоў іх,
 
І палічаны роды сыноў Мэрарыных паводле родаў іхніх, паводле сямействаў іхніх,

ад трыццаці гадоў і вышэй — аж да пяцідзесяці гадоў, усе здатныя да спаўнення службы ў палатцы сустрэчы;
 
ад трыццаці гадоў і вышэй да пяцідзесяці гадоў, усе здольныя да службы, для працы пры скініі сходу;

і было налічана тры тысячы дзвесце.
 
і было налічана паводле родаў іхніх тры тысячы дзьвесьце:

Гэта лік пакаленняў сыноў Мэрары, якіх палічылі Майсей і Аарон па загадзе Госпада, дадзеным праз Майсея.
 
гэта — палічаныя з родаў сыноў Мэрарыных, якіх палічыў Майсей і Аарон па загадзе Гасподнім, наказаным праз Майсея.

Усіх, хто быў палічаны ад левітаў і каго палічылі пайменна Майсей, і Аарон, і князі Ізраэля па родах і сем’ях бацькоў іх
 
І палічаны ўсе лявіты, якіх палічыў Майсей і Аарон і правадыры Ізраіля паводле родаў іхніх і паводле сямействаў іхніх,

ад трыццаці гадоў і вышэй — аж да пяцідзесяці, здатных да спаўнення службы ў скініі і да выканання абавязкаў у палатцы сустрэчы,
 
ад трыццаці гадоў і вышэй да пяцідзесяці гадоў, усе здольныя да службы ў працы і нашэньня ў скініі сходу;

было налічана восем тысяч пяцьсот восемдзесят.
 
і было налічана іх восем тысяч пяцьсот восемдзесят;

Па загадзе Госпада, дадзеным Майсею, ён палічыў іх, і кожнага — па занятку і абавязках яго, як загадаў Госпад Майсею.
 
па загадзе Гасподнім праз Майсея вызначаны яны кожны да сваёй працы і нашэньня, і палічаны, як загадаў Гасподзь Майсею.