Лікі 2 разьдзел
Лікі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 2002
І казаў Госпад Майсею і Аарону, гаворачы:
Далей казаў Госпад Майсею і Аарону:
«Хай сыны Ізраэля стануць лагерам: кожны пад сваім сцягам, пад знакамі бацькоў сваіх, навокал палаткі сустрэчы на адлегласці.
«Хай сыны Ізраэля паставяць палаткі, кожны пад сваім сьцягам, пад знакамі бацькоў сваіх, навокал Палаткі Сустрэчы на адлегласьці.
З усходу хай стаіць лагер Юды па дружынах войска яго, а кіраўніком сыноў яго хай будзе Наасон, сын Амінадаба;
З усходу паставіць Юда палаткі адпаведна дружынаў войска свайго, а князем сыноў Юды будзе Нахшон, сын Амінадаба.
і лік яго ваяроў — семдзесят чатыры тысячы шэсцьсот.
Лічба войска ягонага, паводле падліку, мае семдзесят чатыры тысячы шэсьцьсот.
Побач з ім хай стануць лагерам людзі калена Ісахарава, кіраўніком якіх мае быць Натанаэль, сын Суара;
Побач іх разложыцца табар калена Ісахаравага, князем якога мае быць Натанаэль, сын Цуара.
і ўвесь лік ваяроў яго — пяцьдзесят чатыры тысячы чатырыста.
Лічба войска ягонага, паводле падліку, мае пяцьдзесят чатыры тысячы чатырыста.
У пакаленні Забулона кіраўніком хай будзе Эліяб, сын Гэлона; і лік ваяроў —
Потым пакаленьне Забулёна, а князем сыноў Забулёна будзе Эліяб, сын Гэлёна.
пяцьдзесят сем тысяч чатырыста.
Лічба войска яго, паводле падліку, мае пяцьдзесят сем тысячаў чатырыста.
Усіх палічаных у лагеры Юды хай будзе сто восемдзесят шэсць тысяч чатырыста, і хай па дружынах сваіх яны першыя будуць выходзіць.
Усіх, палічаных у табары Юды па іх дружынах, сто восемдзесят шэсьць тысячаў чатырыста. Яны першыя будуць выходзіць.
З паўднёвага боку хай будзе сцяг лагера Рубэна па яго войсках, а кіраўнік — Элісур, сын Сэдэура;
Ад паўднёвага боку будзе сьцяг табару Рубэна з войскам яго, а князем у яго будзе Эліцур, сын Шэдэура.
і ўсё войска ваяроў яго паводле падліку хай мае сорак шэсць тысяч пяцьсот.
Лічба войска яго, паводле падліку, мае сорак шэсьць тысячаў пяцьсот.
Побач з імі хай стануць лагерам людзі з пакалення Сімяона, а кіраўніком іх — хай Саламіэль, сын Сурысадая;
Побач іх разложыцца табар пакаленьня Сымона, а князем сыноў Сымона будзе Шэлюміэль, сын Цурышадая.
і ўсё войска ваяроў яго паводле падліку хай мае пяцьдзесят дзевяць тысяч трыста.
Лічба войска яго, паводле падліку, мае пяцьдзесят дзевяць тысячаў трыста.
У пакаленні Гада кіраўніком хай будзе Эліясаф, сын Дэуэля;
Пасьля пакаленьне Гада. Князем пакаленьня Гада будзе Эліясаф, сын Дэўэля.
і ўсё войска ваяроў яго паводле падліку хай мае сорак пяць тысяч шэсцьсот пяцьдзесят.
Лічба войска яго, паводле падліку, мае сорак пяць тысячаў шэсьцьсот пяцьдзесят.
Усіх палічаных у лагеры Рубэна — сто пяцьдзесят адна тысяча чатырыста пяцьдзесят; хай яны выходзяць другімі па сваіх дружынах.
Усіх, палічаных у табары Рубэна, — сто пяцьдзесят адна тысяча чатырыста пяцьдзесят. Яны другімі будуць выходзіць.
Пасля хай здымецца з месца палатка сустрэчы і лагер левітаў у сярэдзіне іншых лагераў, хай яна здымаецца так, як ставіцца; хай усе пускаюцца ў дарогу на сваіх месцах і пад сваім сцягам.
Пасля вырушыць Палатка Сустрэчы і табар левітаў у сярэдзіне другіх табараў, паводле таго, як расстаўлялі палаткі, так і выходзіць будуць, кожны на сваім месцы, пад сваім сьцягам.
З заходняга боку хай будзе сцяг лагера Эфраіма па дружынах яго, кіраўніком іх хай будзе Элісама, сын Аміюда;
Ад захаду будзе сцьяг табару Эфраіма, разьмешчанага па сваіх дружынах. Князем сыноў Эфраіма будзе Элішама, сын Амігуда.
усё войска ваяроў яго паводле падліку хай мае сорак тысяч пяцьсот.
Лічба войска ягонага, паводле падліку, мае сорак тысячаў пяцьсот.
І з імі пакаленне сыноў Манасы, кіраўніком якіх хай будзе Гамаліэль, сын Падасура;
Побач іх пакаленьне Манасы; князем сыноў Манасы будзе Гамаліэль, сын Пэдагсура.
і ўсё войска ваяроў яго паводле падліку хай мае трыццаць дзве тысячы дзвесце.
Лічба войска яго, паводле падліку, мае трыццаць дзьве тысячы дзьвесьце.
І пакаленні сыноў Бэньяміна; кіраўніком хай будзе Абідан, сын Гедэона;
Наастатак пакаленьне Бэн'яміна; князем сыноў Бэн'яміна будзе Абідан, сын Гідэоні.
і ўсё войска ваяроў яго паводле падліку хай мае трыццаць пяць тысяч чатырыста.
Лічба войска ягонага, паводле падліку, мае трыццаць пяць тысячаў чатырыста.
Усіх палічаных у лагеры Эфраіма — сто восем тысяч сто; і хай па дружынах сваіх яны выходзяць трэція.
Усіх, палічаных у табары Эфраіма па іх дружынах, — сто восем тысячаў сто. Яны трэція будуць выходзіць.
З паўночнага боку адпаведна сваім дружынам хай стаіць сцяг лагера сыноў Дана, а кіраўніком іх хай будзе Ахіязэр, сын Амісадая;
З поўначы, адпаведна сваіх дружынаў, будзе сьцяг табару Дана з войскам ягоным. Князем сыноў Дана будзе Ахіезэр, сын Амішадая.
усё войска ваяроў яго паводле падліку хай мае шэсцьдзесят дзве тысячы семсот.
Лічба войска яго, паводле падліку, мае шэсьцьдзесят дзьве тысячы семсот.
Побач з ім хай стане лагерам пакаленне Асэра, кіраўніком іх хай будзе Пэгіэль, сын Акрана;
Побач іх разложыцца табарам пакаленьне Асэра. Князем сыноў Асэра будзе Пагіэль, сын Акрана.
усё войска ваяроў яго паводле падліку хай мае сорак адну тысячу пяцьсот.
Лічба войска яго, паводле падліку, мае сорак адну тысячу пяцьсот.
З пакалення сыноў Нэфталі кіраўніком хай будзе Ахіра, сын Энана;
Наастатак пакаленьне Нэфталі. Князем сыноў Нэфталі будзе Ахіра, сын Энана.
усё войска ваяроў яго — пяцьдзесят тры тысячы чатырыста.
Лічба войска яго, паводле падліку, мае пяцьдзесят тры тысячы чатырыста.
Усіх палічаных у лагеры Дана хай будзе сто пяцьдзесят сем тысяч шэсцьсот, і хай яны самымі апошнімі выходзяць пад сваімі сцягамі».
Усіх, палічаных у табары Дана, — сто пяцьдзесят сем тысячаў шэсьцьсот. Яны як апошнія будуць выходзіць пад сваімі сьцягамі.
Гэта лік сыноў Ізраэля, усе яны палічаны па сем’ях бацькоў сваіх адпаведна войскам сваім — шэсцьсот тры тысячы пяцьсот пяцьдзесят.
Гэта вось лічба сыноў Ізраэля, сьпісаных па сем'ях сваіх з войскам сваім, — шэсьцьсот тры тысячы пяцьсот пяцьдзесят.
А левіты не былі палічаны разам з сынамі Ізраэля; бо так загадаў Госпад Майсею.
Як загадаў Госпад Майсею, левіты не былі перапісаны разам з сынамі Ізраэля.
І сыны Ізраэля споўнілі ўсё, што загадаў Госпад: сталі лагерам пад сваімі сцягамі і выйшлі паводле пакаленняў і сем’яў бацькоў сваіх.
Сыны Ізраэля споўнілі ўсё, што загадаў Госпад: раскладаліся табарам пад сваімі сьцягамі і выходзілі паводле пакаленьняў і сем'яў бацькоў сваіх.