Лікі 22 разьдзел

Лікі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

Потым сыны Ізраэля пайшлі далей і расклаліся лагерам на раўнінах Мааба, на другім баку Ярдана, насупраць Ерыхона.
 
Потым сыны Ізраэля пайшлі далей і расклаліся табарам на раўнінах Маабу на другім баку Ярдану, насупраць Ерыхону.

А Балак, сын Сэфора, бачачы ўсё, што зрабіў Ізраэль амарэям,
 
Балак, сын Цыпора, бачыў усё, што зрабіў Ізраэль Амарэйцам.

дужа напужаў маабскі народ, бо быў ён шматлікі. І, паколькі баяўся Мааб сыноў Ізраэля,
 
Дык Мааб дужа баяўся гэтага народу, бо ён быў шматлікі, і баяўся Мааб сыноў Ізраэля.

сказаў старэйшынам мадыянцаў: «Цяпер гэтае мноства з’есць усё вакол, як вол звычайна есць траву на полі». Тады царом Мааба быў Балак, сын Сэфора.
 
І сказаў Мааб старшыням спаміж Мадыянцаў: «Цяпер гэта мноства паесьць усё кругом, як вол саскубае траву на полі». Тады каралём Маабу быў Балак, сын Цыпора.

І паслаў ён пасланцоў да Балаама, сына Бэора, у Пэтор, што над ракой у зямлі маабцаў, каб паклікаць яго і сказаць яму: «Вось, выйшаў народ з Егіпта і пакрыў паверхню зямлі, пасяліўшыся насупраць мяне.
 
І паслаў ён пасланцоў да Білеама, сына Бэора, у Пэтор над Ракой Эўфрат у зямлі Амавітаў, каб паклікаць яго і сказаць яму: «Вось, выйшаў народ з Эгіпту і пакрыў паверх зямлі, і пасяліўся насупраць мяне.

Дык прыйдзі і пракляні народ гэты, бо ён дужэйшы за мяне; о, каб якім чынам я здолеў перамагчы яго і выгнаць з маёй зямлі. Бо ведаю, што каго ты дабраславіш, будзе дабраславёны, а каго ты праклянеш, будзе пракляты».
 
Дык прыдзі, прашу, і пракляні мне народ гэты, бо ён дужэйшы за мяне. Можа, я здолею перамагчы яго і выгнаць зь зямлі, бо ведаю, што каго ты дабраславіш, будзе дабраслаўлены, а каго ты праклянеш, будзе пракляты».

Вось, выбраліся старэйшыны маабцаў са старэйшынамі мадыянцаў у дарогу, трымаючы ў руках падарункі для вешчуна. І, калі прыбылі да Балаама і перадалі яму ўсе словы Балака,
 
І вось выбраліся старшыні Маабцаў са старшынямі Мадыянцаў у дарогу, заагледжаныя ў падарункі для вяшчуна, і прыбылі да Білеама, і перадалі яму словы Балака.

ён ім адказаў: «Пераначуйце тут ноч, і я адкажу вам, што скажа мне Госпад». Калі засталіся старэйшыны маабцаў у Балаама,
 
Ён жа ім адказаў: «Пераначуйце тут ноч, і я адкажу вам тады, як скажа мне Госпад». Дык асталіся старшыні Маабцаў у Білеама.

прыйшоў Бог і сказаў яму: «Што гэта за людзі ў цябе?»
 
І прыйшоў Бог да Білеама, і сказаў: «Што гэта за людзі ў цябе?»

Ён адказаў: «Балак, сын Сэфора, цар маабцаў, даслаў да мяне іх,
 
Білеам адказаў Богу: «Балак, сын Цыпора, кароль Маабцаў, прыслаў да мяне

каб сказаць: “Вось народ, які выйшаў з Егіпта, пакрыў паверхню зямлі; прыйдзі і пракляні мне яго, каб мог я якім-небудзь чынам з ім ваяваць і выгнаць яго”».
 
сказаць: Гэты вось народ, каторы выйшаў з Эгіпту, пакрыў паверх зямлі. Прыйдзі і пракляні мне яго, каб мог я зь ім ваяваць і выгнаць яго».

На тое сказаў Бог Балааму: «Не можаш ты ісці з імі і нельга табе праклінаць народ, бо ён дабраславёны».
 
На тое сказаў Бог Білеаму: «Ня можаш ты ісьці зь імі, нельга табе праклінаць народ, бо ён дабраслаўлены».

І раніцай устаў ён, і сказаў князям Балака: «Вяртайцеся ў сваю зямлю, бо Госпад не дазволіў мне ісці з вамі».
 
На раніцы ўстаў ён і сказаў князям Балака: «Варочайцеся ў сваю зямлю, бо Госпад не дазволіў мне ісьці з вамі».

Усталі тады князі Мааба, і прыйшлі да Балака, і сказалі яму: «Балаам не пажадаў ісці з намі».
 
Усталі тады князі Маабу, і прыйшлі да Балака, і сказалі яму: «Білеам на захацеў ісьці з намі».

Дык Балак паслаў яшчэ больш князёў, і болей дастойных, чым раней.
 
Дык Балак паслаў яшчэ больш князёў, і болей дастойных, чым тыя.

Як толькі прыбылі яны да Балаама, сказалі яму: «Так кажа Балак, сын Сэфора: “Не адмаўляйся прыйсці да мяне;
 
Як толькі прыбылі яны да Білеама, сказалі яму: «Так кажа Балак, сын Цыпора: Не адмаўляйся прыйсьці да мяне.

я гатовы табе выказаць вялікую пашану і, што пажадаеш, дам табе. Прыйдзі і пракляні мне народ гэты”».
 
Я гатовы табе выказаць вялікую пашану, і, што захочаш, дам табе. Прыйдзі і пракляні мне народ гэты».

Балаам адказаў: «Калі б даваў мне Балак поўны дом свой срэбра і золата, то не змог бы я пераступіць слова Госпада, Бога майго, як у малых рэчах, так і ў вялікіх.
 
Білеам адказаў: «Калі б даваў мне Балак поўны дом свой серабра і золата, то не магу пераступіць волі Госпада, Бога майго, як у малых рэчах, так і ў вялікіх.

Прашу, застаньцеся таксама ў гэтую ноч, а я даведаюся, што скажа мне зноў Госпад».
 
Прашу, застаньцеся таксама ў гэтую ноч, а я даведаюся, што скажа мне зноў Госпад».

І прыйшоў Бог да Балаама ноччу і кажа яму: «Калі прыйшлі гэтыя людзі паклікаць цябе, то ўстань і ідзі з імі, але зробіш толькі тое, што Я табе скажу».
 
Прыйшоў вось Бог да Білеама ноччу і кажа яму: «Калі прыйшлі гэтыя людзі паклікаць цябе, то ўстань і ідзі зь імі, але зробіш толькі тое, што Я табе скажу».

І ўстаў Балаам раніцай і, асядлаўшы сваю асліцу, рушыў разам з імі.
 
Дык устаў Білеам, асядлаў сваю асьліцу і вырушыў разам зь імі.

І ўзгарэўся гнеў Бога, што ён паехаў; і паўстаў Анёл Госпадаў на дарозе супраць Балаама, каб затрымаць яго; ён жа меў двух паслугачоў і ехаў на сваёй асліцы.
 
І ўзгарэўся гнеў Бога, што ён паехаў. І станў анёл Госпадаў на дарозе супраць яго, каб затрымаць яго. Ён жа ў таварыстве двух слугаў сваіх ехаў на сваёй асьліцы.

Калі асліца заўважыла Анёла Госпадава, што стаяў на дарозе, выцягнуўшы меч у руцэ сваёй, сышла з дарогі і пайшла ў поле. Калі Балаам ударыў яе і захацеў павярнуць яе на дарогу,
 
Калі асьліца заўважыла анёла Госпадава, які стаяў на дарозе з выцягнутым мячом, зыйшла з дарогі і пайшла ў поле. Білеам ударыў яе, хочучы завярнуць яе на дарогу.

Анёл Госпадаў стаў на цеснай дарозе паміж двума мурамі, якімі былі абкружаны вінаграднікі.
 
Тады анёл Госпадаў стаў на цеснай дарозе паміж вінаграднікамі, і мур быў з тога і з гэтага боку.

Калі асліца ўбачыла Анёла Госпадава, яна прыціснулася да мура і зашчаміла нагу седака. Ён жа пачаў яе біць ізноў;
 
Калі асьліца ўбачыла анёла Госпадава, дык прыціснулася да муру. Ён жа пачаў яе біць нанова.

і Анёл Госпадаў перайшоў у месца цеснае, дзе ані справа, ані злева ніяк не можна было яго абмінуць, і закрыў дарогу.
 
Анёл Госпадаў перайшоў у месца так цеснае, што ані з правага, ані зь левага боку ніяк ня можна было яго абмінуць, і закрыў дарогу.

І калі асліца ўбачыла Анёла Госпадава, што стаяў, лягла яна пад ногі седака; ён, узлаваны, яшчэ мацней біў бакі яе палкаю.
 
Калі асьліца ўбачыла анёла Госпадавага зноў, лягла пад ногі Білеама. Ён, узлаваны, яшчэ мацней біў яе палкаю.

Тады адкрыў Госпад вусны асліцы, і яна сказала Балааму: «Што я табе зрабіла? Чаму б’еш мяне вось ужо трэці раз?»
 
Тады адкрыў Госпад вусны асьліцы, і яна сказала Білеаму: «Што я табе зрабіла? Чаму б'еш мяне трэці раз?»

Балаам адказаў: «Бо ты працівілася мне. Каб меў я меч у руцэ, забіў бы цябе!»
 
Білеам сказаў: «Бо ты працівілася мне. Каб меў я меч у руцэ, забіў бы цябе!»

Асліца сказала: «Ці ж я не твая асліца, на якой ездзіш ад пачатку да сённяшняга дня? Скажы: ці рабіла я табе калі-небудзь штосьці падобнае?» А ён кажа: «Ніколі».
 
Асьліца сказала: «Ці ж я не твая асьліца, на каторай езьдзіш ад пачатку да сёньняшняга дня? Ці ж я мела звычку так чыніць з табой?» А ён кажа: «Ніколі».

Раптам адкрыў Госпад вочы Балаама, і ён угледзеў Анёла Госпадава, што стаяў на дарозе, выцягнуўшы меч у руцэ сваёй; і пакланіўся ён тады анёлу да зямлі.
 
Раптам адкрыў Госпад вочы Білеама, і ён угледзеў анёла Госпадава, што стаяў на дарозе з выцягнутым мячом. Пакланіўся ён тады анёлу да зямлі.

Сказаў яму Анёл Госпадаў: «Навошта трэці раз біў ты асліцу сваю? Я прыбыў, каб заступіць табе дарогу, бо нядобрая твая дарога і мне варожая.
 
Сказаў яму анёл Госпадаў: «Навошта трэці раз біў ты асьліцу сваю? Я прыбыў і заступіў табе дарогу, бо нядобрая твая дарога.

І, бачачы мяне, асліца тры разы ўхілялася ад мяне; і каб не ўхілялася, забіў бы цябе, а яе пакінуў бы жывою».
 
Бачачы мяне, асьліца тры разы ўхілялася ад мяне, і каб не ўхілялася, я забіў бы цябе, а яе пакінуў бы жывую».

Балаам сказаў: «Зграшыў я, бо не ведаў, што ты заступіў мне дарогу; а цяпер, калі табе не падабаецца, вярнуся назад».
 
Білеам сказаў: «Саграшыў я, бо ня ведаў, што ты заступіў мне дарогу; а цяпер вось, калі табе не падабаецца, вярнуся назад».

Анёл Госпадаў сказаў: «Ідзі з тымі людзьмі, але сцеражыся, каб не гаварыць нічога іншага, акрамя таго, што Я табе загадаю». І пайшоў Балаам з князямі Балака.
 
Але анёл Госпадаў сказаў Білеаму: «Ідзі з тымі людзьмі, але сьцеражыся, не гавары чаго іншага, толькі тое, што я табе загадаю». І пайшоў Білеам з князямі Балака.

Калі пачуў Балак, што Балаам ідзе, выйшаў яму насустрач у Ар-Маабе, што знаходзіўся на самай мяжы Арнона;
 
Калі пачуў Балак, што Білеам ідзе, выйшаў яму на спатканьне аж да Ір-Маабу, гораду, каторы на мяжы пры Арноне.

і ён сказаў Балааму: «Ці ж не пасылаў я да цябе пасланцоў, каб паклікаць цябе? Чаму не адразу прыбыў ты да мяне? Няўжо я не магу ўшанаваць цябе?»
 
Ён сказаў Білеаму: «Ці ж не пасылаў я да цябе пасланцоў, каб паклікалі цябе? Чаму не адразу прыбыў ты да мяне? Няўжо я не магу ўшанаваць цябе?»

Балаам яму адказаў: «Вось, я прыбыў да цябе; ці ж магу што другое гаварыць, апрача таго, што мне ў вусны Бог уклаў?»
 
Білеам яму адказаў: «Вось, я прыбыў да цябе. Ці ж магу што другое гаварыць, апрача таго, што мне ў вусны Бог улажыў?»

Дык пайшлі Балак разам з Балаамам і прыбылі ў Карыят-Хусот.
 
Дык пайшлі Балак разам з Білеамам і прыбылі ў Кірыят-Хуцот.

І, калі Балак пазабіваў валоў і авечак, паслаў ён іх Балааму і князям, што з ім былі.
 
Балак пазабіваў валоў і авечак і паслаў Білеаму і князям, каторыя зь ім былі.

А з надыходам раніцы Балак завёў Балаама на вышыні Баала, і ўбачыў ён частку ізраэльскага народа.
 
З настаньнем раніцы Балак завёў Білеама на высоты Баала, каб адтуль убачыў ён частку Ізраэльскага народу.