Лікі 27 разьдзел

Лікі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

Прыйшлі ж дочкі Салпаада, сына Хэфэра, сына Галаада, сына Махіра, сына Манасы — з роду Манасы, які быў сынам Язэпа, а імёны іх: Маала, Ноа, Хэгла, Мэлха і Тэрса.
 
Прыйшлі вось дочкі Цэлафхада, сына Хэфэра, сына Гілеада, сына Махіра, сына Манасы, з роду Манасы, сына Язэпа, а імёны іх: Махля, Ноа, Хогля, Мілька і Тырца.

І сталі яны перад Майсеем, і Элеязэрам святаром, і князямі, і перад усёю супольнасцю ля дзвярэй палаткі сустрэчы і сказалі:
 
І сталі яны перад Майсеем і Элеазарам сьвятаром, і князямі, і перад ўсёю супольнасьцю ля дзьвярэй Палаткі Сустрэчы і сказалі:

«Бацька наш памёр у пустыні, і не ўдзельнічаў у бунце Корэ супраць Госпада, але памёр у сваім граху; і ён не меў сыноў.
 
«Бацька наш памёр у пустыні, і ня ўдзельнічаў у бунце Караха супраць Госпада, але памёр у сваім граху. Ён ня меў сыноў.

Чаму вынішчаецца імя яго ў родзе яго, бо ён не меў сына? Дайце нам уласнасць паміж братоў бацькі нашага».
 
Ці ж можа счэзнуць імя яго з роду ягонага, бо ня меў ён сына? Дайце нам спадчыну паміж братоў бацькі нашага».

І прынёс Майсей справу іх на суд Госпада,
 
І прынёс Майсей справу іхнюю на суд Госпада.

Які сказаў яму:
 
І Госпад сказаў яму:

«Справядліва дамагаюцца дочкі Салпаада. Дай ім уласнасць між братоў бацькі іх, і хай маюць спадчыну.
 
«Справядліва дамагаюцца дочкі Цэлафхада. Дай ім уласнасьць між братоў бацькі іхняга, і хай яны маюць спадчыну.

Сынам жа Ізраэля скажы так: “Калі чалавек памрэ без сына, яго спадчына пераходзіць на дачку;
 
Сынам жа Ізраэля скажы так: Калі чалавек памрэ бяз сына, яго спадчына пераходзіць на дачку.

калі не будзе ў яго дачкі, спадкаемцамі хай стануць браты яго.
 
Калі б ня меў дачкі, спадкаемцамі сталі б браты яго.

Калі б і братоў не было, аддасцё спадчыну братам бацькі яго.
 
Калі б і братоў не было, аддасьцё спадчыну братам бацькі яго.

Калі і братоў у бацькі не будзе, тады яго спадчына хай пераходзіць найбліжэйшаму сваяку ў яго родзе; і хай ён возьме спадчыну. Як загадаў Госпад Майсею, так хай будзе гэта сынам Ізраэля святыняй па вечным законе”».
 
Калі б і братоў у бацькі не было, тады яго спадчына пераходзіць найбліжэйшаму сваяку ў яго родзе, і ён возьме спадчыну. Як загадаў Госпад Майсею, такі будзе сынам Ізраэля сьвяты і вечны закон».

Таксама сказаў Госпад Майсею: «Узыдзі на гэту гару Абарым і паглядзі адтуль на зямлю, якую Я дам сынам Ізраэля.
 
Пасьля сказаў Госпад Майсею: «Узыйдзі на гэту гару Абарым і паглядзі адтуль на зямлю, якую Я дам сынам Ізраэля.

І калі агледзіш яе, ты пойдзеш да народа свайго, як пайшоў брат твой, Аарон,
 
Калі агледзіш яе, ты пойдзеш да народу свайго, як пайшоў брат твой, Аарон,

бо вы зняважылі Мяне ў пустыні Сін у час бунту супольнасці, бо не пажадалі аб’явіць святасці Маёй перад імі на водах». Гэта вада Мэрыбы каля Кадэса ў пустыні Сін.
 
бо вы зьняважылі Мяне ў пустыні Сін падчас бунту супольнасьці, бо не захацелі аб̀явіць сьвятасьці Маёй перад імі, (даючы ім) вады». Гэта вада Мэрыбы каля Кадэшу ў пустыні Сін.

Майсей адказаў Госпаду:
 
Майсей сказаў Госпаду:

«Хай прызначыць Госпад, Бог духаў і кожнага цела, чалавека, які кіраваў бы гэтай грамадою
 
«Хай прызначыць Госпад, Бог духаў і кожнага цела, чалавека, каторы кіраваў бы гэтым зграмаджэньнем,

і мог бы выступіць перад імі, выводзіць іх або ўводзіць, каб не стаў народ Госпадаў, як авечкі без пастуха».
 
і мог бы выступіць перад імі, выводзіць іх і ўводзіць, каб ня стаўся народ Госпадаў як авечкі без пастуха».

І сказаў Госпад яму: «Вазьмі Ешуа, сына Нуна, чалавека, на якім прабывае Дух, і ўскладзі руку сваю на яго.
 
Дык сказаў яму Госпад: «Вазьмі Ешуа, сына Нуна, чалавека, на якім прабывае Дух; і ўскладзі рукі твае на яго.

І паставіш яго перад Элеязэрам святаром і ўсёй супольнасцю, і на вачах ва ўсіх дай яму загады,
 
І пастаў яго перад Элеазарам сьвятаром і ўсёй супольнасьцю, і на віду ўсіх дай яму даручэньні.

і сваёй уладай падтрымай яго, каб слухала яго ўся супольнасць сыноў Ізраэля.
 
І сваёй уладай падтрымай яго, каб слухала яго ўся супольнасьць сыноў Ізраэля.

Стане ён перад Элеязэрам святаром, які пра яго параіцца з Госпадам праз суд урыму. Паводле яго загаду будзе выходзіць і ўваходзіць ён сам, і ўсе сыны Ізраэля з ім, і ўся супольнасць».
 
Стане ён перад Элеазарам сьвятаром, а ён пра яго параіцца з Госпадам праз суд урыму. Паводле яго загаду будзе выходзіць і ўваходзіць сам, і ўсе сыны Ізраэля зь ім, і ўся супольнасьць».

Майсей зрабіў так, як яму загадаў Госпад. І, калі паклікаў Ешуа, паставіў яго перад святаром Элеязэрам і ўсім прысутным народам;
 
Майсей зрабіў так, як яму загадаў Госпад. Паклікаў Ешуа, паставіў яго перад сьвятаром Элеазарам і ўсім прысутным народам,

і, усклаўшы на галаву яго рукі, паставіў яго правадыром, як загадаў Госпад праз Майсея.
 
і, усклаўшы на галаву яго рукі, паставіў яго правадыром, як загадаў Госпад праз Майсея.