Лікі 14 разьдзел

Лікі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

Дык увесь народ ў тую ноч плакаў уголас,
 
Дык усё зграмаджэньне ў тую ноч плакала ў голас,

і наракалі на Майсея і Аарона ўсе сыны Ізраэля, гаворачы: «Лепш было б, каб мы паўміралі ў Егіпце або ў той бязлюднай пустыні!
 
і наракалі на Майсея і Аарона ўсе сыны Ізраэля, і казалі: «Лепш, каб мы былі паўміралі ў Эгіпце, або ў той бязьлюднай пустыні.

Навошта завёў нас Госпад у гэтую зямлю, каб мы загінулі ад меча, а жонкі і дзеці нашы пайшлі ў палон? Ці не лепш нам вярнуцца ў Егіпет?
 
Навошта завёў нас Госпад у гэтую зямлю, каб мы загінулі ад мяча, а жонкі і дзеці нашыя пайшлі ў палон? Ці ня лепш нам вярнуцца ў Эгіпет?»

Адзін аднаму казалі: “Паставім сабе правадыра і вернемся ў Егіпет”».
 
І казалі адзін аднаму: «Пастановім сабе правадыра і вернемся ў Эгіпет».

Пачуўшы гэта, Майсей і Аарон палі вобліч на зямлю перад усёй грамадою сыноў Ізраэля.
 
Пачуўшы гэта, Майсей і Аарон упалі ніцма на зямлю перад усёй супольнасьцю сыноў Ізраэля.

А Ешуа, сын Нуна, і Калеб, сын Ефоны, якія самі аглядалі зямлю, раздзёрлі шаты свае
 
А Ешуа, сын Нуна, і Калеб, сын Ефунны, каторыя самі аглядалі зямлю, разьдзёрлі шаты свае

і казалі ўсёй грамадзе сыноў Ізраэля: «Зямля, якую мы абышлі, вельмі добрая.
 
і казалі ўсяму сабраньню сыноў Ізраэля: «Зямля, якую мы абыйшлі, вельмі добрая.

Калі ласкавы будзе Госпад, то ўвядзе нас у яе і дасць нам зямлю, што ацякае малаком і мёдам.
 
Калі ласкавы будзе Госпад, то ўвядзе нас у яе і дасьць нам зямлю, ацякаючую малаком і мёдам.

Не бунтуйце супраць Госпада і не палохайцеся народа той зямлі, бо, як хлеб, мы можам іх праглынуць. Адышла ад іх уся дапамога; Госпад з намі; не бойцеся».
 
Не бунтуйцеся супраць Госпада і не палохайцеся народу той зямлі, бо, як хлеб, мы іх праглынем. Яны ня маюць ніякай абароны, бо Госпад з намі; ня бойцеся іх».

І калі ўся грамада залямантавала і хацела іх укаменаваць, над палаткай сустрэчы з’явілася слава Госпада перад усімі сынамі Ізраэля,
 
Уся супольнасьць з абурэньнем гаманіла і хацела іх укаменаваць, калі над Палаткай Сустрэчы зьявілася хвала Госпада на віду ўсіх сыноў Ізраэля.

і прамовіў Госпад да Майсея: «Дакуль будзе зневажаць Мяне народ гэты? І дакуль не будзе ён верыць усім знакам, якія Я ўчыніў перад ім?
 
І прамовіў Госпад да Майсея: «Дакуль будзе зьневажаць Мяне народ гэты? Дакуль жа ня будзе ён верыць усім знакам, каторыя Я ўчыніў перад ім?

Такім чынам, Я адведаю іх пошасцю і вынішчу; з цябе ж зраблю вялікі народ, мацнейшы за іх».
 
Я адведаю іх пошасьцю і зусім выгублю. Зь цябе ж Я зраблю вялікі народ, мацнейшы за іх».

І Майсей сказаў Госпаду: «Хай пачуюць егіпцяне, з грамады якіх вывеў Ты народ гэты магутнасцю Сваёй,
 
Майсей жа сказаў Госпаду: «Вось жа пачуюць Эгіпцяне, ад каторых вывеў Ты народ гэты магутнасьцю Сваёй,

і хай яны скажуць жыхарам той зямлі, бо яны чулі, што Ты, Госпадзе, знаходзішся ў народзе гэтым і паказваешся тварам да твару, і воблака Тваё пакрывае іх, і Ты ідзеш перад імі ўдзень у слупе воблачным, а ўначы — у слупе вогненным.
 
і будуць пра гэта казаць жыхарам той зямлі, каторыя чулі, што Ты, Госпадзе, даешся бачыць Сябе тварам у твар, і воблака Тваё стаіць над імі, і Ты ідзеш перад імі днём у слупе воблачным, а ноччу ў слупе вогненным.

І калі гэты народ заб’еш да апошняга чалавека, народы, якія чулі голас Твой, скажуць:
 
Дык калі гэты народ выб'еш да апошняга чалавека, народы, каторыя пра гэта пачуюць, скажуць аб Табе:

“Госпад не мог увесці народ у зямлю, аб якой ім прысягнуў, таму забіў іх у пустыні!”
 
«Госпад ня мог увесьці народ у зямлю, якую ім запрысяг, дзеля таго Ён выбіў іх у пустыні!»

Дык хай уславіцца магутнасць Госпада, як Ты прысягнуў, кажучы:
 
Дык хай праславіцца моц Госпада, як Ты запрысяг, кажучы:

“Госпад цярплівы ў бязмежнай міласэрнасці, што прабачае правіннасць і злачынствы і не пакідае нікога без пакарання, Ён карае грахі бацькоў на сынах да трэцяга і чацвёртага пакалення”.
 
«Госпад цярплівы і бязьмежнага міласэрдзя, Які прабачае правіны і грахі і не пакідае без пакараньня, але карае беззаконьні бацькоў на сынах да трэцяга, а нават да чацьвёртага пакаленьня».

Малю, даруй грэх народу гэтаму дзеля вялікай міласэрнасці Тваёй, як Ты быў ласкавы да народа гэтага ад Егіпта аж да гэтага месца».
 
Дык даруй правіну народу гэтаму дзеля вялікай ласкавасьці Тваёй, як Ты прабачаў народу гэтаму ад Эгіпту аж дасюль».

І сказаў Госпад: «Вось жа, Я прабачаю паводле слова твайго.
 
І сказаў Госпад: «Вось жа Я прабачаю паводле слова твайго.

Я жыву, і слава Госпада напаўняе ўсю зямлю!
 
Але, як Я жывы, хвала Госпада напоўніць усю зямлю!

І ўсё ж людзі, якія бачылі веліч Маю і знакі, якія чыніў Я ў Егіпце і ў пустыні, спакушалі Мяне ўжо дзесяць разоў і не слухаліся голасу Майго,
 
Усе людзі, каторыя бачылі славу Маю і знакі, каторыя чыніў Я ў Эгіпце і ў пустыні, а ўсё ж такі спакушалі Мяне ўжо дзесяць разоў, ды ня слухалі голасу Майго,

не пабачаць яны зямлі, якою прысягнуў Я бацькам іх, і ніхто з тых, хто зневажаў Мяне, не будзе аглядаць яе.
 
не пабачаць яны зямлі, якую запрысяг Я бацькам іхнім, і ніхто з тых, хто зьневажаў Мяне, ня будзе аглядаць яе.

Паслугача Свайго Калеба, поўнага іншага духа, які ідзе за Мною, увяду Я ў тую зямлю, якую ён абышоў, і нашчадкі яго авалодаюць ёю.
 
Толькі слугу Майго Калеба, поўнага іншага духа, каторы ідзе за Мною, увяду Я ў тую зямлю, у каторую ён ўжо ўвайшоў, і патомства ягонае авалодае ёю.

Таму што Амалек і хананеі жывуць у далінах, заўтра здыміцеся з лагера і вярніцеся ў пустыню шляхам да Чырвонага мора».
 
Няхай Амалек і Хананейцы жывуць у далінах; заўтра падымеце табар і вернецеся ў пустыню ў накірунку Чырвонага мора».

І казаў Госпад Майсею і Аарону, гаворачы:
 
І далей казаў Госпад Майсею і Аарону:

«Дакуль гэтая грамада найгоршая будзе наракаць на Мяне? Чуў Я нараканні сыноў Ізраэля.
 
«Дакуль гэтая грамада ліхая будзе наракаць на Мяне? Чуў Я нараканьні сыноў Ізраэля.

Таму скажы ім: “Жыву Я, кажа Госпад, як вы гаварылі, бо Я чуў, гэтак зраблю вам!
 
Дык скажы ім: «Жыву Я, кажа Госпад. Як вы гаварылі, Я пачуў, і гэтак зраблю вам!

У гэтай пустыні будуць ляжаць трупы вашы! Усе, што палічаны былі ад дваццаці гадоў і вышэй і што наракалі на Мяне,
 
У гэтай пустыні пападаюць трупы вашыя! Усе, што наракалі на Мяне, ад дваццаці гадоў і вышэй, палічаны.

не ўвойдзеце вы ў зямлю, над якой Я падняў руку Сваю, каб пасяліць вас, апрача Калеба, сына Ефоны, і Ешуа, сына Нуна.
 
Ня ўвойдзеце вы ў зямлю, на каторай Я, падымаючы руку Маю, запрысяг пасяліць вас, апрача Калеба, сына Ефунны, і Ешуа, сына Нуна.

Дзяцей жа вашых, пра якіх вы гаварылі, што будуць яны здабычай ворагаў, Я ўвяду, каб убачылі зямлю, якая вам не спадабалася.
 
А дзяцей вашых, аб каторых вы казалі, што яны будуць здабычай ворагаў, Я ўвяду, каб аглядалі зямлю, якою вы ўзгардзілі.

Вашы трупы будуць ляжаць у гэтай пустыні;
 
Што да вас, то вашыя трупы будуць ляжаць у гэтай пустыні.

сыны вашы будуць пастухамі ў пустыні сорак гадоў і будуць цярпець за распусту вашу, пакуль не знікнуць трупы вашы ў пустыні.
 
А сыны вашыя будуць блукаць у пустыні сорак гадоў і будуць цярпець за нявернасьць вашую, пакуль ня счэзнуць трупы вашыя ў пустыні.

Па ліку сарака дзён, на працягу якіх аглядалі вы зямлю, — год будзе залічаны за дзень, — сорак гадоў вы будзеце выносіць несправядлівасці вашы і даведаецеся, што такое помста Мая.
 
Па ліку сарака дзён, на працягу якіх аглядалі вы зямлю, год будзе залічаны за дзень, значыць, сорак гадоў вы будзеце пакутаваць за грахі вашыя і даведаецеся, што такое, калі Я пакінуў вас.

Я, Госпад, сказаў і так зраблю гэтай найгоршай грамадзе, што ўзбунтавалася супраць Мяне: у гэтай пустыні вы загінеце і памраце”».
 
Я, Госпад, сказаў і гэтак зраблю гэтаму ліхому зграмаджэньню, каторае бунтуецца супраць Мяне. У гэтай пустыні вы загінеце і памрэцё».

Такім чынам, усе людзі, якіх паслаў Майсей на агляданне зямлі і якія, вярнуўшыся, прымусілі ўсю грамаду наракаць, падаючы ліхія весткі аб зямлі,
 
І вось усе тыя людзі, каторых паслаў Майсей на зьведаньне зямлі, і каторыя, вярнуўшыся, справакавалі ўсю супольнасьць да нараканьня, падаючы ліхія весткі аб зямлі,

памерлі і былі ўдараны ў прысутнасці Госпада.
 
тыя, што разносілі ліхія весткі аб зямлі той, памерлі раптоўна ў прысутнасьці Госпада.

Аднак Ешуа, сын Нуна, і Калеб, сын Ефоны, засталіся жывымі з усіх, хто хадзілі аглядаць зямлю.
 
Аднак Ешуа, сын Нуна, і Калеб, сын Ефунны, засталіся жывымі з усіх тых людзей, каторыя хадзілі выведваць зямлю.

І ўсе гэтыя словы пераказаў Майсей усім сынам Ізраэля, і народ вельмі засмуткаваў.
 
Усе гэтыя словы пераказаў Майсей усім сынам Ізраэля, а народ вельмі засмуціўся.

І вось, устаўшы раніцай, узышлі яны на вяршыню гары і казалі: «Гатовы мы пайсці ў зямлю, пра якую казаў Госпад, бо мы зграшылі»,
 
Устаўшы назаўтра рана, узыйшлі яны на вяршыню гары і казалі: «Гатовыя мы пайсьці ў зямлю, пра каторую казаў Госпад, бо бачым, што мы саграшылі».

Майсей сказаў ім: «Чаму вы пераступаеце слова Госпада? Гэта не пойдзе вам на карысць.
 
Майсей сказаў ім: «Чаму вы пераступаеце волю Госпада? Гэта ня будзе мець посьпеху.

Не ідзіце, бо няма Госпада з вамі, каб не загінулі вы ад ворагаў вашых!
 
Не ідзіце, бо няма Госпада з вамі, каб не пагінулі вы ад ворагаў вашых!

Амалекцы і хананеі перад вамі, ад іх меча загінеце, таму што вы не пажадалі знайсці супакой у Госпадзе, і не будзе з вамі Госпад».
 
Амалек вось і Хананейцы перад вамі, ад іхняга мяча пагінеце, таму што вы адступіліся ад Госпада, і ня будзе з вамі Госпада».

Але, ахутаныя цемраю, яны ўзышлі на вяршыню гары; каўчэг жа Госпадава запавету і Майсей не выйшлі з лагера.
 
Але яны вырашылі ўзыйсьці на вяршыню гары; Каўчэг жа Госпадавага запавету і Майсей ня выйшлі з табару.

І выйшлі амалекцы і хананеі, што пражывалі на гары, і, удараючы іх і забіваючы, гналі іх аж да Хормы.
 
Тады зыйшлі Амалекцы і Хананейцы, што пражывалі на гары, і разьбілі іх, і гналі іх аж да Хармы.