Лікі 18 разьдзел

Лікі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

І сказаў Госпад Аарону: «Ты, і сыны твае, і дом бацькі твайго з табой, будзеце адказныя за правіннасць адносна скініі; ты і сыны твае будзеце адказныя таксама за грахі вашага святарства.
 
Дык сказаў тады Госпад Аарону: «Ты і сыны твае, і дом бацькі твайго з табой будзеце адказныя за праступкі, дапушчаныя ў Скініі. Ты і сыны твае будзеце адказныя за грахі вашага сьвятарства.

Але вазьмі сабе таксама братоў сваіх з пакалення Леві, племя бацькі твайго, хай будуць яны пры табе і хай служаць табе; а ты і сыны твае служыце пры палатцы сустрэчы.
 
Вазьмі сабе таксама братоў тваіх, пакаленьне Левія, племя бацькі твайго, хай будуць яны пры табе і дапамагаюць табе; а ты і сыны твае з табою будзеце пры Палатцы Сустрэчы.

І хай левіты рупяцца аб загадах тваіх і аб усіх справах скініі, так, каб не набліжацца да прыналежнасцей свяцілішча і да ахвярніка, каб яны не памерлі, і яны, і вы разам з імі таксама.
 
Хай рупяцца яны пра тое, што патрэбнае для цябе і для Скініі. Але да сьвятых рэчаў і да ахвярніка ня могуць яны прыступацца, каб не памерлі і яны, і вы разам зь імі.

Яны ж хай будуць з табою і хай рупяцца аб ахове палаткі сустрэчы і аб усёй службе ў ёй; ніводзін чужынец не можа набліжацца да вас.
 
Хай будуць яны пры табе і хай рупяцца пра ўсё адносна Палаткі Сустрэчы, пра ўсю службу ў Скініі. Але ніводзін чужынец ня можа набліжацца да вас.

Вы рупцеся аб абслугоўванні скініі і аб абслугоўванні ахвярніка, каб не ўзгарэўся зноў гнеў на сыноў Ізраэля.
 
Вы рупцеся пра абслугу Скініі ды пра абслугу ахвярніка, каб не ўзгарэўся зноў гнеў на сыноў Ізраэля.

Узяў Я братоў вашых, левітаў, з грамады сыноў Ізраэля і аддаў іх як дар Госпаду, каб спаўнялі службу ў палатцы сустрэчы.
 
Вось жа ўзяў Я братоў вашых, левітаў, спасярод сыноў Ізраэля і даў іх як дар Госпаду, каб спаўнялі службу ў Палатцы Сустрэчы.

А ты і сыны твае захоўвайце святарства ваша і ва ўсім, што тычыцца ўбрання ахвярніка і месца за заслонаю, служыце. Даю Я вам дар службы святарства, а калі хто чужы наблізіцца, пакараны будзе смерцю».
 
І ты і сыны твае беражыце сьвятарства вашае і ўсё, што належыць да абслугі ахвярніка і месца за заслонай. Даю Я вам дар службы сьвятарства, а хто чужы прыступіцца, пакараны будзе сьмерцю».

І казаў Госпад Аарону: «Вось, Я даручаю табе нагляд за дарамі Маімі. Усё, што пасвячаецца сынамі Ізраэля, Я перадаю табе і сынам тваім за служэнне святарскае як закон вечны.
 
Далей казаў Госпад Аарону: «Я даручаю табе нагляд за дарамі Маімі. Усе дары, каторыя пасьвячаюцца сынамі Ізраэля, Я перадаю табе і сынам тваім за служэньне сьвятарскае як закон вечны.

Такім чынам, з дароў найсвяцейшых, за выключэннем таго, што будзе спалена, вазьмі наступнае: кожны дар і ахвяру за грэх і злачынства, што аддаецца Мне, як рэчы найсвяцейшыя, хай будуць яны належаць табе і сынам тваім.
 
З дароў найсьвяцейшых, за выключэньнем тога, што будзе спалена, возьмеш сабе кожны дар і ахвяру за грэх, ахвяру зь яды і ахвяру аднагараджэньня, якія Мне прыносяць; як рэчы найсьвяцейшыя будуць яны належаць табе і сынам тваім.

У свяцілішчы павінен ты іх есці; толькі мужчыны могуць есці гэта, бо гэта святыня для цябе.
 
У месцы найсьвяцейшым будзеш іх есьці; толькі мужчыны могуць есьці гэта, бо гэта сьвятыня для цябе.

Каштаванне дароў, якія сыны Ізраэля склалі дзеля паднашэння, Я даю табе, і сынам тваім, і дочкам тваім як закон вечны; кожны чысты ў доме тваім хай спажывае іх.
 
Дары ахвярныя, патрасаныя парад Госпадам, якія складаюць сыны Ізраэля, Я даю табе, і сынам тваім, і дочкам тваім як закон вечны; кожны чысты ў доме тваім хай спажывае іх.

Табе Я даю ўсё, што лепшае з алею, з віна і са збожжа, усё, што сыны Ізраэля прыносяць Госпаду як першыя плады.
 
Табе Я даю ўсё, што найлепшае з алею, усё, што найлепшае зь віна і збожжа, каторае сыны Ізраэля прыносяць Госпаду як першыя плады.

Усе пяршыні пладоў, якія родзіць зямля і якія прыносяцца Госпаду, хай пойдуць табе на ўжыванне: кожны, хто чысты ў доме тваім, хай іх спажывае.
 
І пяршыны, каторыя яны прыносяць Госпаду з усёй іхняй зямлі, належаць табе. Кожны, хто чысты спаміж тваёй сям'і, можа іх спажываць.

Усё, што заклятае ў Ізраэлі, хай тваім будзе.
 
Усё, што заклятае ў Ізраэлю, тваім будзе.

Усё жывое, што першым раскрывае ўлонне маці, што прыносіцца ў ахвяру Госпаду, ці з людзей, ці з жывёлы, хай тваім будзе па праве; зрабі так, каб было выкуплена першароднае ад чалавека і ўсякая жывёла, што з’яўляецца нячыстай.
 
Усе першародныя ўлоньня маткі, каторыя прыносяцца ў ахвяру Госпаду, ці зь людзей, ці з жывёлы, тваімі будуць. Што да людзей першародных і кожнай жывёлы, каторая нячыстая, іх трэба выкупіць.

Выкуп гэтага хай бярэцца праз адзін месяц па нараджэнні ў пяць сікляў срэбра па вазе святыні; сікль мае дваццаць гераў.
 
Выкуп бярэцца празь месяц па нараджэньні ў пяць сыкляў серабра па вазе сьвятыні; сыкль мае дваццаць гераў.

А першароднае каровы, або авечкі, або казы не выкупляй, бо яны прысвечаны Госпаду; толькі кроў іх вылі на ахвярнік, а тлушч іх спалі дзеля паху, найпрыемнейшага Госпаду.
 
Першародных кароваў, авец і козаў ня будзеш выкупляць, бо яны пасьвячаны Госпаду. Іхнюю толькі кроў выльеш на ахвярнік, а тлушч іх спаліш у агні на мілы пах Госпаду.

Мяса ж хай пойдзе табе на ўжыванне, так, хай тваімі будуць грудзінка ўзнятая і правая лапатка.
 
Мяса ж іхняе табе належыць, грудзіна патрасаная і правая лапатка будуць тваімі.

Усе каштаванні святыя, якія ахвяруюць сыны Ізраэля Госпаду, Я даю табе, і сынам, і дочкам тваім як закон вечны: гэта вечны закон солі перад Госпадам для цябе і дзяцей тваіх».
 
Усе дары сьвятыя, якія ахвяроўваюць сыны Ізраэля Госпаду, Я даю табе, і сынам, і дочкам тваім як закон вечны. Гэта вечны закон солі перад Госпадам для цябе і сыноў тваіх».

І казаў Госпад Аарону: «У зямлі іх не будзеце мець ніякай уласнасці, і не будзеце мець між імі часткі зямлі: Я — частка твая і спадчына твая ў грамадзе сыноў Ізраэля.
 
Далей казаў Госпад Аарону: «У зямлі іхняй ня будзеш мець ніякай уласнасьці і ня будзеш мець між імі часткі зямлі. Я — частка твая і спадчына твая між сынамі Ізраэля.

А сынам Леві даю Я як спадчыну ўсе дзесяціны Ізраэля за служэнне, якое яны выконваюць для Мяне ў палатцы сустрэчы,
 
Вось жа сынам Левія даю Я як спадчыну ўсе дзесяціны, складаныя сынамі Ізраэля, за служэньне, якое яны выконваюць для Мяне ў Палатцы Сустрэчы.

каб не набліжаліся больш да палаткі сустрэчы і каб не дапусціліся граху аж да смерці.
 
Сыны ж Ізраэля не павінны прыступаць да Палаткі Сустрэчы, каб не дапусьціліся грэху ды не памерлі.

Адны толькі левіты могуць выконваць служэнне ў палатцы сустрэчы і адказваць за грахі народа; гэта хай будзе закон вечны для пакаленняў вашых; хай не будуць яны мець спадчыны ў грамадзе сыноў Ізраэля.
 
Адны толькі левіты могуць выконваць служэньне ў Палатцы Сустрэчы і несьці на сабе грэх іхні. Гэта закон вечны для нашчадкаў вашых. Левіты ня будуць мець спадчыны між сынамі Ізраэля,

Бо Я даў левітам у спадчыну дзесяціны, якія сыны Ізраэля ахвяроўваюць Госпаду». Акрамя таго, сказаў Я ім: «У грамадзе сыноў Ізраэля не будзеце вы мець уласнасці».
 
бо Я даў левітам у спадчыну дзесяціны, якія сыны Ізраэля ахвяроўваюць Госпаду. Дзеля таго сказаў Я ім: Між сыноў Ізраэля ня будзеце вы мець спадчыны».

І гаварыў Госпад Майсею, кажучы:
 
Пасьля гаварыў Госпад Майсею:

«Аб’яві левітам і скажы ім: “Калі вы атрымаеце дзесяціны ад сыноў Ізраэля, якія Я даў вам у спадчыну, то вы павінны ўзняць каштаванне іх для Госпада, гэта значыць дзесятую частку ад дзесяці,
 
«Аб'яві левітам і скажы ім: Калі вы атрымаеце дзесяціны ад сыноў Ізраэля, каторыя Я даў вам у спадчыну, то дзесятую частку маеце адкласьці Госпаду.

каб было вам залічана за каштаванне як тое, што з палёў, так і тое, што з давільняў.
 
Гэта будзе вам залічана як ахвяра ад збожжа з току або ад тога, што напаўняе тоўчню.

Так з усяго, з чаго вы атрымліваеце пяршыні ад сыноў Ізраэля, вы павінны ўзносіць Госпаду: павінны даць Аарону святару.
 
І вы таксама павінны складаць Госпаду ахвяры зь дзесяцінаў, каторыя атрымоўваеце ад сыноў Ізраэля; прынясіце Госпаду і дайце сьвятару Аарону.

Усё, што атрымліваеце з дзесяцін, выдзеліце ў дар Госпаду; хай будзе ён найлепшы і адборны”.
 
З усяго, што атрымліваеце зь дзесяцін, выдзеліце дары Госпаду, і хай будуць яны найлепшыя і адборныя.

І скажы ім: “Калі вы зложыце ў ахвяру з дзесяцінаў усё адборнае і найлепшае, то будзе вам залічана, як быццам вы аддалі плады з тока і давільні;
 
І скажы ім: Калі вы зложыце ў ахвяру зь дзесяцінаў што адборнае і найлепшае, то гэта будзе вам залічана як ахвяра з току і з тоўчні.

і можаце гэта есці на кожным вашым месцы, як вы, так і сем’і вашы, бо гэта плата за вашу службу ў палатцы сустрэчы.
 
Можаце гэта есьці на кожным месцы разам з усімі, хто належыць да вашых сем'яў. Гэта бо плата за вашую службу ў Палатцы Сустрэчы.

І не грашыце ў гэтым, зберагаючы для сябе адборнае і тлустае, каб не апаганіць ахвяры сыноў Ізраэля і не памерці”».
 
Калі адберыцё тое, што найлепшае, не саграшыце, і не зьняважыце сьвятых дароў Ізраэля, і не памрыцё».