Лікі 16 разьдзел

Лікі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

І вось Корэ, сын Ісаара, сына Кагата, сына Леві, і Датан і Абірам, сыны Эліяба, таксама Гон, сын Пэлета, з сыноў Рубэна,
 
Вось жа Карах, сын Іцгара, сына Кегата, сына Левія, а таксама Датан і Абірам, сыны Эліяба, і Он, сын Пэлета, з сыноў Рубэна,

паўсталі супраць Майсея разам з іншымі сынамі Ізраэля, — дзвесце пяцьдзесят чалавек, кіраўнікі супольнасці, пакліканыя на сход, людзі вядомыя.
 
паўсталі супраць Майсея разам зь іншымі сынамі Ізраэля, у лічбе двухсот пяцідзесяці чалавек, начальнікі супольнасьці, прадстаўнікі народу, людзі слаўныя.

І калі выступілі яны супраць Майсея і Аарона, яны казалі: «Хопіць вам, бо ўся супольнасць, усе — святыя, і сярод іх ёсць Госпад! Чаму вы ставіце сябе вышэй за грамаду Госпадаву?»
 
Выступілі яны супраць Майсея і Аарона і сказалі: «Хопіць вам, бо ўся супольнасьць, усе — сьвятыя, і пасярод іх ёсьць Госпад; дык чаму вы ставіце сябе вышэй зграмаджэньня Госпадавага?»

Калі пачуў гэта Майсей, упаў на твар
 
Калі пачуў гэта Майсей, упаў вобліч.

і сказаў Корэ і ўсяму сходу: «Раніцай пакажа Госпад, хто да Яго належыць і хто святы, каб прытуліць да Сябе; і каго Ён выбера, таго Ён наблізіць да Сябе.
 
І сказаў Караху ды ўсяму сабраньню: «Заўтра пакажа Госпад, хто да Яго належыць, і хто сьвяты, і сьвятых прытуліць да сябе; і каго Ён выбярэ, таго Ён наблізіць да Сябе.

Дык вось што зрабіце: ты, Корэ, і ўвесь твой сход вазьміце кожны кадзільніцу сваю;
 
Дык вось што зрабіце: Хай Карах і ўсе яго супольнікі возьмуць кадзільніцы свае,

і калі заўтра будзе запалены агонь, пакладзіце іх на кадзіла перад Госпадам; і каго выбера Госпад, той святы. Досыць вам, сыны Леві!»
 
і хай у іх укладуць агонь, і заўтра пакладуць у іх кадзіла перад Госпадам, і каго выбярэ Госпад, той сьвяты. Досыць вам, сыны Левія».

І сказаў Майсей зноў Корэ: «Слухайце, сыны Леві:
 
І сказаў Майсей Караху: «Слухайце, сыны Левія:

ці мала вам, што Бог Ізраэля аддзяліў вас ад усёй супольнасці Ізраэля і далучыў вас да Сябе, каб вы служылі Яму ў скініі Госпада і каб стаялі перад шматлікім народам і служылі за яго?
 
ці мала вам, што Бог Ізраэля аддзяліў вас спаміж усёй супольнасьці Ізраэля, і выбраў вас Сабе, каб вы служылі Яму ў Скініі Госпада, і каб стаялі перад народам, і паслугавалі за іх?

Таму Ён дапусціў цябе да Сябе і ўсіх братоў тваіх, сыноў Леві, а вы дамагаецеся яшчэ святарства для сябе,
 
І Ён дапусьціў цябе да Сябе і ўсіх братоў тваіх, сыноў Левія, а вы дамагаецеся яшчэ сьвятарства,

і ўвесь твой сход паўстаў супраць Госпада? Кім жа ёсць Аарон, каб вы наракалі на яго?»
 
і ўсё тваё зборышча выступае супраць Госпада? Хто ж такі Аарон, што вы наракаеце супраць яго?»

Дык паслаў Майсей, каб паклікаць Датана і Абірама, сыноў Эліяба, але яны сказалі: «Не пойдзем!
 
І паслаў Майсей паклікаць Датана і Абірама, сыноў Эліяба, але яны сказалі: «Ня пойдзем!

Ці мала табе, што ты вывеў нас з зямлі, што ацякала малаком і мёдам, каб загубіць нас у пустыні, і яшчэ хочаш валадарыць над намі?
 
Ці мала табе, што ты вывеў нас зь зямлі, ацякаючай малаком і мёдам, каб выгубіць нас у пустыні, і яшчэ хочаш панаваць над намі?

На самай справе не ўвёў ты нас у зямлю, што ацякае малаком і мёдам, і не даў нам ва ўласнасць палёў і вінаграднікаў! Ці ты хочаш вочы гэтых людзей асляпіць? Не пойдзем!»
 
На самой справе ня ўвёў ты нас у зямлю, ацякаючую малаком і мёдам, і ня даў нам на ўласнасьць палёў і вінаграднікаў! Хочаш вочы людзей засьляпіць? Ня пойдзем!»

І Майсей разгневаўся надта і сказаў Госпаду: «Не прымай іх ахвяры. Ты ведаеш, што я ніколі не ўзяў бы нават асла ад іх і нікому з іх я не ўчыніў крыўды».
 
Дык Майсей разгневаўся надта і сказаў Госпаду: «Не прымай іхняе ахвяры! Ніводнаму зь іх ня ўзяў я нават асла і нікога зь іх я ня скрыўдзіў».

І сказаў Майсей Корэ: «Заўтра ты і ўвесь сход твой паасобку станьце перад Госпадам, ты і Аарон асобна.
 
Потым сказаў Майсей Караху: «Заўтра ты і ўсе супольнікі твае станьце перад Госпадам, ты і Аарон — асобна.

І вазьміце кожны сваю кадзільніцу і пакладзіце на іх кадзіла, прыносячы Госпаду дзвесце пяцьдзесят кадзільніц; ты і Аарон трымайце кожны сваю кадзільніцу».
 
І возьмеце кожны сваю кадзільніцу і пакладзіцё ў іх кадзіла, і прынясіцё перад Госпада кожны сваю кадзільніцу, дзьвесьце пяцьдзесят кадзільніц; ты і Аарон будзеце трымаць кожны сваю кадзільніцу».

І ўзяў кожны сваю кадзільніцу, паклаўшы ў іх агонь і духмянасці, і сталі пры ўваходзе ў палатку сустрэчы. Гэта ж зрабілі Майсей і Аарон.
 
Дык кожны ўзяў сваю кадзільніцу, уклаў у яе агонь, насыпаў кадзіла, і станулі яны ля ўваходу Палаткі Сустрэчы, сталі таксама Майсей і Аарон.

Корэ сабраў насупраць іх увесь сход ля ўваходу ў палатку сустрэчы, з’явілася перад усімі слава Госпада.
 
І сабраў Карах супраць іх усё сабраньне ля ўваходу ў Палатку Сустрэчы. І паказалася ўсім хвала Госпадава.

І Госпад сказаў Майсею і Аарону, гаворачы:
 
І Госпад сказаў Майсею і Аарону:

«Адлучыцеся ад сходу гэтай грамады, каб Я іх знішчыў у момант».
 
«Адлучыцеся ад гэтай грамады, Я іх зьнішчу ў момант».

Яны тады ўпалі на твар і сказалі: «Божа, Божа, ад Якога залежыць жыццё ўсяго жывога, ці Сваім гневам хочаш усіх ахапіць, калі хто адзін зграшыў?»
 
Яны тады ўпалі вобліч і малілі: «Божа, Божа, ад Каторага залежыць жыцьцё ўсяго жывога, ці Сваім гневам хочаш усіх ахапіць, калі толькі адзін хто саграшыў?»

І сказаў Госпад Майсею:
 
Дык сказаў Госпад Майсею:

«Загадай усяму народу, каб адышлі яны ад жылля Корэ, Датана і Абірама».
 
«Загадай усяму народу адыйсьці ад жытлаў Караха, Датана і Абірама».

І ўстаў Майсей, і пайшоў да Датана і Абірама, а старэйшыны Ізраэля пайшлі за ім,
 
Тады ўстаў Майсей і пайшоў да Датана і Абірама, а старшыні Ізраэля пайшлі за ім.

і сказаў ён натоўпу: «Адыдзіце ад жылля бязбожных людзей і не дакранайцеся ні да чаго, што ім належыць, каб не ўпасці ў іх грахі!»
 
І сказаў ён сабраўшымся: «Адыйдзіце ад палаткаў гэтых бязбожных людзей! І не дакранайцеся нічога, што да іх належыць, каб вы не пагінулі празь іх грахі!»

І калі кругом адышліся яны ад жылля іх, Датан і Абірам, выйшаўшы, сталі перад уваходам у свае палаткі разам са сваімі жонкамі, сынамі і малымі дзецьмі.
 
Дык адыйшліся ўсе ад месца пражываньня Караха, Датана і Абірама. Датан жа і Абірам выйшлі і станулі перад уваходам у свае палаткі разам са сваімі жонкамі, сынамі і малымі дзецьмі.

І сказаў Майсей: «З гэтага пазнаеце, што Госпад паслаў мяне, каб я чыніў усё, што бачыце, і што гэта не ад свайго сэрца я прапанаваў вам:
 
Тады сказаў Майсей: «З гэтага даведаецеся, што Госпад паслаў мяне, каб чыніў усё, што бачыце, і што гэта не ад мяне выйшла.

калі яны памруць звычайнаю смерцю людзей і іх спасцігне кара, якая звычайна спасцігае астатніх, то Госпад не паслаў мяне.
 
Калі гэтыя людзі памруць, як усе людзі паміраюць, ды калі іх лёс будзе такі, які і ў кожнага чалавека, то Госпад не паслаў мяне.

А калі Госпад даканае штосьці незвычайнае, што зямля разявіць пашчу сваю і праглыне іх і ўсё, што ім належыць, і жывыя трапяць яны ў пекла, то ведайце, што яны ганьбілі Госпада».
 
А калі Госпад даканае штосьці незвычайнае, што зямля разявіць пашчу сваю і праглыне іх і ўсё, што да іх належыць, і жывыя пападуць яны ў адхлань, то ведайце, што яны блявузгалі на Госпада».

Такім чынам зараз жа, як перастаў гаварыць, расступілася зямля пад іх нагамі
 
І зараз жа, як перастаў гаварыць, расступілася зямля пад іхнімі нагамі;

і, разявіўшы пашчу сваю, праглынула іх разам з іх сем’ямі, усіх людзей Корэ з усёй іх маёмасцю;
 
і, раскрыўшы пашчу сваю, праглынула іх разам зь іх сем'ямі, ўсіх людзей Караха з усёй іх маёмасьцю.

і жывыя трапілі яны ў пекла, зямлёю накрытыя, і былі вынішчаны з грамады.
 
І так жывыя папалі яны ў адхлань, і зямля накрыла іх, і былі вынішчаны спаміж супольнасьці.

Усе ж ізраэльцы, што стаялі навокал, паўцякалі, кажучы на лямант тых, хто гінуў: «Каб часам і нас зямля не праглынула».
 
Усе ж Ізраэльцы, каторыя стаялі навокал, на крык гінучых паўцякалі, кажучы: «Каб часам і нас зямля не праглынула».

Затым агонь, выйшаўшы ад Госпада, спаліў дзвесце пяцьдзесят чалавек, якія неслі кадзіла.
 
Затым агонь выйшаў ад Госпада і спаліў дзьвесьце пяцьдзесят чалавек, каторыя ахвяроўвалі кадзіла.

І гаварыў Госпад Майсею, кажучы:
 
І гаварыў зноў Госпад Майсею:

«Загадай Элеязэру, сыну Аарона святара, каб сабраў кадзільніцы, што ляжалі на папялішчы, і каб ён параскідаў агонь сям-там, бо яны асвяціліся
 
«Загадай Элеазару, сыну Аарона сьвятара, каб сабраў з пажарышча кадзільніцы, а агонь хай выкіне зь іх куды далей, бо яны пасьвячаны,

ў смерці грэшнікаў; хай з іх зробіць пласцінкі і прымацуе іх да ахвярніка, таму што іх прынеслі Госпаду, і яны асвяціліся, каб быць сынам Ізраэля перасцярогай».
 
тыя кадзільніцы, сьмерцю грэшнікаў. Хай зь іх зробяць тонкія бляхі на пакрыцьцё ахвярніка, таму што іх прынесьлі Госпаду, і яны пасьвячаны, ды каб былі яны сынам Ізраэля перасьцярогай».

Такім чынам, прынёс святар Элеязэр медныя кадзільніцы, з якімі прыйшлі тыя, каго спаліў пажар, і перарабіў іх на пласціны, што прымацоўваюцца да ахвярніка,
 
Дык прынёс Элеазар мядзяныя кадзільніцы, каторыя прынесьлі тыя, што былі спалены, і перарабілі іх на бляху на пакрыцьцё ахвярніка,

каб потым ведалі сыны Ізраэля, каб памяталі, каб ніхто чужы, хто не належыць да нашчадкаў Аарона, не прыходзіў, каб несці кадзіла перад Госпадам, каб не сталася з ім тое, што з Корэ і супольнікамі яго, як казаў Госпад Майсею.
 
на памяць сынам Ізраэля, каб ніхто чужы, які не належыць да патомства Аарона, не прыносіў кадзіла перад Госпада ды не сталася зь ім тое, што з Карахам і супольнікамі ягонымі, як казаў яму Госпад праз Майсея.

А назаўтра ўся грамада сыноў Ізраэля наракала на Майсея і Аарона, кажучы: «Вы загубілі народ Госпадаў».
 
Назаўтра ўся супольнасьць сыноў Ізраэля наракала на Майсея і Аарона, кажучы: «Вы выгубілі народ Госпадаў».

І калі сабралася супольнасць супраць Майсея і Аарона, яны накіраваліся да палаткі сустрэчы; у той час воблака ахутала палатку і з’явілася слава Госпада.
 
І калі сабралася ўся супольнасьць супраць Майсея і Аарона, яны накіраваліся да Палаткі Сустрэчы. У той час воблака ахутала Палатку і зьявілася хвала Госпада.

Майсей і Аарон прыйшлі да палаткі сустрэчы.
 
Майсей і Аарон прыйшлі перад Палатку Сустрэчы.

І сказаў Госпад Майсею:
 
І сказаў Госпад Майсею:

«Адыдзіце ад гэтай грамады, бо вынішчу іх зараз жа». І яны ўпалі на твары свае.
 
«Адыйдзіцеся ад гэтай грамады, бо хачу іх выгубіць у момант». Яны тады ўпалі вобліч.

Сказаў Майсей Аарону: «Вазьмі кадзільніцу і, узяўшы агню з ахвярніка, ускладзі кадзіла зверху, паспяшаючы жвава да народа, каб ачысціць яго, бо ўзгарэўся ўжо гнеў Госпада і кара лютуе».
 
І сказаў Майсей Аарону: «Вазьмі кадзільніцу і, узяўшы агня з ахвярніка, улажы кадзіла на верх, і пасьпяшай жвава да народу, каб заступіцца за яго, бо ўзгарэўся гнеў Госпада, і пачалася кара».

Калі гэта зрабіў Аарон і прыбег да грамады, якую ўжо вынішчала кара, ён прынёс кадзіла і ачысціў народ;
 
Калі гэта зрабіў Аарон і прыбег да грамады, ужо пачалася зараза, і ён палажыў кадзіла і заступіўся за народ.

ён стаў паміж мёртвымі і жывымі, і пляга спынілася.
 
Ён стаў паміж памёршымі і жывымі, і пляга спынілася.

І памерла ад пагібелі, — чатырнаццаць тысяч семсот чалавек, апрача тых, хто загінуў у жыллі Корэ.
 
А тых, што згінула, было чатырнаццаць тысячаў семсот, апрача памёршых з прычыны Караха.

І вярнуўся Аарон да Майсея да ўваходу ў палатку сустрэчы, пасля чаго спынілася пляга.
 
Потым вярнуўся Аарон да Майсея да ўваходу ў Палатку Сустрэчы, і спынілася пляга.