1 І сказаў Госпад Майсею: «Глядзі, Я ўстанавіў цябе як бы Богам для фараона, а Аарон, брат твой, будзе тваім прарокам.
2 Ты скажаш яму ўсё, што Я табе даручу, а ён будзе гаварыць да фараона, каб ён пусьціў сыноў Ізраэля зь зямлі сваей.
3 Але Я зраблю ўпорыстым сэрца фараона і павялічу знакі і цуды Мае ў зямлі Эгіпецкай.
4 Але ён ня выслухае вас. І Я пакладу руку Маю на Эгіпет і вывяду войска Маё і народ Мой, сыноў Ізраэля, зь зямлі Эгіпецкай вялікімі карамі.
5 Хай ведаюць Эгіпцяне, што Я — Госпад, Каторы выцягнуў руку Сваю над Эгіптам, каб вывесьці сыноў Ізраэля спаміж іх».
6 Дык Майсей і Аарон зрабілі ўсё гэта, як загадаў ім Госпад, гэтак усё і ўчынілі.
7 Майсей меў восемдзесят гадоў, а Аарон восемдзесят тры, калі яны прамаўлялі да фараона.
8 І казаў Госпад Майсею і Аарону:
9 «Калі скажа табе фараон: «Дайце знак», скажаш Аарону: «Вазьмі палку сваю і кінь яе перад фараонам», і яна пераменіцца ў гадзюку».
10 І прыйшлі Майсей і Аарон да фараона і зрабілі, як ім загадаў Госпад. Аарон кінуў перад фараонам і слугамі яго палку, і яна зьмянілася ў гадзюку.
11 Дык фараон склікаў мудрацоў сваіх і чараўнікоў, і варажбіты Эгіпецкія зрабілі тое самае сваімі чарамі.
12 І кожны зь іх кінуў сваю палку, а яны перамяніліся ў гадзюкаў. Але палка Аарона праглынула іхнія палкі.
13 Аднак зацьвярдзела сэрца фараона, і ён не паслухаў іх, як і прадказваў Госпад.
14 І сказаў Госпад Майсею: «Зацьвярдзела сэрца фараона, ня хоча ён адпусьціць народ.
15 Ідзі да фараона рана, калі ён выйдзе да вады, і выйдзі яму на спатканьне, і стань на беразе Ракі. І вазьмі рукой палку, якая перамянілася ў зьмяю,
16 і скажы яму: Госпад, Бог Гебраяў, паслаў мяне да цябе сказаць: «Адпусьці народ Мой, каб склаў Мне ахвяру ў пустыні»; але да цяпер не хацеў ты паслухаць.
17 Дык вось што кажа Госпад: З гэтага даведаешся, што Я — Госпад, бо калі палкай, якая ў руцэ маёй, удару па вадзе ў Рацэ, яна заменіцца ў кроў.
18 І рыбы, якія ў Рацэ, счэзнуць, а вада засьмярдзіць, так што Эгіпцяне будуць брыдзіцца піць ваду з Ракі».
19 Сказаў вось Госпад Майсею: «Скажы Аарону: Вазьмі палку і працягні руку сваю над водамі Эгіпту, над рэкамі ягонымі і ручаямі, а таксама над балотамі і вазёрамі ягонымі, і яны заменяцца ў кроў. І хай будзе кроў ва ўсёй зямлі Эгіпецкай, як у начыньнях драўляных, так і ў гліняных».
20 І зрабілі так Майсей і Аарон, як загадаў Госпад. І падняў ён палку, і ўдарыў ваду ў Рацэ ў прысутнасьці фараона і слугаў яго, і воды замяніліся ў кроў,
21 і рыбы, якія былі ў Рацэ, пагінулі, і Рака засьмярдзела, і Эгіпцяне не маглі піць рачной вады; і кроў была ва ўсёй зямлі Эгіпецкай.
22 Але тое самае зрабілі чараўнікі Эгіпецкія сваёю таёмнаю ведаю, і закамянела сэрца фараона, і не паслухаў ён іх, як і казаў Госпад.
23 І павярнуўся ён, і пайшоў у дом свой, не беручы гэтага да сэрца.
24 А ўсе Эгіпцяне капалі блізка Ракі, шукаючы вады дзеля піцьця, бо не маглі піць вады з Ракі.
25 І мінула сем дзён ад таго, як Госпад ударыў Раку.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Кніга Выхаду, 7 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
