1 А народ, бачучы, што Майсей доўга не вяртаецца з гары, сабраўся да Аарона і сказаў яму: «Устань і зрабі нам бога, каторы ішоў бы перад намі, бо ня ведаем, што сталася з Майсеем, з чалавекам, каторы вывеў нас зь зямлі Эгіпецкай».
2 Аарон сказаў ім: «Павымайце залатыя завушніцы, каторыя ў вушах жонак вашых, сыноў вашых і дачок, і прынясіце іх мне».
3 І ўвесь народ зрабіў, як загадаў ён, і зьнёс завушніцы да Аарона.
4 Калі ён гэта атрымаў, загадаў іх стапіць і зрабіць зь іх выяву цяляці, вытапленага з мэталю. А яны сказалі: «Гэта бог твой, Ізраэлю, які вывеў цябе зь зямлі Эгіпецкай!»
5 Калі ўбачыў гэта Аарон, пабудаваў ахвярнік перад ім і абвясьціў у голас: «Заўтра — урачыстасьць Госпада».
6 І, устаўшы на другі дзень рана, склалі яны ахвяру цэлапаленьня і ахвяры прымірэньня, і засеў народ есьці, і піць, і весяліцца.
7 Тады сказаў Госпад Майсею: «Зыйдзі ўніз, бо спракудзіўся народ твой, каторы вывеў ты зь зямлі Эгіпецкай.
8 Завярнулі хутка з дарогі, каторую Я ім паказаў, і вылілі сабе цялё з мэталю і пакланіліся яму, і склалі яму ахвяры, кажучы: «Гэта бог твой, Ізраэлю, які вывеў цябе зь зямлі Эгіпецкай»«.
9 І дадаў Госпад, і сказаў Майсею: «Бачу, што народ гэты цьвёрдага карку.
10 Дык пакінь Мяне, каб разгарэўся гнеў Мой супраць іх і каб Я зьнішчыў іх, а зь цябе Я зраблю вялікі народ».
11 А Майсей стаў прасіць Госпада, Бога свайго, і сказаў: «Чаму, Госпадзе, узгарэўся гнеў Твой супраць народу Твайго, каторы вывеў Ты зь зямлі Эгіпецкай сілай вялікай ды рукою моцнаю?
12 Ня гневайся, малю, каб не казалі Эгіпцяне: «На гібель Ён вывеў іх, каб выгубіць іх на гарах і сьцерці зь зямлі». Хай спыніцца гнеў Твой, і будзь міласьцівы дзеля пераваротнасьці народу Твайго.
13 Памятай на Абрагама, Ізаака і Ізраэля, слугаў Тваіх, каторым запрысяг Ты на Самога Сябе, кажучы: «Размножу патомства вашае, як зоркі на небе, і ўсю гэтую зямлю, каторую абяцаў, дам патомству вашаму, і завалодаеце ёю назаўсёды»«.
14 І даўся ўпрасіць Госпад, каб не рабіць зло, як быў сказаўшы адносна народу Свайго.
15 І вярнуўся Майсей з гары, несучы ў руцэ сваёй дзьве табліцы Сьведчаньня, запісаныя з абодвух бакоў.
16 Яны былі творам Божым, таксама пісанае на табліцах было высечана Богам.
17 А Ешуа, чуючы гоман народу, які крычаў, сказаў Майсею: «Чуецца ў табары гармідар ваенны».
18 Майсей адказаў: «Гэта ня кліч пераможцаў, ані крык уцякаючых, але я чую голас сьпяваючых».
19 І калі Майсей наблізіўся да табару і ўбачыў цялё і хоры сьпевакоў, загневаўся надта, і выпусьціў табліцы з рук, і пабіў іх ля падножжа гары.
20 І схапіўшы цяля, каторага зрабілі, спаліў яго і сьцёр у пыл, які ўсыпаў у ваду, і даў яе піць сынам Ізраэля.
21 І сказаў Майсей Аарону: «Што зрабіў табе народ гэты, што ты ўзьвёў на яго вялікі грэх?»
22 Аарон адказаў: «Хай ня гневаецца гаспадар мой, ведаеш ты вось народ гэты, што ён скоры да зла.
23 Сказалі яны мне: «Зрабі нам бога, каторы ішоў бы перад намі, бо ня ведаем, што сталася з Майсеем, з тым чалавекам, каторы вывеў нас зь зямлі Эгіпецкай».
24 Тады сказаў я ім: «Хто мае золата, хай здыме зь сябе». І склалі мне яго. Дык я ўкінуў яго ў агонь, і так паўстала гэтае цялё».
25 І ўбачыў Майсей, што народ стаўся неакелзаным, бо Аарон папусьціў яму келзы на пасьмешышча ворагаў іхніх.
26 І стаў Майсей у браме табару, і закрычаў: «Хто за Госпада, да мяне!» Тады далучыліся да яго ўсе сыны Левія.
27 І сказаў ім: «Вось што кажа Госпад, Бог Ізраэля: Хай кожны з вас прыпаяша меч да сьцягна свайго. І прайдзіце туды і назад ад брамы да брамы празь сярэдзіну табару, і хай забівае кожны брата, і сябра, і бліжняга свайго».
28 І сыны Левія зрабілі, як загадаў Майсей. І ў той дзень палегла з народу каля трох тысячаў чалавек.
29 І сказаў ім тады Майсей: «Пасьвяцілі вы сёньня рукі вашыя для Госпада, бо кожны з вас быў супраць брата і сына свайго, каб даў вам Госпад дабраславенства».
30 І назаўтра так прамовіў Майсей да народу: «Дапусьціліся вы вялікага грэху. Дык я пайду да Госпада, можа, змагу як перапрасіць Яго за вашае злачынства».
31 І вярнуўся Майсей да Госпада, і сказаў: «Народ гэты дапусьціўся вялікага грэху, бо зрабіў сабе бога з золата,
32 але Ты адпусьці ім гэтую правіну, або калі не, дык выкасуй і мяне з кнігі Тваёй, у каторую ўпісаў».
33 Госпад адказаў яму: «Толькі таго, хто саграшыў супраць Мяне, выкрасьлю Я з кнігі Маёй.
34 Ты ж ідзі і вядзі народ гэты туды, куды Я табе загадаў, і анёл Мой пойдзе перад табою; а Я ў дзень помсты пакараю гэты грэх іхні».
35 І пакараў Госпад народ за літае цялё, каторае зрабіў Аарон.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Кніга Выхаду, 32 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
