Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2002

Выхад 4 Выхад 4 разьдзел

1 У адказ сказаў Майсей: «А што калі ня ўвераць мне і не паслухаюць голасу майго, але скажуць: «Госпад не аб'явіўся табе»?»
2 І сказаў Госпад яму: «Што трымаеш у руцэ сваёй?» Адказаў Майсей: «Кій».
3 І сказаў яму Госпад: «Кінь яго на зямлю!» І кінуў яго, і зьмяніўся ён ў зьмяю, так што Майсей пачаў уцякаць.
4 І загадаў Госпад: «Выцягні руку сваю і схапі за яе хвост!» І выцягнуў ён руку, і схапіў, і зьмянілася (зьмяя) у кій.
5 «Гэта дзеля таго, каб уверылі, — кажа (Госпад), — што аб'явіўся табе Госпад, Бог бацькоў іхніх, Бог Абрагама, Бог Ізаака і Бог Якуба».
6 І сказаў Госпад ізноў: «Улажы руку сваю ў запазуху!» Калі яе ўлажыў у запазуху і выцягнуў, рука сталася як сьнег белая ад праказы.
7 І зноў сказаў Ён: «Улажы руку сваю ў запазуху сваю!» І ўлажыў ён, і выцягнуў зноў, і яна сталася падобная да другой.
8 «Калі б не паверылі, — кажа, — табе і не паслухалі б словаў першага знаку, павераць слову знаку наступнага.
9 А калі двум гэтым знакам не павераць і не паслухаюць голасу твайго, вазьмі ваду з Ракі і вылі яе на сухую зямлю, і вада, зачэрпнутая з Ракі, пераменіцца ў кроў».
10 І сказаў Майсей: «Даруй, Госпадзе, я не вымоўны, ад учора і пазаўчора, і нават ад часу, калі гаворыш да слугі Твайго. Ацяжэлі вусны мае і язык мой скасьцянеў».
11 Сказаў яму Госпад: «Хто даў вусны чалавеку? Або хто робіць чалавека нямым або глухім, або відзячым, або сьляпым? Ці ня Я?
12 Дык ідзі, а Я буду ў вуснах тваіх і навучу цябе, што маеш гаварыць».
13 А ён адказаў: «Малю Цябе, Госпадзе, пашлі (другога), каго маеш паслаць».
14 І разгневаўся на Майсея Госпад, і сказаў: «Аарон, брат твой, Лявіт, ведаю, што ён гаваркі. Вось жа ён выйдзе табе на спатканьне, і, убачыўшы цябе, усьцешыцца ў сэрцы сваім.
15 Ты будзеш гаварыць да яго і перакажаш словы Мае ў ягоныя вусны. Я вось буду ў вуснах тваіх і ў вуснах ягоных і пакажу вам, што маеце рабіць.
16 За цябе ён будзе гаварыць да народу, і ён будзе вуснамі тваімі, а ты будзеш яму як Бог.
17 Таксама вазьмі рукою сваёй кій гэты, якім будзеш чыніць знакі».
18 І пайшоў Майсей, і вярнуўся да цесьця свайго Етры, і сказаў яму: «Пайду і вярнуся да братоў маіх у Эгіпет, і пагляджу, як яны жывуць». Етра сказаў яму: «Ідзі ў супакоі».
19 І сказаў Госпад Майсею ў Мадыяне: «Ідзі, вярніся ў Эгіпет, бо памерлі ўсе, каторыя цікавалі на жыцьцё тваё».
20 Узяў тады Майсей жонку сваю і сыноў сваіх, і пасадзіў іх на асла, і вярнуўся ў Эгіпет, трымаючы кій Божы ў руцэ сваёй.
21 І ў павароце ў Эгіпет сказаў яму Госпад: «Глядзі, каб усе знакі, якія чыніць Я даў моц руцэ тваёй, чыніў ты перад фараонам. А Я зраблю ўпорыстым сэрца ягонае, і ён ня будзе хацець адпускаць народу.
22 Ты скажаш яму: «Гэта кажа Госпад: Ізраэль — гэта сын Мой першародны.
23 Я кажу табе: Пусьці сына Майго, каб ён служыў Мне. А калі не захочаш яго пусьціць, то Я заб'ю твайго першароднага сына»«.
24 І калі ён быў у дарозе ў заезьдзе, спаткаў яго (Майсея) Госпад і хацеў яго забіць.
25 Тады Цыпора ўзяла востры камень і абрэзала плоць сыну свайму, і дакранулася ім нагі (Майсея), кажучы: «Ты мне жаніх крыві».
26 І пакінуў (Госпад) яго, калі яна сказала: «Ты жаніх крыві праз абрэзаньне».
27 І сказаў Госпад Аарону: «Ідзі на спатканьне Майсею на пустыню». Ён пайшоў на сустрэчу зь ім на гару Божую і пацалаваў яго.
28 І Майсей расказаў Аарону ўсе Госпадавы словы, зь якімі Ён яго паслаў, і ўсе знакі, якія Ён прадказаў.
29 І пайшлі яны, і сабралі ўсіх старшыняў сыноў Ізраэля.
30 І сказаў Аарон ўсе словы, якія быў сказаўшы Госпад Майсею, і ўчыніў (Майсей) знакі ў прысутнасьці народу.
31 І паверыў народ, і даведаліся, што Госпад адведаў сыноў Ізраэля і што ўзглянуў на іхняе гора; і, упаўшы на зямлю, пакланіліся да зямлі.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Выхаду, 4 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.