Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2002

Выхад 3 Выхад 3 разьдзел

1 А Майсей пасьвіў авечкі Етра, цесьця свайго, сьвятара Мадыянскага. І завёў ён статак па-за пустыню, і падыйшоў пад гару Божую Гарэб.
2 І явіўся яму Анёл Госпадаў у полымі агню зь сярэдзіны куста. І бачыў ён, што куст гарыць, але не згарае.
3 Тады сказаў Майсей: «Пайду і пагляджу зьяву гэтую вялікую, чаму не згарае куст».
4 А Госпад, убачыўшы, што ён сьпяшае паглядзець зьяву, паклікаў яго зь сярэдзіны куста, кажучы: «Майсей, Майсей!» Ён адказаў: «Вось я».
5 І сказаў Ён: «Не падыходзь сюды, здымі сандалы з ног тваіх, бо месца, на якім стаіш, ёсьць зямля сьвятая».
6 І сказаў: «Я — Бог бацькі твайго, Бог Абрагама, Бог Ізаака і Бог Якуба». І схаваў Майсей твар свой, бо не адважваўся глядзець на Бога.
7 І сказаў яму Госпад: «Бачыў Я гора народу Майго ў Эгіпце, і чуў стогны яго ад зьдзекаў прыгнятальнікаў ягоных.
8 І, ведаючы цярпеньне ягонае, іду вызваліць яго з рук Эгіпцянаў і вывесьці з гэтае зямлі ў зямлю добрую і прасторную, у зямлю, ацякаючую малаком і мёдам, на месца Хананейцаў і Гэтытаў, Амарэйцаў і Пэрэзэяў, Гівеяў і Ебусеяў.
9 Крык вось сыноў Ізраэля дайшоў да Мяне, і бачыў Я гора іх, як крыўдзяць іх Эгіпцяне.
10 Дык ідзі, Я пасылаю цябе да фараона, каб ты вывеў народ Мой, сыноў Ізраэля, з Эгіпту».
11 Сказаў Майсей Богу: «Хто я, каб ісьці мне да фараона і вывесьці сыноў Ізраэля з Эгіпту?»
12 Адказаў яму Бог: «Я буду з табой. Вось табе знак, што Я паслаў цябе: калі вывядзеш народ з Эгіпту, будзеш служыць Богу на гэтай гары».
13 Майсей сказаў Богу: «Добра, я пайду да сыноў Ізраэля і скажу ім: «Бог бацькоў вашых паслаў мяне да вас». А калі яны запытаюць мяне: «Якое імя Яго?», што я маю адказаць ім?»
14 І сказаў Бог Майсею: «Я — Той, Хто Ёсьць». І дадаў: «Так скажаш сынам Ізраэля: «Той, Хто Ёсьць, паслаў мяне да вас»«.
15 І паўторна сказаў Бог Майсею: «Гэта скажаш сынам Ізраэля: «Той, Хто Ёсьць, Бог бацькоў вашых, Бог Абрагама, Бог Ізаака і Бог Якуба, паслаў мяне да вас»; гэта імя Маё ў вякі, і гэта памятны Мой знак з пакаленьня ў пакаленьне.
16 Ідзі, і зьбяры старшыняў Ізраэля, і скажы ім: «Госпад, Бог бацькоў вашых, явіўся мне, Бог Абрагама, Бог Ізаака і Бог Якуба, і сказаў: «Я наведаў вас і ўбачыў усё, што перажываеце ў Эгіпце.
17 Я вывяду вас з прыгнёту Эгіпецкага ў зямлю Хананейцаў і Гетытаў, Амарэйцаў і Пэрэзэяў, і Гівеяў, і Ебусеяў, у зямлю, ацякаючую малаком і мёдам».
18 І яны паслухаюць голасу твайго, і ты, і старшыні Ізраэля пойдзеце да караля Эгіпецкага і скажаце яму: «Госпад, Бог Гебраяў, явіўся нам. Дык пусьці нас, мы цяпер пойдзем у дарогу на тры дні ў пустыню, каб скласьці ахвяру Госпаду, Богу нашаму».
19 Але Я ведаю, што ня пусьціць вас кароль Эгіпецкі, каб вы пайшлі, хіба будзе змушаны магутнаю рукою.
20 І Я выцягну руку Маю, і ўдару Эгіпет усімі цудамі Маімі, якія ўчыню пасярод яго, і тады пусьціць ён вас.
21 І акажу Я ласку гэтаму народу адносна Эгіпцянаў, каб, калі выйдзеце, ня выйшлі вы з пустымі рукамі.
22 Кожная вось жанчына выпрасіць у сваёй суседкі і ад гаспадыні сваёй залаты і серабраны посуд, а таксама адзеньне, і адзенеце ў яго сыноў і дачок вашых, і абрабуеце Эгіпцянаў».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Выхаду, 3 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.