Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2002

Выхад 38 Выхад 38 разьдзел

1 І зрабіў ахвярнік цэлапаленьня з дрэва акацыі, пяць локцяў даўжыні і пяць локцяў шырыні, квадратны, і тры локці вышыні.
2 І зрабіў рогі на чатырох вуглах ягоных, так што рогі выставалі зь яго, і пацягнуў іх медзьдзю.
3 І зрабіў зь медзі ўсе прыналежнасьці да ахвярнік: папяльніцы, гаршчкі, лапаткі, крапільніцы, вілкі і кадзільніцы.
4 І зрабіў для ахвярніка краты зь медзі ў форме сеткі, пад краем ахвярніка зьнізу аж да паловы вышыні яго.
5 І зрабіў чатыры колцы на чатырох вуглах медзянай краты на ўкладаньне насілаў.
6 І зрабіў насілы з дрэва акацыі, і пацягнуў іх медзьдзю.
7 І ўлажыў насілы ў колцы па баках ахвярніка, каб яго на іх пераносіць. Сам жа ахвярнік зрабіў з дошкаў, у сярэдзіне пусты.
8 І зрабіў умывальнік медзяны з падставамі зь медзі; зрабіў яго зь люстэрак жанчынаў, якія служылі пры ўваходзе ў Палатку Сустрэчы.
9 І зрабіў панадворак Скініі. З паўдзённага боку заслоны панадворку былі з кручанага вісону, доўгія ў сто локцяў,
10 і слупкоў да іх дваццаць, і падножак да іх дваццаць медзяных, поруч кручкі і зьвязы серабраныя.
11 На паўночным баку заслоны былі даўжынёй у сто локцяў, а да таго — дваццаць слупкоў і дваццаць падножак зь медзі, поруч кручкі пры слупках ды зьвязы на іх зь серабра.
12 Ад заходняга боку заслоны мелі пяцьдзесят локцяў шырыні, а пры тым дзесяць слупкоў і дзесяць падножак, кручкі на слупках і зьвязы на іх зь серабра.
13 Ад ўсходняга боку заслоны мелі такжа пяцьдзесят локцяў шырыні.
14 З аднога боку заслоны былі ў пятнаццаць локцяў, а пры тым тры слупкі і тры падножкі.
15 І з другога ж боку, па абодвух баках брамы панадворку, заслоны былі такжа ў пятнаццаць локцяў, а пры тым тры слупкі і тры падножкі.
16 Усе заслоны, што ўтваралі агараджэньне панадворку, былі вытканы з кручанага вісону.
17 А падножкі да слупкоў былі зь медзі, кручкі ж пры слупках, поруч іх зьвязы — зь серабра, а галоўкі іхнія былі пацягнуты серабром, і ўсе слупкі панадворка мелі серабраныя зьвязы.
18 Заслона ля ўваходу на панадворак была зь фіялетавага і чырвонага пурпуру, кармазыну і кручанага вісону, шматколерна вышытая, і мела дваццаць локцяў шырыні і пяць локцяў вышыні згодна зь мерамі іншых заслонаў панадворку.
19 Чатыры слупкі да яе ды іх падножкі былі зроблены зь медзі, а кручкі пры іх — зь серабра, поруч пакрыцьцё іх галоўкаў ды зьвязы былі зь серабра.
20 Усе калкі Скініі і панадворку былі скрозь зь медзі.
21 Вось падрахунак выдаткаў на Скінію, на Скінію Сьведчаньня, каторую па загаду Майсея пабудавалі левіты пад наглядам Ітамара, сына Аарона сьвятара.
22 А Бэцалеэль, сын Урыі, сына Гура з пакаленнья Юды, выканаў усё, што загадаў Госпад Майсею.
23 Зь ім працаваў Агаліяб, сын Ахісамаха з пакаленьня Дана, як выдатны разьбяр, ткач і вышывальнік па фіялетавым і чырвоным пурпуру, карамзыну поруч вісону.
24 Выкарысталі ж усяго золата на работы пры пабудове сьвятыні дваццаць дзевяць талентаў з ахвяраваньняў і семсот трыццаць сыкляў па вазе сыкля сьвятыні.
25 Серабра ж ад запісаных у супольнасьць было сто талентаў і тысяча семсот семдзесят пяць сыкляў паводле вагі сыкля сьвятыні.
26 Адзін бэка на галаву, або паўсыкля, паводле вагі сыкля сьвятыні, брана ад усіх, каторыя падпалі пад сьпіс, пачынаючы ад дваццаці гадоў і вышэй, гэта значыць ад шасьцісот трох тысячаў пяцісот пяцідзесяці мужчынаў.
27 Сто талентаў серабра скарыстана на адліцьцё падножак сьвятыні і падножак для заслонаў; сто талентаў на сто падножак, значыць, па таленце на адну падножку.
28 З тысячы семісот сямідзесяці пяці сыкляў зроблена кручкі да слупкоў і пакрыцьці на іх галоўкі, і зроблена таксама для іх зьвязы.
29 А медзі, каторую складзена ў ахвяру, было семдзесят талентаў і дзьве тысячы чатырыста сыкляў.
30 Адліта зь яе падножкі для ўваходнай брамы ў Палатку Сустрэчы, медзяны ахвярнік з кратай медзянай на ім і другія прыналежнасьці ахвярніка,
31 падножкі панадворку, падножкі ў браму на панадворак, усе калкі Скініі і ўсе калкі панадворку.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Выхаду, 38 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.