Выхад 13 разьдзел
Выхад
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2002
І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:
І сказаў Госпад Майсею:
высьвяці мне кожнага першынца, які раскрывае ўлоньне сярод сыноў Ізраілевых, ад чалавека да быдла, Мае яны.
«Пасьвяці Мне ўсё першароднае, што адкрывае ўлоньне ў сыноў Ізраэля, як зь людзей, так і з жывёлы, ўсё бо гэта Маё».
І сказаў Майсей народу: памятайце гэты дзень, у які выйшлі вы зь Егіпта, з дому рабства, бо рукою моцнаю вывеў вас Гасподзь адтуль, і ня ежце квашанага:
І сказаў Майсей народу: «Памятайце той дзень, у каторы выйшлі вы з Эгіпту, з дому няволі, бо дужаю рукою вывеў вас Госпад з таго месца; у той дзень нельга есьці квашанага хлеба.
сёньня выходзіце вы, у месяцы Авіве.
Сёньня выходзіце вы, у месяцы Абіб.
І калі ўвядзе цябе Гасподзь у зямлю Хананэяў і Хэтэяў, і Амарэяў і Эвэяў і Евусэяў, якою запрысягнуўся Ён бацькам тваім, што дасьць табе зямлю, дзе цячэ малако і мёд, — дык учыняй гэта служэньне ў гэтым месяцы;
Калі завядзе цябе Госпад у зямлю Хананейцаў і Гэтытаў, Амарэйцаў, Гівеяў і Ебусеяў, якую запрысяг Ён бацькам тваім, што дасьць табе зямлю, ацякаючую малаком і мёдам, тады павінен ты сьвяткаваць гэта ў тым самым месяцы.
сем дзён еж прэсны хлеб, і ў сёмы дзень сьвята Госпаду:
Сем дзён будзеш есьці праснакі, а ў сёмы дзень будзе ўрачыстасьць Госпада.
прэсны хлеб трэба есьці сем дзён, і не павінен быць у цябе квашаны хлеб, і не павінна быць у цябе квашанага ва ўсіх межах тваіх.
Праснакі будзеш есьці сем дзён, і не зьявіцца ў цябе нічога квашанага, і ня будзе квашанага ў межах зямлі тваёй.
І абвясьці ў дзень той сыну твайму, кажучы: гэта дзеля таго, што Гасподзь зрабіў са мною, калі я выйшаў зь Егіпта.
У той дзень раскажаш ты сыну свайму, гаворачы: «Гэта дзеля таго, што зрабіў мне Госпад, калі я выйшаў з Эгіпту».
І хай будзе табе гэта знакам на руцэ тваёй і помнікам перад вачыма тваімі, каб закон Гасподні быў у вуснах тваіх; бо рукою моцнаю вывеў Гасподзь зь Егіпта.
І вось гэта будзе табе знакам на руцэ і напамінам у вачах тваіх, каб закон Госпадаў быў заўсёды ў вуснах тваіх, бо рукою дужай вывеў цябе Госпад з Эгіпту.
Выконвай жа статут гэты ў прызначаны час, год у год.
Спаўняй гэты закон у вызначаны час штогод.
І калі выведзе цябе Гасподзь у зямлю Ханаанскую, як ён запрысягаўся табе і бацькам тваім, і дасьць яе табе, —
Калі ўвядзе цябе Госпад у зямлю Хананейцаў, як запрысяг Ён табе і бацькам тваім, і дасьць табе яе,
аддзяляй Госпаду ўсё, што расхіляе сьцёгны; і ўсё першароднае з жывёлы, якое ў цябе будзе, мужчынскага полу, Госпаду;
выдзялі Госпаду ўсё, што адкрывае ўлоньне і што першароднае ў жывёлы тваёй, і што будзеш мець мужчынскага роду — пасьвяці Госпаду.
а кожнага асла, які расхіляе, замяняй ягнём; а калі не заменіш; выкупі яго; і кожнага першынца чалавечага з сыноў тваіх выкупай.
Першароднага асла заменіш авечкай, а калі яго ня выкупіш, забі. Усё ж першароднае людзей з сыноў тваіх выкупіш.
І калі пасьля спытаецца ў цябе сын твой, кажучы: што гэта? дык скажы яму: рукою моцнаю вывеў нас Гасподзь зь Егіпта, з дому рабства;
Калі ў будучыні спытае ў цябе сын твой: «Што гэта?», ты скажаш яму: «Дужаю рукой вывеў нас Госпад з Эгіпту, з дому няволі.
бо калі фараон упарціўся адпусьціць нас, Гасподзь усьмерціў усіх першынцаў у зямлі Егіпецкай, ад першынца чалавечага да першынца з жывёлы, — таму я прыношу ў ахвяру Госпаду ўсё, што расхіляе сьцёгны, мужчынскага полу, а кожнага першынца з сыноў маіх выкупляю;
Бо калі фараон упёрся і не хацеў нас пусьціць, выбіў Госпад усё паршароднае зь зямлі Эгіпецкай, ад першароднага чалавека аж да першароднай жывёліны. Дзеля таго я складаю ў ахвяру Госпаду ўсё, што родзіцца мужчынскага роду, а ўсіх першародных сыноў маіх выкупляю».
і хай будзе гэта знакам на руцэ тваёй і замест павязкі над вачыма тваімі; бо рукою моцнаю Гасподзь вывеў нас зь Егіпта.
І хай гэта будзе знакам на руцэ тваёй і павязкай на памяць над вачыма тваімі, бо Госпад дужай рукой вывеў нас з Эгіпту».
Калі ж фараон адпусьціў народ, Бог не павёў яго па дарозе зямлі Філістымскай, бо яна блізкая; бо сказаў Бог: каб не раскаяўся народ, убачыўшы вайну, і не вярнуўся ў Егіпет.
Калі фараон асвабадзіў народ, не павёў яго Бог дарогай, вядучай у зямлю Філістынцаў, хоць была яна найкарацейшай, бо сказаў: «Каб часам народ не пашкадаваў, бачучы ваяваньні, якія чакаюць яго, і не вярнуўся ў Эгіпет».
І абвёў Бог народ дарогаю пустэльнаю да Чэрмнага мора. І выйшлі сыны Ізраілевыя ўзброеныя зь зямлі Егіпецкай.
І павёў яго Бог дарогай праз пустыню, якая праходзіць каля Чырвонага мора. А сыны Ізраэля выйшлі ўзброенымі зь зямлі Эгіпецкай.
І ўзяў Майсей з сабою косьці Язэпа, бо прысягаю запрысягнуў сыноў Ізраілевых, сказаўшы: наведае вас Бог, і вы з сабою вынесіце косьці мае адгэтуль.
І забраў Майсей з сабой косьці Язэпа, бо ён запрысяг сыноў Ізраэля ў гэтыя словы: «Дапаможа вам Бог, а вы тады возьмеце з сабою адсюль косьці мае».
І рушылі з Сакхота і разьмясьціліся табарам у Этаме, на краі пустыні.
І выйшлі яны з Сукоту, і сталі табарам у Этаме, на скраю пустыні.
А Гасподзь ішоў перад імі ўдзень у слупе воблачным, паказваючы ім дарогу, а ўначы ў слупе вогненным, сьвецячы ім, каб ішлі яны і ўдзень і ўначы.
А Госпад ішоў перад імі днём у воблачным слупе, каб весьці дарогаю, а ноччу як слуп агню, каб сьвяціць ім, каб маглі ісьці днём і ноччу.
Ня ўхіляўся слуп воблачны ўдзень і слуп вогненны ўначы з вачэй народа.
І не адыходзіў ад народу слуп воблачны днём, ані вогненны слуп ноччу.