Выхад 21 разьдзел

Выхад
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

І вось законы, якія ты абвесьціш ім:
 
Вось гэткія законы прадставіш ім:

Калі купіш раба Габрэя, няхай ён працуе шэсьць гадоў, а на сёмы няхай выйдзе на волю задарам;
 
Калі купіш нявольніка-Гебрая, ён будзе служыць табе шэсьць гадоў, а ў сёмы звольніш яго бяз выкупу.

калі ён прыйшоў адзін, няхай адзін і выйдзе; а калі ён жанаты, няхай выйдзе зь ім і жонка ягоная;
 
Калі ён прыйшоў сам, адыйдзе сам, а калі меў жонку, адыйдзе з жонкаю.

а калі гаспадар ягоны даў яму жонку і яна нарадзіла яму сыноў, альбо дочак, дык жонка і дзеці яе няхай застануцца ў гаспадара яе, а ён выйдзе адзін;
 
Але калі гаспадар ягоны даў яму жонку, каторая нарадзіла яму сыноў і дачок, тады жонка і дзеці будуць належаць да гаспадара, а ён адыйдзе сам.

але калі раб скажа: люблю гаспадара майго, жонку маю і дзяцей маіх, не пайду на волю, —
 
Калі б жа нявольнік сказаў: «Люблю гаспадара свайго, і жонку, і дзецей, і не хачу адыходзіць на свабоду»,

дык няхай гаспадар ягоны прывядзе яго да багоў і паставіць яго да дзьвярэй, альбо да вушака, і праколе яму гаспадар ягоны вуха шылам, і ён застанецца рабом ягоным вечна.
 
хай завядзе тады яго гаспадар перад Бога, і хай падвядзе да дзьвярэй або брамы, і хай праколе яму гаспадар ягоны шылам вуха, і будзе ён нявольнікам яго назаўжды.

Калі хто прадасьць дачку сваю ў рабыні, дык яна ня можа выйсьці, як выходзяць рабы;
 
Калі б хто прадаў сваю дачку, не адыйдзе яна, як адыходзяць іншыя нявольнікі.

калі яна не да спадобы гаспадару свайму і ён не заручыць яе, няхай дазволіць выкупіць яе; а чужому народу прадаць яе ня мае ўлады, калі сам пагардзіў ёю;
 
А калі б яна не спадабалася гаспадару свайму, катораму была аддадзена, хай дазволіць выкупіць яе. Але ня мае ён права прадаць яе чужому народу, калі яе адкінуў.

калі ён заручыць яе з сынам сваім, няхай зробіць зь ёю паводле права дочак;
 
Калі ён прызначыў яе сыну свайму, хай зробіць зь ёю па праву дачок.

калі ж другую возьме за яго, дык яна не павінна пазбаўляцца ежы, вопраткі і шлюбнага сужыцьця;
 
Калі ж ён возьме сабе іншую, ня можа адмовіць ёй жыўленьня, адзеньня і супольнага ложку.

а калі ён гэтых трох рэчаў ня зробіць дзеля яе, няхай яна выйдзе задарам, бяз выкупу.
 
Калі ж ня споўніць ён адносна яе гэтых трох умоваў, то тады адыйдзе яна дарма, бяз выкупу.

Хто ўдарыць чалавека так, што той памрэ, хай будзе аддадзены сьмерці;
 
Калі хто так ударыць чалавека, што той памрэ, то хай будзе сьмерцяй пакараны.

але калі хто не намышляў ліхога, а Бог дапусьціў яму трапіць пад рукі ягоныя, дык Я назначу ў цябе мясьціну, куды ўцячы;
 
Калі ж ня меў ён намеру забіць, але Бог (прыпадкам) выдаў яго ў рукі ягоныя, вызначу табе месца, у каторае павінен уцячы.

а калі хто з намерам заб’е блізкага падступна, дык і ад ахвярніка Майго бяры яго на сьмерць.
 
А калі хто наўмысна забіў бліжняга свайго і падступна (хаваўся ля ахвярніку), то ад ахвярніку Майго адцягні яго, і хай пакараны будзе сьмерцяй.

Хто ўдарыць бацьку свайго, альбо сваю маці, таго трэба аддаць сьмерці.
 
Калі б хто ўдарыў бацьку свайго або матку, хай будзе пакараны сьмерцяй.

Хто ўкрадзе чалавека і прадасьць яго, альбо знойдзецца ён у руках у яго, дык трэба аддаць яго сьмерці.
 
Калі б хто ўкраў чалавека і прадаў яго, або быў бы ён знойдзены ў яго, хай будзе пакараны сьмерцяй.

Хто ліхасловіць бацьку свайго, альбо маці сваю, таго трэба аддаваць сьмерці.
 
Хто плявузгае на бацьку або на матку, хай будзе пакараны сьмерцяй.

Калі сварацца, і адзін чалавек ударыць другога каменем, альбо кулаком, і той не памрэ, а ляжа ў пасьцель,
 
Калі б хто ў звадцы ўдарыў бліжняга каменем або кулаком, і той не памрэ, а толькі зьляжа ў ложак,

дык, калі ён падымецца і будзе выходзіць з дому з дапамогаю кія, той, хто ўдарыў, ня будзе варты сьмерці; толькі няхай сплаціць перапынак у яго працы і дасьць на лекаваньне яго.
 
то калі падымецца і стане хадзіць па двары з палкаю, тады той, хто яго ўдарыў, будзе свабодны, аднак аднагародзіць яму перапынак у працы і лячэньне.

А калі хто ўдарыць раба свайго, альбо служанку сваю палкаю, і яны памруць пад рукой ягонай, дык ён павінен быць пакараны;
 
Калі б хто пабіў нявольніка свайго або нявольніцу палкай, і той памёр ад рук ягоных, павінен строга быць пакараны.

але калі яны дзень альбо два дні перажывуць, дык ня трэба караць яго, бо гэта яго срэбра.
 
Калі, аднак, нявольнік пражыве яшчэ дзень ці два, то ня будзе пакараны, бо гэта яго ўласнасьць.

Калі б’юцца людзі, і ўдараць цяжарную жанчыну, і яна выкіне, але ня будзе іншае шкоды, дык узяць зь вінаватага збор грашмі, які накладзе на яго муж тае жанчыны, і ён павінен заплаціць яму пры судзьдзях;
 
Калі б мужчыны, біючыся, ўдарылі цяжарную жанчыну і выклікалі спарон, але безь якой-колечы шкоды, то вінаваты будзе пакараны платаю, якую наложыць муж той жанчыны, і выплаціць яе пры пасярэдніках.

а калі будзе шкода, дык аддай душу за душу,
 
А калі б прычыніў шкоду, тады аддасьць жыцьцё за жыцьцё,

вока за вока, зуб за зуб, руку за руку, нагу за нагу,
 
вока за вока, зуб за зуб, руку за руку, нагу за нагу,

апёк за апёк, рану за рану, сіняк за сіняк.
 
апарэньне за апарэньне, рану за рану, сіняк за сіняк.

Калі хто раба свайго ўдарыць у вока, альбо служанку сваю ў вока, і пашкодзіць яго, хай пусьціць іх на волю за вока;
 
Калі б хто ўдарыў нявольніка або нявольніцу ў вока і спрычыніў страту яго, хай адпусьціць на волю за вока.

і калі выб’е зуб рабу свайму, альбо рабыні сваёй, хай пусьціць іх на волю за зуб.
 
Таксама, калі б выбіў зуб нявольніку свайму або нявольніцы, хай пусьціць яго на свабоду за зуб.

Альбо вол забадае мужчыну, альбо жанчыну да сьмерці, дык вала пабіць камянямі і мяса яго ня есьці; а гаспадар вала не вінаваты;
 
Калі б бык пабоў мужчыну або жанчыну, і яны памерлі б, то тады бык павінен быць укаменаваны, але мяса яго ня есца; і гаспадар быка ня будзе караны.

але калі вол бадлівы быў і ўчора і заўчора, і гаспадар ягоны, папярэджаны пра гэта, не вартаваў яго, а ён забіў мужчыну, альбо жанчыну, дык вала пабіць камянямі і гаспадара яго аддаць сьмерці;
 
Калі, аднак, бык і раней боўся, і гаспадару была на гэта зьвяртана ўвага, але ён яго не пільнаваў, і забіў ён мужчыну ці жанчыну, то бык павінен быць укаменаваны, а гаспадар павінен быць пакараны сьмерцяй.

калі на яго накладзены будзе выкуп, няхай дасьць выкуп за душу сваю, які накладзены будзе на яго.
 
Калі б налажылі на яго плату, то павінен за сваё жыцьцё даць толькі водкуп, які на яго наложаць.

Ці сына забадае, ці дачку забора, — паводле гэтага закона рабіць зь ім.
 
Калі б бык пабоў хлопца або дзяўчыну, то маюць учыніць па тому самаму правілу.

Калі вол забадае раба альбо рабыню, дык гаспадару іх заплаціць трыццаць сікляў срэбра, а вала пабіць камянямі.
 
А калі б бык забоў нявольніка або няволніцу, то яго гаспадар мусіць выплаціць іхняму гаспадару трыццаць сыкляў серабра, а бык будзе ўкаменаваны.

Калі хто адкрые яму, альбо калі выкапае яму і не накрые яе, і ўпадзе ў яе вол, альбо асёл,
 
Калі хто адкрые студню або выкапае і не закрые яе, і ўваліцца ў яе вол або асёл,

дык гаспадар ямы павінен заплаціць, аддаць срэбра гаспадару іхняму, а туша будзе ягоная.
 
то гаспадар студні выплаціць аднагароду ў грошах, а мёртвая жывёла будзе належаць яму.

Калі чый-небудзь вол забадае да сьмерці вала ў суседа яго, няхай прададуць жывога вала і падзеляць папалам цану яго; забітага таксама няхай падзеляць папалам;
 
Калі б бык аднаго гаспадара ўдарыў быка іншага гаспадара і забіў бы яго, тады прададуць жывога быка і падзеляцца платай за яго, падзеляцца таксама забітым быком.

а калі вядома было, што вол бадлівы быў і ўчора і заўчора, а гаспадар ягоны не вартаваў яго, дык павінен ён заплаціць вала за вала, а забіты будзе ягоны.
 
Але калі б было вядома, што бык той боўся раней, і гаспадар яго не пільнаваў яго, тады аддасьць ён быка жывога, а забіты будзе належаць яму.