Выхад 39 разьдзел

Выхад
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

А з блакітнай, пурпуровай і чырванёнай воўны зрабілі яны службовую вопратку, дзеля слугаваньня ў сьвятыні; зрабілі таксама сьвяшчэнную вопратку Аарону, як загадаў Гасподзь Майсею.
 
Зь фіялетавага і чырвонага пурпуру, з кармазыну і вісону зрабілі яны сьвятарскія шаты на служэньне ў сьвятыні, а таксама сьвятыя шаты для Аарона, як гэта загадаў Госпад Майсею.

І зрабіў эфод з золата, з блакітнай, пурпуровай і чырванёнай воўны і з суканага вісону;
 
І зрабілі яны эфод з золата, зь фіялетавага і чырвонага пурпуру, кармазыну і кручанага вісону.

і распляскалі яны золата ў лісты і выцягнулі ніткі, каб выткаць іх паміж блакітнымі, пурпуровымі, чырванёнымі і вісонавымі ніткамі, умелаю працаю.
 
І выкляпалі з золата бляшкі, і расьцягнулі іх у нітку, каб уткаць іх у фіялетавы і чырвоны пурпур, у кармазын і ў вісон умелай работай.

І зрабілі ў яго нарамнікі злучальныя; на абодвух канцах сваіх ён быў зьвязаны.
 
Зрабілі таксама два нараменьнікі, сьцягнутыя паміж сабой у абодвух верхніх канцох.

І пояс эфода, які паверсе яго, аднолькавага зь ім вырабу, зроблены быў з золата, з блакітнай, пурпуровай і чырванёнай воўны, як загадаў Гасподзь Майсею.
 
А пояс эфоду, каторы на ім, быў зроблены аднолькавай работаю таксама зь нітак залатых, зь фіялетавага і чырвонага пурпуру, з кармазыну, з кручанага вісону, як загадаў Госпад Майсею.

І зрабілі камяні аніксавыя, уставіўшы іх у залатыя гнёзды і выразаўшы на іх імёны сыноў Ізраілевых, як выразаюць на пячатцы;
 
І прыгатавалі таксама два камяні оніксавыя, асаджаныя ў залатыя аправы, з высечанымі на іх імёнамі сыноў Ізраэля.

і паклаў ён іх на нарамнікі эфода, у памяць сыноў Ізраілевых, як загадаў Гасподзь Майсею.
 
І памясьцілі іх на абодвух нараменьніках эфоду як камяні на памяць сынам Ізраэля, як загадаў Госпад Майсею.

І зрабіў нагруднік умелаю працаю, такою самаю працаю, як эфод з золата, з блакітнай, пурпуровай і чырванёнай воўны і з суканага вісону;
 
Зрабілі таксама нагруднік мастацкаю работай, як і эфод, з золата, з пурпуру фіялетавага і чырвонага, з кармазыну і кручанага вісону.

ён быў чатырохкутны; яны зрабілі падвойны нагруднік у пядзю даўжыні і ў пядзю шырыні, падвойны ён быў;
 
Нагруднік быў квадратны і падвойны, а даўжыня яго і шырыня — у адну пядзю.

і ўставілі ў яго ў чатыры рады камяні; побач: рубін, тапаз, смарагд, — гэта першы рад;
 
І прымацавалі на ім чатыры рады каштоўных каменьняў: у першым радзе рубін, тапаз, і шмарагд,

у другім радзе: карбункул, сапфір і адамант;
 
у другім радзе гранат, шафір і бэрыль,

у трэцім радзе: карунд, агат і амэтыст;
 
у трэцім радзе яхонт, агат і амэтыст,

у чацьвёртым радзе: хрызаліт, анікс і ясьпіс; і ўстаўлены яны ў залатыя гнёзды.
 
у чацьвёртым радзе хрызаліт, онікс і ясьпіс. Асаджаныя яны былі ў залатых аправах у адпаведных радах.

Камянёў было па ліку імёнаў сыноў Ізраілевых; дванаццаць было іх, па ліку імёнаў іхніх, і на кожным зь іх выразана было, як на пячатцы, па адным імю, для дванаццаці плямёнаў.
 
Гэтыя каменьні атрымалі імёны дванаццаці сыноў Ізраэля; і былі яны высечаны на ўзор пячаткі, кожны са сваім імем паводле дванаццаці пакаленьняў.

Да нагрудніка зрабілі тоўстыя ланцужкі вітага вырабу з чыстага золата;
 
На нагруднік зрабілі два ланцужкі кручаныя, як шнуркі, з чыстага золата.

і зрабілі два залатыя гнязды і два залатыя колцы і прымацавалі колцы да двух канцоў нагрудніка,
 
Зрабілі такжа да нагрудніка два залатыя пярсьцені, і асаджана абодва гэтыя пярсьцені на абодвух канцах нагрудніка.

і ўклалі абодва пляцёныя ланцужкі з золата ў два колцы па канцах нагрудніка,
 
І ўцягнулі два залатыя ланцужкі праз абодвы пярсьцені на абодвух канцах нагрудніка.

а два канцы двух ланцужкоў прымацавалі да двух гнёздаў і прымацавалі іх да нарамнікаў эфода з правага боку яго;
 
І два канцы другія абодвух ланцужкоў прышылі да аправаў, якія прымацавалі да нараменьніка эфоду сьпераду.

яшчэ зрабілі два колцы залатыя і прымацавалі іх да двух іншых канцоў нагрудніка, на тым баку, які трымаецца каля эфода ўсярэдзіне.
 
Яшчэ зрабілі два залатыя пярсьцені і прымацавалі іх на абодвух іншых канцах нагрудніку на ўнутраным баку, зьвернутым да эфоду, як загадаў Госпад Майсею.

І яшчэ зрабілі два колцы залатыя, і прымацавалі іх да двух нарамнікаў эфода спадыспаду, з правага боку яго, каля злучэньня яго над поясам эфода;
 
Наастатак зрабілі яшчэ два іншыя пярсьцені з золата і прышылі іх да абодвух нараменьнікаў эфоду на зьнешнім баку ўнізе, у месцы, дзе эфод злучаецца з поясам.

і прымацавалі нагруднік колцамі яго да колцаў эфода шнурком з блакітнай воўны, каб ён быў над поясам эфода, і каб не адставаў нагруднік ад эфода, як загадаў Гасподзь Майсею.
 
Пасьля зьвязалі пярсьцені нагрудніка зь пярсьценямі эфоду шнурком зь фіялетавага пурпуру так, каб нагруднік ляжаў на поясе эфоду і ня мог перасунуцца са свайго месца на эфодзе, як загадаў Майсею Госпад.

І зрабіў верхнюю шату да эфода тканую, усю з блакітнай воўны,
 
Зрабілі таксама верхнюю шату пад эфод, усю тканую зь фіялетавага пурпуру.

і ў верхняй шаце прарэху, як у панцыры, і вакол яе абшыўку, каб ня дралася;
 
Мела яна ў сярэдзіне адтуліну на галаву з абшыўкай кругом адтуліны, як пры адтуліне панцыра, каб не разьдзёрлася.

па прыполе верхняй шаты зрабілі яны яблыкі з блакітнай, пурпуровай і чырванёнай воўны;
 
Унізе яе прышылі яблыкі гранату зь фіялетавага і чырвонага пурпуру, кармазыну і кручанага вісону.

і зрабілі бомкі з чыстага золата і павесілі бомкі паміж яблыкамі па прыполе верхняй шаты вакол:
 
Зрабілі таксама званочкі з чыстага золата, і прышылі іх між яблыкамі гранату кругом,

бомку і яблык, бомку і яблык, па прыполе верхняй шаты вакол дзеля служэньня, як загадаў Гасподзь Майсею.
 
каб званочак залаты і яблык гранату чаргаваліся на ніжнім крысе шаты, адзяванай першасьвятаром у час паслугаваньня, як загадаў Госпад Майсею.

і зрабілі Аарону і сынам ягоным хітоны зь вісону, тканыя,
 
Зрабілі такжа для Аарона і сыноў яго сукні, вытканыя зь вісону,

і кідар зь вісону, і павязкі на галаву зь вісону, і сподняе ільняное адзеньне з суканага вісону,
 
разам кідар зь вісону, мітры зь вісону і льняныя споднія з кручанага вісону,

і пояс з суканага вісону і з блакітнай, пурпуровай і чырванёнай воўны, узорыстага вырабу, як загадаў Гасподзь Майсею.
 
поруч пояс з кручанага вісону, зь фіялетавага і чырвонага пурпуру, з кармазыну, шматколерна вышываны, як загадаў Госпад Майсею.

І зрабілі паліраваную дошчачку, дыядэму сьвятыні, з чыстага золата, і накрэсьлілі на ёй пісьмёны, як выразаюць на пячатцы: «Сьвятыня Гасподняя»;
 
Зрабілі такжа дыядэму з чыстага золата, і выразалі на ёй, як выразана на пячатцы: «Сьвятое Госпада».

і прымацавалі да яе шнурок з блакітнай воўны, каб прывязаць яе да кідара зьверху, як загадаў Гасподзь Майсею.
 
І прывязалі яе шнуром зь фіялетавага пурпуру, каб была на кідары, ды каб на пярэднім баку кідару была памешчана, як загадаў Госпад Майсею.

Так закончана была ўся работа для скініі сходу, і зрабілі сыны Ізраілевыя ўсё: як загадаў Гасподзь Майсею, так і зрабілі.
 
Так была скончана ўся работа што да пабудовы Скініі і Палаткі Сустрэчы. І сыны Ізраэля выканалі ўсё; як загадаў Госпад Майсею, так і зрабілі.

і прынесьлі да Майсея скінію, покрыва і ўсе прылады яе, гачкі яе, брусы яе, жэрдкі яе, слупы яе і падножжы яе,
 
І прынесьлі да Майсея Скінію разам з палаткаю і ўсімі прыналежнасьцямі яе, кручкамі, дошкамі, жэрдкамі, слупкамі і падножкамі,

покрыва са скураў барановых чырвоных і покрыва са скураў сініх і заслону, каб захінаць,
 
пакрыцьці, адны са скураў бараноў, фарбаваных на чырвона, другія са скураў дэльфінаў, разам прыкрываючую заслону,

каўчэг адкрыцьця і жэрдкі яго і века,
 
Каўчэг Сьведчаньня з насіламі, накрыўку,

стол з усімі прыладамі яго і хлябы ахвяравальныя,
 
стол з усімі прыналежнасьцямі яго і з хлябамі пакладнымі,

сьвяцільні з чыстага золата, лампады яго, лампады пастаўленыя на ім і ўсе прылады яго, і алей, каб асьвятляць,
 
і сьвечнік з чыстага золата зь лямпамі, расстаўленымі на ім, ды ўсе прыналежнасьці яго, і алей на асьвятленьне,

залаты ахвярнік і алей памазаньня, і пахошчы, каб дыміць, і заслону на ўваход у скінію,
 
таксама залаты ахвярнік і алей для памазаньня, і пахкае кадзіла, поруч заслону пры ўваходзе ў палатку,

ахвярнік медны і медную рашотку да яго, жэрдкі яго і ўсе прылады яго, умывальнік і падножжа яго,
 
ахвярнік зь медзі разам з кратай медзянай і насіламі ды ўсе яго прыналежнасьці, умывальнік і яго падставу,

заслоны двара, слупы і падножжы, заслону да брамы двара, вяроўкі і калы і ўсе рэчы, якія належаць да слугаваньня ў скініі сходу,
 
заслону панадворка, слупкі і падножкі да іх, заслоны ля ўваходу ў панадворак, вяроўкі і калкі, ды ўсе другія прыналежнасьці, патрэбныя пры службе ў Скініі, у Палатцы Сустрэчы,

вопратку службовую на служэньне ў сьвятыні, сьвяшчэнную вопратку Аарону сьвятару і вопратку сынам ягоным на сьвятадзейства.
 
шаты з каштоўнага палатна для паслугі ў сьвятыні, і шаты для Аарона сьвятара, і шаты для сыноў ягоных.

Як загадаў Гасподзь Майсею, так і зрабілі сыны Ізраілевыя ўсю гэтую працу.
 
Як загадаў Госпад Майсею, так вось усё выканалі сыны Ізраэля.

І ўбачыў Майсей усю працу, і вось, яны зрабілі яе: як загадаў Гасподзь, так і зрабілі. І дабраславіў іх Майсей.
 
І калі Майсей убачыў, што ўсё выканана, як загадаў Госпад, дабраславіў іх.