Выхад 24 разьдзел
Выхад
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2002
І Майсею сказаў Ён: узыдзі да Госпада ты і Аарон, Надаў і Авіуд і семдзесят старэйшынаў Ізраілевых, і пакланецеся здалёк;
І сказаў Майсею (Госпад): «Узыйдзі да Госпада ты і Аарон, Надаб і Абігу, і семдзесят старшых Ізраэля, і здалёк пакланіцеся.
Майсей адзін няхай наблізіцца да Госпада, а яны няхай не набліжаюцца, і народ хай не падымаецца зь ім.
І толькі адзін Майсей зблізіцца да Госпада, але яны ня зблізяцца, ані народ ня ўзыйдзе зь ім».
І прыйшоў Майсей і пераказаў людзям усе словы Гасподнія і ўсе законы. І адказаў увесь люд у адзін голас і сказалі: усё, што сказаў Гасподзь, зробім.
Дык прыйшоў Майсей і расказаў народу ўсе словы Госпада і законы. А ўвесь народ у адзін голас адказаў: «Усе словы Госпада, каторыя Ён сказаў, — споўнім».
І напісаў Майсей усе словы Гасподнія, і ўстаўшы з самае раніцы, паставіў пад гарою ахвярнік і дванаццаць камянёў, паводле ліку дванаццаці плямёнаў Ізраілевых;
І запісаў Майсей усе словы Госпада. Назаўтра рана ўстаўшы, збудаваў ахвярнік ля падножжа гары і паставіў дванаццаць камянёў, адпаведна да лічбы дванаццаці пакаленьняў Ізраэля.
і паслаў хлопцаў з сыноў Ізраілевых, і прынесьлі яны цэласпаленьні і закалолі цялят у мірную ахвяру Госпаду.
Потым даручыў юнакам з сыноў Ізраэля, і яны склалі ахвяру цэлапаленьня, і склалі Госпаду ахвяру прымірэньня зь цялят.
Майсей, узяўшы палавіну крыві, уліў у чары, а другою палавінаю акрапіў ахвярнік;
І ўзяў Майсей палову крыві, і ўліў у чашы, а пазасталай часткаю крыві пакрапіў ахвярнік.
і ўзяў кнігу запавету і прачытаў уголас люду, і сказалі яны: усё, што сказаў Гасподзь, зробім і будзем паслухмяныя.
Потым узяў ён Кнігу Запавету і чытаў яе ў голас народу, які сказаў: «Усё, што загадаў Госпад, — споўнім і будзем паслухмяныя».
І ўзяў Майсей крыві і акрапіў народ, кажучы: вось кроў запавету, які Гасподзь склаў з вамі пра ўсе словы гэтыя.
І ўзяў ён пакінутую кроў, і пакрапіў на народ, і сказаў: «Гэта кроў Запавету, каторы Госпад заключыў з вамі на падставе ўсіх гэтых словаў».
Потым узышоў Майсей і Аарон, Надаў і Авіуд і семдзесят старэйшынаў Ізраілевых,
Пасьля ўзыйшлі Майсей і Аарон, Надаб і Абігу, і семдзесят старшынь Ізраэля.
і бачылі Бога Ізраілевага; і пад нагамі ў Яго нешта падобнае на твор з чыстага сапфіру і, як самое неба, яснае.
І ўбачылі яны Бога Ізраэля, а пад Яго нагамі нешта, падобнае на твор з каменьня шафіру, і быццам самое неба ў пагоду.
І Ён не прасьцёр рукі Сваёй на выбраных з сыноў Ізраілевых: яны бачылі Бога, і елі і пілі.
І на выбраных сыноў Ізраэля не падняў Ён рукі Сваёй; таму маглі яны глядзець на Бога, а потым елі і пілі.
І сказаў Гасподзь Майсею: узыдзі да Мяне на гару і будзь там; і дам табе скрыжалі каменныя, і закон і запаведзі, якія Я напісаў, каб навучыцца іх.
І сказаў Госпад Майсею: «Узыйдзі да Мяне на гару і будзь там. Я дам табе каменныя табліцы, і закон, і прыказаньні, каторыя Я напісаў, каб навучыць іх».
І ўстаў Майсей зь Ісусам, службітам сваім, і пайшоў Майсей на гару Божую,
І ўстаў Майсей і Ешуа, яго памочнік, і ўзыйшоў Майсей на гару Божую,
а старэйшынам сказаў: заставайцеся тут, пакуль мы ня вернемся да вас; вось Аарон і Ор з вамі; хто будзе мець клопат які, хай прыходзіць да іх.
і сказаў ён старшыням: «Чакайце тут, пакуль вернемся да вас. Маеце Аарона і Гура з вамі. Калі б узнікла якая справа, зьвяртайцеся да іх».
І ўзышоў Майсей на гару, і пакрыла воблака гару,
І калі Майсей узыйшоў на гару, воблака закрыла яе.
і слава Гасподняя асяніла гару Сінай; і пакрывала яе воблака шэсьць дзён, а ў сёмы дзень Гасподзь усклікнуў Майсею зь сярэдзіны воблака.
І супачыла хвала Госпада на Сынаі, акрываючы яе воблакам шэсьць дзён. У сёмы ж дзень паклікаў (Госпад) Майсея зь сярэдзіны воблака.
А выгляд славы Гасподняй на вяршыні гары быў перад вачыма сыноў Ізраілевых, як агонь паглынальны.
А выгляд хвалы Госпада быў як бы палаючы агонь на вяршыні гары на вачах сыноў Ізраэля.
І ўвайшоў Майсей у сярэдзіну воблака, і ўзыйшоў нагару; і быў Майсей на гары сорак дзён і сорак ночаў.
І ўвайшоў Майсей у сярэдзіну воблака, і ўзыйшоў на гару, і заставаўся Майсей на гары сорак дзён і сорак начэй.