Выхад 24 разьдзел
Выхад
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 2002
Сказаў таксама Майсею: «Узыдзі да Госпада ты і Аарон, Надаб і Абігу, і семдзесят старэйшын Ізраэля, і здалёк пакланіцеся.
І сказаў Майсею (Госпад): «Узыйдзі да Госпада ты і Аарон, Надаб і Абігу, і семдзесят старшых Ізраэля, і здалёк пакланіцеся.
І толькі адзін Майсей наблізіцца да Госпада, а яны хай не набліжаюцца, ані народ не ўзыдзе з ім».
І толькі адзін Майсей зблізіцца да Госпада, але яны ня зблізяцца, ані народ ня ўзыйдзе зь ім».
Дык прыйшоў Майсей і расказаў народу ўсе словы Госпада і прыказанні; а ўвесь народ у адзін голас адказаў: «Усе словы Госпада, якія Ён сказаў, — споўнім».
Дык прыйшоў Майсей і расказаў народу ўсе словы Госпада і законы. А ўвесь народ у адзін голас адказаў: «Усе словы Госпада, каторыя Ён сказаў, — споўнім».
І запісаў Майсей усе словы Госпада; і, зранку ўстаўшы, пабудаваў ён ахвярнік ля падножжа гары і паставіў дванаццаць камянёў, адпаведна дванаццаці пакаленням Ізраэля.
І запісаў Майсей усе словы Госпада. Назаўтра рана ўстаўшы, збудаваў ахвярнік ля падножжа гары і паставіў дванаццаць камянёў, адпаведна да лічбы дванаццаці пакаленьняў Ізраэля.
І паслаў юнакоў з сыноў Ізраэля, і яны склалі ахвяру цэласпалення; і ўчынілі Госпаду мірнае ахвярапрынашэнне з цялят.
Потым даручыў юнакам з сыноў Ізраэля, і яны склалі ахвяру цэлапаленьня, і склалі Госпаду ахвяру прымірэньня зь цялят.
Такім чынам, узяў Майсей палову крыві і ўліў у чары; а астатняй часткаю крыві пакрапіў ахвярнік.
І ўзяў Майсей палову крыві, і ўліў у чашы, а пазасталай часткаю крыві пакрапіў ахвярнік.
І, узяўшы кнігу запавету, чытаў ён пры ўвазе народа, які сказаў: «Усё, што сказаў Госпад, — споўнім і будзем паслухмяныя».
Потым узяў ён Кнігу Запавету і чытаў яе ў голас народу, які сказаў: «Усё, што загадаў Госпад, — споўнім і будзем паслухмяныя».
А ён кроў, што засталася, пакрапіў на народ і сказаў: «Гэта кроў Запавету, які Госпад заключыў з вамі на падставе ўсіх гэтых слоў».
І ўзяў ён пакінутую кроў, і пакрапіў на народ, і сказаў: «Гэта кроў Запавету, каторы Госпад заключыў з вамі на падставе ўсіх гэтых словаў».
І ўзышлі Майсей і Аарон, Надаб і Абігу, і семдзесят старэйшын Ізраэля,
Пасьля ўзыйшлі Майсей і Аарон, Надаб і Абігу, і семдзесят старшынь Ізраэля.
і ўбачылі яны Бога Ізраэля, а пад Яго нагамі нешта, падобнае на твор з сапфіравага каменя і падобнае на самое неба, калі яно яснае.
І ўбачылі яны Бога Ізраэля, а пад Яго нагамі нешта, падобнае на твор з каменьня шафіру, і быццам самое неба ў пагоду.
І на выбраных сыноў Ізраэля не падняў Ён рукі Сваёй; і глядзелі яны на Бога, і елі, і пілі.
І на выбраных сыноў Ізраэля не падняў Ён рукі Сваёй; таму маглі яны глядзець на Бога, а потым елі і пілі.
І сказаў Госпад Майсею: «Падыміся да Мяне на гару і будзь там; і Я дам табе каменныя табліцы, і закон, і настаўленні, якія Я напісаў, каб ты навучыў іх».
І сказаў Госпад Майсею: «Узыйдзі да Мяне на гару і будзь там. Я дам табе каменныя табліцы, і закон, і прыказаньні, каторыя Я напісаў, каб навучыць іх».
І ўстаў Майсей і Ешуа, яго памочнік; і, узыходзячы на гару Божую,
І ўстаў Майсей і Ешуа, яго памочнік, і ўзыйшоў Майсей на гару Божую,
сказаў Майсей старэйшынам: «Чакайце тут, пакуль мы не вернемся да вас. Маеце Аарона і Гура з вамі; калі ўзнікне якая справа, звяртайцеся да іх».
і сказаў ён старшыням: «Чакайце тут, пакуль вернемся да вас. Маеце Аарона і Гура з вамі. Калі б узнікла якая справа, зьвяртайцеся да іх».
І калі Майсей узышоў на гару, воблака накрыла гару;
І калі Майсей узыйшоў на гару, воблака закрыла яе.
і заставалася слава Госпада на Сінаі, ахінаючы яе воблакам шэсць дзён; у сёмы ж дзень паклікаў Майсея з сярэдзіны воблака.
І супачыла хвала Госпада на Сынаі, акрываючы яе воблакам шэсьць дзён. У сёмы ж дзень паклікаў (Госпад) Майсея зь сярэдзіны воблака.
А выгляд славы Госпада быў, быццам агонь палаючы на вяршыні гары на вачах сыноў Ізраэля.
А выгляд хвалы Госпада быў як бы палаючы агонь на вяршыні гары на вачах сыноў Ізраэля.
І, увайшоўшы ў сярэдзіну воблака, Майсей узышоў на гару; і заставаўся ён там сорак дзён і сорак начэй.
І ўвайшоў Майсей у сярэдзіну воблака, і ўзыйшоў на гару, і заставаўся Майсей на гары сорак дзён і сорак начэй.