Выхад 12 разьдзел

Выхад
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

Сказаў Госпад Майсею і Аарону ў зямлі Егіпецкай:
 
І сказаў Госпад Майсею і Аарону ў зямлі Эгіпецкай:

«Месяц гэты будзе ў вас пачаткам месяцаў, будзе ён першым сярод месяцаў года.
 
«Месяц гэты будзе вам пачаткам месяцаў, і будзе ён першым месяцам году.

Гаварыце ўсяму сходу сыноў Ізраэля і скажыце ім: “У дзесяты дзень гэтага месяца кожны хай возьме ягня на кожную сям’ю і на дом свой.
 
Гаварыце ўсяму сабраньню сыноў Ізраэля і скажыце ім: У дзесяты дзень гэтага месяца кожны хай возьме ягнё на сям'ю сваю і на дом свой.

А калі лік сям’і будзе замалы для спажыцця ягняці, хай возьме з суседам сваім, бліжэйшым да дома свайго, паводле ліку душ, патрэбнага для спажыцця ягняці.
 
А калі лік сям'і будзе замалы для спажыцьця ягняці, хай возьмуць каго з бліжэйшых суседзяў каля свайго дому паводле ліку душ, патрэбнага для спажыцьця ягняці.

І хай ягня будзе без заганы, самец гадавалы; вазьміце яго ад авечак альбо коз.
 
Хай ягнятка будзе без заганы, самец гадавы. Паводле гэтага спосабу можна ўзяць і казьлянё.

І захавайце яго да чатырнаццатага дня гэтага месяца, а ўвечары прынясе яго ў ахвяру ўся супольнасць сыноў Ізраэля.
 
І захаваеце яго да чатырнаццатага дня гэтага месяца, а тады пад вечар заб'е яго ўся супольнасьць сыноў Ізраэля.

І возьмуць крыві яго, і пакладуць яе на абодва вушакі і на вершнікі ў дамах, у якіх будуць яго спажываць;
 
І возьмуць крыві ягонай, каб памазаць ёю вушакі і парогі дамоў, у якіх будуць яго спажываць.

і будуць есці ў тую ноч мяса яго, печанае на агні, і праснакі з горкім латукам.
 
І будуць есьці ў тую ноч мяса яго, печанае на агні, і праснакі з горкаю травою.

Не спажывайце з яго нічога сырога, ані зваранага ў вадзе, але спажывайце толькі спечанае на агні; галаву з нагамі яго і нутром спажывайце.
 
Ня ешце зь яго нічога сырога ані зваранага ў вадзе, але ешце сьпечанае на агні, галаву з нагамі і нутро.

Нічога з яго хай не застанецца да раніцы; калі што застанецца, спаліце на агні.
 
Нічога зь яго хай не застанецца да раніцы; калі б што засталося, спаліце на агні.

І так спажывайце яго: падперажыце паясніцы вашыя, майце абутак на нагах, трымаючы посахі ў руках, і ежце спешна: бо гэта ёсць ПасхаaГоспада!
 
Так вось спажывайце яго: падперажыце паясьніцы вашыя і мейце сандалы на нагах, трымаючы палкі ў руках, ешце пасьпешна, гэта бо ёсьць Пасха Госпада!

У тую ноч Я прайду па зямлі Егіпта і пазабіваю ўсё першароднае ў зямлі Егіпецкай, ад чалавека да жывёлы; і правяду суд над усімі багамі Егіпта, Я — Госпад.
 
У тую ноч Я перайду праз Эгіпет і пазабіваю ўсё першароднае ў зямлі Эгіпецкай, ад чалавека аж да жывёлы, і правяду суд над усімі багамі Эгіпту. Я — Госпад.

І кроў будзе вам на пазначэнне дамоў, у якіх вы будзеце знаходзіцца; і калі ўбачу кроў, прайду міма вас, і не будзе на вас плягі згубнай, калі буду караць зямлю Егіпецкую.
 
Кроў будзе вам на азначэньне дамоў, у каторых будзеце прабываць. Калі пабачу кроў, прайду між вас, і ня будзе між вас плягі зьнішчэньня, калі Я буду караць зямлю Эгіпецкую.

А дзень гэты стане вам памятным днём, і святкаваць яго будзеце як урачыстасць у гонар Госпада ў вашых пакаленнях як вечны звычай.
 
Дзень гэты стане вам памятным днём, і сьвяткаваць яго будзеце як сьвята для ўшанаваньня Госпада праз усе пакаленьні вечным сьвятам.

Сем дзён будзеце есці толькі праснакі: ужо ў самы першы дзень не будзе рошчыны ў дамах вашых, бо хто б ні з’еў заквашанае ад першага дня да сёмага, знішчана будзе душа тая ад Ізраэля.
 
Сем дзён будзеце есьці праснакі. З самага першага дня прымеце ўсё кіслае з дамоў вашых, бо хто б еў кіслае ад першага дня да сёмага, зьнішчана будзе душа тая спаміж Ізраэля.

Першы дзень будзе сход святы і ўрачыстасць, і дзень сёмы будзе напоўнены той жа ўрачыстасцю. Ніякай работы не будзеце рабіць у тыя дні, за выключэннем той, што тычыцца ўжывання ежы.
 
Першы дзень будзе сьвятым і ўрачыстым, і дзень сёмы будзе сьвяткавацца таксама з урачыстасьцю. Ніякай работы ня будзеце рабіць у тыя дні, за выняткам той, што трэба для прыгатаваньня яды.

І захоўвайце праснакі, бо ў гэты дзень Я вывеў дружыну вашую з зямлі Егіпецкай; і захавайце гэты дзень у вашых пакаленнях як звычай вечны.
 
Захоўвайце сьвята праснакоў, бо ў гэты дзень Я вывеў дружыны вашыя зь зямлі Эгіпецкай. Захавайце гэты дзень у пакаленьні вашыя як пастанову вечную.

Чатырнаццатага дня першага месяца ўвечары ежце праснакі; аж да вечара дваццаць першага дня таго ж месяца.
 
Чатырнаццатага дня першага месяца зь вечара павінны вы есьці праснакі аж да вечара дваццаць першага дня таго ж месяца.

Сем дзён не знойдзецца ў вашых дамах ніякай рошчыны. Хто з’есць штосьці заквашанае, загіне душа яго паміж сходу Ізраэля, ці ён з чужынцаў, ці з тутэйшых.
 
Сем дзён ня будзе ў вашых дамах ніякай кісьлі, бо хто б еў штосьці квашанае, зьнішчана будзе душа яго спаміж сабраньня Ізраэля, ці ён з чужынцаў, ці з тутэйшых.

Нічога заквашанага не спажывайце; ва ўсіх дамах вашых ежце праснакі”».
 
Нічога квашанага ня будзеце есьці. Ва ўсіх дамах вашых маеце есьці праснакі».

І паклікаў Майсей усіх старэйшын сыноў Ізраэля, і сказаў ім: «Ідзіце, узяўшы жывёлу для вашых сем’яў, і прынясіце ў ахвяру пасхальнае ягня.
 
І склікаў вось Майсей усіх старшыняў сыноў Ізраэля, і сказаў ім: «Выбярыце і вазьміце ягнё для вашых сем'яў і забіце як пасху.

І намачыце пучок гізопу ў крыві, што знаходзіцца ў місе, і пакрапіце з яе вершнік і абодва вушакі. Аж да раніцы хай ніхто з вас не выходзіць за дзверы дома свайго,
 
І вазьміце галінку гізопу, і занурыце яе ў крыві, якая ў місе, і крывёй зь місы пакрапіце парог і вушакі. Аж да раніцы не павінен ніхто з вас выходзіць за дзьверы дому свайго.

бо Госпад будзе праходзіць, удараючы егіпцян; і, калі ўбачыць кроў на вершніку і на абодвух вушаках, то абміне Ён такія дзверы і не дазволіць нішчыцелю ўвайсці ў вашы дамы і нашкодзіць.
 
А калі Госпад будзе праходзіць, каб нішчыць Эгіпцянаў, і ўбачыць кроў на парозе і на вушаках, то абміне Госпад такія дзьверы і не дазволіць нішчыцелю ўвайсьці ў тыя дамы, каб забіваць вас.

Захавайце слова гэтае праўдзівае ў сябе і ў дзяцей сваіх навек.
 
І трымайцеся гэтага прыказаньня, як закону для цябе і для дзяцей тваіх на векі.

І калі ўвойдзеце ў зямлю, якую дасць вам Госпад, як паабяцаў, трымайцеся гэтых звычаяў;
 
Калі ўвойдзеце ў зямлю, каторую дасьць вам Госпад, як абяцаў, трымайцеся гэтага звычаю.

і калі вас запытаюць дзеці вашы: “Што гэта за святы звычай?”,
 
Калі вас запытаюць дзеці: «Што гэта за сьвяты звычай?»,

вы скажаце ім: “Гэта ахвяра Пасхі ў гонар Госпада, Які ў Егіпце абмінуў дамы сыноў Ізраэля; егіпцян пазабіваў, а дамы нашыя збавіў”». І пачаў маліцца народ, пакланіўшыся,
 
дык скажыце ім: «Гэта ахвяра Пасхі на чэсьць Госпада, Каторы ў Эгіпце абмінуў дамы сыноў Ізраэля. Эгіпцян пазабіваў, а дамы нашыя захаваў». І народ тады ўкленчыў і пакланіўся.

і, выйшаўшы, сыны Ізраэля зрабілі, як Госпад загадаў Майсею і Аарону.
 
І, выйшаўшы, сыны Ізраэля зрабілі, як Госпад загадаў Майсею і Аарону.

І апоўначы здарылася: Госпад пазабіваў усё першароднае ў зямлі Егіпецкай, ад першароднага сына фараона, які сядзеў на троне, аж да першароднага вязня, які сядзеў у вязніцы, і ўсё першароднае жывёлы.
 
Апоўначы Госпад пазабіваў усё першароднае ў зямлі Эгіпецкай, ад першароднага сына фараона, каторы сядзеў на троне, аж да першароднага вязьня, каторы сядзеў ў вастрозе, і ўсё першароднае жывёлы.

І ўстаў ноччу фараон, і ўсе паслугачы яго, і ўвесь Егіпет, і падняўся вялікі лямант у Егіпце, бо не было дома, у якім не было б нябожчыка.
 
І ўстаў ноччу фараон, і ўсе слугі ягоныя, і ўвесь Эгіпет, і падняўся вялікі лямант у Эгіпце, бо не было дому, у каторым не было б нябожчыка.

І, паклікаўшы ноччу Майсея і Аарона, фараон сказаў: «Уставайце, выходзьце ад народа майго, — вы і сыны Ізраэля; ідзіце і ахвяруйце Госпаду, як вы кажаце.
 
І, паклікаўшы яшчэ ноччу Майсея і Аарона, фараон сказаў: «Уставайце і ідзіце спаміж народу майго, як вы, так і сыны Ізраэлевы! Ідзіце і складайце ахвяры Госпаду, як вы казалі.

Бярыце авечак вашых і жывёлу, як прасілі, і, адыходзячы, дабраславіце мяне».
 
Бярыце авечкі вашыя і жывёлу, як прасілі, і, адыходзячы, дабраславіце мяне».

І егіпцяне настойвалі, каб народ хутчэй выходзіў з зямлі, кажучы: «Усе мы паўміраем».
 
І Эгіпцяне прынукалі народ, каб як найхутчэй выходзіў зь зямлі, кажучы: «Усе мы паўміраем».

Такім чынам, узяў народ прасеяную муку — да таго, як яна будзе заквашанай; і, звязваючы дзежы ў адзенне сваё, узняў ён іх на плечы свае.
 
І ўзяў народ цеста незакавшанае, і дзежы, завернутыя накідкамі, і панёс на плячах сваіх.

І сыны Ізраэля зрабілі так, як загадаў Майсей, і пазычылі ў егіпцян посуд срэбраны і залаты і мноства адзення.
 
І сыны Ізраэля зрабілі так, як ім загадаў Майсей, і пазычылі ў Эгіпцянаў посуд серабраны і залаты, і мноства адзеньня.

І Госпад даў ласку ў вачах егіпцян для народа, так што яны ім пазычалі; і тыя абабралі егіпцян.
 
І Госпад даў спагаднасьць у вачах Эгіпцянаў для народу, так што яны пазычалі і гэтак абрабавалі Эгіпцянаў.

І рушылі сыны Ізраэлевы з Рамэсаса ў Сукот у ліку каля шасцісот тысяч пешых мужчын, акрамя дзяцей.
 
І вырушылі сыны Ізраэлевы з Рамсэсу ў Сукот у ліку каля шасьцісот тысячаў пешых мужчынаў, апрача дзяцей.

Але таксама безліч іншапляменнага народа ўзнялося з імі, авечкі і жывёла — зашмат жывых істот.
 
Таксама многа іншапляменьнікаў пайшло зь імі, і авечкі, і быдла, і велізарны набытак.

Прыгатавалі яны муку, якую, прасеяную, раней узялі з Егіпта, і зрабілі праснакі — хлеб, спечаны ў попеле, бо не маглі яны заквасіць сабе цеста, бо егіпцяне прымушалі іх выйсці і не дазвалялі марудзіць; і не ўдалося ім зрабіць ніякай ежы.
 
Зь цеста, каторае вынесьлі з Эгіпту, напяклі яны бондачак прэсных, бо ня ўкісла цеста, таму што былі яны выгнаныя з Эгіпту і не маглі затрымацца, каб прыгатаваць сабе страву на дарогу.

А час знаходжання сыноў Ізраэля ў Егіпце склаў чатырыста трыццаць гадоў.
 
А час прабываньня сыноў Ізраэля ў Эгіпце трываў чатырыста трыццаць гадоў.

У той самы дзень, калі яны прайшлі, выйшлі ўсе дружыны Госпада з зямлі Егіпецкай.
 
І вось у той самы дзень па чатырыста трыццацёх гадах выйшлі ўсе дружыны Госпада зь зямлі Эгіпецкай.

Гэта была для Госпада ноч пільнавання, калі Ён вывеў іх з зямлі Егіпта: усе сыны Ізраэля ў пакаленнях сваіх павінны шанаваць яе для Госпада.
 
У гэтую ноч Госпад чуваў дзеля вываду іх зь зямлі Эгіпецкай. Таму гэтая ноч павінна быць чуваньнем на спахвалу Госпаду для ўсіх сыноў Ізраэля з пакаленньня ў пакаленьне.

І сказаў Госпад Майсею і Аарону: «Гэта ёсць святы звычай: ніводзін чужынец не можа есці ад яго;
 
І сказаў Госпад Майсею і Аарону: «Гэта ёсьць закон Пасхі: Ніводзін чужынец ня можа яе есьці.

а ўсякі нявольнік, куплены за грошы, хай прыме абразанне і так хай спажывае;
 
Аднак нявольнік, куплены за грошы, каторы прыняў абрэзаньне, можа яе спажываць.

чужынец і найміт хай не ядуць ад яго.
 
Прыбылец і найміт ня могуць яе есьці.

У адным доме хай спажываюць, і не выносьце на двор мяса яго, і не ламайце косці яго.
 
У адным і тым самым доме мае яна спажывацца, нельга выносіць з дому найменшага куска мяса на двор, і косьці яе няхай ня ломяцца.

Уся супольнасць сыноў Ізраэля захавае гэта.
 
Усё сабраньне сыноў Ізраэля захавае гэта.

Калі хтось з чужынцаў пажадае перайсці ў пасяленне вашае і святкаваць Пасху Госпадаву, перш хай абрэжуць кожнага мужчынскага роду яго, а потым няхай святкуе па звычаі і будзе, як тутэйшы; а калі хто неабрэзаны, хай не спажывае ад яго.
 
Калі б чужынец, прабываючы ў цябе, захацеў сьвяткаваць Пасху Госпадаву, то абрэж у яго ўсіх мужчынскага роду, і тады можаш дапусьціць яго да сьвяткаваньня Пасхі, бо тады будзе ён мець права тутэйшага. Ніводзін жа неабрэзаны ня можа есьці Пасхі.

Такі ж самы закон будзе для тутэйшага і для чужынца, што лічацца ў вас іншаземцамі».
 
Такі самы закон будзе для тутэйшых і для чужынцаў, што прабываюць у вас».

І ўсе сыны Ізраэля зрабілі, як Госпад загадаў Майсею і Аарону;
 
І ўсе сыны Ізраэля зрабілі так, як Госпад загадаў Майсею і Аарону.

і ў той самы дзень вывеў Госпад сыноў Ізраэля з зямлі Егіпецкай па іх дружынах.
 
У той самы дзень вывеў Госпад сыноў Ізраэля дружынамі зь зямлі Эгіпецкай.