Выхад 8 разьдзел
Выхад
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 2002
Тады сказаў Госпад Майсею: «Ідзі да фараона і скажы яму: “Гэта кажа Госпад: “Адпусці народ Мой, каб ён учыніў Мне ахвярапрынашэнне.
Тады сказаў Госпад Майсею: «Ідзі да фараона і скажы яму: Вось што кажа Госпад: Пусьці народ Мой, каб склаў Мне ахвяру.
А калі не захочаш адпусціць, тады Я пакараю ўсю зямлю тваю жабамі.
А калі не захочаш адпусьціць, вось Я пакараю ўсю зямлю тваю жабамі.
І запоўніцца рака жабамі, якія выйдуць і ўвойдуць у дом твой, і ў спальню тваю на ложак твой, і на коўдру тваю, і ў дамы паслугачоў тваіх, і ў народ твой, і ў печы твае, і ў пякарні твае;
І запоўніцца Рака жабамі, каторыя выйдуць і ўвойдуць у дом твой, і ў спальню тваю, і ў ложак твой, і ў дамы слугаў тваіх і народу твайго, а таксама ў печы твае і дзежы твае.
і да цябе, і да народа твайго, і да ўсіх паслугачоў тваіх увойдуць жабы”».
І да цябе, і да народу твайго, і да ўсіх слугаў тваіх упаўзуць жабы».
сказаў Госпад Майсею: «Скажы Аарону: “Працягні руку сваю з кіем сваім на рэкі, на ручаі і багны і ўвядзі жаб у зямлю Егіпецкую”».
І сказаў Госпад Майсею: «Скажы Аарону: Працягні руку сваю і палку на рэкі, ручаі і балоты і ўвядзі жабы ў зямлю Эгіпецкую».
І Аарон працягнуў руку сваю на воды Егіпта, і выпаўзлі жабы, і пакрылі зямлю Егіпецкую.
І Аарон працягнуў руку сваю на воды Эгіпту, і выпаўзьлі жабы, і пакрылі зямлю Эгіпецкую.
Але чараўнікі зрабілі падобнае сваімі заклінаннямі, і прывялі жаб на зямлю Егіпецкую.
Але чараўнікі зрабілі тое самае сваёю таёмнаю ведаю, і прывялі жабаў на зямлю Эгіпецкую.
Паклікаў тады фараон Майсея і Аарона і сказаў: «Прасіце Госпада, каб прыняў жаб ад мяне і ад народа майго, тады адпушчу народ, каб учыніў ён ахвярапрынашэнне Госпаду».
Паклікаў тады фараон Майсея і Аарона і сказаў: «Прасіце Госпада, каб прыняў жабаў ад мяне і ад народу майго, тады выпушчу народ, каб склаў ахвяру Госпаду».
І сказаў Майсей фараону: «Прызнач мне, калі прасіць за цябе, і за паслугачоў тваіх, і за народ твой, каб былі выгнаны жабы ад цябе і ад дому твайго, і каб засталіся яны толькі ў рацэ».
Адказаў Майсей фараону: «Падкажы мне, калі маю прасіць за цябе, і за слугаў тваіх, і за народ твой, каб Госпад ухіліў жабаў ад цябе і ад дамоў тваіх, каб засталіся яны толькі ў Рацэ».
Ён адказаў: «Заўтра». А Майсей сказаў: «Згодна са словам тваім, зраблю, каб ведаў ты, што няма нікога, акрамя Госпада, Бога нашага.
Ён адказаў: «Заўтра». А Майсей сказаў: «Паводле просьбы тваёй зраблю гэта, каб ведаў ты, што няма нікога як Госпад, Бог наш.
І адступяцца жабы ад цябе, і ад дому твайго, і ад паслугачоў тваіх, і ад народа твайго, і застануцца яны толькі ў рацэ».
І адступяцца жабы ад цябе, і ад дому твайго, і ад слугаў тваіх, і ад народу твайго, і застануцца толькі ў Рацэ».
І выйшлі Майсей і Аарон ад фараона; і Майсей заклікаў да Госпада аб абяцанні адносна жаб, як дамовіўся з фараонам.
І адыйшліся Майсей і Аарон ад фараона. І Майсей клікаў да Госпада адносна жабаў, як абяцаў фараону.
І Госпад зрабіў па слове Майсея, і памерлі жабы ў дамах, і ў паселішчах, і ў палях;
І Госпад выслухаў просьбу Майсея, і папрападалі жабы ў дамах, у вёсках і палях.
і сабралі іх у вялізныя кучы, і зямля засмярдзела.
І сабралі іх у кучы, і зямля засьмярдзелася.
А фараон, заўважаючы, што настаў супакой, зрабіў цвёрдым сэрца сваё, і не паслухаў ён іх, як прадказваў Госпад.
Калі фараон заўважыў, што настаў супакой, зноў зацьвярдзела сэрца ягонае, і не паслухаў ён іх, як і прадказваў Госпад.
І сказаў Госпад Майсею: «Скажы Аарону: “Выцягні кій свой і ўдар у пыл зямлі, і хай будуць скініфы на ўсёй зямлі Егіпецкай”».
І сказаў Госпад Майсею: «Скажы Аарону: Выцягні палку сваю і ўдар у пыл зямлі, каб замяніўся ў камары на ўсёй зямлі Эгіпецкай».
І зрабілі так; і выцягнуў Аарон руку, трымаючы кій, і ўдарыў у пыл зямлі. І з’явіліся скініфы на людзях і на жывёле; увесь пыл зямлі ператварыўся ў скініфаў па ўсёй зямлі Егіпецкай.
І зрабілі так; і выцягнуў Аарон руку, трымаючы палку, і ўдарыў у пыл зямлі, і паявіліся камары на людзях і на жывёлах; і ўвесь пыл зямлі абярнуўся ў камароў па ўсёй зямлі Эгіпецкай.
І падобнае рабілі чараўнікі сваімі заклінаннямі, каб выклікаць скініфаў; і не змаглі. І былі скініфы на людзях і на жывёле;
Падобна стараліся зрабіць чараўнікі сваёй таемнай ведай, каб выклікаць камароў, але не змаглі. А камары апанавалі і людзей, і жывёлу.
і чараўнікі сказалі фараону: «Гэта палец Божы». Але сэрца фараона зацвярдзела, і не паслухаў ён іх, як прадказаў Госпад.
Тады чараўнікі сказалі фараону: «Гэта палец Божы», але сэрца фараона закамянела, і не паслухаў ён іх, як і казаў Госпад.
Зноў сказаў Госпад Майсею: «Устань на золку і стань перад фараонам. Бо выйдзе ён да вады, і скажы яму: “Гэта кажа Госпад: “Адпусці народ Мой, каб Мне ўчыніў ён ахвярапрынашэнне.
Зноў сказаў Госпад Майсею: «Устань рана і стань перад фараонам, бо выйдзе ён да вады, і скажы яму: Гэта кажа Госпад: Пусьці народ Мой, каб Мне злажыў ахвяру.
Бо калі не адпусціш яго, то Я пашлю на цябе, і на паслугачоў тваіх, і на народ твой, і на дамы твае ўвесь мушыны род. І запоўняцца мухамі дамы егіпцян, і нават зямля, на якой яны жывуць.
Калі ня пусьціш народу Майго, то Я спашлю на цябе, і на слугаў тваіх, і на народ твой, і на дамы твае ўсякіх гатункаў мух. І запоўняцца мухамі дамы Эгіпцянаў, і нават зямля, на якой пражываюць.
І аддзялю ў той дзень зямлю Гашэн, на якой знаходзіцца народ Мой, каб там не было мух, бо так ты і даведаешся, што Я — Госпад сярод зямлі;
І выдзялю ў той дзень зямлю Гашэн, на якой пражывае народ Мой, каб там не было мухаў, і ты даведаешся, што Я — Госпад на ўсёй зямлі.
і Я ўчыню рознае паміж Маім народам і тваім народам; заўтра будзе гэты знак”».
І Я зраблю розьніцу паміж Маім народам і тваім народам. Заўтра будзе гэты знак».
І Госпад учыніў гэтак; і наляцела найвялікшае мноства мух у дамы фараона і паслугачоў яго, і на ўсю Егіпецкую зямлю, і прападала зямля ад такога мноства мух.
І Госпад учыніў гэтак. І наляцела мноства мух у дамы фараона і слугаў яго, і на ўсю Эгіпецкую зямлю, і прападала зямля ад разнастайных мух.
І паклікаў фараон Майсея і Аарона, і сказаў ім: «Ідзіце, учыніце ахвярапрынашэнне Богу вашаму на зямлі».
І паклікаў фараон Майсея і Аарона, і сказаў ім: «Ідзіце, злажыце ахвяру Богу вашаму ў гэтай зямлі».
Але Майсей сказаў: «Немагчыма гэтаму здарыцца, бо мы прынясём у ахвяру Госпаду, Богу нашаму, агіднасці для егіпцян; бо калі мы прынясём у ахвяру тое, што шануюць егіпцяне, у прысутнасці іх, яны закідаюць нас камянямі.
Але Майсей сказаў: «Нельга гэтага зрабіць, бо зьнявагай для Эгіпцянаў была б нашая ахвяра Госпаду, Богу нашаму, калі б злажылі мы ў ахвяру тое, што ў Эгіпцянаў не дазваляецца. Ці за гэта не ўкаменавалі б нас?
Мы пойдзем у пустыню на тры дні дарогі і ўчынім ахвярапрынашэнне Госпаду, Богу нашаму, як Ён загадаў нам».
Мы пойдзем у пустыню на тры дні дарогі і складзем ахвяру Госпаду, Богу нашаму, як Ён загадаў нам».
І фараон сказаў: «Адпушчу я вас, каб учынілі вы ахвярапрынашэнне Госпаду, Богу вашаму, у пустыню, аднак, далёка не адыходзьце; маліцеся за мяне».
Фараон сказаў: «Адпушчу я вас у пустыню, каб склалі вы ахвяру Госпаду, Богу вашаму, але далей не адыходзьцеся і маліцеся за мяне».
І сказаў Майсей: «Выйшаўшы ад цябе, буду маліць Госпада, і заўтра адступяцца мухі ад фараона, і ад паслугачоў яго, і ад народа яго; аднак не падманвай больш у тым, што не адпускаеш народ учыніць ахвярапрынашэнне Госпаду».
І сказаў Майсей: «Адыйшоўшыся ад цябе, буду маліць Госпада, і заўтра адступяцца мухі ад фараона, і ад слугаў ягоных, і ад народу ягонага. Толькі хай фараон перастане ашукваць нас, не адпускаючы народ скласьці ахвяру Госпаду».
І, выйшаўшы ад фараона, Майсей маліў Госпада;
І выйшаў Майсей ад фараона, і маліў Госпада.
Ён зрабіў згодна слову яго і прыняў мух ад фараона, і ад паслугачоў яго, і ад народа яго; і не засталося з іх аніводнай.
І Госпад учыніў паводле просьбы ягонай і аддаліў мухі ад фараона, і ад слугаў ягоных, і ад народу яго, і не засталося зь іх ніводнай.
Але зацвярдзела сэрца фараона, так што не адпусціў ён народ і ў гэты раз.
Але і гэтым разам закамянела сэрца фараона, і не пусьціў ён народ.