Выхад 23 разьдзел

Выхад
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

Не прымай ілжывай весткі і не давай рукі бязбожнаму, каб сведчыць ілжыва.
 
Не прыймай фальшывай весткі і не давай рукі ліхотніку, каб сьведчыць фальшыва.

Не хадзі за натоўпам, каб зрабіць ліха; не згаджайся на судзе з рашэннем многіх, каб не ўхіліцца ад праўды.
 
Не хадзі за натоўпам на зло. Не згаджайся на судзе на рашэньне многіх, калі яно разьмінаецца з праўдаю.

Не шкадуй таксама беднага на судзе.
 
Не шкадуй таксама беднага на судзе.

Калі сустрэнеш вала ворага свайго або асла, што блукае, завядзі да яго.
 
Калі сустрэнеш вала ворага свайго або асла блукаючага, завядзі да яго.

Калі ўбачыш, што асёл ненавісніка твайго ляжыць пад цяжарам сваім, не абміні, але разам з ім прыйдзі з дапамогай.
 
Калі ўбачыш асла ненавісьніка свайго, лежачага пад цяжарам, не абміні, але разам зь ім прыйдзі з дапамогай.

Не абвяргай суд беднага ў справе яго.
 
Не судзі пераваротна на судзе ў справе беднага.

Пазбягай хлусні. Бязвіннага і справядлівага не забівай, бо Я выракуся бязбожнага.
 
Высьцерагайся хлусьні. Нявіннага і справядлівага не забівай, бо Я не апраўдаю няправасьці.

Не прымай падарункаў, якія асляпляюць нават разважных і абвяргаюць словы справядлівых.
 
Не прыймай падарункаў, бо падарункі сьлепяць добра бачачых і крывяць справы справядлівых.

Не крыўдзі чужынца, бо вы ведаеце душы чужынцаў, бо і самі былі чужынцамі ў зямлі Егіпецкай.
 
Ня крыўдзі прыхадня, бо вы ведаеце душу прыхадняў, бо і вы самі былі прыхаднямі ў зямлі Эгіпецкай.

Шэсць гадоў будзеш засяваць зямлю сваю і збіраць яе плады.
 
Шэсьць гадоў будзеш засяваць зямлю сваю і зьбіраць яе плады.

А ў сёмы год занядбаеш яе і не будзеш збіраць пладоў, каб елі бедныя твайго народа; а што яшчэ застанецца, хай ядуць звяры палявыя. Тое ж самае зробіш у вінаградніку і ў аліўніку тваім.
 
У сёмы год запусьціш яе і ня будзеш зьбіраць пладоў, каб елі ўбогія твайго народу; а што яшчэ застанецца, хай жывяцца зьвяры палявыя. Тое самае зробіш з вінаграднікам тваім і аліўнікам тваім.

Шэсць дзён будзеш працаваць; у сёмы дзень спынішся, каб адпачылі вол твой і асёл твой і адпачыў сын нявольніцы тваёй і чужынец.
 
Шэсьць дзён будзеш працаваць, а ў сёмы дзень спынішся, каб адпачылі вол твой і асёл твой, ды аддыхнуў сын нявольніцы тваёй і прыхадзень.

Усё, што Я сказаў вам, споўніце, і імя чужых багоў не прызывайце, і хай не чуецца яно ў вуснах тваіх.
 
Усё, што Я сказаў вам, споўніце, і імёны чужых багоў не прызывайце, і хай ня чуюцца яны ў вуснах тваіх.

Тры ўрачыстыя святы будзеце святкаваць дзеля Мяне штогод.
 
Тры ўрачыстыя сьвяты будзеш сьвяткаваць дзеля Мяне ў кожным годзе.

Выконвай урачыстасць праснакоў: сем дзён будзеш есці праснакі, як Я загадаў табе, у вызначаны час месяца Абіб, калі ты выйшаў з Егіпта. Не з’яўляйся перада Мною з пустымі рукамі.
 
Сьвяткуй ўрачыстасьць Праснакоў: сем дзён будзеш есьці праснакі, як Я загадаў табе, у вызначаны час месяца Абіб, у які выйшаў ты з Эгіпту. І не зьявішся перада Мною з пустымі рукамі.

І ўрачыстасць жніва пяршыняў працы тваёй з таго, што ты пасеяў на полі; таксама ўрачыстасць збораў на зыходзе года, калі збярэш усе свае плады з поля.
 
І ўрачыстасьць Жніва пяршынаў працы тваёй з таго, што ты пасеяў на полі сваім. Таксама ўрачыстасьць Збораў на канцы года, калі зьбярэш усе свае плады з поля.

Тры разы ў год кожны твой мужчына хай пакажацца перад абліччам Госпада, Бога свайго.
 
Тры разы ў год кожны твой мужчына мае явіцца перад Госпада Бога.

Не пускай кроў ахвяры Маёй над рошчынаю, і хай не застаецца да раніцы тлушч ад свята Майго.
 
Не складай крыві ахвяры Маёй з хлебам квашаным, і хай не застаецца да раніцы тлустасьць сьвяточнай ахвяры Маёй.

Прынось у дом Госпада, Бога твайго, пяршыні пладоў зямлі тваёй. І не вары казляня ў малацэ маці яго.
 
Прынось у дом Госпада, Бога твайго, пяршыны пладоў зямлі тваёй. І ня будзеш варыць казьлянё ў малаку маткі ягонай.

Вось, Я пасылаю анёла, які будзе ісці паперадзе цябе, і будзе сцерагчы ў дарозе, і падвядзе да месца, якое Я прыгатаваў.
 
Вось жа Я пасылаю анёла, ён папярэдзіць цябе і будзе сьцерагчы цябе ў дарозе ў месца, якое Я прыгатаваў.

Паважай яго, і слухай голас яго, і не ўздумай пагарджаць ім, таму што ён не даруе, калі вы зграшыце, бо ў ім — імя Маё.
 
Паважай яго і слухай голасу ягонага, не праціўся яму, таму што ён не даруе грэху вашага, бо імя Маё ў ім.

Калі будзеце слухаць голас яго і будзеце рабіць усё, што Я кажу, то буду ворагам для вашых ворагаў і буду пераследаваць тых, што цябе пераследуюць.
 
Калі будзеш слухаць голас яго і будзеш рабіць усё, што Я кажу, то Я буду ворагам тваіх ворагаў і буду перасьледаваць тых, што цябе перасьледуюць.

Бо пойдзе наперадзе цябе анёл Мой і завядзе цябе да амарэя і хетэя, феразея і хананея, і гівея, і евусея, якіх Я знішчу.
 
Папярэдзіць бо цябе анёл Мой і завядзе цябе да Амарэйца і Гетыта, Пэрэзэя і Хананейца, і Гівея, і Ебусея, каторых Я зьнішчу.

Не будзеш пакланяцца багам іх і не будзеш служыць ім; не будзеш рабіць, як яны рабілі, але знішчыш іх і паразбіваеш камяні іх.
 
Ня будзеш пакланяцца багам іхнім і ня будзеш ім служыць. Ня будзеш рабіць, як яны рабілі, але зьнішчыш іх і паразьбіваеш каменьні іхнія.

Будзеце служыць Госпаду, Богу вашаму, каб дабраславіў Я хлябы вашыя і воды і адхіліў хваробу ад грамады вашай.
 
Будзеце служыць Госпаду, Богу вашаму, каб дабраславіў Я хлябы вашыя і воды, і ўхіліў хваробу спаміж вас.

Не будзе выкідашаў і бясплоднасці ў зямлі тваёй; і Я павялічу колькасць дзён іх.
 
Ня будзе спаронаў і бясплодзьдзя ў зямлі тваёй; і Я павялічу лічбу дзён жыцьця твайго.

Трывогу ад Мяне Я пашлю наперадзе цябе і патрывожу кожны народ, да якога прыйдзеш; і прымушу ўцякаць ад цябе ўсіх ворагаў тваіх, пасылаючы
 
Страх Мой Я пашлю перад табою і ўстрывожу кожны народ, да каторага прыйдзеш, і зраблю, што будуць уцякаць перад табой усе ворагі твае,

наперадзе шэршняў, што выганяць гівея, і хананея, і хетэя перш, чым ты прыйдзеш.
 
бо Я пашлю шаршанёў, каторыя выганяць Гівея, і Хананейца, і Гэтыта перш, чым ты прыйдзеш.

Не выганю іх перад табою ў адзін год, каб зямля не ператварылася ў пустыню і каб не павялічыліся на шкоду тваю дзікія звяры.
 
Ня выганю іх перад табой у адзін год, каб зямля ня сталася пустыняй, ды каб не павялічыліся на некарысьць тваю дзікія зьвяры.

Памалу выганю іх з вачэй тваіх, пакуль не памножышся ты і не завалодаеш зямлёю.
 
Памалу выганю іх перад табою, пакуль павялічышся і авалодаеш зямлёю.

Я ж пакладу межы твае ад Чырвонага мора аж да мора Філістынскага і ад пустыні аж па раку. Аддам у рукі вашыя жыхароў зямлі гэтай і выганю іх з вачэй вашых.
 
Я пашыру межы твае ад Чырвонага мора аж да мора Палястынскага і ад пустыні аж па Раку, і аддам у рукі вашыя жыхароў зямлі гэтай, і выганю іх спасярод вас.

Не заключай запавету ані з імі, ані з багамі іх.
 
Не заключай запавету ані зь імі, ані з багамі іхнімі.

Не будуць яны жыць у зямлі тваёй, каб не ўвесці вас у грэх адносна Мяне, калі будзеце служыць іх багам; бо, канешне, будзе табе гэта на згаршэнне».
 
Ня будуць яны жыць у зямлі тваёй, каб ня ўводзілі вас у грэх адносна Мяне, калі будзеце служыць іхнім багам, бо будзе табе гэта на згаршэньне».