Выхад 23 разьдзел
Выхад
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2002
Ня будзеш разносіць весткі марнай, і не давай рукі тваёй бязбожніку, каб быць сьведкам няправасьці.
Не прыймай фальшывай весткі і не давай рукі ліхотніку, каб сьведчыць фальшыва.
Не станавіся з большасьцю, каб [рабіць] зло, і не адказвай у справе [судовай], прыхіляючыся да большасьці, калі гэта перакручвае [праўду].
Не хадзі за натоўпам на зло. Не згаджайся на судзе на рашэньне многіх, калі яно разьмінаецца з праўдаю.
І ўбогаму не патурай у справе [судовай].
Не шкадуй таксама беднага на судзе.
Калі сустрэнеш вала ворага твайго альбо асла ягонага, якія заблукалі, вяртаючы, зьвярні яго яму.
Калі сустрэнеш вала ворага свайго або асла блукаючага, завядзі да яго.
Калі ўбачыш, што асёл ненавісьніка твайго ўпаў пад цяжарам сваім, не дазволь сабе пакінуць яго, але застаючыся, застанься з ім.
Калі ўбачыш асла ненавісьніка свайго, лежачага пад цяжарам, не абміні, але разам зь ім прыйдзі з дапамогай.
Ня будзеш перакручваць суд беднага твайго ў [судовай] справе ягонай.
Не судзі пераваротна на судзе ў справе беднага.
Ад слова фальшывага будзь далёка, і не забівай нявіннага і праведнага, бо Я не апраўдаю бязбожніка.
Высьцерагайся хлусьні. Нявіннага і справядлівага не забівай, бо Я не апраўдаю няправасьці.
Дароў не бяры, бо дар засьляпляе відушчых і перакручвае словы праведных.
Не прыймай падарункаў, бо падарункі сьлепяць добра бачачых і крывяць справы справядлівых.
І прыхадня не ўціскай, таму што вы ведаеце душу прыхадня, бо самі былі прыхаднямі ў зямлі Эгіпецкай.
Ня крыўдзі прыхадня, бо вы ведаеце душу прыхадняў, бо і вы самі былі прыхаднямі ў зямлі Эгіпецкай.
І шэсьць гадоў засявай зямлю тваю і зьбірай ураджай ейны,
Шэсьць гадоў будзеш засяваць зямлю сваю і зьбіраць яе плады.
а ў сёмы [год] запусьці яе і пакінь яе, і будуць жывіцца [з яе] бедныя народу твайго, а рэштаю пасьля іх будуць жывіцца зьвяры палявыя. Так зробіш з вінаграднікам тваім і з аліўнікам тваім.
У сёмы год запусьціш яе і ня будзеш зьбіраць пладоў, каб елі ўбогія твайго народу; а што яшчэ застанецца, хай жывяцца зьвяры палявыя. Тое самае зробіш з вінаграднікам тваім і аліўнікам тваім.
Шэсьць дзён будзеш рабіць справы твае, а ў дзень сёмы супачынеш, каб спыніўся вол твой і асёл твой, і адпачыў сын служкі тваёй і прыхадзень.
Шэсьць дзён будзеш працаваць, а ў сёмы дзень спынішся, каб адпачылі вол твой і асёл твой, ды аддыхнуў сын нявольніцы тваёй і прыхадзень.
І ўсё, што Я сказаў вам, захоўвайце, і імя багоў іншых ня ўзгадвайце, няхай ня будзе чуваць [яго] з вуснаў тваіх.
Усё, што Я сказаў вам, споўніце, і імёны чужых багоў не прызывайце, і хай ня чуюцца яны ў вуснах тваіх.
Тройчы ў год будзеш сьвяткаваць [сьвяты] Мае.
Тры ўрачыстыя сьвяты будзеш сьвяткаваць дзеля Мяне ў кожным годзе.
Сьвята Праснакоў будзеш захоўваць. Сем дзён будзеш есьці праснакі, як Я загадаў табе, у вызначаным часе месяца Авіў, бо ў гэты [час] ты выйшаў з Эгіпту. І не зьяўляйцеся перад аблічча Маё з пустымі [рукамі].
Сьвяткуй ўрачыстасьць Праснакоў: сем дзён будзеш есьці праснакі, як Я загадаў табе, у вызначаны час месяца Абіб, у які выйшаў ты з Эгіпту. І не зьявішся перада Мною з пустымі рукамі.
І Сьвята Жніва пяршынаў працы тваёй, якія ты сеяў на полі, і Сьвята Збору [ўраджаю] пры заканчэньні году, калі зьбярэш працу тваю з поля.
І ўрачыстасьць Жніва пяршынаў працы тваёй з таго, што ты пасеяў на полі сваім. Таксама ўрачыстасьць Збораў на канцы года, калі зьбярэш усе свае плады з поля.
Тройчы ў год мае зьяўляцца кожны мужчына твой перад аблічча Госпада ГОСПАДА.
Тры разы ў год кожны твой мужчына мае явіцца перад Госпада Бога.
Не ахвяроўвай над кіслым крыві ахвяры Маёй, і не пакідай на ноч тлушч сьвяточны да раніцы.
Не складай крыві ахвяры Маёй з хлебам квашаным, і хай не застаецца да раніцы тлустасьць сьвяточнай ахвяры Маёй.
Першыя пяршыны зямлі тваёй прынось у дом ГОСПАДА, Бога твайго. Не вары казьляняці ў малацэ маці ягонай.
Прынось у дом Госпада, Бога твайго, пяршыны пладоў зямлі тваёй. І ня будзеш варыць казьлянё ў малаку маткі ягонай.
Вось, Я пасылаю перад табою анёла, каб ён захоўваў цябе ў дарозе і ўвёў цябе ў месца, якое Я падрыхтаваў.
Вось жа Я пасылаю анёла, ён папярэдзіць цябе і будзе сьцерагчы цябе ў дарозе ў месца, якое Я прыгатаваў.
Сьцеражыся перад абліччам ягоным і слухайся голасу ягонага; ня будзь горкім для яго, бо ён не даруе віны вашай, бо імя Маё ў ім.
Паважай яго і слухай голасу ягонага, не праціўся яму, таму што ён не даруе грэху вашага, бо імя Маё ў ім.
Калі ты, слухаючы, будзеш слухаць голас ягоны і зробіш усё, што Я прамоўлю, Я буду ворагам ворагаў тваіх і буду ўціскаць тых, што ўціскаюць цябе.
Калі будзеш слухаць голас яго і будзеш рабіць усё, што Я кажу, то Я буду ворагам тваіх ворагаў і буду перасьледаваць тых, што цябе перасьледуюць.
Калі пойдзе анёл Мой перад табою, і прывядзе цябе да Амарэя, Хета, Пэрэзэя, Хананейца, Хівея і Евусэя, і Я выгублю іх,
Папярэдзіць бо цябе анёл Мой і завядзе цябе да Амарэйца і Гетыта, Пэрэзэя і Хананейца, і Гівея, і Ебусея, каторых Я зьнішчу.
не пакланяйся багам іхнім, і не служы ім, і не рабі паводле ўчынкаў іхніх, але руйнуючы, зруйнуй іх, і крышачы, скрышы слупы іхнія.
Ня будзеш пакланяцца багам іхнім і ня будзеш ім служыць. Ня будзеш рабіць, як яны рабілі, але зьнішчыш іх і паразьбіваеш каменьні іхнія.
І служыце ГОСПАДУ, Богу вашаму, і Ён дабраславіць хлеб твой і ваду тваю; і Я аддалю хваробы спасярод цябе.
Будзеце служыць Госпаду, Богу вашаму, каб дабраславіў Я хлябы вашыя і воды, і ўхіліў хваробу спаміж вас.
Ня будзе [той, якая] спароніць, і бясплоднай у зямлі тваёй; лік дзён тваіх Я напоўню.
Ня будзе спаронаў і бясплодзьдзя ў зямлі тваёй; і Я павялічу лічбу дзён жыцьця твайго.
Жах Мой Я пашлю перад табою і стрывожу кожны народ, да якога ты выйдзеш супраць яго, і павярну да цябе каркам усіх ворагаў тваіх.
Страх Мой Я пашлю перад табою і ўстрывожу кожны народ, да каторага прыйдзеш, і зраблю, што будуць уцякаць перад табой усе ворагі твае,
І пашлю перад табою шаршанёў, і яны выганяць перад табою Хівея, Хананейца і Хета.
бо Я пашлю шаршанёў, каторыя выганяць Гівея, і Хананейца, і Гэтыта перш, чым ты прыйдзеш.
Ня выганю іх перад абліччам тваім за адзін год, каб зямля ня сталася пусткаю і не памножыліся супраць цябе зьвяры палявыя.
Ня выганю іх перад табой у адзін год, каб зямля ня сталася пустыняй, ды каб не павялічыліся на некарысьць тваю дзікія зьвяры.
Памалу, памалу буду праганяць іх перад абліччам тваім, аж пакуль ты не памножышся і ня возьмеш у спадчыну зямлю гэтую.
Памалу выганю іх перад табою, пакуль павялічышся і авалодаеш зямлёю.
І Я пастаўлю мяжу тваю ад Мора Чырвонага аж да Мора Філістынскага і ад пустыні аж да Ракі; бо дам у рукі вашыя жыхароў зямлі гэтай, і ты выганіш іх ад аблічча твайго.
Я пашыру межы твае ад Чырвонага мора аж да мора Палястынскага і ад пустыні аж па Раку, і аддам у рукі вашыя жыхароў зямлі гэтай, і выганю іх спасярод вас.
Не заключай запавету ані з імі, ані з багамі іхнімі.
Не заключай запавету ані зь імі, ані з багамі іхнімі.
Няхай не жывуць яны ў зямлі тваёй, каб яны не ўвялі цябе ў грэх супраць Мяне; бо калі ты будзеш служыць багам іхнім, гэта станецца для цябе пасткаю».
Ня будуць яны жыць у зямлі тваёй, каб ня ўводзілі вас у грэх адносна Мяне, калі будзеце служыць іхнім багам, бо будзе табе гэта на згаршэньне».