Выхад 6 разьдзел
Выхад
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2002
І сказаў ГОСПАД Майсею: «Цяпер ты ўбачыш, што Я зраблю фараону, бо дзеля моцнае рукі ён выпусьціць іх і дзеля моцнае рукі ён выганіць іх з зямлі сваёй».
Сказаў тады Госпад Майсею: «Цяпер убачыш, што Я зраблю фараону. Дзеля дужай рукі выпусьціць іх ды дзеля сільнай рукі выкіне іх зь зямлі сваёй».
І прамовіў Бог да Майсея, і сказаў яму: «Я — ГОСПАД.
І сказаў Госпад Майсею: «Я — Госпад,
І Я зьяўляўся Абрагаму, Ісааку і Якубу як Бог Усемагутны, але імя Маё, ГОСПАД, Я ня даў ведаць ім.
Каторы аб'явіўся Абрагаму, Ізааку і Якубу як Бог Усемагутны, але імя Свайго, Ягвэ, не аб'явіў ім.
І Я заключыў запавет Мой з імі, каб даць ім зямлю Ханаан, зямлю вандраваньня іхняга, у якой яны вандравалі.
І заключыў Я зь імі запавет, што дам ім зямлю Ханаан, зямлю пілігрымаваньня іхняга, у каторай былі яны чужынцамі.
І таксама Я пачуў стогны сыноў Ізраіля, якіх Эгіпцяне зрабілі нявольнікамі, і ўзгадаў запавет Мой.
І пачуў Я стогны сыноў Ізраэля, што Эгіпцяне ўціскаюць іх, і ўспомніў на запавет Мой.
Дзеля гэтага скажы сынам Ізраіля: “Я — ГОСПАД, і Я выведу вас з-пад ярма Эгіпецкага, і выратую вас з няволі іхняе, і вызвалю вас рамяном узьнятым і судамі вялікімі.
Дык ідзі і скажы сынам Ізраеля: Я — Госпад, Я вывяду вас з-пад ярма Эгіпцянаў і вырву вас зь няволі, і вызвалю вас выцягнутаю рукою і цяжкімі карамі.
І Я вазьму вас Сабе за народ, і буду вам Богам, і вы даведаецеся, што Я — ГОСПАД, Бог ваш, Які вывеў вас з-пад ярма Эгіпецкага.
І вазьму вас Сабе за народ, і буду вашым Богам; і вы даведаецеся, што Я — Госпад, Бог ваш, Які вывеў вас з-пад ярма Эгіпцянаў,
І Я прывяду вас у тую зямлю, пра якую Я падняў руку Сваю, каб даць яе Абрагаму, Ісааку і Якубу, і дам яе вам на ўласнасьць. Я — ГОСПАД”».
і Я ўвяду вас у зямлю, над якой падняў руку Сваю, каб даць яе Абрагаму, Ізааку і Якубу, і дам вам яе на ўласнасьць. Я — Госпад».
І гаварыў Майсей гэтак да сыноў Ізраіля, але яны ня слухалі Майсея з прычыны маладушнасьці і цяжкай працы.
І расказаў Майсей усё сынам Ізраэля, але яны не паверылі яму дзеля маладушнасьці і дзеля цяжкай працы.
І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:
І прамовіў Госпад да Майсея:
«Ідзі, скажы фараону, валадару Эгіпту, каб адпусьціў сыноў Ізраіля з зямлі сваёй».
«Ідзі і кажы фараону, каралю Эгіпту, каб пусьціў сыноў Ізраэля зь зямлі сваёй».
І прамовіў Майсей перад абліччам ГОСПАДА, кажучы: «Вось, сыны Ізраіля ня слухаюць мяне; і як жа паслухае мяне фараон? А я [маю] неабрэзаныя вусны».
І адказаў Майсей на віду ў Госпада: «Вось, сыны Ізраэля ня слухаюць мяне, а як паслухае мяне фараон, я ж ня ўмею гаварыць?»
І прамовіў ГОСПАД да Майсея і Аарона, і загадаў ім [казаць] да сыноў Ізраіля і да фараона, валадара Эгіпту, каб вывесьці сыноў Ізраіля з зямлі Эгіпецкай.
І сказаў Госпад Майсею і Аарону, і даў ім загад што да сыноў Ізраэля і фараона, караля Эгіпецкага, каб вывесьці сыноў Ізраэля зь зямлі Эгіпецкай.
Гэта галовы дамоў бацькоў іхніх. Сыны Рубэна, першароднага Ізраіля: Ганох і Пальлю, Хецрон і Кармі. Гэта плямёны Рубэна.
Гэтыя вось князі пакаленьняў па сем'ях сваіх. Сыны Рубэна, першароднага Ізраэля: Генох і Пальлю, Хецрон і Кармі. Гэта сем'і Рубэна.
А сыны Сымона: Емуэль і Ямін, і Агад, і Яхін, і Цахар, і Шаўль, сын Ханаанянкі. Гэта плямёны Сымона.
Сыны Сымона: Емуэль, і Ямін, і Агад, і Яхін, і Цахар, і Шаўль, сын Хананейкі. Гэта сем'і Сымона.
І вось імёны сыноў Левія паводле радаводаў іхніх: Гершон, і Кегат, і Мэрары. А гадоў жыцьця Левія было сто трыццаць сем гадоў.
Вось імёны сыноў Левія зь іх сем'ямі: Гершон, Кегат і Мэрары. Гадоў жыцьця Левія — сто трыццаць сем.
Сыны Гершона: Ліўні і Шымэй паводле плямёнаў іхніх.
Сыны Гершона: Лібні і Шымэй зь іх сем'ямі.
А сыны Кегата: Амрам, і Іцгар, і Хеўрон, і Узіэль. А гадоў жыцьця Кегата было сто трыццаць тры гады.
Сыны Кегата: Амрам і Іцгар, Геброн і Ўзіэль. Гадоў жыцьця Кегата — сто трыццаць тры.
А сыны Мэрары: Махлі і Мушы. Гэта плямёны Левія паводле радаводаў іхніх.
Сыны Мэрары: Махлі і Мушы. Гэта сем'і Левія па родах іх.
І ўзяў Амрам Ёхабэд, цётку сваю, сабе за жонку, і яна нарадзіла яму Аарона і Майсея. А гадоў жыцьця Амрама было сто трыццаць сем гадоў.
Амрам узяў за жонку Ёхабэд, цётку сваю, каторая нарадзіла яму Аарона і Майсея. Гадоў жыцьця Амрама — сто трыццаць сем.
А сыны Іцгара: Карах, і Нэфэг, і Зіхры.
Сыны Іцгара: Карах, Нэфэг і Зіхры.
А сыны Узыэля: Мішаэль, і Эльцафан, і Сытры.
Сыны Узіэля: Мішаэль, Эльцафан і Сітры.
І ўзяў Аарон Элішэбу, дачку Амінадава, сястру Нахшона, сабе за жонку, і яна нарадзіла яму Надава і Абігу, Элеазара і Ітамара.
Аарон узяў за жонку Элішэбу, дачку Амінадаба, сястру Нахшона, каторая нарадзіла яму Надаба, Абігу, Элеазара і Ітамара.
І сыны Караха: Асір, і Элькана, і Абіясаф. Гэта плямёны Караха.
Сыны Караха: Асір, Элькана і Абіясаф. Гэта сем'і Караха.
І Элеазар, сын Аарона, узяў [адну] з дачок Путыэля сабе за жонку, і яна нарадзіла яму Пінхаса. Вось галовы бацькоў Лявітаў паводле плямёнаў іхніх.
Элеазар, сын Аарона, узяў за жонку адну з дачок Пуцтыэля, і яна нарадзіла яму Пінхаса. Гэта вось галовы сем'яў Левія па родах іхніх.
Гэта вось Аарон і Майсей, якім сказаў ГОСПАД: «Выведзіце сыноў Ізраіля з зямлі Эгіпецкай паводле дружынаў іхніх».
Гэта вось Аарон і Майсей, каторым Госпад загадаў вывесьці сыноў Ізраэля зь зямлі Эгіпецкай паводле іх дружынаў.
Яны прамаўлялі да фараона, валадара Эгіпту, каб вывесьці сыноў Ізраіля з Эгіпту, гэтыя Майсей і Аарон.
Вось яны гаварылі фараону, каралю Эгіпту, каб вывесьці сыноў Ізраэля з Эгіпту, гэтыя Майсей і Аарон.
І сталася ў дзень, калі ГОСПАД прамаўляў да Майсея ў зямлі Эгіпецкай.
І прамаўляў у той дзень Госпад да Майсея ў зямлі Эгіпецкай.
І сказаў ГОСПАД Майсею, кажучы: «Я — ГОСПАД. Кажы фараону, валадару Эгіпту, усё, што Я кажу табе».
І вось што сказаў Госпад Майсею: «Я — Госпад! Скажы фараону, каралю Эгіпту, усё, што Я кажу табе».
І Майсей сказаў перад абліччам ГОСПАДА: «Вось, я [маю] неабрэзаныя вусны, і як жа паслухае мяне фараон?»
Але Майсей сказаў перад Госпадам: «Я не гаваркі, ці паслухае мяне фараон?»