Выхад 28 разьдзел

Выхад
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

І ты наблізь да сябе Аарона, брата твайго, і сыноў ягоных з ім спасярод сыноў Ізраіля, каб яны былі сьвятарамі Маімі: Аарона і Надава, Авігу, Элеазара і Ітамара, сыноў Аарона.
 
Ты вось вазьмі да сябе брата свайго Аарона з сынамі ягонымі спаміж сыноў Ізраэля, каб служылі Мне сьвятарамі: Аарона, Надаба, Абігу, Элеазара і Ітамара.

І зробіш сьвятыя адзеньні Аарону, брату твайму, дзеля славы і аздабленьня.
 
І справіш адзеньне сьвятое Аарону, брату свайму, на славу і на аздабленьне.

І скажаш усім мудрым сэрцам, якіх Я напоўніў духам мудрасьці, каб яны зрабілі Аарону адзеньні для асьвячэньня яго, каб ён быў сьвятаром Маім.
 
Пагавары з усімі мудрымі сэрцам, каторых надзяліў Я духам мудрасьці, каб справілі шаты Аарону для пасьвячэння яго, і ён будзе служыць Мне.

І вось адзеньні, якія яны маюць зрабіць: нагруднік і эфод, і верхняя шата, і хітон плецены, мітра і пояс. І зробяць сьвятыя адзеньні Аарону, брату твайму, і сынам ягоным, каб яны былі сьвятарамі Маімі.
 
Такія вось маюць быць шаты, каторыя зробяць: нагруднік і эфод, верхняя шата, шата вышываная, кідар і пояс. Хай зробяць сьвятыя шаты брату твайму Аарону і сынам яго, каб служылі яны Мне сьвятарамі.

Няхай яны возьмуць золата, і блакіт, і пурпур, і барвовы кармазын, і вісон,
 
Хай яны возьмуць золата, фіялетавы і чырвоны пурпур, кармазын і вісон.

і зробяць эфод з золата, блакіту, пурпуру, барвовага кармазыну і кручанага вісону мастацкай работаю.
 
І хай зробяць эфод з золата, зь фіялетавага і чырвонага пурпуру, з кармазыну і з кручанага вісону мастацкай работаю.

Два злучаныя нараменьнікі будзе ён мець на двух канцах сваіх, і так будзе злучаны.
 
І будзе ён мець два нараменьнікі, злучаныя з сабою на абодвух найвышшых канцах.

І пас эфоду, які [падпярэзвае] яго, мае быць аднолькавае з ім работы, з золата, блакіту, пурпуру, барвовага кармазыну і кручанага вісону.
 
А пояс эфоду, каторы паўзьверх яго, павінен быць аднолькавай зь ім работы з чыстага золата, зь фіялетавага і чырвонага пурпуру, кармазыну і кручанага вісону.

І возьмеш два камяні оніксу, і выражаш на іх імёны сыноў Ізраіля.
 
І возьмеш два камяні оніксу, і выражаш на іх імёны сыноў Ізраэля,

Шэсьць імёнаў іхніх на адным камяні, і шэсьць імёнаў астатніх на другім камяні, паводле [парадку] нараджэньня іхняга.
 
шэсьць імёнаў іх на адным камені і шэсьць імёнаў іншых на другім камені па чарзе нараджэньня іх.

Як разьбяр на камяні выразае пячатку, так ты выражаш на двух камянях імёны сыноў Ізраіля; асаджанымі ў залатыя аправы зробіш іх.
 
Як разьбяр на камені выразае пячатку, так і ты на абодвух камянях выражаш імёны сыноў Ізраэлявых і асадзіш іх у залатыя аправы.

І паложыш абодва камяні гэтыя на нараменьнікі эфоду як камяні на ўспамін пра сыноў Ізраіля, і будзе насіць Аарон імёны іхнія перад абліччам ГОСПАДА на абодвух плячах сваіх як напамін.
 
І два гэтыя камяні памясьці на абодвух нараменьніках эфоду. Гэта камяні на памяць сынам Ізраэля. Вось жа Аарон будзе насіць імёны іх перад Госпадам на абодвух рамёнах сваіх на памяць.

І зробіш аправы з золата,
 
А аправы зробіш з золата,

і два ланцужкі са шчырага золота, плеценымі зробіш іх, як зрабіў пас, і прымацуеш плеценыя ланцужкі да аправаў.
 
таксама два ланцужкі з чыстага золата, як кручаныя шнуркі, і прычэпіш іх да аправаў.

І зробіш нагруднік судовы мастацкаю работаю, такою самаю работаю як эфод зробіш яго; з золата, блакіту, пурпуру, барвовага кармазыну і кручанага вісону зробіш яго.
 
І зробіш нагруднік судовы мастацкаю работай у такі самы спосаб, як эфод, з золата, зь фіялетавага і чырвонага пурпуру, карамзыну і кручанага вісону.

Чатырохкутны ён мае быць і падвойны, у пядзю даўжыня ягоная і ў пядзю шырыня ягоная.
 
Будзе ён квадратны і падвойны, а даўжыня яго і шырыня будзе ў адну пядзь.

І напоўніш яго асаджанымі камянямі, чатырма шэрагамі камянёў. Рубін, тапаз і шмарагд — гэта шэраг адзін.
 
Памясьці на ім чатыры рады дарагіх каменьняў: у першым радзе — рубін, тапаз і шмарагд,

А шэраг другі — гранат, шафір і дыямэнт.
 
у другім радзе — гранат, шафір і бэрыль,

А шэраг трэці — яхонт, агат і амэтыст.
 
у трэцім радзе — яхонт, агат і амэтыст,

А шэраг чацьвёрты — хрызаліт, онікс і ясьпіс. Яны маюць быць асаджаны ў золата ў асадах сваіх.
 
у чацьвёртым радзе — хрызаліт, онікс і ясьпіс. Будуць асаджаны яны ў залатых аправах у адпаведных радах.

І камяні будуць паводле імёнаў сыноў Ізраіля, дванаццаць паводле імёнаў іхніх, і на кожным будзе выразанае як пячатка імя паводле [імёнаў] дванаццаці.
 
Каменьні гэтыя атрымаюць імёны сыноў Ізраэля: будзе іх дванаццаць паводле іх імёнаў і будуць яны рэзаны на ўзор пячаткі, кожны са сваім імем паводле дванаццаці пакаленьняў.

І зробіш для нагрудніку ланцужкі плеценыя вітою работаю, са шчырага золата.
 
Да нагрудніка зробіш ланцужкі кручаныя, як шнуркі, з чыстага золата.

І зробіш для нагрудніку два колцы залатыя, і прымацуеш два колцы да двух канцоў нагрудніку.
 
І зробіш да нагрудніка два залатыя пярсьцені, і прыправіш абодвы гэтыя пярсьцені на верхніх канцах нагрудніка.

І ўкладзеш два плеценыя залатыя ланцужкі ў абодва колцы на канцах нагрудніку.
 
Два залатыя ланцужкі працягнеш праз абодва пярсьцені на абодвух канцах нагрудніка.

А [іншыя] два канцы двух плеценых ланцужкоў прычэпіш да двух аправаў, і прымацуеш да нараменьнікаў эфоду з пярэдняга боку яго.
 
Іншыя ж два канцы абодвух ланцужкоў прышыеш да двух аправаў, якія прымацуеш да нараменьнікаў эфоду сьпераду.

І зробіш два колцы залатыя, і прымацуеш іх да двух канцоў нагрудніку на тым краі ягоным, які пры ўнутраным боку эфоду.
 
Пасьля зробіш яшчэ два іншыя пярсьцені і прымацуеш да двух ніжніх канцоў нагрудніка па беразе яго на ўнутраным баку, зьвернутым да эфоду.

І зробіш два колцы залатыя, і прымацуеш іх да двух нараменьнікаў эфоду зьнізу з пярэдняга боку ягонага, каля злучэньня ягонага, над пасам эфоду.
 
Затым зробіш яшчэ два залатыя пярсьцені і прышыеш да двух нараменьнікаў эфоду на зьнешнім баку ўнізе, у месцы сьпяцьця эфоду з поясам.

І прымацуеш нагруднік з колцамі ягонымі колцамі ягонымі да колцаў эфоду шнурком з блакіту, каб ён быў над пасам эфоду, і каб не ссоваўся нагруднік з эфоду.
 
Потым зьвяжаш пярсьцені нагрудніка з пярсьценямі эфоду шнурком зь фіялетавага пурпуру так, каб нагруднік ляжаў на поясе эфоду і ня мог перасунуцца са свайго месца на эфодзе.

І будзе насіць Аарон імёны сыноў Ізраіля на нагрудніку судовым на сэрцы сваім, калі будзе ўваходзіць у сьвятыню, як успамін перад абліччам ГОСПАДА заўсёды.
 
Такім чынам Аарон будзе насіць імёны сыноў Ізраэля, выпісаныя на нагрудніку судовым, на сваім сэрцы, калі будзе ўваходзіць у сьвятыню, каб заўсёды меў іх у памяці перад Госпадам.

І ўложыш у нагруднік судовы урым і тумім, і яны будуць каля сэрца Аарона, калі ён будзе ўваходзіць у сьвятыню перад аблічча ГОСПАДА; і будзе Аарон насіць суд сыноў Ізраіля каля сэрца свайго перад абліччам ГОСПАДА заўсёды.
 
У нагруднік судовы ўлажы Урым і Тумім, каторыя будуць на сэрцы Аарона, калі ён будзе станавіцца перад воблікам Госпада. І так будзе насіць Аарон на сэрцы сваім суд для сыноў Ізраэля перад воблікам Госпада заўсёды.

І зробіш верхнюю шату да эфоду, усю з блакіту.
 
І зробіш верхнюю шату пад эфод, усю зь фіялетавага пурпуру.

І будзе мець яна ў сярэдзіне адтуліну для галавы; абшыўка мае быць наўкола адтуліны, ткацкай работы, як пры адтуліне панцыра, каб не разьдзёрлася.
 
І будзе мець яна ў сярэдзіне адтуліну на галаву і абшыўку вакол адтуліны тканую, падобную як пры адтуліне панцыра, каб не разьдзёрлася.

І зробіш на прыполе ейным яблыкі гранатовыя з блакіту, пурпуру і барвовага кармазыну, на прыполе ейным наўкола; і званочкі залатыя пасярод іх наўкола,
 
На яе краях унізе па колу прышыеш яблыкі гранату зь фіялетавага і чырвонага пурпуру, кармазыну, і званочкі залатыя кругом паміж іх.

залаты званочак і гранатовы яблык, залаты званочак і гранатовы яблык, на прыполе верхняе шаты наўкола.
 
Званок залаты і яблык гранату будуць на перамену вакол ніжняга крыса шаты.

І будзе [гэта] на Аароне ў часе служэньня [ягонага], і чутны будзе голас ягоны, калі ён будзе ўваходзіць у сьвятыню перад аблічча ГОСПАДА, і калі будзе выходзіць, каб ён не памёр.
 
І будзе адзявацца ў яе Аарон у час спаўненьня служеньня, каб чуўся гук, калі будзе ўваходзіць у Сьвятыню перад аблічча Госпада і выходзіць, і не памрэ.

І зробіш дыядэму са шчырага золата, і выражаш на ёй, як выразаюць на пячатцы: “Сьвятыня для ГОСПАДА!”,
 
І зробіш дыядэму з чыстага золата, на якой выражаш, як выразана на пячатцы: «Сьвятое Госпада».

і прымацуеш шнурком з блакіту, і будзе яна на мітры, на пярэднім баку мітры яна будзе.
 
І прывяжаш яе шнуром зь фіялетавага пурпуру, каб была яна на пярэднім баку кідара.

І будзе яна на чале Аарона, і панясе Аарон беззаконьне, [якое будзе ў] асьвячоных рэчах, якія пасьвяцілі сыны Ізраіля, у-ва ўсіх дарах, якія пасьвяцілі яны. І будзе яна на чале ягоным заўсёды, каб былі [дары] даспадобы перад абліччам ГОСПАДА.
 
І будзе яна на чале Аарона, бо Аарон панясе на сабе правіны, дапушчаныя ў сьвятых рэчах, калі будуць складаць сыны Ізраэля ахвяры і дары свае. І будзе дыядэма заўсёды на яго чале для атрыманьня яму ласкі перад Госпадам.

І вытчаш хітон з вісону, і зробіш мітру з вісону, і пояс зробіш гафтаванае работы.
 
І вытчы шату зь вісону, і кідар зь вісону, і пояс, штучна вышываны.

І для сыноў Аарона зробіш хітоны, і зробіш для іх паясы, і турбаны зробіш для іх дзеля славы і аздабленьня.
 
А сынам Аарона зробіш шаты ільняныя і паясы, і мітры на славу і на аздабленьне.

І апранеш у іх Аарона, брата свайго, і сыноў ягоных з ім, і памажаш іх, і напоўніш рукі іхнія, і пасьвяціш іх, і яны будуць сьвятарамі Маімі.
 
І адзенеш у іх брата свайго Аарона і сыноў яго разам зь ім, і памажаш іх, і напоўніш рукі іхнія, і пасьвяціш іх, і яны будуць Мне сьвятарамі.

І зробіш нагавіцы ільняныя, каб прыкрыць голасьць цела, ад сьцёгнаў да галёнкаў няхай будуць.
 
І зробіш ім споднія порткі, каб хавалі голасьць цела ад сьцёгнаў аж да лытак.

І будуць яны на Аароне і на сынах ягоных, калі яны будуць уваходзіць у Намёт Спатканьня або набліжацца да ахвярніка, каб служыць у сьвятыні, і [тады] яны не панясуць беззаконьня і не памруць. [Гэта] пастанова вечная для яго і насеньня ягонага пасьля яго.
 
І будуць карыстацца імі Аарон і сыны ягоныя, калі будуць уваходзіць у Палатку Сустрэчы або калі будуць прыступаць да ахвярніка, каб служыць у Сьвятыні, каб дзеля грэшнасьці не паўміралі. Гэта пастанова вечная будзе для Аарона і патомства ягонага па ім.