Выхад 22 разьдзел

Выхад
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

Калі хто ўкрадзе вала або ягня, і зарэжа яго або прадасьць яго, тады пяць валоў заплаціць за вала і чатыры авечкі — за ягня.
 
Калі б хто ўкраў вала або авечку і забіў бы іх або прадаў, то тады зьверне пяць валоў за аднаго вала, і чатыры авечкі за адну авечку.

Калі пры падкопаваньні будзе знойдзены злодзей, і будзе біты, і памрэ, тады няма [віны] крыві за яго.
 
Калі б хто схапіў злодзея, калі ён уломываецца або падкопваецца, і так бы яго пабіў, што той памёр, то ня будзе вінны крыві.

Калі ўзыйшло над ім сонца, будзе [віна] крыві за яго. Плацячы, мае заплаціць злодзей, а калі ня мае чым [заплаціць], няхай прададуць яго за ўкрадзенае ім.
 
Але каб гэта зрабіў на ўзыходзе сонца, будзе вінен крыві. Злодзей абавязаны да аднагараджэньня, а калі ня меў бы, чым аднагарадзіць, то трэба яго прадаць за тую самую суму, якую ўкраў.

Калі шукаючы, знойдуць украдзенае ў руцэ ягонай ад вала аж да асла і да ягняці, і яны жывыя, няхай заплаціць падвойна.
 
Калі ж тое, што ўкраў, знойдзецца ў яго жывое, ці то вол, ці асёл, ці авечка, аддасьць у падвойнай колькасьці.

Калі хто спасьвіў поле або вінаграднік, і пусьціў статак свой, і пасьвіць на полі іншага, няхай заплаціць найлепшым з поля свайго і найлепшым з вінаградніку свайго.
 
Калі хто спасе поле або вінаграднік і пусьціць быдла сваё, каб спасьвіць чужое поле, тады аднагародзіць тым, што мае найлепшае на сваім полі ды ў сваім вінагарадніку.

Калі выйдзе агонь і ахопіць цярніну, і пажарэ снапы, або збожжа, або поле, тады плацячы, заплаціць той, хто запаліў агонь.
 
Калі ўзьнікне агонь і ахопіць церні, і спаліць сьцірту збожжа або стаячае на пню збожжа, або поле, то тады той, па чыёй прычыне ўзьнік пажар, павінен аднагародзіць шкоду.

Калі хто дасьць бліжняму свайму срэбра альбо рэчы на захаваньне, і яны будуць украдзеныя з дому таго чалавека, калі будзе знойдзены злодзей, няхай заплаціць падвойна.
 
Калі б хто даў другому грошы або каштоўныя рэчы на захаваньне, і яны б былі скрадзеныя ў доме таго чалавека, калі злодзей будзе выяўлены, павінен выплаціць падвойнае адшкадаваньне.

А калі ня будзе знойдзены злодзей, тады наблізіцца гаспадар дому да Бога, [і скажа,] што ня выцягнуў рукі сваёй на ўласнасьць бліжняга свайго.
 
Калі б ня выяўлена злодзея, то тады той гаспадар дому стане перад Богам і прысягне, што ня выцягнуў рукі на дабро бліжнага свайго.

Пра ўсялякую рэч, [пра якую] няма згоды, пра вала, пра асла, пра авечку, пра плашч, пра ўсялякую згубу, пра якую [нехта] скажа, што яна яго, справа абодвух мае прыйсьці да Бога. Каго прызнае вінным Бог, той заплаціць бліжняму свайму падвойна.
 
У кожнай справе спрэчнай, ці то адносна вала, ці асла, ці авечкі, ці адзеньня, ці адносна ўсякай згубленай рэчы, аб каторай хто скажа: «Гэта маё», справа абодвух павінна быць прадстаўлена Богу, і каторага Бог прызнае вінным, той зьверне другому ў два разы.

Калі хто дасьць бліжняму свайму асла, альбо вала, альбо ягня, альбо якую іншую скаціну на захаваньне, а яна здохне, або будзе скалечана, або ўзята ў палон, і ніхто гэтага ня бачыў,
 
Калі б хто даручыў другому ў апеку асла, вала, авечку або якую другую жывёлу, а яна б збегла або скалечылася, або была зьведзеная ворагамі, і ніхто гэта ня бачыў,

тады прысяга перад ГОСПАДАМ няхай будзе між абодвума, што [той, што захоўваў,] ня выцягнуў рукі сваёй на ўласнасьць бліжняга свайго; і прыйме гэтую [прысягу] гаспадар ейны, і [той, што захоўваў,] ня будзе плаціць.
 
то справу паміж абодвума вырашыць прысяга перад Госпадам, што перахоўваючы, адзін ня выцягнуў рукі на дабро другога; і хай гаспадар прыйме тое, што засталося, а той ня будзе плаціць аднагароды.

А калі, крадучы, украдуць у яго, тады заплаціць гаспадару ейнаму.
 
А калі будзе ўкрадзена ў яго, то ён павінен заплаціць гаспадару.

Калі разьдзіраючы, разьдзярэ яе [дзікі зьвер], тады як сьведчаньне прынясе разьдзёртае, і ня будзе плаціць.
 
А калі тая жывёла разьдзёртая будзе дзікім якім зьверам, то ён прынясе яе як доказ і ня будзе плаціць.

І калі хто пазычыць у бліжняга свайго [жывёлу], і яна будзе скалечана або здохне, а гаспадара ейнага не было пры ёй, тады, плацячы, заплаціць [за яе].
 
Калі б хто пазычыў ад другога жывёлу, а яна акалячэла або пала ў адсутнасьці гаспадара, то павінен заплаціць упоўні.

А калі гаспадар ейны быў пры ёй, тады ня будзе плаціць. Калі яна нанята была [за грошы], тады атрымае цану найму.
 
Але калі гаспадар прысутнічаў, то ня плаціць. Калі яна была нанятая за грошы, то атрымае цану найму.

Калі хто зьвядзе дзяўчыну, якая не заручаная, і будзе ляжаць з ёю, мае заплаціць вена і ўзяць яе сабе за жонку.
 
Калі б хто зьвёў дзяўчыну яшчэ не заручаную ды спаў зь ёй, хай заплаціць плату, складаную пры заручынах, ды возьме яе за жонку.

А калі бацька ейны, адмаўляючыся, адмовіцца выдаць яе за яго, няхай адважыць срэбра паводле вена дзяўчыны.
 
Калі б бацька не згадзіўся аддаць яе яму, тады павінен ён заплаціць столькі, колькі вымагае плата, складаная пры заручынах.

Варажбіткі не пакінеш пры жыцьці.
 
Не дазволіш жыць чараўніцы.

Кожны, хто ляжа са скацінаю, няхай сьмерцю памрэ.
 
Хто ляжа з жывёлай, будзе пакараны сьмерцяй.

Той, хто складае ахвяры багам, апрача адзінага ГОСПАДА, будзе аддадзены закляцьцю.
 
Хто б складаў багам па-за адзіным Госпадам ахвяры, будзе пакараны сьмерцяй.

А прыхадня ня будзеш крыўдзіць, і ня будзеш уціскаць яго, бо вы самі былі прыхаднямі ў зямлі Эгіпецкай.
 
Прыхадня не ўціскай і не перасьледуй, бо прыхаднямі і вы самі былі ў зямлі Эгіпецкай.

Ніякай удавы і сіраты ня будзеш прыгнятаць.
 
Удаве і сіраце не рабіце крыўды.

Калі ты, прыгнятаючы, будзеш прыгнятаць іх, тады яны крыкам будуць клікаць да Мяне, і Я слухаючы, выслухаю крык іхні,
 
Калі іх будзеш крыўдзіць, будуць яны прызываць Мяне, і Я выслухаю кліч іхні,

і ўзгарыцца гнеў Мой, і Я заб’ю вас мячом, і будуць жонкі вашыя ўдовамі, і дзеці вашыя — сіротамі.
 
і разгарыцца гнеў Мой, і выгублю вас мячом, і стануць жонкі вашы ўдовамі, а дзеці вашыя — сіротамі.

Калі пазычыш грошы [чалавеку] з народу Майго, беднаму, які ў цябе, ня будзеш для яго як ліхвяр, не накладай на яго адсоткаў.
 
Калі пазычыш грошы ўбогаму з Майго народу, які пражывае побач цябе, ня будзеш яму ліхвяром, і не накладай на яго адсоткі.

Калі, беручы ў заклад, возьмеш у заклад плашч бліжняга твайго, да заходу сонца зьвернеш яму,
 
Калі ў заклад возьмеш плашч ад бліжняга свайго, перад заходам сонца аддай яму,

бо гэта — адзінае накрыцьцё ў яго, якім накрываецца ён, гэта — адзеньне для скуры ягонай. На чым будзе ён спаць? І станецца, што ён будзе клікаць да Мяне, і Я пачую, бо Я — міласэрны.
 
бо гэта адзіная яго шата, якой акрывае ён цела сваё, і ня мае іншага, пад чым спаў бы. Калі бо будзе ён прызываць Мяне, Я выслухаю яго, бо Я міласэрны.

Бога не праклінай, і начальніка ў народзе сваім не кляні.
 
Ня блюзьні Богу і не праклінай начальніка народу свайго.

Не марудзь [з ахвярамі] са шчодрасьці [току] твайго і тоўчні тваёй. Першароднага з сыноў тваіх аддасі Мне.
 
Не марудзь з ахвяраю са шчодрасьці току твайго і тоўчні вінаграду. І дасі Мне першароднага з сыноў тваіх.

Гэтаксама зробіш з валом тваім і з авечкаю тваёй. Сем дзён няхай яны будуць пры матцы сваёй, а ў восьмы дзень аддасі іх Мне.
 
Тое самае зробіш з першародным з быкоў і авечак. Сем дзён хай будзе ён пры матцы сваёй, а ў восьмы дзень аддасі яго Мне.

І вы будзеце сьвятымі людзьмі для Мяне; і мяса, разьдзёртага ў полі, ня ешце; сабакам кідайце яго.
 
Вы будзеце Мне людзьмі сьвятымі. Ня ешце мяса зьвера, разьдзёртага на полі, але кіньце яго сабакам.