Выхад 14 разьдзел
Выхад
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2002
І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:
І сказаў Госпад Майсею:
«Скажы сынам Ізраіля, каб яны павярнуліся і сталі табарам перад Пі-Гахіротам, між Мігдолам і морам, перад Баал-Цэфонам. Насупраць яго станьце табарам каля мора.
«Скажы сынам Ізраэля, хай завернуцца і хай разложацца табарам пад Пі-Гахіротам, што паміж Мігдолам і морам, насупраць Баал-Цэфону. Насупраць яго разлажыце табар пры моры.
І скажа фараон пра сыноў Ізраіля: “Яны заблукалі ў зямлі гэтай, замкнула іх пустыня”.
І скажа фараон пра сыноў Ізраэля: «Яны заблукалі ў зямлі гэтай, і замкнула іх пустыня».
І Я зраблю цьвёрдым сэрца фараона, і ён пагоніцца за імі, і Я ўслаўлюся над фараонам і над усім войскам ягоным; і пазнаюць Эгіпцяне, што Я — ГОСПАД». І зрабілі гэтак.
І вось Я зраблю цьвёрдым сэрца фараона, і ён будзе гнацца за вамі, і тады Я ўслаўлюся над фараонам і над усім войскам ягоным. І хай ведаюць Эгіпцяне, што Я — Госпад». Яны так і зрабілі.
І паведамілі валадару Эгіпецкаму, што народ уцёк; і павярнулася сэрца фараона і слугаў ягоных супраць народу [Ізраіля], і сказалі яны: «Што гэта мы зрабілі, што адпусьцілі Ізраільцянаў са службы нам?»
Калі паведамілі караля Эгіпецкага пра ўцёкі народу (Ізраэля), зьмянілася сэрца фараона і слугаў ягоных адносна народу, і яны сказалі: «Што ж мы зрабілі, дазваляючы Ізраэлю пакінуць службу ў нас?»
І запрог ён калясьніцу сваю, і народ свой узяў з сабою.
І фараон загадаў запрэгчы свае калясьніцы, і сабраў з сабой увесь свой народ.
І ўзяў шэсьцьсот калясьніцаў выборных, і ўсе калясьніцы Эгіпецкія, і па тры [ваяры] на кожнай з іх.
І ўзяў ён шэсьцьсот калясьніцаў адборных, поруч усе іншыя калясьніцы Эгіпецкія, і на кожнай зь іх былі спраўныя ваяры.
І зацьвярдзіў ГОСПАД сэрца фараона, валадара Эгіпту, і ён пагнаўся за сынамі Ізраіля; а сыны Ізраіля выйшлі пад рукою ўзьнятаю.
І зрабіў Госпад упорыстым сэрца фараона, караля Эгіпту, і ён кінуўся ў пагоню за сынамі Ізраэля. Але яны выйшлі пад рукою моцнаю.
І пагналіся Эгіпцяне за імі, і ўсе коні і калясьніцы фараона, і вершнікі ягоныя, і ўсё войска ягонае дагналі іх, калі тыя стаялі табарам каля мора, каля Пі-Гахіроту насупраць Баал-Цэфону.
А Эгіпцяне гналіся за імі, усе коні і калясьніцы фараона, коньнікі і войска ягонае, і дагналі іх у табары над морам, калі былі яны пад Пі-Гахіротамі насупраць Баал-Цэфону.
І фараон наблізіўся, і ўзьнялі сыны Ізраіля вочы свае, і вось, Эгіпет рушыць за імі, і моцна напужаліся, і клікалі сыны Ізраіля да ГОСПАДА.
Калі наблізіўся фараон, сыны Ізраэля паднялі вочы і ўбачылі Эгіпцянаў за сабой, і ад страху паднялі крык, і прызывалі Госпада,
І сказалі Майсею: «Ці ж не было магілаў у Эгіпце, што ты ўзяў нас паміраць у пустыні? Што гэта ты зрабіў нам, што вывеў нас з Эгіпту?
і казалі Майсею: «Ці не хапала магілаў у Эгіпце, што ты вывеў нас, каб мы паўміралі на пустыні. Пашто было выводзіць нас з Эгіпту?
Ці ня гэтае слова гаварылі мы табе ў Эгіпце, кажучы: “Пакінь нас, і мы будзем служыць у Эгіпцянаў”? Бо лепш нам служыць у Эгіпцянаў, чым паміраць у пустыні».
Ці ж ня тое самае казалі мы табе ў Эгіпце: Пакінь нас, каб мы служылі Эгіпцянам? Многа разоў лепей было служыць ім, чым прападаць у пустыні».
І сказаў Майсей народу: «Ня бойцеся! Стойце і ўбачыце збаўленьне ГОСПАДА, якое Ён учыніць для вас сёньня. Бо Эгіпцянаў, якіх вы бачыце сёньня, больш ня ўбачыце ўжо на вякі.
Але Майсей сказаў народу: «Ня бойцеся, стойце на месцы і ўбачыце збаўленьне Госпада, якое ўчыніць Ён вам сягоньня; Эгіпцянаў, якіх цяпер бачыце, ужо ніколі ня ўбачыце.
ГОСПАД будзе ваяваць за вас, а вы маўчыце».
Госпад будзе ваяваць за вас, а вы будзьце спакойнымі».
І сказаў ГОСПАД Майсею: «Чаго ты клічаш да Мяне? Прамоў да сыноў Ізраіля, і няхай вырушаць [у дарогу].
І сказаў Госпад Майсею: «Чаго прызываеш Мяне? Скажы сынам Ізраэля, хай ідуць.
А ты ўзьнімі кій твой і выцягні руку тваю на мора, і расьсячы яго, і ўвойдуць сыны Ізраіля ў сярэдзіну мора па сухому.
А ты падымі кій твой і працягні руку тваю над морам, і разьдзялі яго на дзьве часткі, каб прайшлі сыны Ізраэля па сухім сярэдзінай мора.
А Я, вось, зраблю цьвёрдым сэрца Эгіпцянаў, і яны ўвойдуць за імі, і Я ўслаўлюся над фараонам і над усім войскам ягоным, над калясьніцамі ягонымі і над вершнікамі ягонымі.
А Я зраблю ўпорыстым сэрца Эгіпцянаў, каб гналіся за імі, і ўслаўлю Сябе над фараонам і над усім войскам ягоным, над калясьніцамі і коньнікамі.
І даведаецца Эгіпет, што Я — ГОСПАД, калі Я ўслаўлюся над фараонам, над калясьніцамі ягонымі і над вершнікамі ягонымі».
І хай ведаюць Эгіпцяне, што Я — Госпад, калі ўслаўлюся над фараонам, над калясьніцамі і над коньнікамі ягонымі».
І рушыў анёл Божы, які ішоў перад табарам Ізраіля, і пайшоў ззаду іх. І рушыў слуп воблачны ад аблічча іхняга, і стаў ззаду іх,
І Анёл Божы, каторы ішоў перад войскам Ізраэля, пайшоў за імі, і слуп воблачны таксама перайшоў зь пераду і стаў за імі.
і ўвайшоў паміж табарам Эгіпецкім і табарам Ізраільскім, і быў хмарай і цемраю [для адных], і асьвятляў ноч [для другіх]; і не наблізіліся адны да адных праз усю ноч.
І стаў паміж войскам Эгіпцянаў і войскам Ізраэля, і там быў хмарай цёмнай, а тут сьвяціў ноччу, так што не наблізіліся адны да другіх за ўсю ноч.
І выцягнуў Майсей руку сваю на мора, і гнаў ГОСПАД мора гвалтоўным усходнім ветрам усю ноч, і зрабіў мора сухменем, і расьсекліся воды.
І працягнуў Майсей руку сваю над морам, а Госпад дзьмуў гвалтоўным і сухім ветрам усю ноч і зрабіў мора сухою зямлёю; воды разьдзяліліся.
І прайшлі сыны Ізраіля па сярэдзіне мора па сухому, і воды былі для іх мурам праваруч іх і леваруч іх.
І пайшлі сыны Ізраэля сярэдзінай мора па сухім дне, і вада стаяла як бы мур з правага і левага іх боку.
І пагналіся Эгіпцяне, і пайшлі за імі ў сярэдзіну мора ўсе коні фараона, калясьніцы ягоныя і вершнікі ягоныя.
І, перасьледуючы, іх Эгіпцяне пайшлі за імі, уся коньніца фараона, калясьніцы фараона і коньнікі па сярэдзіне мора.
І сталася ў ранішнюю варту, і глянуў ГОСПАД на табар Эгіпцянаў са слупа вогненнага і воблачнага, і зьмяшаў табар Эгіпцянаў.
На сьвітаньні глянуў Госпад са слупа агня і воблака на войска Эгіпцянаў і прымусіў іх адступіцца.
І затрымаў колы калясьніцаў іхніх, і яны цягнулі іх з цяжкасьцю. І сказаў Эгіпет: «Уцякайма ад аблічча Ізраіля, бо ГОСПАД змагаецца за іх супраць Эгіпту!»
І гразьлі колы калясьніцаў, так што зь цяжкасьцю рухаліся. І казалі Эгіпцяне: «Уцякайма ад Ізраэля! Бо Госпад ваюе за іх супраць нас».
І сказаў ГОСПАД Майсею: «Выцягні руку тваю на мора, і няхай вернуцца воды на Эгіпет, на калясьніцы ягоныя і на вершнікаў ягоных».
І сказаў Госпад Майсею: «Выцягні руку сваю над морам, і хай нахлынуць воды на Эгіпцянаў, на калясьніцы іхнія і коньнікаў».
І выцягнуў Майсей руку сваю на мора, і вярнула мора сілу сваю на сьвітаньні, а Эгіпцяне ўцякалі напярэймы яму; і кінуў ГОСПАД Эгіпцянаў у сярэдзіну мора.
І як толькі працягнуў руку сваю Майсей над морам, яно на разьвідненьні вярнулася на сваё месца. І на ўцякаючых Эгіпцянаў нахлынулі воды, і патапіў іх Госпад сярод хваляў.
І вярнуліся воды, і пакрылі калясьніцы і вершнікаў усяго войска фараона, якія ўвайшлі за імі ў мора; не засталося з іх аніводнага.
Наплываючая вада нахлынула на калясьніцы і коньнікаў, і на ўсё войска фараона, каторае, гонячыся, увайшло ў мора, і ніводзін зь іх не не застаўся жывым.
А сыны Ізраіля ішлі па сухому па сярэдзіне мора, і воды былі для іх мурам праваруч іх і леваруч іх.
А сыны Ізраэля па сухім перайшлі сярэдзінай мора, бо вада стала як мур з правага і левага боку.
І выбавіў ГОСПАД у дзень гэты Ізраіля з рукі Эгіпцянаў; і ўбачыў Ізраіль Эгіпет мёртвым на беразе мора.
У той дзень вызваліў Госпад Ізраэля з рук Эгіпцянаў, і бачылі яны патопленых Эгіпцянаў на беразе мора,
І ўбачыў Ізраіль руку вялікую, якую зьявіў ГОСПАД над Эгіптам; і баяўся народ ГОСПАДА, і паверылі ГОСПАДУ і Майсею, слузе Ягонаму.
і магутную руку, якую выявіў Госпад супраць іх. Дык баяўся народ Госпада, і паверылі Госпаду і Майсею, слузе Ягонаму.