Выхад 9 разьдзел
Выхад
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2002
І сказаў ГОСПАД Майсею: «Увайдзі да фараона і прамоў яму: “Гэтак кажа ГОСПАД, Бог Гебраяў: “Адпусьці народ Мой, і ён будзе служыць Мне”.
І сказаў Госпад Майсею: «Ідзі да фараона і скажы яму: Вось што кажа Госпад, Бог Гебраяў: Пусьці народ Мой, каб склаў ахвяру Мне.
Бо калі ты адмовішся выпусьціць і будзеш яшчэ трымаць іх,
Калі іх ня пусьціш, а будзеш іх трымаць,
вось, рука ГОСПАДА будзе на статку тваім, які ў полі, на конях, на аслах, на вярблюдах, на валах і авечках, зараза вельмі цяжкая.
вось жа рука Госпадава будзе на маёмасьці тваёй; на полі, на конях, аслах, вярблюдах, валах і авечках — зараза вельмі страшная.
І аддзеліць ГОСПАД статак Ізраіля ад статку Эгіпецкага, і нічога ня здохне з усяго таго, што ў сыноў Ізраіля”».
Але Госпад разрозьніць паміж маёмасьцю Ізраэля і маёмасьцю Эгіпцянаў, каб нічога не прапала з таго, што належыць да сыноў Ізраэля.
І прызначыў ГОСПАД час, кажучы: «Заўтра зробіць ГОСПАД гэтае слова ў зямлі».
Прызначыў Госпад час, кажучы: Заўтра споўніць Госпад слова гэтае на зямлі».
І зрабіў ГОСПАД гэтае слова назаўтра, і паздыхаў увесь статак Эгіпецкі; а ў статку сыноў Ізраіля ня здохла аніводнага.
І споўніў Госпад слова гэтае наступнага дня, і загінула ўся жывёла Эгіпцянаў, а жывёла сыноў Ізраэля не загінула.
І паслаў фараон, і вось, ня здохла ў статку Ізраіля аніводнага. І закамянела сэрца фараона, і ён не адпусьціў народ.
І паслаў фараон выведаць, і вось нішто не прапала з жывёлы сыноў Ізраэля. Аднак сэрца фараона было зацьвярдзеўшы, і не пусьціў ён народ.
І сказаў ГОСПАД Майсею і Аарону: «Вазьміце сабе поўныя жмені сажы з печы, і няхай сыпне яе Майсей у неба перад вачыма фараона.
І сказаў Госпад Майсею і Аарону: «Вазьміце поўнымі прыгаршчамі сажы зь печы, і Майсей хай кіне яе ў неба ў бок фараона.
І станецца яна пылам па ўсёй зямлі Эгіпецкай, і будзе яна на людзях і на скаціне як запаленьне са скуламі па ўсёй зямлі Эгіпецкай».
І падымецца пыл па ўсёй зямлі Эгіпецкай, і будзе на людзях і на жывёле выдзяляцца запаленьнем са скуламі на ўсёй зямлі Эгіпецкай».
І ўзялі яны сажу з печы, і сталі перад фараонам. І сыпнуў яе Майсей у неба, і сталася запаленьне са скуламі на людзях і на скаціне.
І прынесьлі яны попел зь печы, і сталі перад фараонам, і сыпнуў Майсей пыл пад неба, і зьявіліся запаленьні са скуламі ў людзей і жывёлы.
І не маглі варажбіты ўстаяць перад Майсеем з прычыны запаленьня, бо запаленьне было на варажбітах і на ўсіх Эгіпцянах.
А чараўнікі не маглі явіцца перад Майсеям дзеля пухлінаў і скулаў, якія на іх былі, як і па ўсёй зямлі Эгіпецкай.
І зацьвярдзіў ГОСПАД сэрца фараона, і ён не паслухаў іх, як казаў ГОСПАД Майсею.
Але Госпад закамяніў сэрца фараона, і ён не паслухаў іх, як і сказаў Госпад Майсею.
І сказаў ГОСПАД Майсею: «Устань раніцаю, і стань перад фараонам, і скажы яму: “Гэтак кажа ГОСПАД, Бог Гебраяў: "Адпусьці народ Мой, і ён будзе служыць Мне.
І сказаў Госпад Майсею: «Устань рана і ідзі да фараона, і скажы яму: Гэта кажа Госпад, Бог Гебраяў: Пусьці народ Мой, каб склаў Мне ахвяру.
Бо гэтым разам Я пашлю ўсе плягі Мае ў сэрца тваё, і на слугаў тваіх, і на народ твой, каб ты даведаўся, што няма падобнага да Мяне на ўсёй зямлі.
Бо гэтым разам спашлю ўсе плягі Мае ў сэрца тваё, і на слугаў тваіх, і на народ твой, каб ведаў ты, што няма роўнага Мне на ўсёй зямлі.
Бо цяпер, калі Я выцягнуў руку Маю, і ўдару цябе і народ твой заразаю, ты будзеш выгублены з зямлі.
Бо вось цяпер, калі б Я выцягнуў руку і ўдарыў цябе і народ твой заразай, прапаў бы ты з паверху зямлі.
Але дзеля таго Я захаваў цябе, каб паказаць табе сілу Маю і каб абвяшчалі імя Маё па ўсёй зямлі.
Але дзеля таго Я захаваў цябе, каб на табе паказаць магутнасьць Маю, і каб было слаўлена імя Маё па ўсёй зямлі.
Ты яшчэ ўзьвялічваешся над народам Маім, каб не адпусьціць іх.
Дакуль ты будзеш трымаць народ Мой і ня будзеш пускаць яго?
Вось, Я спашлю заўтра ў гэты самы час град вельмі вялікі, да якога падобнага не было ў Эгіпце ад дня яго заснаваньня аж дагэтуль.
Вось жа заўтра, у той самы час, Я спашлю град надта вялікі, якога яшчэ не было ў Эгіпце ад дня яго заснаваньня аж дасюль.
І цяпер пашлі, каб схаваць статак твой і ўсё, што ёсьць у цябе ў полі. Кожны чалавек і скаціна, якія будуць засьпетыя ў полі і ня будуць забраныя ў дамы, — зыйдзе на іх град, і яны памруць"”».
Дык ужо цяпер пашлі і зьбяры жывёлу сваю, і ўсё, што маеш на полі, бо на людзей і жывёлу ўсю, што будзе на двары і што ня будзе сабрана з палёў, упадзе град, і яны пагінуць».
Тыя са слугаў фараонавых, якія спужаліся слова ГОСПАДА, сабралі слугаў сваіх і статкі свае ў дамы.
Хто збаяўся слова Госпадавага са слугаў фараона, скора сабраў слугаў сваіх і жывёлу ў дамы,
А хто не зьвярнуў сэрца свайго да слова ГОСПАДА, той пакінуў слугаў сваіх і статкі свае ў полі.
а хто занядбаў перасьцярогі Госпада, той пакінуў слугаў сваіх і жывёлу на полі.
І сказаў ГОСПАД Майсею: «Выцягні руку тваю да неба, і будзе град у-ва ўсёй зямлі Эгіпецкай, на чалавека, на скаціну і на ўсю траву палявую ў зямлі Эгіпецкай».
І сказаў Госпад Майсею: «Выцягні руку сваю да неба, каб пайшоў град на ўсю зямлю Эгіпецкую, на людзей, і на жывёлу, і на ўсю расьліннасьць палявую ў зямлі Эгіпецкай».
І выцягнуў Майсей кій свой да неба; і ГОСПАД даў грымоты і град, і зыйшоў агонь на зямлю, і спаслаў ГОСПАД град на ўсю зямлю Эгіпецкую.
І выцягнуў Майсей палку да неба, і Госпад спаслаў грымоты і град, і агонь разьліваўся па зямлі. І спаслаў Госпад град на зямлю Эгіпецкую.
І быў град і агонь, зьмяшаны з градам, вельмі вялікі, якога не было ў-ва ўсёй зямлі Эгіпецкай з часу, як [Эгіпет] стаў народам.
І быў град, і маланкі з градам на перамену такія велізарныя, што не было такіх на зямлі Эгіпецкай ад часу, калі ён (Эгіпет) стаўся народам.
І пабіў град у-ва ўсёй зямлі Эгіпецкай усё, што было ў полі, ад чалавека да скаціны, і ўсю траву палявую пабіў град, і ўсе дрэвы ў полі паламіў.
І падаў град на ўсю зямлю Эгіпецкую, на ўсё, што было на полі, і зьнішчыў град людзей, жывёлу і ўсю траву палявую, поруч паламаў кожнае дрэва на полі.
Толькі ў зямлі Гашэн, дзе [былі] сыны Ізраіля, не было граду.
Толькі ў зямлі Гашэн, дзе былі сыны Ізраэля, граду не было.
І паслаў фараон, і паклікаў Майсея і Аарона, і сказаў ім: «Саграшыў я гэтым разам. ГОСПАД — праведны, а я і народ мой — ліхія.
І паслаў фараон, і паклікаў Майсея і Аарона, і сказаў ім: «Цяпер я саграшыў. Госпад справядлівы, а я і мой народ правініліся.
Прасіце ГОСПАДА, бо ўжо досыць грымотаў Божых і граду, і я пушчу вас, і ня будзеце больш заставацца».
Прасіце Госпада, каб спыніліся грымоты Божыя і град, а я пушчу вас, і ўжо ніколі ня будзеце тут прабываць».
І сказаў яму Майсей: «Як толькі выйду з гораду, выцягну далоні свае да ГОСПАДА; грымоты спыняцца і граду больш ня будзе, каб ты ведаў, што ГОСПАДАВА зямля.
І сказаў Майсей: «Калі я выйду з гораду, выцягну далоні мае да Госпада, і спыняцца грымоты, і граду ня будзе, каб ведаў ты, што Госпадава зямля.
Але ты і слугі твае, я ведаю, яшчэ ня маеце страху перад абліччам ГОСПАДА Бога».
Але я ведаю, што ані ты, ані слугі твае не баяцца яшчэ Госпада Бога».
І лён, і ячмень былі пабітыя, бо ячмень красаваў, а лён квітнеў.
Лён і ячмень былі пабітыя, таму што ячмень меў ужо каласы, а лён ужо меў семя;
А пшаніца і жыта не былі пабітыя, бо яны пазьнейшыя.
а пшаніца і жыта не былі пашкоджаны, бо яны пазьнейшыя.
І выйшаў Майсей ад фараона з гораду, і выцягнуў далоні свае да ГОСПАДА; і спыніліся грымоты і град, і дождж больш ня ліў на зямлю.
І выйшаў Майсей ад фараона з гораду, і выцягнуў рукі да Госпада, і спыніліся грымоты і град, і спыніліся навальніцы на зямлі.
І ўбачыў фараон, што спыніліся дождж, і град, і грымоты, і далей грашыў, і закамяніў сэрца сваё ён сам і слугі ягоныя.
А фараон, бачачы, што і навальніца спынілася, і град, і грымоты, працягваў грашыць.
І зацьвярдзела сэрца фараона, і ён не адпусьціў сыноў Ізраіля, як і казаў ГОСПАД праз Майсея.
І зацьвярдзела сэрца яго і слугаў ягоных, і надта закамянела, і не пусьціў ён сыноў Ізраэля, як і казаў Госпад праз Майсея.