Выхад 19 разьдзел
Выхад
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2002
У трэці месяц пасьля выхаду сыноў Ізраіля з зямлі Эгіпецкай, у першы дзень прыйшлі яны ў пустыню Сынай.
У трэцім месяцы па выхадзе Ізраэлю з Эгіпту, у той самы дзень прыбылі яны ў пустыню Сынай.
І вырушылі яны з Рэфідыму, і прыйшлі ў пустыню Сынай, і сталі табарам у пустыні; і стаў табарам там Ізраіль насупраць гары.
Выйшлі яны з Рэфідыму, і дайшлі аж да пустыні Сынай, і разлажыліся табарам у тым месцы, і паставіў Ізраэль палаткі насупраць гары.
А Майсей узыйшоў да Бога, і паклікаў яго ГОСПАД з гары, кажучы: «Гэтак скажы дому Якуба і паведамі сынам Ізраіля:
А Майсей узыйшоў (на гару) да Бога. І паклікаў яго Госпад з гары, і сказаў: «Вось што скажы дому Якуба і паведамі сынам Ізраэля:
“Вы бачылі, што Я зрабіў Эгіпту, а вас насіў на крылах арліных, і прынёс вас да Сябе.
Вы самі бачылі, што Я зрабіў Эгіпцянам, і панёс вас, як на крыльлях арліных, і прынёс вас да Сябе.
І цяпер, калі вы, слухаючы, будзеце слухаць голас Мой і будзеце захоўваць запавет Мой, дык вы будзеце Маёй уласнасьцю з усіх народаў, бо Мая ўся зямля.
Дык калі будзеце слухаць голасу Майго і выконваць запавет Мой, вы станецеся Мне асаблівай уласнасьцю спаміж усіх народаў, бо Мая ўся зямля.
І вы будзеце Маім валадарствам сьвятароў і народам сьвятым”. Гэта словы, якія ты прамовіш да сыноў Ізраіля».
І вы будзеце Мне валадарствам сьвятароў і народам сьвятым. Гэта вось тыя словы, каторыя ты скажаш сынам Ізраэля».
І прыйшоў Майсей, і паклікаў старшыняў народу, і прадставіў перад імі ўсе тыя словы, якія загадаў яму ГОСПАД.
І прыйшоў Майсей, і склікаў старшыняў народу, і прадставіў ім усё, што загадаў Госпад.
І адказаў увесь народ разам, і сказалі: «Усё, што сказаў ГОСПАД, зробім». І перадаў Майсей ГОСПАДУ словы народу.
І ўвесь народ адказаў аднадушна: «Усё, што загадаў Госпад, — споўнім». І перадаў Майсей словы народу Госпаду.
І сказаў ГОСПАД Майсею: «Вось, Я прыйду да цябе ў густым воблаку, каб чуў народ, як Я буду гаварыць з табою, і каб таксама паверылі табе на вякі». І пераказаў Майсей ГОСПАДУ словы народу.
І сказаў яму Госпад: «Вось Я прыйду да цябе ў воблаку туманным, каб народ чуў, як Я буду гутарыць з табою, каб паверыў ён табе назаўжды». І Майсей перадаў Госпаду словы народу.
І сказаў ГОСПАД Майсею: «Ідзі да народу і асьвяці яго сёньня і заўтра; і няхай памыюць адзеньне сваё,
І сказаў Госпад Майсею: «Ідзі да народу і асьвяці яго сягоньня і заўтра. Хай памыюць яны адзеньне сваё
і няхай будуць гатовыя да трэцяга дня; бо ў трэці дзень зыйдзе ГОСПАД перад вачыма ўсяго народу на гару Сынай.
ды хай прыгатуюцца на дзень трэці. Бо ў трэці дзень на вачах усяго народу на гару Сынай зыйдзе Госпад.
І правядзі мяжу народу наўкола, кажучы: “Сьцеражыцеся, каб узыходзіць на гару і дакранацца да краю яе; кожны, хто дакранецца да гары, сьмерцю памрэ.
І вызначы народу мяжу кругом гары, і скажы яму: Высьцерагайцеся ўзыходзіць на гару і дакранацца яе падножжа, бо хто дакранецца гары — будзе пакараны сьмерцю.
Няхай не дакранецца да яе рука, бо камянуючы, укамянуюць яго альбо прабіваючы, праб’юць стралою; жывёла гэта ці чалавек, ня будуць жыць”. Калі працягла затрубіць рог, могуць узыйсьці на гару».
Хай і рука не дакранецца яе, бо вінаваты будзе ўкаменаваны або прабіты стралой; і чалавек, і жывёла ня могуць застацца пры жыцьці. Калі загучыць труба, хай тады падыйдуць пад гару».
І зыйшоў Майсей з гары да народу, і асьвяціў народ, і яны памылі адзеньне сваё.
І зыйшоў Майсей з гары да народу, і асьвяціў народ, і памылі яны адзеньне сваё.
І сказаў народу: «Будзьце гатовыя да трэцяга дня; не набліжайцеся да жанчыны».
І сказаў ён ім: «Будзьце прыгатаваныя на дзень трэці, і не дакранайцеся жонак вашых».
І сталася ў трэці дзень, прыйшла раніца, і былі грымоты, і маланкі, і воблака цяжкае над гарою, і гук трубы вельмі моцны; і задрыжаў увесь народ, які быў у табары.
На трэці дзень на сьвітаньні загрымелі грымоты з маланкамі, і цёмнае воблака ахінула гару, і пачуўся магутны гук трубы, так што ўвесь народ, які прабываў ў табары, дрыжэў ад страху.
І вывеў Майсей народ з табару насустрач Богу, і стаялі ля падножжа гары.
І вывеў Майсей людзей з табару на спатканьне да Бога, і паставіў іх ля падножжа гары.
А гара Сынай уся дымілася, бо зыйшоў на яе ГОСПАД у агні; і ўзыходзіў ад яе дым, як дым з печы, і ўся гара вельмі хісталася.
А ўся гара Сынай дымелася, бо зыйшоў на яе Госпад у агні, і ўздымаўся дым зь яе, як зь печы. І ўся гара трэслася страшэнна.
І быў гук трубы, і павялічваўся, і мацнеў. Майсей гаварыў, а Бог адказаваў яму голасам.
І гук трубы ставаўся штораз магутнейшы. Майсей гаварыў, а Бог адказваў яму голасам.
І зыйшоў ГОСПАД на гару Сынай, на вяршыню гары, і паклікаў ГОСПАД Майсея на вяршыню гары, і ўзыйшоў Майсей.
І зыйшоў Госпад на гару Сынай, на самы яе верх, і паклікаў Майсея на самую яе вяршыню. А калі ён узыйшоў,
І сказаў ГОСПАД Майсею: «Зыйдзі, папярэдзь народ, каб ня рваўся да ГОСПАДА, каб убачыць, і не загінула з яго мноства.
сказаў яму: «Зыйдзі ўніз і папярэдзь народ, каб ён не захацеў перайсьці вызначанай мяжы, каб пабачыць Госпада, бо пагіне зь іх многа.
І таксама сьвятары, якія набліжаюцца да ГОСПАДА, няхай асьвяцяцца, каб ня выгубіў іх ГОСПАД».
Таксама і сьвятары, каторыя маюць прыступіцца да Госпада, хай асьвяцяцца, каб Я ня выгубіў іх».
І сказаў Майсей ГОСПАДУ: «Ня можа народ узыйсьці на гару Сынай, бо Ты папярэдзіў нас, кажучы: “Правядзі мяжу наўкола гары і асьвяці яе”».
І сказаў Майсей Госпаду: «Ня можа народ узыйсьці на гару Сынай, Ты бо папярэдзіў і забараніў нам, кажучы: Вызначы мяжу кругом гары і асьвяці яе».
І сказаў яму ГОСПАД: «Ідзі, зыйдзі і ўзыйдзі ты і Аарон з табою; а сьвятары і народ няхай ня рвуцца ўзыйсьці да ГОСПАДА, каб Я ня выгубіў іх».
І сказаў яму Госпад: «Ідзі, зыйдзі ўніз, а потым прыйдзі ты і Аарон з табой, а сьвятары і народ хай не пераходзяць мяжы, каб наблізіцца да Госпада, каб Я не забіў іх».
І зыйшоў Майсей да народу і сказаў ім.
І зыйшоў Майсей ўніз да народу, і ўсё ім пераказаў.