Выхад 25 разьдзел

Выхад
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:
 
І вось што сказаў Госпад Майсею:

«Прамоў да сыноў Ізраіля, і няхай яны зьбяруць для Мяне дары. Ад кожнага чалавека, у якога сэрца ягонае дабраахвотна [пажадае] даць, бярыце дар Мой.
 
«Скажы сынам Ізраэля, каб сабралі для Мяне дары; ад кожнага чалавека прыйміце, каторы складае дар дабравольна.

І вось дары, якія вы будзеце зьбіраць ад іх: золата, срэбра і медзь,
 
Вось тыя рэчы, каторыя маеце прыняць: золата, серабро і медзь,

і блакіт, і пурпур, і барвовы кармазын, і вісон, і казіную [поўсьць],
 
пурпур фіялетавы і чырвоны, кармазын, вісон, казіную воўну,

і скуры бараноў, фарбаваныя на чырвона, і скуры тахаш, і дрэва акацыі,
 
скуры бараноў фарбаваныя на чырвона ды скуры з дэльфінаў, поруч дрэва акацыяў,

алей для асьвятленьня, пахошчы для алею памазаньня і для пахкага каджэньня,
 
алей да сьвечнікаў, пахнідлы для вырабу алею намашчэньня і пахкіх кадзілаў,

камяні оніксу і камяні для аздабленьня эфоду і нагрудніку.
 
камяні оніксу і камяні брылянты для аздабленьня эфоду і нагрудніку.

І няхай зробяць для Мяне сьвятыню, і Я буду жыць сярод іх.
 
І хай зробяць Мне сьвятыню, і Я буду жыць паміж іх.

Усё, як Я пакажу табе, паводле ўзору сялібы і паводле ўзору ўсяго начыньня яе, так і зрабіце.
 
Зробіце ўсё на падобнасьць скініі, каторую Я пакажу табе, таксама ўвесь посуд для служэньня. Усё так і зробіце.

І няхай зробяць каўчэг з дрэва акацыі; два з паловаю локці даўжыня яго, і паўтары локці шырыня яго, і паўтары локці вышыня яго.
 
І зробіце каўчэг з дрэва акацыі. Даўжыня яго — два локці з паловаю, шырыня — паўтары локці, а вышыня — паўтары локці.

І пакрыеш яго шчырым золатам; знутры і звонку пакрыеш яго; і зробіш наверсе наўкола вянок залаты.
 
І пакрыеш яго шчырым золатам з вонку і з нутра, і зробіш на ім кругом залаты вянок.

І выльеш да яго чатыры колцы залатыя, і прыладзіш [іх] на чатырох кутах яго, два колцы на адным баку яго, і два колцы на другім баку яго.
 
І выльеш да яго чатыры залатыя колцы і ўмацуеш на чатырох ніжніх вуглах ягоных: два колцы на адным яго баку, і два колцы на другім.

І зробіш насілы з дрэва акацыі, і пакрыеш іх золатам.
 
І зробіш з дрэва акацыі насілы, і пацягнеш іх золатам.

І ўложыш насілы ў колцы па баках каўчэгу, каб на іх насіць каўчэг.
 
І ўложыш (насілы) ў колцы па баках каўчэга, каб насіць яго.

У колцах каўчэгу маюць быць насілы, ня будуць іх вымаць адтуль.
 
Насілы будуць заставацца ў колцах каўчэга і ня будуць зь іх вымацца.

І ўложыш у каўчэг Сьведчаньне, якое Я дам табе.
 
І ўложыш у каўчэг Сьведчаньне, якое Я дам табе.

І зробіш накрыўку са шчырага золата, два локці з паловаю даўжыня яе, і паўтары локці шырыня яе.
 
І зробіш накрыўку з найчысьцейшага золата: даўжыня яе — два з паловай локці, а шырыня — паўтары локці.

І зробіш двух херувімаў з золата, каванымі зробіш іх з абодвух бакоў накрыўкі.
 
З абодвух бакоў накрыўкі выкуеш з золата і паставіш двух хэрубімаў,

І зробіш аднаго херувіма на тым баку, і аднаго херувіма на гэтым баку; разам з накрыўкай зробіце херувімаў на абодвух баках яе.
 
аднаго хэрубіма з аднаго боку, а другога — з другога; разам з накрыўкай зробіш іх на абодвух баках яе.

І будуць херувімы, распусьціўшы крылы ўгару, захінаць крыламі сваімі накрыўку, а абліччамі сваімі [будуць зьвернуты] адзін да аднаго; да накрыўкі будуць [зьвернутыя] абліччы херувімаў.
 
Хай (хэрубімы) узнімаюць крылы ўгору і закрываюць сваімі крыламі накрыўку; а твары будуць мець зьвернутыя адзін да аднаго, і твары будуць зьвернутыя да накрыўкі,

І паложыш накрыўку на каўчэг зьверху, і ў каўчэг паложыш Сьведчаньне, якое Я дам табе.
 
якою павінен закрывацца каўчэг, у каторы паложыш Сьведчаньне, якое Я дам табе.

І Я буду сустракацца з табою там, і гаварыць з табою з-над накрыўкі, паміж двух херувімаў, якія над Каўчэгам Сьведчаньня, пра ўсё, што буду загадваць табе для сыноў Ізраіля.
 
І буду Я сустракацца там з табою, і з-над накрыўкі, спаміж хэрубімаў, каторыя па-над Каўчэгам Сьведчаньня, буду гаварыць з табою пра ўсё, што загадаю празь цябе сынам Ізраэля.

І зробіш стол з дрэва акацыі, два локці даўжыня яго, локаць шырыня яго, і паўтары локці вышыня яго.
 
І зробіш таксама стол з дрэва акацыі, маючы два локці даўжыні, і локаць шырыні, і паўтары локці вышыні.

І пакрыеш яго шчырым золатам, і зробіш яму вянок залаты наўкола.
 
І пакрыеш яго найчысьцейшым золатам, і зробіш навокал залаты вянок.

І зробіш яму наўкола ліштву [шырынёю] ў далонь, і зробіш наўкола вянок залаты да ліштвы ягонай.
 
І абвядзеш кругом ліштвай на чатыры пальцы шырока, і зробіш залаты вянок навокал.

І зробіш для яго чатыры колцы залатыя, і прыладзіш колцы да чатырох рагоў, якія пры чатырох ножках ягоных.
 
І зробіш чатыры залатыя колцы для яго, і ўмацуеш кольцы на чатырох вуглах ля чатырох ножак ягоных.

Пры ліштвах маюць быць колцы, каб укладаць насілы і насіць стол.
 
Пры ліштвах павінны быць колцы, каб укладаць насілы і насіць стол.

І зробіш насілы з дрэва акацыі, і пакрыеш іх золатам, і будуць насіць на іх стол.
 
А насілы зробіш з дрэва акацыі і пацягнеш іх чыстым золатам, і будуць насіць на іх гэты стол.

І зробіш да яго місы, і чашы, і збаны, і кубкі для складаньня ахвяраў вадкіх; са шчырага золата зробіш іх.
 
І прыгатуеш таксама для яго місы, чашы, збанкі і кубкі для складаньня ахвяраў вадкіх, і зробіш іх з чыстага золата.

І будзеш класьці на стол хлябы пакладныя перад абліччам Маім заўсёды.
 
І будзеш класьці на стол хлябы пакладныя перад абліччам Маім заўсёды.

І зробіш сьвечнік з золата шчырага, каваным будзе зроблены сьвечнік; падстава яго, і сьцябло яго, чарачкі яго, яблыкі яго і кветкі яго маюць [выходзіць] з яго.
 
Зробіш таксама сьвечнік з найчысьцейшага золата. Каваны мусіць быць сьвечнік разам з падставай і сьцяблом яго, чашачкамі, яблыкамі і кветкамі.

І шэсьць сьцяблінаў маюць выходзіць з бакоў яго: тры сьцябліны сьвечніка з аднаго боку яго, і тры сьцябліны сьвечніка з другога боку яго.
 
Шэсьць галінаў павінны выходзіць зь яго бакоў, тры галіны з адного яго боку, і тры галіны — з другога боку.

Тры чарачкі, [падобныя] да мігдалу, з яблыкам і кветкаю, на адной сьцябліне, і тры чарачкі, [падобныя] да мігдалу, на другой сьцябліне, з яблыкам і кветкаю. Гэтак на шасьці сьцяблінах, што выходзяць са сьвечніка.
 
Тры чашачкі ў форме краскаў мігдалёвых зь яблыкамі і кветкамі на адной галіне, і тры чашачкі ў форме краскаў мігдалёвых — на другой галіне, зь яблыкамі і кветкамі, і так на ўсіх шасьці галінах, якія выходзяць са сьцябла.

А на [камлі] сьвечніка маюць быць чатыры чарачкі, падобныя да мігдалу, з яблыкам і кветкаю.
 
А на сьцябле сьвечніка павінны быць чатыры чашачкі, падобныя да краскі мігдалёвай, зь яблыкамі і кветкамі.

І яблык пад двума сьцяблінамі, [што выходзяць] з яго, і яблык пад двума сьцяблінамі, [што выходзяць] з яго, і яблык пад двума сьцяблінамі, [што выходзяць] з яго, на ўсіх шасьці сьцяблінах, што выходзяць са сьвечніка.
 
У шасьці галінаў, выходзячых са сьцябла сьвечніка, яблык пад двума яго галінамі, і яблык пад другімі двума галінамі, і яблык пад трэцімі двума галінамі ягонымі, і на сьцябле чатыры чашачкі, падобныя да мігдалёвай краскі.

Яблыкі іхнія і сьцябліны іхнія будуць [выходзіць] з яго; ён увесь суцэльна [мае быць] каваны са шчырага золата.
 
Яблыкі і галіны іх, і ён зь імі разам павінны быць выкаваныя з чыстага золата.

І зробіш сем лямпаў для яго, і будуць прыладжаны лямпы ягоныя, і будуць сьвяціць на пярэдні бок яго.
 
І зробіш да яго сем лямпаў, і паставіш на яго лямпы ягоныя, каб асьвятлялі пярэдні яго бок.

І абцужкі да яго, і папяльнічкі да яго [зробіш] са шчырага золата.
 
Да яго зробіш з чыстага золата шчыпцы і папяльнічкі.

З таленту золата шчырага няхай зробяць яго з усімі гэтымі прыладамі.
 
З талента чыстага золата трэба зрабіць сьвечнік і ўсе прыналежнасьці да яго.

І глядзі, і зрабі паводле ўзору іхняга, які Я паказаў табе на гары.
 
Глядзі, каб зрабіў паводле ўзору, які Я на гары паказаў табе.