Выхад 25 разьдзел
Выхад
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 2002
І сказаў Госпад Майсею, кажучы:
І вось што сказаў Госпад Майсею:
«Скажы сынам Ізраэля, каб сабралі для Мяне дары; прыміце іх ад кожнага чалавека, які прапануе дар добраахвотна.
«Скажы сынам Ізраэля, каб сабралі для Мяне дары; ад кожнага чалавека прыйміце, каторы складае дар дабравольна.
А вось тыя рэчы, якія вы павінны прыняць: золата, срэбра і медзь,
Вось тыя рэчы, каторыя маеце прыняць: золата, серабро і медзь,
і пурпур, і гіяцынт, і чырвань, і вісон, казіную поўсць,
пурпур фіялетавы і чырвоны, кармазын, вісон, казіную воўну,
і шкуры бараноў, пафарбаваныя ў чырвоны колер, і шкуры сінія, і дрэва акацыі,
скуры бараноў фарбаваныя на чырвона ды скуры з дэльфінаў, поруч дрэва акацыяў,
алей для каганцоў, вострыя духмяныя рэчывы, каб прыгатаваць алейкі і найсаладзейшае курэнне,
алей да сьвечнікаў, пахнідлы для вырабу алею намашчэньня і пахкіх кадзілаў,
камяні оніксавыя і самацветы на аздабленне эфода і нагрудніка.
камяні оніксу і камяні брылянты для аздабленьня эфоду і нагрудніку.
І хай зробяць Мне святыню, і Я буду жыць паміж іх.
І хай зробяць Мне сьвятыню, і Я буду жыць паміж іх.
Усё цалкам адносна скініі, як Я табе пакажу, і ўсе пасудзіны на служэнне ў ёй, зрабіць такім чынам.
Зробіце ўсё на падобнасьць скініі, каторую Я пакажу табе, таксама ўвесь посуд для служэньня. Усё так і зробіце.
Хай зробяць яны каўчэг з дрэва акацыі; даўжыня яго хай мае два локці з паловаю, шырыня — паўтара локця, вышыня таксама паўтара локця.
І зробіце каўчэг з дрэва акацыі. Даўжыня яго — два локці з паловаю, шырыня — паўтары локці, а вышыня — паўтары локці.
І пакрыйце яго найчысцейшым золатам знутры і звонку; і зрабі вакол яго залаты вянок,
І пакрыеш яго шчырым золатам з вонку і з нутра, і зробіш на ім кругом залаты вянок.
і адальеце да яго чатыры залатыя кольцы, якія ўмацуйце на чатырох ніжніх вуглах каўчэга: два кольцы хай будуць на адным яго баку, і два — на другім.
І выльеш да яго чатыры залатыя колцы і ўмацуеш на чатырох ніжніх вуглах ягоных: два колцы на адным яго баку, і два колцы на другім.
Зрабі таксама з дрэва акацыі жэрдкі і пацягні іх золатам.
І зробіш з дрэва акацыі насілы, і пацягнеш іх золатам.
І прасунь іх у кольцы, што на абодвух баках каўчэга, каб несці яго з іх дапамогаю.
І ўложыш (насілы) ў колцы па баках каўчэга, каб насіць яго.
Яны заўсёды будуць заставацца ў кольцах і не будуць ніколі з іх вымацца.
Насілы будуць заставацца ў колцах каўчэга і ня будуць зь іх вымацца.
І ўкладзі ў каўчэг сведчанне, якое Я дам табе.
І ўложыш у каўчэг Сьведчаньне, якое Я дам табе.
Зрабі таксама перамольню з найчысцейшага золата: даўжыня яе хай мае два з паловаю локці, а шырыня — паўтара локця.
І зробіш накрыўку з найчысьцейшага золата: даўжыня яе — два з паловай локці, а шырыня — паўтары локці.
Зрабі таксама двух херубінаў, з золата і чаканнай працы, з абодвух бакоў перамольні,
З абодвух бакоў накрыўкі выкуеш з золата і паставіш двух хэрубімаў,
адзін херубін хай будзе на адным баку, а другі — на другім; зрабі херубінаў на перамольні, на абодвух баках яе.
аднаго хэрубіма з аднаго боку, а другога — з другога; разам з накрыўкай зробіш іх на абодвух баках яе.
Хай узнімаюць крылы ўгору і закрываюць сваімі крыламі перамольню; і хай яны глядзяць адзін на аднаго, і твары іх будуць звернуты да перамольні,
Хай (хэрубімы) узнімаюць крылы ўгору і закрываюць сваімі крыламі накрыўку; а твары будуць мець зьвернутыя адзін да аднаго, і твары будуць зьвернутыя да накрыўкі,
якою павінен закрывацца каўчэг, у які пакладзі сведчанне, якое Я дам табе.
якою павінен закрывацца каўчэг, у каторы паложыш Сьведчаньне, якое Я дам табе.
І буду сустракацца там з табою, па-над перамольняй, паміж двух херубінаў, якія будуць над каўчэгам сведчання, буду гаварыць з табою пра ўсё, што загадаю праз цябе сынам Ізраэля.
І буду Я сустракацца там з табою, і з-над накрыўкі, спаміж хэрубімаў, каторыя па-над Каўчэгам Сьведчаньня, буду гаварыць з табою пра ўсё, што загадаю празь цябе сынам Ізраэля.
Зрабі таксама стол з дрэва акацыі, што мае два локці даўжыні, і локаць у шырыню, і паўтара локця ў вышыню.
І зробіш таксама стол з дрэва акацыі, маючы два локці даўжыні, і локаць шырыні, і паўтары локці вышыні.
І пакрый яго найчысцейшым золатам; і зрабі на ім вакол залаты вянок.
І пакрыеш яго найчысьцейшым золатам, і зробіш навокал залаты вянок.
Таксама зрабі для яго ліштву вышынёю ў чатыры пальцы навокал; зрабі і залаты вянок над ёю.
І абвядзеш кругом ліштвай на чатыры пальцы шырока, і зробіш залаты вянок навокал.
Падрыхтуй чатыры залатыя кольцы і ўмацуй іх на чатырох вуглах для кожнай ножкі таго стала.
І зробіш чатыры залатыя колцы для яго, і ўмацуеш кольцы на чатырох вуглах ля чатырох ножак ягоных.
На ліштве хай будуць залатыя кольцы, каб прасунуць у іх жэрдкі і каб стол можна было насіць.
Пры ліштвах павінны быць колцы, каб укладаць насілы і насіць стол.
А самі жэрдкі зрабі з дрэва акацыі і аздобі іх золатам, і будуць насіць з іх дапамогаю стол.
А насілы зробіш з дрэва акацыі і пацягнеш іх чыстым золатам, і будуць насіць на іх гэты стол.
Прыгатуй і чары, і фіялы, і кратэры, і кіяфы, у якіх патрэбна прыносіць узліванні — з найчысцейшага золата.
І прыгатуеш таксама для яго місы, чашы, збанкі і кубкі для складаньня ахвяраў вадкіх, і зробіш іх з чыстага золата.
І кладзі на стол хлябы пакладныя перад абліччам Маім заўсёды.
І будзеш класьці на стол хлябы пакладныя перад абліччам Маім заўсёды.
Зрабі таксама падсвечнік чаканны з найчысцейшага золата. Падножжа і стрыжань яго, чары і яблыкі з кветкамі хай будуць адлітыя ў адно цэлае.
Зробіш таксама сьвечнік з найчысьцейшага золата. Каваны мусіць быць сьвечнік разам з падставай і сьцяблом яго, чашачкамі, яблыкамі і кветкамі.
Шэсць галін павінны выходзіць з бакоў, тры галіны з адного боку, і тры — з другога боку.
Шэсьць галінаў павінны выходзіць зь яго бакоў, тры галіны з адного яго боку, і тры галіны — з другога боку.
Тры чары ў форме міндалевага дрэва з яблыкамі і з кветкамі на адной галіне; такім жа чынам тры чары ў форме міндалевага дрэва — на другой галіне, таксама з яблыкамі і кветкамі: хай гэта будзе твор з шасці галін, што павінны выходзіць са стрыжня.
Тры чашачкі ў форме краскаў мігдалёвых зь яблыкамі і кветкамі на адной галіне, і тры чашачкі ў форме краскаў мігдалёвых — на другой галіне, зь яблыкамі і кветкамі, і так на ўсіх шасьці галінах, якія выходзяць са сьцябла.
А на самім стрыжні свечніка павінны быць чатыры чары у форме міндалёвага дрэва, з яблыкамі і кветкамі.
А на сьцябле сьвечніка павінны быць чатыры чашачкі, падобныя да краскі мігдалёвай, зь яблыкамі і кветкамі.
Па адным яблыку — пад кожнымі дзвюмя галінамі ў трох месцах; усіх іх, што выходзяць з аднаго стрыжня, атрымліваецца шэсць.
У шасьці галінаў, выходзячых са сьцябла сьвечніка, яблык пад двума яго галінамі, і яблык пад другімі двума галінамі, і яблык пад трэцімі двума галінамі ягонымі, і на сьцябле чатыры чашачкі, падобныя да мігдалёвай краскі.
Такім чынам, яблыкі і галіны будуць з ім адным цэлым, і ўсё вычаканена з найчысцейшага золата.
Яблыкі і галіны іх, і ён зь імі разам павінны быць выкаваныя з чыстага золата.
Таксама зрабі да яго сем лямп і пастаў іх на падсвечнік, каб асвятлялі пярэдні яго бок.
І зробіш да яго сем лямпаў, і паставіш на яго лямпы ягоныя, каб асьвятлялі пярэдні яго бок.
Таксама да яго зробіш шчыпцы для зняцця нагару, і пасудзіны, дзе збіраецца нагар, хай будуць з найчысцейшага золата.
Да яго зробіш з чыстага золата шчыпцы і папяльнічкі.
З талента найчысцейшага золата трэба зрабіць падсвечнік і ўсе яго прыналежнасці.
З талента чыстага золата трэба зрабіць сьвечнік і ўсе прыналежнасьці да яго.
Глядзі, каб зрабіў паводле ўзору, які быў табе паказаны на гары.
Глядзі, каб зрабіў паводле ўзору, які Я на гары паказаў табе.